МУЗЫКАЗНАЎСТВА

Станаўленне музыказнаўства на Беларусі пачалося ў 19 ст. з асвятлення ў перыядычным друку муз. жыцця, выканальніцкага мастацтва, публікацый бел. нар. песень з нотамі і іх муз.-этнаграфічных апісанняў. Асновы муз. фалькларыстыкі залажылі Р.​Ігнацьеў, Л.​Куба, Е.​Раманаў, П.​Шэйн, М.​Янчук і інш. У пач. 20 ст. пытанням нац. муз. творчасці шэраг артыкулаў прысвяцілі бел. пісьменнікі М.​Багдановіч, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Гарэцкі, Ц.​Гартны, З.​Бядуля.

У 1920-я г. ў БССР ідэя беларусізацыі ў бел. культуры адбілася і на айч. музыказнаўстве. На старонках газет «Звязда», «Советская правда», «Белорусская коммуна», час. «Трыбуна мастацтва» і інш. узнімаліся пытанні падрыхтоўкі прафесійных муз. кадраў, стварэння муз. рабочых факультэтаў і студый, прапаганды муз. каштоўнасцей мінулага, пошуку кірункаў і стыляў у тагачаснай кампазітарскай творчасці, адпаведных культурнаму пералому. З рэцэнзіямі і артыкуламі на муз. творы і канцэртныя выступленні па праблемах фарміравання нац. муз. мастацтва выступалі Ю.​Дрэйзін, Я.​Загв, А.​Крывіч і інш.

Асноўныя кірункі музыказнаўчых даследаванняў закладзены ў муз.-крытычнай дзейнасці Ю.​Дрэйзіна. Ён першы звярнуўся да пытання пашырэння сеткі муз. навучальных устаноў, намеціў асноўныя шляхі фарміравання бел. музыказнаўчай навукі, філасофска-культуралагічнага даследавання муз. мастацтва, у т. л. месца і ролю бел. музыкі ў станаўленні нац. культуры, пераемнасці маст. традыцый, неабходнасці стварэння на Беларусі прафес. выканальніцкіх калектываў і інш.

У сярэдзіне 1920-х г. у час. «Трыбуна мастацтва» і інш. разгарнулася дыскусія пра неабходнасць стварэння нац. оперы, у якой прынялі ўдзел музыканты-выканаўцы, музыказнаўцы і частка бел. літаратараў. Адначасова зацікаўленасць нац. фальклорам абумовіла развіццё муз. фалькларыстыкі, якая даследавалася пераважна ў межах муз. падсекцыі Інбелкульта («Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў музычна-этнаграфічнай творчасці А.​Грыневіча ў часопісе «Наш край», 1925, №1); выйшлі фальклорныя зборнікі (1928, 1929). Нар. песні збіралі і апрацоўвалі У.​Тэраўскі («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый», 1921), М.​Мацісон («Спеўнік дзеля двух- і трохгалосых дзіцячых хароў», 1925), М.​Чуркін, А.​Туранкоў, М.​Аладаў («Зборнік беларускіх народных песень», 1928), Р.​Шырма («Беларускія народныя песні», 1929), М.​Равенскі («Пра зборнік песень, які надрукаваны на Беларусі для дзяцей дашкольнага ўзросту», 1928). Вывучэнне нар.-песеннай культуры закладзена ў даследаванні М.​Равенскага «Гарманізаванне беларускіх народных песень маскоўскімі кампазітарамі» (1928). У працы М.​Прывалава «Народныя музычныя інструменты Беларусі» (1928) дадзена першае апісанне тыпаў і відаў бел. нар. інструментаў і гіст. нарыс развіцця бел. інструментарыя.

У 1930-я г. сярод муз.-крытычных публікацый пераважалі прадмовы да новых оперных твораў бел. кампазітараў Я.​Цікоцкага, М.​Шчаглова-Куліковіча, А.​Туранкова (Б.​Смольскі, М.​Зінчук, Л.​Мухарынская), артыкулы-агляды (пра дзейнасць Бел. студыі оперы і балета), творчыя партрэты А.​Туранкова, Р.​Пукста, В.​Залатарова, нарысы (серыя «Кампазітары—Кастрычніку» ў час. «Мастацтва і рэвалюцыя», 1932). З публікацыямі пра творчасць бел., рас., заходнееўрап. кампазітараў выступалі М.​Шчаглоў-Куліковіч, А.​Карповіч («Кветка шчасця», «Старэйшы беларускі кампазітар: А.​Я.​Туранкоў», «Творчасць А.​В.​Багатырова» і інш.). Напярэдадні 1-й Дэкады бел. мастацтва і літаратуры ў Маскве ўздымаліся пытанні стварэння нац. опер і балетаў, выканальніцкага майстэрства (М.​Аладава, В.​Яфімава), кампазітарскай творчасці (А.​Багатырова, М.​Крошнера, А.​Туранкова, Я.​Цікоцкага, М.​Шчаглова-Куліковіча). Вял. ўвага аддавалася стварэнню навучальных дапаможнікаў; у 1933 выдадзены падручнік М.​Мацісона «Пачатковая тэорыя музыкі для музшкол, музрабфакаў і першых курсаў музтэхнікума».

У пасляваенныя гады праблематыка муз. даследаванняў стала больш паглыбленай. Закладваліся асновы муз. тэарэтычнай навукі, муз. эстэтыкі, крытыкі, методыкі выкладання муз. дысцыплін. Разам з асвоенымі жанрамі творчага партрэта (С.​Нісневіч, Л.​Мухарынская), нарыса пра выканальніцкае мастацтва (Л.​Мухарынская, Б.​Смольскі, І.​Жыновіч), пра оперу (М.​Шчаглоў-Куліковіч, В.​Сізко), сімфанічную музыку (В.​Сізко) з’явіліся працы пра гіст. шляхі развіцця нац. муз. культуры: «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка: Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва» (ч. 1, 1953) М.​Куліковіча; «Беларуская музыка за 40 год» Б.​Смольскага (1957); серыя «Музычная культура саюзных рэспублік» Б.​Смольскага, Г.​Цітовіча, І.​Нісневіча (1956, 1957). Этнамузыколагі працягвалі даследаваць вытокі бел. нар. музыкі, асаблівасці развіцця нар. песні ў сучасных умовах («Беларуская народная песня» М.​Шыфрына, 1956; «Партызанскія песні Беларусі і іх складальнікі» Л.​Мухарынскай, 1959). Выйшлі зборнікі бел. нар. песень Р.​Шырмы, М.​Чуркіна, Г.​Цітовіча. Эстэтычныя праблемы нац. муз. мастацтва распрацоўвала А.​Ладыгіна. Дасягненнем муз. педагогікі з’явіўся падручнік В.​Яфімава «Элементарная тэорыя музыкі» (1948). Асноўныя кірункі музыказнаўчых публікацый 1960-х г. — даследаванне бел. нар. муз. творчасці і сучаснай бел. прафес. музыкі, вывучэнне рас. муз. культуры і папулярызацыя муз. мастацтва. Цэнтрамі навук. даследаванняў сталі сектар муз. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, кафедра гісторыі і тэорыі музыкі Бел. кансерваторыі, Саюз кампазітараў Беларусі, пазней — муз.-пед. факультэт Мінскага пед. ін-та, мастацтвазнаўчыя кафедры Мінскага ін-та культуры.

У гэты перыяд асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню бел. нар. музыкі. Пытанні гісторыі, тэорыі і эстэтыкі нац. муз. фальклору, стыляў і жанраў традыцыйнай і сучаснай бел. нар. песні сталі прадметам даследавання этнамузыкалогіі. Л.​Мухарынская акрэсліла пытанні сучаснай этнамузыказнаўчай навукі, раскрыла інтанацыйныя, творчыя і стылявыя працэсы ў сучасным бел. песенным фальклоры, вызначыла месца нар. песні ў сістэме фальклору, адкрыла партызанскую песню як буйную з’яву бел. нар. муз. творчасці («Беларуская партызанская песня і яе аўтары», 1964; «Беларуская партызанская песня, 1941—45», 1968), вылучыла фактары, якія адлюстроўвалі станаўленне муз. мовы бел. нар. песні на сучасным этапе пад уплывам новых грамадска-сац. умоў («Меладычная мова сучаснай беларускай народнай песні», 1966). Тэарэтычныя асновы бел. муз. фальклору даследаваў В.​Ялатаў: «Ладавыя асновы беларускай народнай музыкі» (1964), «Рытмічныя асновы беларускай народнай музыкі» (1966), «Меладычныя асновы беларускай народнай музыкі» (1970). Сярод значных работ 1960-х г. — даследаванні па гісторыі бел. муз. т-ра ў працах «Беларускі музычны тэатр» Б.​Смольскага (1963), «Беларуская народная песня ў музычнай драматургіі нацыянальных опер і балетаў» С.​Нісневіч (1962); публікацыі пра бел. сімфонію Г.​Глушчанкі і К.​Сцепанцэвіч (у манаграфіях «55 савецкіх сімфоній», 1961; «Савецкая сімфонія за 50 год», 1967), «Беларускі канцэрт» К.​Сцепанцэвіч (1967), пра дзейнасць бел. дзярж. сімфанічнага аркестра Дз.​Жураўлёва («Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларускай ССР», 1961). З’явіліся выданні, у якіх папулярызавалася музыка бел. кампазітараў («Школьнікам пра музыку» Г.​Глушчанкі і К.​Сцепанцэвіч, 1962), навучальныя дапаможнікі для муз. школ і вучылішчаў, хрэстаматыя па бел. муз. літаратуры, даведнік «Кампазітары Савецкай Беларусі» Дз.​Жураўлёва(1966).

У 1970-я г. якасна павысіўся ўзровень навук. даследаванняў, пашырылася іх праблематыка. Сярод прыярытэтных кірункаў музыказнаўства: гісторыя нац. муз. культуры, тэорыя муз. мастацтва (жанраў, форм прафесійнай музыкі, муз. стылю, тэматызму і інш.), этнамузыкалогія. Гіст. вяхой на шляху стварэння першага сістэматызаванага даследавання пра працэс фарміравання і развіццё прафесійнай і нар. бел. музыкі з эпохі сярэдневякоўя і да 1960-х г., аналізу творчай дзейнасці нац. кампазітараў сталі манаграфіі-падручнікі «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971) і «Гісторыя беларускай музыкі» (1976), створаныя калектывам аўтараў (Г.​Глушчанка, Л.​Мухарынская, С.​Нісневіч, Б.​Смольскі, К.​Сцепанцэвіч, Т.​Шчарбакова). Праблематыка старажытнабел. культуры і вытокі кантавай культуры Беларусі ў 16—18 ст. аналізаваліся ў гіст.-тэарэтычных даследаваннях Л.​Касцюкавец («Кантавая культура ў Беларусі», 1975). Тэарэтычныя праблемы музыказнаўства распрацаваны ў манаграфіях Г.​Куляшовай («Пытанні драматургіі оперы», 1979; «Кампазіцыя оперы», 1983), у якіх опера разглядаецца як складаны маст. арганізм на сюжэтным, муз.-драматычным і структурным узроўнях. У манаграфічных нарысах Т.​Дубковай («Беларуская сімфонія», 1974) разам з выяўленнем і разгляданнем новых тэндэнцый у бел. сімф. музыцы даследаваны вобразнасць, тэматызм, форма, муз. драматургія сімфоній, сродкі муз. выразнасці. Пэўныя мастацка-эстэтычныя якасці бел. музыкі, вузлавыя моманты працэсу развіцця жанру бел. інструментальнага канцэрта асвятляюцца ў манаграфіі «Беларускі фартэпіянны канцэрт» І.​Назінай (1977). Тэарэтычнаму вывучэнню тагачаснага стану бел. муз. мастацтва садзейнічалі зборнікі «Музычная культура Беларускай ССР» (1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Музыка нашых дзён» (1969), «Беларуская музыка» (1975). Асаблівасці стылістыкі бел. музыкі, асобныя жанры бел., а таксама сусв. муз. мастацтва ў кантэксце сучаснай муз. творчасці разглядаліся ў артыкулах Н.​Юдзеніч, Т.​Ляшчэні, А.​Салей, Р.​Сергіенкі, Т.​Шчарбаковай і інш. У ліку этнамузыказнаўчых публікацый 1970-х г.: работы Л.​Мухарынскай («Беларуская народная песня: Гістарычнае развіццё», 1977), І.​Назінай («Беларускія народныя музычныя інструменты: Самагукавыя, ударныя, духавыя», 1979; «Беларускія народныя музычныя інструменты: Струнныя», 1982), у якіх вывучаны працэсы гіст. эвалюцыі і функцыянавання асноўных відаў бел. нар. муз. інструментаў: самагудаў, ударных, духавых, струнных, а таксама бел. нар. найгрышаў. Харэаграфічны фальклор даследавала Ю.​Чурко. Апублікаваны манаграфічныя даследаванні Л.​Аўэрба, Т.​Дубковай, Дз.​Жураўлёва, Г.​Куляшовай, І.​Зубрыч і інш., прысвечаныя творчасці бел. кампазітараў, гіст.-пазнавальная літаратура пра дзейнасць творчых калектываў, муз. навучальных устаноў.

У 1980-я — пач. 2000-х г. пашырылася праблематыка даследаванняў, павысіўся навук. ўзровень публікацый і прафесіяналізм даследчыкаў. Працягвалася сістэматычнае вывучэнне гісторыі старадаўняй муз. культуры Беларусі, у навук. ўжытак уведзены ўзоры творчай спадчыны кампазітараў, адноўлены забытыя імёны дзеячаў мастацтва, педагогаў, выканаўцаў, якія працавалі на Беларусі ў 16—19 ст., ішоў пошук помнікаў прафесійнага муз. мастацтва мінулага. У гэтым кірунку вывучалася станаўленне айч. муз. культуры ў 10—18 ст. («Нарысы музычнай культуры Беларусі», 2000; «Музычная культура Беларусі XVIII ст.: Гісторыка-тэарэт. даслед.» В.​Дадзіёмавай, 2002); фарміраванне арганнай культуры, выканальніцтва і кампазітарскай творчасці («Cantantibus Organis: Беларуская арганная культура ў кантэксце еўрапейскага музычна-гістарычнага працэсу» У.​Неўдаха, 1999); гісторыя развіцця прафесійнага бел. муз. мастацтва 16 — пач. 20 ст. («Зайгралі спадчынныя куранты» В.​Скорабагатава, 1998), муз. і маст. адукацыя ў 11—20 ст. («Музычная адукацыя ў Беларусі», 1980; «Мастацкая адукацыя ў Беларусі» В.​Пракапцовай, 1999); спецыфіка муз. адукацыі і асаблівасці муз. практыкі ў езуіцкіх калегіумах і ордэнскіх навіцыятах 17 — пач. 19 ст. («Тэорыя харальных спеваў на Беларусі» Т.​Ліхач, 1999); тэатральна-муз. культура Беларусі 18—19 ст. (Г.​Барышаў, А.​Капілаў); мастацтва муз. прыватнаўласніцкіх і школьных т-раў 18 ст. (Г.​Барышаў, Л.​Голікава, Н.​Іўчанка); муз. культура бел. гарадоў 18 ст. (В.​Дадзіёмава). Шэраг даследаванняў стараж. муз. культуры грунтуецца на вывучэнні асобных яе бакоў — творчасці кампазітараў і выканаўцаў 19 ст., якія зрабілі ўклад у развіццё айч. муз. мастацтва («Музычная культура Беларусі XIX — пачатку XX ст.» А.​Капілава, А.​Ахвердавай, 2000), гісторыі муз. мінулага [«Скрыпка беларуская» А.​Капілава, 1982; «Музыка Беларусі XVII стагоддзя (Рыфматворны псалтыр)» Л.​Касцюкавец, 1992; «Рыфматворны псалтыр» Сімяона Полацкага і Васіля Цітова: музычна-паэтычны, стылістычны і тэксталагічны аспекты» Л.​Сідаровіч; «Сімяон Полацкі, Васіль Цітоў. «Рыфматворны псалтыр» пад рэд. Л.​Сідаровіч; абедзве 1999]. Адначасова вывучаліся праблемы сучаснага бел. муз. мастацтва («Харавое мастацтва Беларусі XX ст.» А.​Смагіна, 1998; «Беларускае народна-інструментальнае мастацтва: традыцыі і сучаснасць» Г.​Мішурова, 2002; «Беларуская кантата і араторыя» Г.​Куляшовай, 1987; «Народна-інструментальная музычная культура пісьмовай традыцыі ў Беларусі: спроба сістэмнага аналізу» Н.​Яканюк, 2001; «Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я» А.​Скорабагатчанкі, 1997); роля фальклору ў аднаўленні нац. стылю прафесійных бел. кампазітараў у кн. «Беларуская кампазітарская творчасць у яе сувязях з фальклорам: Гісторыка-метад. даслед.» В.​Антаневіч (1999). Тэарэтычныя і метадалагічныя прынцыпы рас. муз. крытыкі канца 19 — пач. 20 ст. даследаваліся ў «Нарысах па гісторыі рускай музычнай крытыцы канца XIX — пачатку XX ст.» Г.​Глушчанкам (1983); музыка побыту і рус. прафесійнай культуры 19 ст. ў працах Т.​Шчарбаковай.

Абрадавая і пазаабрадавая нар. музыка, асаблівасці бел. нар. каляндарна-песеннай культуры прааналізаваны ў творах «Каляндарна-песенная культура Беларусі: Спроба сістэмна-тыпалагічнага даследавання» (1985), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні Беларускага Палесся» (1982) З.​Мажэйкі; «Песні Беларускага Панямоння» (1998), «Песні Беларускага Падняпроўя» (1999) Т.​Варфаламеевай; у працы «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997) З.​Мажэйкі і Т.​Варфаламеевай.

Выдадзены манаграфіі пра гісторыю бел. балетнага тэатра, дзейнасць асобных выканаўцаў і пастаноўшчыкаў («Беларускі балет у тварах» Ю.​Чурко, 1988) і сучаснае сцэнічнае танцавальнае мастацтва («Лінія, якая ідзе ў бясконцасць» Ю.​Чурко, 1999), пра праблемы жанрава-стылістычных асаблівасцей балетнай музыкі («Балетны жанр як музычны феномен: Рус. традыцыя канца XVIII — пач. XX ст.» К.​Дулавай, 1999).

У 1990—97 выйшла 4-томная праца «Музычны тэатр Беларусі», у якой дзейнасць муз. т-ра паказана як важная і неад’емная частка агульнага працэсу фарміравання нац. культуры, даследаваны гіст. этапы станаўлення і развіцця муз. тэатра ад вытокаў да канца 20 ст., муз.-сцэнічныя жанры — опера, балет, муз. камедыя, аперэта і музыка для драматычных тэатраў у іх стылявой разнастайнасці (Г.​Барышаў, Л.​Голікава, Т.​Дубкова, А.​Капілаў, Г.​Куляшова, Т.​Мдывані, Ю.​Чурко, Н.​Юўчанка і інш.).

У тэарэтычных муз. творах адлюстраваны тэндэнцыі развіцця бел. муз. мастацтва і бел. сімфанізму ў 2-й пал. 20 ст. (К.​Сцепанцэвіч), тыпалагічныя рысы сучаснай бел. музыкі (А.​Друкт), аналізуюцца новыя з’явы муз. культуры Беларусі («Беларуская музыка 1960—80-х гг.» Р.​Аладавай, В.​Антаневіч, Г.​Глушчанкі, А.​Карпілавай, К.​Сцепанцэвіч, Л.​Сцяпуры, Т.​Якіменка, Н.​Юўчанка і інш., 1997), авангардныя тэндэнцыі ў бел. музыцы (Р.​Аладава, Г.​Глушчанка, Т.​Мдывані, В.​Савіцкая).

У цэнтры ўвагі бел. музыказнаўцаў асэнсаванне стылявых заканамернасцей сучаснай бел. музыкі, яе жанравай разнастайнасці, пошукі ў галіне меласу, гармоніі, поліфаніі, формаўтварэння, муз. сродкаў выразнасці (Р.​Аладава, В.​Антаневіч, Б.​Златавярхоўнікаў, Ю.​Златкоўскі, Т.​Ляшчэня, Т.​Мдывані, В.​Савіцкая, Р.​Сергіенка, Т.​Цітова, Т.​Шчэрба, М.​Шыманскі), праблемы метадалогіі сучаснага музыказнаўства (Т.​Мдывані, Т.​Шчарбакова, Н.​Юдзеніч, Т.​Якіменка), муз. псіхалогіі і сацыялогіі (І.​Галавач, А.​Галкін). Створаны падручнікі па гармоніі, сальфеджыо, поліфаніі, бел. нар. творчасці і інш. Актывізавалася выданне зборнікаў артыкулаў, у якіх асвятляюцца «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94). У зб-ках «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэт. нарысы» (1990) і «Тэарэтычныя праблемы сучаснай музыкі» (1992) асэнсоўваецца праблематыка нац. культуры ў кантэксце агульнасусветных маст. працэсаў, уздымаюцца праблемы драматургіі, формы, муз. мовы, стылістычных асаблівасцей музыкі. Выйшлі даведачная літаратура («Кампазітары Беларусі» Т.​Мдывані, Р.​Сергіенкі, 1997; «Музычны слоўнік беларуска-рускі і руска-беларускі», 1999; «З гісторыі музыказнаўства ў Беларусі», 2002), працы пра дзейнасць творчых калектываў і муз. навучальных устаноў, мемуарная літаратура («Л.​П.​Александроўская: Дакументальна-тэатр. раман» А.​Ладыгінай, 2002). Вывучэнне гісторыі і тэорыі музыкі вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Бел. акадэміі музыкі, Бел. ун-це культуры і інш.

Літ.:

Беларуская музыка 1960—1980 годов. Мн., 1997;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Из истории музыкознания в Беларуси. Белорусская государственная академия музыки, 1932—92. Мн., 2002.

Л.​Ф.​Голікава.

Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.
Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.

т. 18, кн. 2, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)