НІ́КІЙ (Nikias; каля 469 да н.э., Атыка — 413 да н.э.),
афінскі дзярж. дзеяч (Стараж. Грэцыя), палкаводзец. Пасля смерці Перыкла правадыр памяркоўна-кансерватыўнага крыла (партыя міру) афінскай дэмакратыі. У Пелапанескую вайну як стратэг узначаліў шэраг паспяховых аперацый у 427—421 (супраць Мегар, Меласа, Беотыі, Карынфа, Кіферы, на п-ве Халкідыкі). Дамогся ў 421 да н.э. заключэння Нікіева міру. У 415 да н.э. ўзначаліў сіцылійскую ваен. экспедыцыю Афін. У 413 пасля аблогі Сіракуз (скончылася паражэннем афінскіх войск) узяты ў палон і забіты.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛКАВО́ДЗЕЦ,
ваенны дзеяч, военачальнік, які ўмела кіруе ўзбр. сіламі дзяржавы або буйнымі вайсковымі фарміраваннямі (аператыўна-стратэг.) у час вайны. Гэта таленавітыя, з творчым мысленнем асобы, якія валодаюць майстэрствам падрыхтоўкі і вядзення ваен. дзеянняў, воляй і рашучасцю, арганізатарскімі і інш. якасцямі, што дазваляюць ім з найб. эфектыўнасцю выкарыстоўваць наяўныя сілы і сродкі для дасягнення перамогі. Кожная гіст. эпоха, вял. вайна вылучаюць сваіх П. У час 2-й сусв. вайны ў СССРнайб. таленавітымі П. былі Г.К.Жукаў, А.М.Васілеўскі, К.К.Ракасоўскі, І.Д.Чарняхоўскі, сярод саюзнікаў — Б.Мантгомеры, Д.Эйзенхаўэр і інш. Сярод беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі асобай адзнакі П. — «Маршальскай зоркі» ўдастоены 12 чал., у т. л. А.І.Антонаў, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКАВАЯ ВАЙНА́», бліцкрыг (ням. Blitzkrieg ад Blitz маланка + Krieg вайна),
тэорыя вядзення войнаў, асноўным зместам якіх з’яўляецца дасягненне перамогі ў найкарацейшы тэрмін. Тэорыя створана герм. ген.-фельдмаршалам А. фон Шліфенам і інш. ідэолагамі герм. мілітарызму і пакладзена ў аснову ваен. стратэгіі Германіі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. Найважнейшыя палажэнні тэорыі «М.в.»: апярэджванне праціўніка ў сканцэнтраванні і разгортванні войск; дасягненне поўнай перавагі ў сілах і сродках на гал. напрамку; забеспячэнне аператыўна-стратэг. раптоўнасці; дэзарганізацыя кіравання войскамі і тылу праціўніка; нанясенне максімальна магутнага першага ўдару з мэтай дасягнення ў пачатковых бітвах рашаючага поспеху; знішчэнне ўзбр. сіл праціўніка шляхам іх рассячэння і акружэння ў выніку імклівых дзеянняў мотапяхоты і танкаў. План Шліфена, упершыню прыменены ў 1914, пацярпеў крушэнне. У 1930-я г.ням. тэарэтыкі, у т. л. Э.Людэндорф, прадоўжылі развіццё асн. палажэнняў «М.в.», прапанаваўшы тэорыю «татальнай вайны», згодна з якой узмацнялася значэнне нечаканага нападу, больш маштабнага тэрору з мэтай запалохвання насельніцтва, своечасовай падрыхтоўкі і шырокага выкарыстання падрыўных сіл на тэр. праціўніка. У пач. 2-й сусв. вайны стратэгія «М.в.» забяспечыла Германіі поспех у Зах. Еўропе. У час Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45вял. значэнне ў зрыве плана «М.в.» мелі абарончыя аперацыі на Беларусі, у т. л.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941 і інш., а таксама Смаленская бітва 1941. Разгром ням.-фаш. войск пад Масквой азначаў поўны крах планаў «М.в.». У сучасных умовах асн. палажэнні «М.в.», мадыфікаваныя стратэгамі ЗША і НАТО, апрабаваны ў вайне супраць Ірака (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91) і інш. войнах. Яе рысы: нанясенне загадзя запланаваных, высокадакладных, выбіральных удараў па стратэг. аб’ектах на ўсёй тэр. праціўніка ў спалучэнні з масіраваным выкарыстаннем інфарм. і радыёэлектроннай барацьбы. Сродкамі ўзбр. процідзеяння стратэгіі «М.в.» з’яўляецца своечасовае стварэнне сукупнасці ўзаемадзейных рэгіянальных інфарм.-ўдарных груповак войск, павышэнне эфектыўнасці ППА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п.Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРРАЗВЕ́ДКА,
спец. орган разведвальнай службы для аховы краіны ад пранікнення агентуры замежных разведак і для ліквідацыі іх падрыўной дзейнасці. На Беларусі контрразведвальную дзейнасць у адпаведнасці з законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 3.12.1997 ажыццяўляюць органы ўпраўлення ваеннай К. КДБ Рэспублікі Беларусь. Падставамі для ажыццяўлення контрразвед. дзейнасці з’яўляюцца: наяўнасць інфармацыі аб прыметах развед. і інш. дзейнасці спец. службаў, арг-цый і асоб замежных дзяржаў, накіраванай на прычыненне ўрону бяспецы Беларусі; неабходнасць забеспячэння бяспекі аб’ектаў абароннага комплексу, транспарту, сувязі і інш.стратэг. аб’ектаў, а таксама бяспекі прыярытэтных навук. распрацовак, абароны звестак, што складаюць дзярж. тайну, і ў інш. выпадках, прадугледжаных законам. Парадак правядзення контрразвед. дзейнасці рэгламентуецца заканадаўствам. Кантроль за дзейнасцю К. ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і ўрад, нагляд за законнасцю дзейнасці — органы пракуратуры ў межах іх кампетэнцыі.
Літ.:
Хрущев К. Военной контрразведке — 80 лет // Армия. 1998. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІ́ЛЬНЫЯ СІ́ЛЫ,
спецыяльныя воінскія фарміраванні пастаяннай баявой гатоўнасці, прызначаныя для адбіцця раптоўных удараў праціўніка, забеспячэння стратэг. разгортвання ўзбр. сіл дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), а таксама для іх узмацнення і вядзення баявых дзеянняў у тыле ворага. Складаюцца з высокарухомых злучэнняў, часцей, падраздзяленняў і інш., гал. характарыстыкай якіх з’яўляецца мабільнасць. М.с. ўваходзяць у склад узбр. сіл многіх краін, у т. л. ў структуры ўзбр. сіл НАТО. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.с. створаны ў 1995 на базе часцей паветрана-дэсантных войск у складзе трох мабільных брыгад, падраздзяленняў сувязі і кіравання; на ўзбраенні маюць баявыя машыны дэсанта (БМД), бронетранспарцёры (БТР), баявыя машыны пяхоты (БМП) і інш. тэхніку. Асаблівасць М.с. — у спалучэнні аэрамабільнасці і агнявой моцы мотастралк. часцей і падраздзяленняў.
Літ.:
Вершалович Ю., Каршакевич Д. Мобильные силы ведут бой // Армия. 1997. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПАВЕ́ТРАНЫЯ СІ́ЛЫ (ВПС),
1) від узбр. сіл дзяржавы, прызначаных для баявых дзеянняў (пераважна ў паветры) сумесна з інш. відамі ўзбр. сіл і самастойна пры выкананні аператыўна-стратэг. задач.
2) Афіц. назва ваеннай авіяцыі ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі, ЗША і інш. краінах.
Ваен. авіяцыя ў большасці развітых краін з’явілася на пач. 20 ст.; у баях упершыню ўдзельнічала ў 1911—12 у Трыпалітанскай вайне (Італія—Турцыя). Атрад самалётаў Рас. імперыі першы раз удзельнічаў у баях у 1913 у час 1-й Балканскай вайны. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ВПС Англіі, Аўстра-Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі і Францыі налічвалі разам каля 900 ваен. самалётаў. У час 2-й сусв. вайны колькасць ВПС многіх краін рэзка павялічылася, узніклі буйныя авіяц. аб’яднанні. У Вял.Айч. вайну лётчыкі СССР здзейснілі каля 3 млн. 125 тыс. самалёта-вылетаў і прычынілі праціўніку вял. страты. Авіяцыя далёкалётнага дзеяння і Грамадз.паветр. флот зрабілі 110 тыс. самалёта-вылетаў, перавезлі каля 83 тыс. партызан, даставілі ім 17 тыс.т узбраення, боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў і інш.
Сучасныя ВПС здольныя наносіць удары па сухап., авіяц. і ваен.-марскіх групоўках праціўніка і аб’ектах глыбокага тылу; знішчаць пункты кіравання і сувязі; парушаць варожыя камунікацыі; ажыццяўляць авіяц. падтрымку войск і сіл флоту і іх прыкрыццё з паветра; праводзіць дэсантаванне і паветр. перавозку сваіх войск і матэрыяльных сродкаў; весці паветр. разведку. На ўзбраенні сучасных ВПС ёсць рэактыўныя, звышгукавыя, усепагодныя ракетаносцы і бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, верталёты, аснашчаныя ракетамі і радыёэлектронным абсталяваннем. ВПС Рэспублікі Беларусь маюць групоўку авіяцыі рознага прызначэння. Арганізацыйна яны складаюцца з авіяц. баз і асобных часцей (тылу, сувязі, радыёэлектроннага забеспячэння). У залежнасці ад прызначэння ВПС падзяляюць на авіяцыю далёкалётную, франтавую, ваен.-трансп.; у залежнасці ад характару выканання задач і лётна-тэхн. характарыстык — на знішчальную, знішчальна-бамбардзіровачную, бамбардзіровачную, разведвальную і дапаможную (санітарную, сувязі). ВПСінш. буйных дзяржаў складаюцца са стратэг., тактычнай, ваен.-трансп. авіяцыі і авіяцыі ППА. У ЗША у склад ВПС уваходзяць таксама злучэнні міжкантынент. балістычных ракет і ваенна-касм. сродкаў. Пра развіццё авіяц. тэхнікі гл. ў арт.Авіяцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў (Мікалай Іванавіч) (29.4.1903, с. Вішнёвае Тамалінскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 9.2.1972),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1962). Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., вер. 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928). У Сав. Арміі з 1919, удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну нач. штабоў Прыморскай (з крас. 1942), 62-й і 8-й гвардз. армій, каманд. войскамі 21-й (з мая 1943) і 5-й (кастр. 1943 — ліст. 1945) армій; удзельнік абароны Адэсы, Севастопаля, Сталінградскай бітвы, Смаленскай, Беларускай (у чэрв. 1944 войскі 5-й арміі прарвалі абарону праціўніка ў раёне г.п. Багушэўск Віцебскай вобл., першыя фарсіравалі Бярэзіну) і Усх.-Прускай аперацый. У сав.-яп. вайну 1945 удзельнічаў у Харбінска-Гірынскай аперацыі. Пасля 1945 нам. камандуючага, каманд. войскамі Далёкаўсходняй, Уральскай, Ленінградскай і Маскоўскай ваен. акруг. З 1963 галоўнакамандуючы Ракетнымі войскамі стратэг. прызначэння, нам. міністра абароны СССР. Аўтар ваен. мемуараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ КРЫ́ЗІС 1962, Кубінскі крызіс,
канфлікт паміж ЗША і СССР вакол Кубы; адзін з найб. небяспечных для міжнар. міру эпізодаў «халоднай вайны». Выкліканы тайным размяшчэннем з чэрв. 1962 сав.ядз. ракет сярэдняй далёкасці на в-ве Куба. 16.9.1962 амер. разведвальны самалёт У-2 выявіў сав. ракеты на Кубе. Прэзідэнт Дж.Ф.Кенэдзі абвясціў марскую блакаду вострава (ажыццяўлялася 24.10—21.11.1962 сіламі 183 караблёў ВМС ЗША) і запатрабаваў ад СССР вывесці ракеты з Кубы. Абодва бакі прывялі ў стан баявой гатоўнасці свае стратэг.ядз. сілы, што пагражала выбухам ядз. вайны ў свеце. СССР пагадзіўся на вывад ракет у абмен на гарантыі бяспекі для Кубы і абяцанне вывесці амер. ракеты з Турцыі. Дагаворы аб гэтым дасягнуты ў канцы кастр. — пач.ліст. 1962 на сав.-амер. перагаворах з удзелам кубінскіх прадстаўнікоў і ген. сакратара ААН. У выніку К.к. была наладжана пастаянная прамая тэлеф. ўрадавая сувязь («гарачая лінія») паміж Масквой і Вашынгтонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́Р (Dakar),
горад, сталіца Сенегала. Знаходзіцца на п-ве Зялёны Мыс — самым зах. пункце Афрыкі. 1490,4 тыс.ж. (1988). Другі па велічыні порт у Зах. Афрыцы, абслугоўвае Сенегал і Маўрытанію. Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы прамысл., трансп. і гандл.-фін. цэнтр Зах. Афрыкі. У Д. і яго наваколлі больш за 80% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. 3-ды па вытв-сці алею з арахісу, мылаварныя, мукамольныя, рыбакансервавыя і інш. прадпрыемствы харчасмакавай прам-сці. Тэкст., фармацэўтычныя, гарбарна-абутковыя, аўтазборачныя, цэм., паліграф. прадпрыемствы. Буд-ва невял. суднаў, суднарамонт. Цэнтр турызму і зімовага адпачынку. Ун-т.
Засн. ў 1857 як франц. форт. З 1895 у складзе франц. калоніі Сенегал, у 1895—1960 яе адм.цэнтр. У 1904—59 адм. цэнтр Франц.Зах. Афрыкі. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны англа-амер. войскамі (1942), іх стратэг. база для марскіх аперацый у Атлантычным ак., адзін з апорных пунктаў «Змагарнай Францыі». З 1960 сталіца Рэспублікі Сенегал.