ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

фізічная велічыня, якая характарызуе процідзеянне эл. ланцуга (ці яго ўчастка) электрычнаму току. Абумоўлена перадачай ці пераўтварэннем эл. энергіі ў інш. віды энергіі: пры неабарачальным пераўтварэнні эл. энергіі (пераважна ў цеплавую) Э.с. наз. амічным супраціўленнем (ці актыўным); Э.с., абумоўленае перадачай энергіі эл. ці магн. полю і ў адваротным напрамку, наз. рэактыўным супраціўленнем.

Пры сіле пастаяннага току J і напружанні U паводле Ома закону Э.с. R ланцуга роўна R = ​U/J. Яно залежыць ад матэрыялу правадніка, яго геам. памераў і формы. Для аднароднага па саставу правадніка з пастаяннай плошчай папярочнага сячэння S і даўж. l: R = ρ​l/s, дзе ρ — удзельнае Э.с., якое характарызуе матэрыял правадніка. Велічыня, адваротная ρ, σ = ​1/ρ наз. ўдзельнай электраправоднасцю. З ростам т-ры Э.с. праваднікоў павялічваецца, з паніжэннем — памяншаецца. Пры вельмі нізкіх т-рах Э.с. некаторых металаў і сплаваў падае да нуля (гл. Звышправоднасць). Актыўнае Э.с. пераменнаму току большае, чым пастаяннаму, з прычыны павелічэння шчыльнасці току ў паверхні правадніка (гл. Скін-эфект), а таксама з-за страт на віхравыя токі і магн. гістэрэзіс. Пры пераменным току поўнае Э.с. ланцуга Z вызначаецца акрамя актыўнага r таксама і рэактыўным супраціўленнем x, якое залежыць ад індуктыўнасці і электраёмістасці. Для сінусаідальнага току Z = r2 + x2 . Адзінка Э.с. ў СІ — ом.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫ́СТАР [англ. varistor ад vari(able) пераменны + (resi)stor супраціўленне],

паўправадніковы рэзістар, супраціўленне якога залежыць ад прыкладзенага напружання. Паводле канструкцыі бывае ў выглядзе дыска, таблеткі, стрыжня, пацеркі і інш. Выкарыстоўваецца ў прыладах для стабілізацыі і рэгулявання напружання і току, эл. аховы, мадулятарах і памнажальніках частаты і інш.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗІ́СТАР (англ. resistor ад лац. resisto супраціўляюся),

структурны элемент электрычнага ланцуга, прызначаны ў асн. аказваць пэўнае амічнае супраціўленне працяканню эл. току. Адрозніваюцца па значэнні супраціўлення, дапушчальных адхіленнях ад намінальнага значэння, рассейвальнай магутнасці.

У залежнасці ад матэрыялу токаправоднай часткі падзяляюцца на метал., вугляродныя. вадкасныя і паўправадніковыя. Бываюць пастаянныя (з фіксаваным супраціўленнем) і пераменныя, супраціўленне якіх мяняецца мех. перамяшчэннем паўзунка (напр., рэастаты) ці інш. спосабам. Існуюць Р., супраціўленне якіх залежыць ад напружання (варыстары), т-ры (тэрмарэзістары), асветленасці (фотарэзістары), а таксама дэфармацыі (тэнзадатчыкі). Выкарыстоўваюцца для рэгулявання сілы току і напружання ў радыёэлектроннай і інш. апаратуры, вымярэння т-ры, сілы святла і інш., а таксама як награвальныя элементы.

Рэзістары: а — пастаянны (1 — керамічная трубка, 2 — токаправодны слой, 3 — вывад); б — пераменны (1 — токаправодны элемент, 2 — шчотачны кантакт, 3 — вывады).

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕДА́НС (англ. impedance ад лац. impedio перашкаджаю),

1) у акустыцы — комплекснае супраціўленне, якое ўводзіцца пры разглядзе ваганняў акустычных сістэм. Роўнае адносінам комплексных амплітуд гукавога ціску да аб’ёмнай вагальнай скорасці. Вымяраецца ў т.зв. «акустычных омах» (Па∙с/м³). Паняццем І. карыстаюцца пры вывучэнні распаўсюджання гуку ў трубах пераменнага дыяметра, рупарах і інш., пры даследаванні акустычных уласцівасцей выпрамяняльнікаў і прыёмнікаў гуку.

2) У электратэхніцы — устарэлая назва поўнага супраціўлення эл. ланцуга. Гл. Электрычнае супраціўленне.

т. 7, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЫКА́ННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ,

замыканне эл. ланцуга на вельмі малое (блізкае да нуля) супраціўленне. Гл. Кароткае замыканне.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬТАМПЕ́РНАЯ ХАРАКТАРЫ́СТЫКА (ВАХ),

залежнасць падзення напружання на элеменце эл. ланцуга ад сілы току, што працякае праз яго (або залежнасць сілы току праз элемент ланцуга ад прыкладзенага напружання). Калі супраціўленне элемента не залежыць ад току, то ВАХ — прамая лінія, якая праходзіць праз пачатак каардынат. ВАХ нелінейных элементаў (эл.-вакуумныя, газаразрадныя і цвердацелыя прылады) маюць нелінейныя ўчасткі і розную форму. Гл. таксама Адмоўнае супраціўленне.

Тыповая вольтамперная характарыстыка паўправадніковага дыёда з p—n-пераходам: U — напружанне на дыёдзе; I — ток праз дыёд; U* і I* — найбольшае дазволенае адваротнае напружанне і адпаведны адваротны ток; Uст — напружанне стабілізацыі.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАРЭЗІСТЫ́ЎНЫ ЭФЕ́КТ,

змена эл. супраціўлення цвёрдых праваднікоў пад уздзеяннем магн. поля. Выкарыстоўваецца для даследаванняў электроннага энергетычнага спектра, рассеяння носьбітаў току ў правадніках, для вымярэння магн. палёў (гл. Магнітометр).

Тлумачыцца скрыўленнем траекторый носьбітаў току ў магн. полі (гл. Гальванамагнітныя з’явы). Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) удзельнае супраціўленне расце з павелічэннем напружанасці магн. поля, а ў паўправадніках залежыць ад канцэнтрацыі дамешкаў і т-ры. У ферамагнетыкаў М.э. мае асаблівасці, абумоўленыя існаваннем намагнічанасці пры адсутнасці знешняга магн. поля. Напр., іх удзельнае супраціўленне можа змяншацца ў магн. полі, што звязана з фіксацыяй спінаў дамешкавых атамаў знешнім магн. полем. Гл. таксама Капіцы закон.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,

узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона III аўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРААКУСТЫ́ЧНЫЯ І ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫЯ АНАЛО́ГІІ,

аналогіі ў законах руху мех. вагальных сістэм і эл. вагальных контураў. Грунтуюцца на аднолькавасці дыферэнцыяльных ураўненняў (з дакладнасцю да абазначэнняў велічынь), якія апісваюць стан гэтых вагальных сістэм. Метад Э. і э.а. выкарыстоўваецца для разлікаў электрамех. і электраакустычных пераўтваральнікаў, у т. л. складаных мех. сістэм з некалькімі ступенямі свабоды. Такія сістэмы разглядаюць як сукупнасць вагальных контураў і атрыманую эл. схему (эквівалентную схему) даследуюць метадамі электратэхнікі.

Да арт. Электраакустычныя і электрамеханічныя аналогіі. Прыклады электрычных і механічных аналагаў: 1 — паслядоўны і паралельны электрычныя контуры (L — шпуля індуктыўнасці; C — кандэнсатар; B — супраціўленне; U — электрычнае напружанне; i — ток); 2 — спружынны маятнік з 1 ступенню свабоды (S — пругкая спружына; m — маса цела; r — супраціўленне руху).

т. 18, кн. 1, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФЕНО́Л,

магнітамяккі сплаў жалеза (84%) з алюмініем (16%). Мае высокія магн. пранікальнасць у слабых палях, цвёрдасць, трываласць, зносаўстойлівасць, эл. супраціўленне. З алфенолу вырабляюць стрыжні галовак апаратуры для магн. запісу і ўзнаўлення інфармацыі.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)