ТРАПАСФЕ́РА (ад грэч. tropos паварот, змена + сфера),

ніжні, асноўны слой атмасферы паміж паверхняй Зямлі і стратасферай на выш. 8—10 км у палярных, 10—12 км ва ўмераных і 16—18 км у трапічных шыротах. Ад стратасферы аддзелена пераходным слоем — трапапаўзай. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй на 0,65 °C на 100 м, моцным развіццём турбулентнасці і канвекцыі. У ніжняй Т. частыя інверсіі тэмпературы. Утрымлівае каля 80% атм. паветра і асн. масу вадзяной пары, тут фарміруюцца амаль усе воблакі, туман. Атм. ціск з вышынёй памяншаецца, скорасць ветру нарастае. У верхняй Т. назіраюцца струменныя плыні, у ніжняй пераважаюць вятры зах. і ўсх. напрамкаў, сезонныя (мусоны) і пастаянныя (пасаты). У Т. ўтвараюцца франты атмасферныя, развіваюцца цыклоны, антыцыклоны і інш. атм. працэсы, якія вызначаюць надвор’е і клімат. Ніжняя Т. моцна запыленая. Самыя ніжнія дзесяткі метраў у Т. ўтвараюць прыземны слой атмасферы.

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)