складанае батрычнае суквецце, на галоўнай восі якога на розным узроўні развіваюцца бакавыя галінкі, што таксама разгаліноўваюцца і нясуць кветкі або невял, простыя (элементарныя) суквецці (каласкі ў злакаў, кошыкі ў складанакветных і інш.). Галінкі бываюць прыціснутыя да гал. восі (М. сціснутая) або адстаяць ад яе (М. раскідзістая). Сціснутую М. з кароткімі галінкамі, падобную на колас у злакаў (напр., цімафееўка, лісахвост), наз.султанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛКАГАЛО́ЎНІК (Cephalanthera),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 14 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды П.: даўгалісты (C. longifolia) і чырвоны (C. rubra), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў лясах, хмызняках.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае. Лісце падоўжанае, завостранае. Суквецце — рыхлы колас. Кветкі званочкавыя з дробнымі прыкветкамі. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),
род кветкавых раслін сям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.
Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУГАРА́ (Sorghum cernuum),
від аднагадовых раслін з роду сорга сям. злакаў. Культывуюць як збожжавую і кармавую расліну ў Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, трапічнай Афрыцы і інш. Вельмі засухаўстойлівая. Мае шчыльнае суквецце-мяцёлку з моцна пакарочанымі галінкамі, з выгнутым сцяблом пад суквеццем, якое звісае ўніз. Зерне Дж. (мае да 70% крухмалу) перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, крухмал, скормліваюць жывёле і птушкам. Зялёную масу сушаць і сіласуюць, сцёблы служаць палівам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НІЯ (Molinia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГА́Р (Setaria italica convar. moharia),
кветкавая расліна сям. метлюжковых. Пашыраны пераважна ў Азіі. Культывуецца ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам.
Аднагадовая травяністая расліна. Сцёблы слабагалінастыя выш. да 1 м, аблісцелыя. Суквецце — коласападобная мяцёлка (султан) даўж. 25 см, шыр. 4 см, у адрозненне ад чумізы, не падзеленае на лопасці. Паводле колеру зярнявак і шчацінак бывае М. аранжавы, белы, жоўты, чырвоны. Стараж. кармавая (зялёны корм, сена, сілас, збожжа) і харч. (збожжа) культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЛАЎКА (Melica),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі 1 від — П. паніклая (M. nutans). Трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах, хмызняках. Інтрадукаваны П. высокая (M. altissima) і П. раснічастая (M. ciliata).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці каленчата ўзыходныя каля асновы. Лісце вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — коласападобная аднабокая мяцёлка. Каласкі 2—5-кветкавыя. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУ́К, малакан (Lactuca),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, нямногія — у Амерыцы. На Беларусі 3 віды Л.: дзікі, або компасны (L. serriola), татарскі (L. tatarica), Шэ (L. chaixii). Інтрадукаваны Л. пасяўны, ці салата (L. sativa), культывуецца як агароднінная расліна.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты. Невял. кветкавыя кошыкі сабраны ў агульнае суквецце, пераважна мяцёлчатае або галінаста-мяцёлчатае. Плод — сямянка з чубком. Харч., лек. расліны, некат. ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСАХВО́СТ, батлачык (Alopecurus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 5 відаў Л.: лугавы (A. pratensis), каленчаты (A. geniculatus), роўны (A. aequalis), мышахвоснікападобны (A. myosuroides), трысняговы (A. arundinaceus). Трапляюцца пераважна на лугах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы выш. 20—120 см з прамастойнымі ці каленчата-прыўзнятымі сцёбламі. Лісце плоскае, вузкае, шурпатае. Суквецце — мяцёлка. Каласкі сціснутыя з бакоў, аднакветныя. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГУ́ЛЬКІ (Delphinium),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 1 від — Р. высокія (D. elatum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў рэдкалессі, сярод хмызнякоў, па лугах. У культуры вырошчваюць гібрыдныя формы, аб’яднаныя ў групу буйнакветных (D. grandiflorum).
Лісце чаргаванае, шматрассечанае. Кветкі няправільныя, буйныя, сінія, блакітныя, фіялетавыя, сабраныя ў гронку ці мяцёлчатае суквецце. Плод — лістоўка. Лек., інсектыцыдныя, дэкар. расліны.