ПРА́ЦЫ НДІ Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. філіяла (з 1971) НДІ працы Дзяржкампрацы СССР. Асн. кірункі навук. даследаванняў: народанасельніцтва (дэмаграфічныя працэсы, міграцыя); рынак працы (рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне прац. рэсурсаў, занятасць і беспрацоўе, прафарыентацыя і адукацыя, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў, рэгіянальныя асаблівасці рынку працы); аплата працы (удасканаленне дзярж. механізма рэгулявання заработнай платы, распрацоўка рэкамендацый матэрыяльнага стымулявання для павышэння эфектыўнасці гаспадарання прадпрыемстваў, выканання норм і нарматываў прац. і матэрыяльных выдаткаў); даходы і ўзровень жыцця насельніцтва (фарміраванне даходаў і расходаў насельніцтва, іх структура і дынаміка; распрацоўка мінім. дзярж. сац. стандартаў і іх выкарыстанне пры рэгуляванні даходаў; развіццё сістэм сац. страхавання; беднасць, маштабы і шляхі яе пераадолення); рэгламентацыя і нарміраванне працы (удасканаленне метадалогіі ацэнкі складанасці працы служачых; распрацоўка і вядзенне адзінага тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка работ і прафесій рабочых, кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых; распрацоўка метадычнай і нарматыўна-інфарм. базы для нарміравання працы і інш); ахова і ўмовы працы (рэфармаванне сістэмы пенсіённага забеспячэння за работу ў асаблівых умовах працы; эканам. стымуляванне стварэння бяспечных умоў працы); сац. праблемы працы (развіццё сістэмы сац. партнёрства, накіраванай на ўзгадненне інтарэсаў работніка, наймальніка і дзяржавы; падрыхтоўка нарматыўных і метадычных матэрыялаў работы з персаналам); маніторынг сац.-працоўнай сферы Беларусі і інш. З 1993 выдае навук., нарматыўную і даведачную л-ру па праблемах даследавання; з 1995 — штомесячнік «Бюллетень Министерства труда Республики Беларусь».

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛО́ГІЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,

сацыялагічная тэорыя, якая вывучае развіццё эканомікі як сац. працэс. Разглядае эканам. працэс як вынік дзейнасці сац. суб’ектаў у галінах вытв-сці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных даброт і паслуг. Даследуе ўзаемадзеянне 2 асн. сфер грамадскага жыцця — эканам. і сацыяльнай. Аб’ектам С.э. з’яўляюцца сац. механізмы, якія параджаюць і рэгулююць узаемасувязі паміж сац. і эканам. працэсамі. Катэгарыяльны апарат С.э. складаюць: найб. агульныя катэгорыі, якія адлюстроўваюць асн. характарыстыкі грамадскага ладу (эканам. сфера і эканам. адносіны); катэгорыі сац. механізма развіцця эканомікі і рэгулявання эканам. адносін; катэгорыі, якія канкрэтызуюць змест сац. механізмаў (эканам. свядомасць, эканам. мысленне, сац.-эканам. стэрэатыпы, эканам. інтарэсы, эканам. культура і інш.) і фарміруюць пэўны тып эканам. паводзін сац. суб’ектаў. С.э. грунтуецца на сац.-эканам. законах падзелу працы, перамены працы, канкурэнцыі і інш., якія вызначаюць развіццё сац. з’яў і працэсаў у сферах працы і эканам. жыцця грамадства. Зах. С.э. выходзіць па-за межы адзінага навук. кірунку і ахоплівае найб. актуальныя сац.-эканам. праблемы, вядома пад назвай «сацыялогія эканам. жыцця» (Н.​Смелзер, Р.​Сведберг, М.​Гранавецер). На Беларусі С.э. сфарміравалася ў пач. 1990-х г. у сувязі з узнікненнем рыначнай сістэмы гаспадарання і неабходнасцю вывучэння сац. механізмаў рэгулявання попыту і прапаноў рабочай сілы на рынку працы і сац. вынікаў эканам. рэформ.

Літ.:

Заславская Т.И., Рывкин а Р.В. Социология экономической жизни: Очерки теории. Новосибирск, 1991;

Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;

Экономический образ мышления: Реальность и перспективы. Мн., 1994;

Соколова Г.Н. Экономическая социология. 2 изд. М.;

Мн., 2000;

Социальные механизмы регулирования рынка рабочей силы. Мн., 1998;

Рынок труда и механизмы его регулирования. Мн., 2001.

Г.​М.​Сакалова.

т. 14, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЫЯ ЭСЭ́РЫ, левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры (інтэрнацыяналісты),

партыя сацыяліст. кірунку ў Расіі ў 1917—23. З пач. 1-й сусв. вайны існавалі як плынь, з лета 1917 — як фракцыя ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў); як самаст. партыя аформіліся на сваім 1-м з’ездзе 19—28.11(2—11.12).1917 у Петраградзе. Яе лідэры: Б.​Д.​Камкоў, М.​А.​Натансон, М.А.Спірыдонава і інш. Цэнтр. орган — газ. «Знамя труда» (1917—18). У ліп. 1918 80 тыс. чл. Выступалі за неадкладную перадачу зямлі сялянам, за выхад Расіі з 1-й сусв. вайны, супраць кааліцыі з кадэтамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, галасавалі за дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, увайшлі ў ВЦВК (30 чл.), аднак адмовіліся ўвайсці ў сав. ўрад (СНК), патрабуючы стварыць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў сацыяліст. партый. З ліст. 1917 на пазіцыі Л.э. перайшла большасць эсэраўскіх арг-цый Беларусі. У студз. 1918 Л.э. ўвайшлі ў СНК (7 чал.). Выступалі супраць Брэсцкага міру 1918, а пасля яго ратыфікацыі (сак. 1918) выйшлі з СНК. Асуджалі палітыку бальшавікоў у адносінах да сярэдняга і заможнага сялянства, на сваім 2-м з’ездзе (крас. 1918) афіцыйна заявілі аб разрыве з імі. Улетку 1918 адбыўся леваэсэраўскі мяцеж 1918 у Маскве (6—7 ліп.), выступленні ў інш. месцах, у т. л. ў Оршы і Сянне (5—6 жн.), якія былі падаўлены. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў Л.э. са складу Саветаў, дзесяткі тыс. радавых чл. пакінулі партыю. У вер. 1918 з Л.э. вылучыліся партыі «народнікаў-камуністаў» і «рэв. камуністаў», якія ў 1920 увайшлі ў РКП(б). Большая ч. леваэсэраўскіх кіраўнікоў, у т. л. Спірыдонава, А.А.Ізмайловіч і інш. працягвалі змагацца супраць бальшавікоў у падполлі. Страціўшы ўплыў на масы, Л.э. ў 1923 самаліквідаваліся.

Літ.:

Литвин А.Л., Овруцкий Л.М. Левые эсеры: программа и тактика: (Некоторые вопр.). Казань, 1992;

Малашко А.М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;

Фельштинский Ю. Крушение мировой революции. Брестский мир, октябрь 1917 — ноябрь 1918. М., 1992.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІДА́РНАСЦЬ,

сацыяльна-філасофскае паняцце, якое азначае агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне асн. прынцыпаў светапогляду, сумесныя практычныя дзеянні дзеля станоўчага вырашэння важных грамадскіх праблем, сумесную адказнасць за стан дзяржавы і грамадства. Канцэпцыі С. займаюць цэнтр. месца ў сістэме сацыяліст. ідэй, нац. і нацыяналіст. ідэалогіях, ідэйна-паліт. праграмах сац., нац.-вызв., рэфарматарскіх і інш. масавых рухаў, што імкнуцца мабілізаваць энергію людзей і накіраваць яе на дасягненне агульных праграмных ідэй. Паводле франц. філосафа А.​Конта, С. з’яўляецца вынікам падзелу працы. Франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм адрозніваў механічную С., характэрную для неразвітых архаічных грамадстваў, і арганічную, характэрную для развітога грамадства з дасканалай сістэмай падзелу працы. С. — цэнтр. катэгорыя рус. філасофіі народніцтва, прадстаўнікі якога лічылі С. найважнейшым крытэрыем развіцця грамадства: яе нарастанне прыводзіць да прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту, а зніжэнне выклікае барацьбу за існаванне, беднасць і абвастрэнне сац. канфліктаў (М.​А.​Бакунін, П.​А.​Крапоткін, П.​Л.​Лаўроў, Л.​І.​Мечнікаў, М.​К.​Міхайлоўскі і інш). Вышэйшы сэнс С. народнікі бачылі ва ўзгадненні матэрыяльных і нематэрыяльных інтарэсаў кожнай асобы з яе грамадскімі абавязкамі. Лаўроў, Мечнікаў экстрапаліравалі паняцце С. па-за межы чалавечага грамадства, лічылі яе якасцю ўсяго арган. свету, у якім узаемная падтрымка забяспечвае выжыванне пэўнага віду ў барацьбе з інш. і служыць фактарам яго развіцця. На іх думку, С. у грамадстве разбураецца пад уплывам рыначных адносін, індывідуалізму. Паводле Лаўрова, перадумовай С. з’яўляецца ліквідацыя эканам. канкурэнцыі. Мечнікаў разглядаў С. як гал. фактар гіст. працэсу, а прагрэс у грамадстве звязваў з узроўнем развіцця кааперацыі і паслядоўнай зменай яе форм: паднявольныя саюзы, якія трымаюцца на знешнім прымусе, саступаюць месца падпарадкаваным саюзам, якія залежаць ад падзелу працы; канчатковай і вышэйшай формай кааперацыі з’яўляецца свабодны саюз індывідаў, у якім С. усталёўваецца ў выніку свабоднага волевыяўлення.

Літ.:

Лавров П.Л. Философия и социология: Избр. произв. Т. 2. М., 1965;

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Мечников Л.И. Цивилизация и великие исторические реки. Статьи. М., 1995.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,

інтэнсіўнасць, эфектыўнасць у працэсе вытв-сці, колькасныя адносіны аб’ёму (масы) атрыманага прадукту да працы, затрачанай на яго выраб. Выражаецца колькасцю прадукцыі, зробленай за адзінку часу — выпрацоўкай, або затратай часу на адзінку прадукцыі — працаёмкасцю. Пад павелічэннем П.п. разумеецца эканомія затрат прац. часу на выраб адзінкі прадукцыі або дадатковая колькасць вырабленай прадукцыі за адзінку часу, што непасрэдна ўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытв-сці (у адным выпадку скарачаюцца выдаткі на вытв-сць адзінкі прадукцыі, а ў другім — за адзінку часу вырабляецца больш прадукцыі). Павышэнне П.п. — гал. крыніца росту дабрабыту грамадства, развіцця яго вытв. сіл і вырашэння сац. праблем. Адрозніваюць прадукцыйнасць грамадскай і індывід. (жывой) працы, лакальную прадукцыйнасць. Прадукцыйнасць грамадскай працы падлічваецца адносінамі валавога ўнутранага прадукту (інш. аналагічнага паказчыка) да колькасці работнікаў, занятых у галінах матэрыяльнай вытв-сці і сферы паслуг. Яна адлюстроўвае эфектыўнасць жывой працы (мэтазгодную дзейнасць чалавека, затраты яго разумовай і фіз. энергіі) і эканомію грамадскай працы, арэчаўленай у сродках вытворчасці. На прадпрыемствах вызначаюць прадукцыйнасць індывідуальнай працы, якая адлюстроўвае час, неабходны для вырабу адзінкі прадукцыі або колькасці тавару, зробленага за пэўны перыяд часу. Лакальная прадукцыйнасць — сярэдняя П.п. рабочых (працуючых), разлічаная па прадпрыемстве або галіне ў цэлым. Адрозніваюць натуральны, прац. і грашовы метады вымярэння П.п. Пры натуральным метадзе яе ўзровень вызначаецца адносінамі колькасці прадукцыі ў натуральных адзінках вымярэння да затрат рабочага часу або да сярэдняспісачнай колькасці працуючых. Такі метад выкарыстоўваюць на прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі. а таксама для вымярэння ўзроўню П.п. на рабочых месцах і асобных участках вытв-сці. Яго вартасці — нагляднасць, прастата вылічэння, канкрэтнасць; недахоп — ужываецца пры выпрацоўцы аднаго віду прадукцыі. Варыянтам натуральнага метаду, які пашырае межы выкарыстання, з’яўляецца метад натуральных умоўных адзінак, пры якім аднародная, але разнаякасная прадукцыя прыводзіцца па якой-н. прыкмеце да ўмоўнага эталона. Працоўны метад заключаецца ў сувымярэнні розных відаў прадукцыі па затратах працы на іх вытв-сць (працаёмкасцю). Ён найб. дакладны, аб’ектыўна адлюстроўвае змены П.п. па асобных відах прадукцыі, прадпрыемствах і па галінах нац. гаспадаркі. Пры яго выкарыстанні неабходна ўлічваць, што прац. нормы на кожным прадпрыемстве могуць быць свае і мець розную ступень напружанасці. Найб. універсальны і пашыраны вартасны метад, пры якім П.п. выражаецца вартасцю прадукцыі (валавой, таварнай, чыстай), што прыпадае ў сярэднім на аднаго работніка. Найб. дакладны паказчык вызначаецца па чыстай прадукцыі, але яго недахопы у тым, што не ўлічвае затраты арэчаўленай працы.

Літ.:

Зайцев Н.Л. Экономика промышленного предприятия. 3 изд. М., 2000;

Куприякова Е.М. Банки и биржи. М., 1996;

Экономика труда и социально-трудовые отношения. М., 1996.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІ́СТЫ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РЫ, эсэры,

палітычная партыя ў Расіі ў 1901—23. Узнікла ў канцы 1901—пач. 1902 у выніку аб’яднання шэрагу народніцкіх груп і гурткоў. Кіраўнікі ў розны час: Р.​А.​Гершуні, В.​М.​Чарноў, Е.​Ф.​Азеф, Б.​В.​Савінкаў, А.​Р.​Гоц, М.​В.​Аўксенцьеў, У.​М.​Зензінаў. Друкаваныя органы: газ. «Революционная Россия», «Знамя труда», час. «Вестник русской революции» і інш. Асн. мэта — экспрапрыяцыя капіталіст. уласнасці, рэарганізацыя вытв-сці і ўсяго грамадскага ладу на сацыяліст. прынцыпах. Партыя прапаведавала тэорыю «адзінага працоўнага народа» (сяляне, рабочыя, рэв. інтэлігенцыя), якому павінна належаць улада і ўласнасць. Праграма (прынята на 1-м з’ездзе ў 1906) змяшчала патрабаванні дэмакр. рэспублікі, усеагульнага выбарчага права, свабоды слова, друку, сходаў, адукацыі за кошт дзяржавы, скасавання пастаяннай арміі. С.-р. лічылі сялянства гал. сілай рэвалюцыі, выступалі за сацыялізацыю зямлі (выключэнне яе з тавараабароту і ператварэнне з прыватнай уласнасці ва ўсенар. набытак), яе ўраўняльнае размеркаванне без выкупу, шырокае развіццё с.-г. кааперацыі. У нац. пытанні адстойвалі ідэю федэратыўных адносін паміж нацыянальнасцямі, прызнання за імі безумоўнага права на самавызначэнне. У рэвалюцыю 1905—07 С.-р. ўдзельнічалі ва ўзбр. выступленнях у Маскве (снеж. 1905), Кранштаце і Свеаборгу (лета 1906), кіравалі шматлікімі сял. паўстаннямі, мелі прадстаўнікоў у Дзярж. думе, Саветах рабочых дэпутатаў, ва Усерас. сял. саюзе. Але асн. сродкам барацьбы супраць самадзяржаўя яны лічылі індывід. тэрор. У 1901—12 эсэры ажыццявілі 200 тэрарыст. актаў, забілі 12 міністраў і 450 дзярж. служачых. У 1906 з партыі С.-р. вылучыліся групы, з якіх утварыліся партыі максімалістаў і народных сацыялістаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 эсэры легалізаваліся. Разам з меншавікамі яны падтрымлівалі палітыку Часовага ўрада (ад эсэраў у яго увайшлі А.​Ф.​Керанскі, Аўксенцьеў, Чарноў, С.​Л.​Маслаў). Іх прадстаўнікі фактычна панавалі ў Саветах сялянскіх дэпутатаў, разам з меншавікамі мелі большасць у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах. Летам 1917 з партыі С.-р. вылучылася фракцыя (са снеж. 1917 — самаст. партыя) левых эсэраў. С.-р. варожа сустрэлі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 (высунулі лозунг «Ўся ўлада Устаноўчаму сходу!»). У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—22 яны ўваходзілі ў склад Камітэта членаў Устаноўчага сходу і інш. антыбальшавіцкіх урадаў, арганізавалі шматлікія антыбальшавіцкія паўстанні, у т. л. Антонава паўстанне 1920—21. Да 1922 большасць арг-цый эсэраў разгромлены ВЧК (на эміграцыі яны праіснавалі да канца 1930-х г.), у чэрв. 1922 у Маскве адбыўся суд. працэс над 47 кіраўнікамі партыі. Ў сак. 1923 «Усерас. з’езд былых радавых членаў партыі эсэраў» прыняў рашэнне аб яе самароспуску.

На Беларусі гурткі С.-р. дзейнічалі з 1901. Вясной 1904 для каардынацыі іх працы на тэр. бел. губерняў, а таксама Смаленшчыны і Браншчыны ўтвораны Паўн.-Зах. абл. к-т (гл. Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў). Паводле звестак 2-га з’езда эсэраў Паўн.-Зах. вобласці (кастр. 1906), у бел. губернях налічвалася 8863 чл. партыі. У 1905—07 С.-р. арганізавалі шэраг тэрарыст. актаў супраць мясц. царскіх чыноўнікаў. Найб. актыўнымі іх дзеячамі ў бел. губернях былі В.​С.​Балай, А.​В.​Бонч-Асмалоўскі, Е.​М.​Закрэўскі, А.​А.​Ізмайловіч, С.​П.​Кавалік, С.​М.​Малашчыцкі і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 С.-р. сумесна з меншавікамі, бундаўцамі і польскімі сацыялістамі мелі большасць у мясц. Саветах і інш. установах. Паводле няпоўных звестак, на Беларусі летам 1917 дзейнічалі 22 эсэраўскія арг-цыі. У жн. 1917 на Зах. фронце налічвалася 32—33 тыс. членаў партыі. Восенню 1917 у сувязі з пераходам большасці членаў нізавых арг-цый С.-р. на бок бальшавікоў колькасць эсэраў на Зах. фронце скарацілася да 12 тыс. На выбарах ва Устаноўчы сход у бел. губернях і на Зах. фронце за партыю С.-р. прагаласавала 32,2% ад тых, хто галасаваў. Эсэры ўдзельнічалі ў рабоце Усебеларускага з’езда 1917, уваходзілі ў склад Нар. сакратарыята Беларусі і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак пры галасаванні 25.3.1918 3-й Устаўнай граматы, якая абвяшчала незалежнасць БНР, яны ўстрымаліся, а пасля падтрымкі часткай членаў Рады БНР вітальнай тэлеграмы герм. кайзеру Вільгельму II (25.4.1918) выйшлі з яе складу. Як і ў Расіі, эсэры ў Беларусі выступілі супраць Брэсцкага міру 1918 і камбедаўскай палітыкі бальшавікоў, вялі ўзбр. барацьбу супраць сав. улады. У 1918 частка С.-р. перайшла тут ў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (вылучылася з Беларускай сацыялістычнай грамады, самараспусцілася ў 1924).

Літ.:

Гусев К.В. Партия эсеров: от мелкобуржуазного революционаризма к контрреволюции: Ист. очерк. М., 1975;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в.—февр. 1917 г.). Мн., 1994.

А.​А.​Вараб’ёў, У.​Я.​Казлякоў, Э.​А.​Ліпецкі.

т. 14, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. societas грамадства + ...логія),

навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сац. супольнасцей і працэсаў, пра сац. адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сац. арганізм. Тэрмін «С.» ўвёў стваральнік гэтай навукі А.​Конт, які сінтэзаваў найб. плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сац. дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»; тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай. Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі С. ажыццявіў Г.​Спенсер, які стварыў канцэпцыю сац. ін-таў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей. Канцэпцыя сацыялагізму найб. поўна адлюстравана ў працах Э.​Дзюркгейма, які вызначаў прадмет С. як сац. факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай. Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сац. з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў С. статыстыкі. М.​Вебер вызначаў С. як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сац. дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы. П.​А.​Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» С. і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сац. заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асн. тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх ін-таў, сац. палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.

Працэс фарміравання С. адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналіт. падыходу, тэарэт. пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэт. арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філас. плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» С. Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сац. дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэт. арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т.​Парсапс, Р.​К.​Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.

На Беларусі сацыялагічная думка мае традыцыі, асновы якіх закладзены ў 19 ст., у т. л. ў працах К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, А.​Пашкевіч (Цётка) і інш. У той час яна імкнулася да агульнатэарэт. пабудоў; з аднаго боку, злівалася з сац. філасофіяй, з другога — з працамі этнагр. і дэмаграфічнага характару. Пасля стварэння АН Беларусі (1929) маштабы даследчай работы пашырыліся: вывучэнне сац.-эканам. і сацыякульт. праблем развіцця бел. нацыі (Я.​Ф.​Карскі, С.​М.​Некрашэвіч), дынамікі сац. структуры грамадства (У М.​Ігнатоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі), С. сям’і і рэлігіі (С.​Я.​Вальфсон, Б.​Э.​Быхоўскі), асветы і выхавання (С.​М.​Васілейскі, А.​А.​Гайвароўскі, С.​М.​Рыверс). З канца 1930-х да сярэдзіны 1950-х г. гіст. падзеі надоўга вывелі айчынную С. па-за межы прыярытэтных навук. Аднак ускладненне сац. праблем, неабходнасць аналізу і прагназавання асн. тэндэнцый развіцця грамадства, вывучэння грамадскай думкі па актуальных пытаннях патрабавалі ўзнаўлення і развіцця С. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця даследаванняў па С. У 1965 засн. грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў; у 1968 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар (пазней аддзел) С., пры БДУ — Праблемная н.-д. лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, у БПІ, ін-це нар. гаспадаркі і інш. ВНУ — сацыялагічныя лабараторыі. У 1989 засн. Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў (з 1990 Ін-т С.), у БДУ — кафедра С. У 1990-я г. створаны недзярж. ін-ты і цэнтры сацыялагічнага профілю (Бел. сацыялагічная служба «Грамадская думка», Незалежны ін-т сац.-эканам. і паліт. даследаванняў, прыватнае даследчае прадпрыемства «НОВАК», Гомельскі сацыялагічны цэнтр «Аракул» і інш.). У 1996 створаны Ін-т сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. У наш час бел. сацыялагічная школа мае шэраг кірункаў; гісторыя і тэорыя С. (Г.​П.​Давідзюк, Я.​М.​Бабосаў, І.​І.​Антановіч, А.​М.​Елсукоў); С. асобы, распрацоўка тэорыі катастроф, С. канфліктаў (Бабосаў); С. трансфармацыйных працэсаў у грамадстве, С. моладзі (А.​М.​Данілаў); эканам. С. і С. працы (Г.​М.​Сакалова); С. сям’і (М.​Р.​Юркевіч, С.​Д.​Лапцёнак, С.​Н.​Бурава); С. навукі (Г.​А.​Несвятайлаў); С. культуры (Э.​К.​Дарашэвіч, В.​І.​Русецкая, Л.​Р.​Цітарэнка, С.​В.​Лапіна); С. адукацыі (А.​І.​Ляўко, В.​А.​Кліменка); паліт. С. (І.​В.​Катляроў, В.​В.​Бушчык); С. камунікацый (А.​Ц.​Манаеў); С. дэвіянтных паводзін (М.​А.​Бараноўскі); метадалогія сацыялагічных даследаванняў (С.​А.​Шавель, А.​У.​Рубанаў); методыка аператыўных даследаванняў (Д.​Г.​Ротман); распрацоўка асн. кірункаў дэмаграфічнай палітыкі краіны (А.​А.​Ракаў) і інш.

Літ.:

Конт О. Курс положительной философии: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1899—1901;

Спенсер Г. Основные начала: Пер. с англ. СПб., 1867;

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Вебер М. Избр. произв: Пер. с нем. М., 1990;

Сорокин П.А. Система социологии: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1993;

Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;

Давидюк Г.П. Прикладная социология. Мн., 1979;

Бабосов Е.М. Социология. Ч. 1. Общая социол. теория. Мн., 1998;

Социология. Мн., 1998.

Г.​М.​Сакалова.

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСК,

горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс. ж. (1996).

Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл. Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл. Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.​Кунцэвіча (гл. Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс. ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ. «Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар. тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр. к-т Бунда, з 1903 — арг-цыя РСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс. ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.

У 1940 — 180 тыс. ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.

Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц. т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл. Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны завод акц. т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс. чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл. Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл. «Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл. Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл. Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл. «Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл. Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл. Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля ​1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.

Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл. Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл. Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 1856 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл. Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед. ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец. навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч. г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў, у т. л. Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж. ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.

Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст. Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.​Ладыгіна, Я.​Заслаўскі), будынак Бел. драм. т-ра імя Я.​Коласа (арх. А.​Максімаў, Т.​Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.​Данілаў), пед. (арх. У.​Зубкоў, З.​Конаш), вет. (арх. А.​Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.​Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.​Кірылаў, А.​Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.​Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.​М.​Машэраву, В.​З.​Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.

Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 1897 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.​Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.​Я.​Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагала нар. маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя «Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр. т-ва краязнаўства (кіраўнік М.​Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.​Гарбавец, І.​Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.​Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.​Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац. маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.​Гумена, Я.​Красоўская, І.​Сталярова, У.​Вітко, В.​Лук’янава, М.​Міхайлава, А.​Ільінова, В.​Ральцэвіча, Л.​Анцімонава, В.​Някрасава, В.​Ціханенкі, П.​Явіча, А.​Салаўёва, А.​Скавародка, А.​Толкача, А.​Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.

Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.​Рэпін. Малюнкі», твораў М.​Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.​Шутава, Толкача, А.​Мемуса, А.​Каржанеўскага, У.​Кухарава, А.​Кавалёва, Гумена, У.​Вольнава, Т.​Беразоўскай, А.​Някрасава, А.​Кастагрыза, А.​Ізаіткі, І.​Сталярова, У.​Напрэенкі, М.​Дудзіна, М.​Ляўковіча, Л.​Мядзведскага, А.​Карпана, А.​Слепава, І.​Шкуратава, В.​Ляховіч, А.​Ільінова, М.​Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.​Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.​Шагала, прыватная галерэя А.​Пушкіна.

Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.​Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.​Л.​Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.​Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.​Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.​Стукаліч, пісьменнік А.​Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.​Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).

У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.

У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.​Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. «Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ. «Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ. «Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ. час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».

Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.

Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.​Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.​Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.​М.​Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.​Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.​Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.​Іваноў-Казельскі, У.​Давыдаў, М.​Дальскі, К.​Гарын, В.​Далматаў, П.​Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.​Папова-Волхаўскага, Е.​Кавалеўскага, К.​Вітарскага, А.​Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес. драм. т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел. тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.

Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес. сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус. муз. т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.​Аўэр, І.​Гофман, С.​Кусявіцкі, С.​Рахманінаў і Т.​Туа, Р.​Піньё, П.​Сарасатэ, Л.​Собінаў, Я.​Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.​Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.​Гуно і «Русалка» А.​Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз. муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л. міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.​І.​Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

М.​І.​Ліс (асвета), Т.​І.​Чарняўская (архітэктура), Дз.​У.​Стэльмах (тэатр. жыццё), В.​П.​Пракапцова (муз. жыццё), Л.​Дз.​Налівайка, М.​Л.​Цыбульскі (маст. жыццё).

Герб Віцебска 1597.
Да арт. Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.
Да арт. Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.​Пешкі. 1-я пал. 19 ст.
Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.
Да арт. Віцебск. Гасцініца «Віцебск».
Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.
Да арт. Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)