Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛГА́СНІЦА,
сорт грушы селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзена скрыжаваннем сартоў Вінеўка і Дэканка зімовая. На Беларусі рэкамендавана для прысядзібнага садаводства, акрамя Віцебскай вобл.
Дрэва сярэднярослае з шырокапірамідальнай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, адносна ўстойлівы да паршы, ураджайны. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), шырокагрушападобныя ці круглаватыя, зеленавата-жоўтыя. Мякаць белая, шчыльная, сакаўная, паўмасляністая, кісла-салодкая. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне верасня. Захоўваецца каля месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАЦВЕ́Т (Lycopsis),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй Еўропе, Міжземнамор’і і Сярэдняй Азіі. На Беларусі — К. палявы (L. arvensis, нар. назвы калючнік, пакравец, страснік, сушанік).
Трапляецца на палях, засмечаных мясцінах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 30—50 см. Сцябло прамое, укрытае цвёрдашчаціністымі валаскамі, што сядзяць на бародаўках. Лісце падоўжанае, па краі хвалістае, з рэдкімі шчацінкамі. Кветкі блакітныя, правільныя, сабраныя ў моцнааблісцелыя завіткі. Плод — чатырохарэшак. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.
Засн. ў 1959 як Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум. У 1986 пры тэхнікуме створана прафес.-тэхн. вучылішча. У 1993 тэхнікум і вучылішча аб’яднаны ў комплекс. У 1998/99 навуч.г. ў тэхнікуме спецыяльнасці: эканоміка і кіраванне вытв-сцю; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; менеджмент. Прымае асоб з базавай (на платнай аснове) і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Вучылішча на базе поўнай сярэдняй адукацыі рыхтуе прадаўцоў. Навучанне дзённае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎНАРАЗМЕРКАВА́ННЯ ЗАКО́Н,
тэарэма класічнай статыстычнай фізікі, якая сцвярджае, што для статыстычнай сістэмы ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі на кожную ступень свабоды прыпадае аднолькавая сярэдняя энергія. Паводле Р.з. кожная ступень свабоды паступальнага і вярчальнага руху характарызуецца сярэдняй кінетычнай энергіяй, роўнай kT/2, а кожная вагальная ступень свабоды — сярэдняй энергіяй kT (kT/2 на кінетычную энергію і kT/2 на патэнцыяльную энергію). На аснове Р.з. вызначаюцца лімітныя значэнні цеплаёмістасці шмататамных газаў і цвёрдых цел пры высокіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛБА,
летні сорт яблыні канадскага паходжання; сеянец сорту Мекінтош ад свабоднага апылення. Раянаваны на Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці, з 1967.
Дрэва сярэднярослае, крона шырокаавальная, сярэдняй гушчыні. Сорт сярэднезімаўстойлівы. Моцна пашкоджваецца паршой у вільготныя гады. На сеянцавых прышчэпах пладаносіць на 5—6-ы, на клонавых — на 3-і год. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), зеленавата-белыя з ярка-чырв. паласатым румянцам. Мякаць белая, сакавітая, далікатная, кісла-салодкая, з моцным прыемным пахам. Захоўваецца каля месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
тып агульнай сярэдняй адукацыі, які прадугледжвае сістэматычнае вывучэнне грэч. і лац. моў, матэматыкі як гал. прадметаў. Узнікла ў Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння. Паводле сцвярджэння ням. педагога і даследчыка старажытнасці І.М.Геснера, толькі пры дапамозе К.а. стала магчымым пераадолець варварства сярэдневякоўя. У 19 ст.навуч. ўстановы з класічнай праграмай (гімназіі, ліцэі і інш.) былі асн. тыпам сярэдняй школы, якая рыхтавала да паступлення ва ун-т. На Беларусі К.а. давалі старэйшыя класічныя гімназіі: Мінская, Віцебская, Магілёўская, Слуцкая, Гродзенская. Без істотных змен К.а. захоўвалася ў Еўропе і Амерыцы да пач. 20 ст., калі паступова стала саступаць месца рэальнай адукацыі. У некаторых краінах (Вялікабрытанія, Германія) К.а. існуе як адзін з альтэрнатыўных кірункаў навучання ў сярэдняй школе. Сучасная тэорыя К.а. заснавана на псіхал. здольнасці пераносу ведаў і навыкаў, атрыманых у адной галіне, у любую іншую сферу чалавечай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКАЎСКІ,
летні сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Атрыманы з сеянцаў сорту Лаўфам свабодным апыленнем. На Беларусі перспектыўны для вырошчвання ў прамысл. і прысядзібных садах.
Дрэва сярэднярослае, з кронай сярэдняй гушчыні, круглаватай формы, расце хутка. Сорт высокаўраджайны, сярэднеўстойлівы да паршы. Пладаносіць на клонавых прышчэпах на З-і год пасля пасадкі, на насенных — на 5-ы год. Плады буйныя (сярэдняя маса 160 г), правільнай круглавата-канічнай формы. Асн. афарбоўка зялёная, покрыўная — размытая цёмна-чырвоная. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці, сакаўная, салодкая, са слабым пахам. Збор пладоў у жн.; захоўваюцца месяц.