ГУРТ,

бакавая паверхня (рабро) манеты, абмежаваная плоскасцямі аверса і рэверса. З 2-й пал. 16 ст. на гурце некат. заходнееўрап. манет змяшчалі легенды (надпісы), з канца 17 ст. рабілі карбоўку (геам. або раслінны арнамент) з мэтаю ўскладніць падробку і псаванне манет. Пазней спец. апрацоўка гурта стала ўсеагульнай.

Карбоўка на гурце расійскіх манет 18 — пач. 20 ст.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСТРА́Т (Hērostratos, г. Эфес, Малая Азія, цяпер Турцыя),

грэк, які спаліў у 356 да н.э. храм Артэміды Эфескай (прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету), каб абяссмерціць сваё імя. Паводле падання, храм згарэў у ноч нараджэння Аляксандра Македонскага. Герастрат быў забіты. Па рашэнні жыхароў іанійскіх гарадоў імя Герастрата было аддадзена вечнаму забыццю; стала сімвалам ганебна набытай славы.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ МЕНДЭРЭ́С, Бююк-Мендэрэс (Büyük Menderes),

рака на З Турцыі. Даўж. 380 км, пл. бас. 23,9 тыс. км². Пачынаецца на Анаталійскім пласкагор’і, упадае ў Эгейскае м., утварае дэльту. Сярэдні расход вады 90 м³/с. Мнагаводная зімой. Выкарыстоўваецца на арашэнне. У ніжнім цячэнні рэчышча надзвычай звілістае, таму стараж.-грэч. назва ракі Меандр стала ўжывацца для абазначэння рачных лукавін — меандраў.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНУ́Н,

традыцыйная бел. абрадавая страва, з якой пачыналі памінкі. Гатавалі з разбаўленай мёдам вады (сыты), крышанага спецыяльна спечанага прэснага каржа, гарачыкаў, булкі ці абаранкаў. Першую лыжку адлівалі для нябожчыка. Потым удзельнікі жалобнага стала чэрпалі адну або тры лыжкі К. з агульнай міскі, перадавалі яе па чарзе адзін аднаму, пасля чаго міску прыбіралі, тушылі памінальную свечку і працягвалі памінкі.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАС-НА́ВАС-ДЭ-ТАЛО́СА (Las Navas de Tolosa),

сяло ў Іспаніі (прав. Хаэн, Андалусія), каля якога 16.7.1212 аб’яднаныя войскі ісп. каралеўстваў Кастыліі, Леона, Арагона і Навары на чале з кастыльскім каралём Альфонсам VIII разграмілі арабскія войскі Альмахадаў. Бітва стала пераломным момантам у гісторыі Рэканкісты: пасля яе пачаўся заняпад дзяржавы Альмахадаў і хуткае тэр. пашырэнне ісп. дзяржаў.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАМА́ХА,

у грэчаскай міфалогіі жонка Гектара. Пасля гібелі мужа, узяцця Троі і падзелу здабычы ахейцамі Анрамаха дасталася сыну Ахіла Неапталему, якому нарадзіла 3 сыноў. Пасля яго смерці стала жонкай Гелена, брата Гектара. Да міфа аб Андрамасе звярталіся ў л-ры Гамер, Эўрыпід, Ж.​Расін, у жывапісе Дж.​Цьепала, Ж.​Давід і інш.

Да арт. Андрамаха. Андрамаха каля цела Гектара. Маст. Ж.​Давід. 1783.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў (Фёдар Ісакавіч) (каля 1612 — 1663 або 1664),

рускі дзярж. дзеяч. Дваранін. У 1654—57 узначальваў першае рускае пасольства ў Кітай для ўстанаўлення дыпламат. і гандл. адносін. Місія не мела поспеху. У час паездкі ў Пекін Байкоў вёў назіранні, якія выклаў у справаздачы пасольства — «Стацейным спісе» (прыведзены кашт. звесткі пра Сібір і Кітай, што стала значным укладам у геагр. л-ру таго часу).

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВЕ́СТА»,

збор свяшчэнных кніг зараастрызму ў некаторых стараж. народаў Ірана, Сярэдняй Азіі, Азербайджана і Афганістана. Узнікла, верагодна, у 1-й пал. 1-га тыс. да н.э., агульнапрызнаным канонам стала ў 3—7 ст. Напісана на стараж.-іранскіх дыялектах. Складаецца з рэліг. прадпісанняў, малітваў, гімнаў, мае шмат міфічных элементаў. Выкарыстоўваецца ў богаслужэнні парсаў (Індыя). Раннія часткі «Авесты» прыпісваюцца прароку Заратуштры (Зараастру).

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛА́МБР ((Delambre) Жан Батыст Жазеф) (19.9.1749, г. Ам’ен, Францыя — 19.8.1822),

французскі астраном, геадэзіст і метролаг. Чл. Франц. (1791) і Пецярбургскай (1810) АН. У 1792—97 прымаў удзел у градусных вымярэннях дугі мерыдыяна ад г. Дзюнкерк (Францыя) да г. Барселона (Іспанія), што стала падставай для ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Вылічыў табліцы бачных рухаў Сонца, вял. планет і спадарожнікаў Юпітэра. Аўтар працы па гісторыі астраноміі.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРЗА́ (ад перс. амір-задэ — сын эміра, прынц),

1) у Іране тытул членаў манаршага дома (ставіцца пасля імя) або чыноўнік, сакратар (ставіцца перад імем).

2) У цюркскіх мусульманскіх народаў з 13 ст. М. (часцей варыянт мурза) наз. буйныя феадалы, кіраўнікі асобных ордаў і родаў. У бел. татар М. — прадстаўнік шляхецкага саслоўя. У некат. выпадках слова «М.» стала часткай прозвішча, напр., Мурзы-Мурзічы.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)