АГУ́ЛЬНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА,

агульная лінгвістыка, галіна мовазнаўства, якая вывучае універсальныя ўласцівасці і заканамернасці мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця. Сярод гал. праблем агульнага мовазнаўства — сац. сутнасць, знакавасць, развіццё мовы, мова і мысленне, мова і грамадства, мова і паэт. творчасць; тыпалогія моў паводле іх будовы і асаблівасцяў функцыянавання, метады даследавання мовы. Паводле асаблівасцяў прадмета і метадаў даследавання вылучаюць: агульную фанетыку, лексікалогію, граматыку, стылістыку; лінгвістычную паэтыку; сацыялінгвістыку; псіхалінгвістыку, матэматычную лінгвістыку; тэорыю перакладу; этналінгвістыку і інш. З агульным мовазнаўствам цесна звязана прыкладное мовазнаўства, а таксама вывучэнне канкрэтных моў або груп моў. Фарміраванне агульнага мовазнаўства адбывалася з пач. 19 ст., найперш у працах В.​Гумбальта. Уклад у яго развіццё зрабілі А.​А.​Патабня, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр. На Беларусі першыя публікацыі агульналінгвістычнага характару з’явіліся ў 1920-я г. («Асноўныя пытанні мовазнаўства» П.​А.​Бузука, 1926). Бел. мовазнаўцы вывучаюць агульналінгвістычныя праблемы знакавага семіялагічнага) характару мовы (В.​У.​Мартынаў), прыкладнога мовазнаўства (У.​А.​Карпаў, У.​А.​Зубаў), эксперым. фанетыкі (К.​К.​Барышнікава, Г.​А.​Мятлюк, А.​І.​Падлужны), агульнай лексікалогіі (А.​І.​Кісялеўскі, Б.​А.​Плотнікаў), стылістыкі (М.​Я.​Цікоцкі), псіхалінгвістыкі (Г.​П.​Кліменка, Б.​Ю.​Норман), тэорыі перакладу (П.​І.​Копанеў, В.​П.​Рагойша), сацыялінгвістыкі (Н.​Б.​Мячкоўская), двухмоўя (М.​В.​Бірыла, М.​Г.​Булахаў, А.​Я.​Міхневіч, П.​П.​Шуба). У Ін-це мовазнаўства АН Беларусі створаны аддзел, у БДУ і Гродзенскім ун-це — кафедры тэарэтычнага і слав. мовазнаўства.

Літ.:

Мечковская Н.Б., Плотников Б.Н., Супрун А.Е. Общее языкознание: Сущность и история языка. Мн., 1993.

А.​Я.​Супрун.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),

навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.

П. бярэ пачатак ад вучэння В.​Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.​Штайнталя і А.​Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.​Выгоцкага, Л.​Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.​Супрун, А.​Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.​Кліменка і інш.).

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ. М., 1976;

Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч. М., 1982. Т. 2;

Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;

Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;

Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШУ́БСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (лехіцкая падгрупа). Пашырана ў Паморскім і Куяўска-Паморскім ваяв. Польшчы. Блізкая да польскай мовы (некат. мовазнаўцы лічаць яе польск. дыялектам). Мае 2 дыялекты: паўночны і паўднёвы. Спецыфічныя асаблівасці: ужыванне галоснага «i» замест «ę», часам захаванне праслав. «tǎrt» без пераходу ў «trot», зацвярдзенне мяккіх «ś», «ź», «ć», і інш. На працягу 13—20 ст. зазнала значны ўплыў нямецкай мовы. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца канцом 16 ст., выдавалася рэліг., маст. л-ра, рабіліся спробы ўнармавання літ. мовы. Сучасная літ. мова ўжываецца абмежавана.

Літ.:

Atlas językowy kaszubszczyzny i dialektów sąsiednich. Z. 1—15. Wrocław etc., 1964—78;

Sychta B. Słownik gwar kaszubskich na tle kultury ludowej. T. 1—7. Wroclaw etc., 1967—76;

Popowska-Taborska H. Kaszubszczyzna. Warszawa, 1980;

Popowska-Taborska H., Boryś W. Leksyka kaszubska na tle słowiańskim. Warszawa, 1996.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,

мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э. тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі з балт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.

Літ.:

Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;

Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;

Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;

Этимологический словарь славянских языков: Праславянский лексический фонд. Вып. 1—25. М., 1974—99.

А.​Я.​Супрун.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРАСТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА, канфрантатыўная лінгвістыка, супастаўляльнае мовазнаўства,

кірунак лінгвістычных даследаванняў дзвюх або некалькіх моў. Мэта К.л. — выяўленне агульных асаблівасцей ці адрозненняў моў, што вядзе да стварэння моўнай тыпалогіі (устанаўлення пэўных тыпаў моў паводле структуры асобных частак гэтых моў: фаналагічнай сістэмы, грамат. структуры, лексічнага складу, стылістыкі і інш). Выкарыстоўваецца для апісання дзвюх або некалькіх моў з дыдактычнымі мэтамі (напр., у перакладазнаўстве), пры вывучэнні моў свету. Супастаўленне моў у К.л. адбываецца на аснове параўнання сістэм моў або на аснове параўнання тэкстаў, якія лічацца эквівалентнымі. Магчыма супастаўляльнае даследаванне моў і на адным сінхронным зрэзе, і ў ходзе моўнай эвалюцыі (у дыяхраніі).

Літ.:

Ярцева В.Н. Контрастивная грамматика. М., 1981;

Методы сопоставительного изучения языков. М., 1988;

Теоретические и методологические проблемы сопоставительного изучения славянских языков. М., 1994;

Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;

Белорусско-болгарские языковые параллели. Мн., 1992;

Славяно-германские языковые параллели. Мн., 1996.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.

Літ.:

Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІХ ТАТА́РАЎ МО́ВА,

першасная цюркская мова татараў, што пасяліліся на тэр. ВКЛ у 14—16 ст. Зыходзячы з таго, што большасць бел. татараў мела крымскае паходжанне і толькі нязначная частка — залатаардынскае (волжскае) ці турэцкае, можна лічыць іх мовай кыпчацкія і агузскія дыялекты крымска-татарскай мовы (на той час яшчэ не уніфікаваныя і не зафіксаваныя ў пісьменстве). Гетэрагеннасць (неаднароднасць па складзе) беларускіх татараў мовы, рассяленне татараў па ўсім ВКЛ, няцюркскае сямейнае асяроддзе (шлюбы татараў-мужчын з беларускамі) абумовілі выцясненне з канца 16 ст. беларускіх татараў мовы бел. і польск. мовамі.

Беларускіх татараў мова мела 8 галосных (а, ы, о, у, и, ё, ю; знакі падаюцца паводле дзеючай крымска-татарскай графікі). У сістэме зычных: глыбоказаднеязычны «гъ», «къ» побач з больш пярэднімі «г», «к»; звонкая афрыката «дж», заднеязычнае «нъ». Сінгарманізм складу і слова. Назоўнікі мелі катэгорыі ліку, склону, прыналежнасці і прэдыкатыўнасці. Прыметнікі паказвалі на ступень інтэнсіўнасці. Дзеяслоў меў катэгорыі часу і асобы, ладу, стану; аддзеяслоўны назоўнік на «-макъ» выступаў у функцыі інфінітыва. У лексіцы шмат араб. і іранскіх запазычанняў.

А.​Я.​Супрун.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група моў, якія адносяцца да індаіранскай галіны індаеўрап, сям’і моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). Пашыраны ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, часткова на Каўказе, у Турцыі, Пакістане. Усталяваны падзел на ўсх. і зах. групы не зусім адпавядае іх сучаснаму геагр. пашырэнню. Усх. група ўключае асецінскую, афг., ягнобскую, памірскія, зах.перс., тадж., курдскую, белуджскую і прыкаспійскія мовы.

Стараж. І.м. — стараж.-перс. (клінапісныя надпісы 6—4 ст. да н.э.); мова «Авесты» (1-е тыс. да н.э.), скіфская (сакская, зберагліся паасобныя словы і ўласныя імёны). Мёртвыя І.м. сярэдняга перыяду (1-е тыс. да н.э.) — сярэднеперс., парфянская, сагдыйская, харэзмійская і інш. Новымі літ. І.м. з’яўляюцца перс., тадж., курдская, афг., асецінская, белуджская (у Пакістане). Стараж. І.м. характэрны развіты сінтакс. лад, флектыўны тып марфалогіі з разгорнутай сістэмай імя і дзеяслова; гэтыя рысы ў сучасных І.м. спрасціліся: страчана катэгорыя роду, скарацілася колькасць склонаў, пашырыліся аналіт. рысы. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць ізафетнай канструкцыі са спец. марфал. абазначэннем таго слова, да якога адносіцца атрыбут. Вывучае І.м. іраністыка.

Літ.:

Оранский И.М. Иранские языки. М., 1963;

Основы иранского языкознания. [Кн. 1—4.] М., 1979—87.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв. кітабаў. З 7—8 ст. н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.

А.​Я.​Супрун.

Арабскае пісьмо.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,

працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.

А.​Я.​Супрун.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)