ВІ́ЦЫН (Георгій Міхайлавіч) (н. 23.4.1918, Масква),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1990). Вучыўся ў тэатр. вучылішчы пры Маск. маст. акадэм. т-ры 2-м (МХАТ 2-і). У 1937—69 у т-ры імя М.​М.​Ярмолавай. З 1945 здымаецца ў кіно. Камедыйны, вострахарактарны акцёр. Здымаўся ў фільмах: «Старая, старая казка», «Цень», «Кампазітар Глінка», «Дванаццатая ноч», «Жаніцьба Бальзамінава», «Джэнтльмены ўдачы», «Сіняя птушка», «Рукі ўгору!», стварыў ролю-маску Баязліўца ў камедыях Л.​Гайдая «Зусім сур’ёзна» (навела «Пёс Барбос і незвычайны крос»), «Самагоншчыкі», «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», «Каўказская нявольніца».

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМФО́РАВАЕ ДРЭ́ВА,

камфоравы лаўр (Cinnamomum camphora), кветкавая расліна сям. лаўровых, від роду карычнік, або карычны лаўр. Радзіма — Паўд.-Усх. трапічная Азія. Утварае лясы. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках многіх краін, у т. л. на чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.

Шматгадовазялёнае дрэва да 50 м выш. і 3 м у дыяметры, з карой, якая дае трэшчыны Лісце простае, скурыстае, бліскучае. Кветкі дробныя, белаватыя ці жаўтаватыя, сабраныя ў кальчакі. Плод — цёмна-сіняя сакаўная касцянка. Вегетатыўныя органы і плады маюць прыемны востры пах камфары. Тэхн., дэкар., інсектыцыдная і лек. расліна. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Люцэрна 2/37, 593; 3/103; 6/468

- » - сіняя 6/468 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАСАВА (сапр. Няелава) Яўгенія Іванаўна

(26.12.1780—11.4.1869),

руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1799, педагог І.Вальберх). У 1799—1826 у Пецярбургскім імператарскім т-ры. Дасканала валодала тэхнікай класічнага танца і мастацтвам пантамімы. Сярод партый: Ізора («Рауль Сіняя барада» А.​Грэтры і К.​Каваса), Адэлаіда («Рауль дэ Крэкі...» Каваса і Ц.​Жучкоўскага), Медэя («Медэя і Ясон» Ж.​Ж.​Радольфа), Федра («Федра і Іпаліт» Каваса і П.​Турыка), Дзяўчына («Новы Вертэр» С.​Цітова). Заснавальніца рус. характарнага танца. Адна з першых у Расіі змяніла пышны стылізаваны касцюм на ант. хітон. Іграла ў оперных і драм. спектаклях.

т. 8, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕ́Ц (Abramis ballems),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах бас. Балтыйскага, Азоўскага, Каспійскага, Чорнага м. Жыве ў прэсных водах. На Беларусі ў невял. колькасці ў р. Дняпро і яго прытоках (Прыпяць, Сож, Бярэзіна). Нар. назвы кляпец, сіньга, сопа.

Даўж. цела да 40 см, маса да 1 кг. Падобны да ляшча Адрозніваецца больш выцягнутым і сціснутым целам, дробнай луской, завостраным ротам, злёгку накіраваным угору, больш доўгім анальным плаўніком і інш. Спіна цёмна-сіняя (адсюль назва), бакі і бруха серабрыста-белыя з залацістым адлівам, няпарныя плаўнікі бледна-шэрыя, грудныя — жаўтаватыя з чарнаватай аблямоўкай. Корміцца зоапланктонам і бентасам.

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСУ́-ДЖАБАГЛЫ́,

запаведнік у Казахстане, у зах. Цянь-Шані паўн.-зах. ч. Таласкага Алатау. Засн. ў 1926. Пл. больш за 74 тыс. га (у т. л. 10 377 га пад лясамі, 3830 га займаюць лугі, 116 га — вадаёмы). У запаведнік уваходзяць даліны рэк Джабаглы, Ірсу, Аксу з каньёнам (глыб. да 500 м), 9 невял. азёраў і каля 20 ледавікоў. Ахоўваюцца і аднаўляюцца прыродныя комплексы дрэвава-хмызняковай і лугавой расліннасці. Растуць 23 віды пладовых дрэў і кустоў, шмат дэкар. раслін. У фауне трапляюцца млекакормячыя — сібірскі горны казёл, архар, марал (акліматызаваны), даўгахвосты сурок, птушкі — звычайныя кеклік, сіняя птушка, улар, перапёлка, вяхір і інш.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГАЖУ́НІ (Calopterygidae),

сямейства стракоз падатр. раўнакрылых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Трапляюцца па берагах рэк і ручаёў. На Беларусі 2 віды: П. бліскучая (Calopteryx splendens) і П.-дзяўчына (C. virgo).

Размах крылаў да 35 мм. Афарбоўка залаціста-зялёная або сіняя. Ротавыя органы грызучыя. Драпежнікі; дарослыя ловяць насякомых на ляту, лічынкі кормяцца дробнымі воднымі беспазваночнымі. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Лічынкі маюць 3 шчэлепы на канцы брушка, развіваюцца ў праточных вадаёмах з глеістым дном і зараснікамі водных раслін. Корм для рыб і каляводных птушак.

А.​Дз.​Пісаненка.

Прыгажуні: 1 — бліскучая; 2 — прыгажуня-дзяўчына (а — самка; б — самец).

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙСКІЯ ПТУ́ШКІ (Paradisaeidae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў лясах Новай Гвінеі і прылеглых астравоў, ва Усх. і Паўн. Аўстраліі. Аселыя, гняздуюцца пераважна на дрэвах, трымаюцца паасобна. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.

Разнастайныя паводле знешняга выгляду, памеру 14—100 см. У большасці відаў выразны палавы дымарфізм. Апярэнне яркае, рознакаляровае, з метал. адлівам. Крылы адносна кароткія і шырокія. Хвост кароткі прамы або доўгі ступеньчаты. Дзюба моцная, у некат. доўгая, загнутая. Кормяцца насеннем, пладамі, беспазваночнымі, дробнымі жабамі, яшчаркамі. Большасць відаў — палігамы. Нясуць 1—2 яйцы.

Райскія птушкі: 1 — серпадзюбая; 2 — вялікая; 3 — чырвоная; 4 — сіняя; 5 — каралеўская; 6 — ніткавая (чарнаваты райскі ўдод).

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́ЛЫ (Selachorpha),

надатрад пласцінашчэлепных рыб. Аб’ядноўвае 8 атр., каля 250 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, большасць у трапічных морах, некаторыя ў рэках (Ганг, Амазонка). Найб. старажытныя з рыб, вядомы з сярэдзіны дэвону.

Цела акулы верацёнападобнае, ад 20—30 см у некат. куніцавых (Triakidae) і катранавых (Squalidae) да 20 м (масай да 14 т) у гіганцкай (Cetorhinus maximus) і кітовай (Rhincodon typus). Луска плакоідная. Хваставы плаўнік магутны, гетэрацэркальны. Па баках галавы 5 (зрэдку 6—7) шчэлепных адтулін. Рот ніжні, зубы добра развітыя. Шкілет храстковы, плавальнага пузыра няма. Большасць драпежнікі (асобныя нападаюць на чалавека), некаторыя планктонафагі. Жыва-, яйцажыва- або яйцанараджальныя. Плоднасць ад 2 да 100 эмбрыёнаў. Аб’екты промыслу.

Акулы: 1 — анёл; 2 — рыба-молат; 3 — сіняя акула.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮЦЭ́РНА (Medicago),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. У культуры каля 8 тыс. гадоў. На Беларусі 3 дзікарослыя віды. Найб. вядомая Л. хмелепадобная (M. lupulina), расце ў пасевах, на схілах, засмечаных мясцінах. У культуры 2 віды Л.: пасяўная, або сіняя (M. sativa), і жоўтая, або серпападобная (M. falcata).

Адна- і шматгадовыя травы, радзей паўкусты і кусты. Сцёблы галінастыя. Каранёвая сістэма стрыжнёвая. даўж. да 5 м і болей. На каранях знаходзяцца клубеньчыкавыя бактэрыі. Лісце трайчастае з прылісткамі. Кветкі ў гронкападобных або галоўчатых суквеццях. Вяночак матыльковы. Плод — струк. Лек., алейныя, сідэральныя і меданосныя расліны.

У.​П.​Пярзднеў.

Люцэрна. 1 — пасяўная; 2 — жоўтая.

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)