БОЕПРЫПА́СЫ,
састаўная частка ўзбраення, прызначаная для паражэння жывой сілы і тэхнікі, разбурэння збудаванняў (умацаванняў) і выканання спец. задач (асвятлення, задымлення і інш.). Да боепрыпасаў адносяць артыл. выстралы, рэактыўныя снарады, боегалоўкі ракет і тарпедаў, патроны да стралк. зброі, гранаты, авіяц. бомбы, інж. і марскія міны, фугасы, дымавыя шашкі і інш. Боепрыпасы дасылаюцца да цэляў з дапамогай агнястрэльнай зброі (кулі, снарады, міны і інш.), рухавікоў (рэактыўныя снарады, тарпеды), скідваннем з вышыні (авіяц. бомбы) або кіданнем уручную (ручныя гранаты). Некаторыя боепрыпасы ўстанаўліваюцца на мясцовасці або ў вадзе (міны, фугасы). Паводле прызначэння адрозніваюць боепрыпасы асн. (для паражэння цэляў), спец. (для асвятлення, задымлення, распаўсюджвання агітацыйнай л-ры і інш.), дапаможныя (вучэбныя, халастыя, для спец. выпрабаванняў); паводле характару забеспячэння — са звычайным выбуховым рэчывам, ядзерныя боепрыпасы, аб’ёмнага выбуху, хім. (асколачна-хім.) і інш. Частка боепрыпасаў расходуецца на баявую падрыхтоўку войскаў. Захоўваюцца боепрыпасы ў спец. абсталяваных сховішчах і складах, якія строга ахоўваюцца, большасць з іх з’яўляюцца часткай баз ваенных.
т. 3, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІПАЖА́РНАЕ ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
комплекс інж.-тэхн. збудаванняў для захоўвання і падачы вады да месца пажару. Бывае водаправоднае (унутр. і вонкавае, высокага і нізкага ціску) і бязводаправоднае (прыродныя і штучныя вадаёмы, спец. ёмістасці для захоўвання вады).
Проціпажарныя водаправоды ў нас. пунктах і на прамысл. прадпрыемствах звычайна аб’ядноўваюць з гасп.-пітнымі і вытворчымі; самастойныя будуюць для найб. пажаранебяспечных аб’ектаў. Пры адсутнасці водаправода вада падаецца спец. пажарнай тэхнікай з вадаёмаў і ёмістасцей. З вонкавых водаправодаў вада падаецца з пажарных гідрантаў перасоўнай пажарнай тэхнікай па пажарных рукавах або спец. трубаправодах з лафетнымі стваламі або арашальнікамі. Пажарныя водаправоды ўнутры будынкаў прызначаны ў асн. для тушэння пажару на пач. стадыі.
В.І.Якаўчук.
т. 13, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНАТЭ́КА (ад фана... + грэч. thēkē сховішча),
збор гуказапісаў (муз., літ., дакумент., спец., навуч. і інш.), арганізаваны ў пэўнай сістэме; установа (ці яе падраздзяленне), якая ажыццяўляе збор, спец. апрацоўку, захоўванне і выдачу гуказапісаў; існуюць дзярж., грамадскія і прыватныя Ф., універсальныя і спецыялізаваныя. Значнае пашырэнне набылі навуч. Ф. — у агульнаадук. школах, вышэйшых, сярэдніх спец. навуч. установах, асабліва муз., тэатр., пед., культурна-асветных. Найбуйнейшыя Ф. свету: у Расіі — Цэнтр. дзярж. архіва гуказапісаў (засн. ў 1967), Дзярж. Дома радыёвяшчання, Нац. б-кі Расіі ў Маскве і інш.; Берлінскай АН, Брытанскага музея, франц. Акадэміі імя Ш.Кро і інш. У Рэспубліцы Беларусь матэрыялы Ф. захоўваюцца ў Бел. дзярж. архіве кінафотафонадакументаў.
т. 16, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФАНАСКАПІ́Я (ад грэч. diaphanēs празрысты + ...скапія),
прасвечванне прыдаткавых пазух носа, вочных яблыкаў для вызначэння іх стану. Пры паталаг. зменах (пухліна, запаленне, іншароднае цела) пашкоджаны бок зацемнены. Д. робяць у зацемненым памяшканні спец. эл. лямпачкай, замацаванай на ручцы або ў спец. метал. капсуле. Д. верхнясківічных (гаймаравых) пазух носа робяць праз рот.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 6, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУ́Т, Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь,
вышэйшая спец. навуч. ўстанова па падрыхтоўцы аператыўнага складу КДБ, а таксама Пагранічных войск і мытных органаў. Засн. ў 1946 у г. Львове як школа па падрыхтоўцы аператыўнага складу КДБ. З 1952 сярэдняя спец. навуч. ўстанова. У 1954 пераведзена ў Магілёў; рыхтавала спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (з 1956). З 1961 у Мінску. У 1964 ператворана ў Вышэйшыя курсы КДБ пры СМ СССР. З 1992 пад юрысдыкцыяй КДБ Рэспублікі Беларусь. У 1994 на базе курсаў створаны ін-т нац. бяспекі. Мае 3 факультэты, 11 спец. кафедраў (1999); ад’юнктура з 1994, дактарантура з 1999.
Літ.:
Шаров В.И., Князев С.Н. Фрагменты большого пути. Мн., 1996.
С.Н.Князеў.
т. 11, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАГА́НДА ВАЙНЫ́,
распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй, адкрытых заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць другой. П.в. з’яўляецца міжнародным злачынствам. Яна забаронена спец. рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН у 1947 пад пагрозай крымінальнага пакарання. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць спец. артыкул, у якім прадугледжана таксама адказнасць асоб, што займаюць вышэйшыя дзярж. пасады, за П.в.
т. 13, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́КАВАЯ КНІ́ЖКА,
збрашураваны блок чэкавых фармуляраў, які выдаецца ўкладчыку пры адкрыцці рахунка. Кліент атрымлівае наяўныя грошы з бягучага рахунка з дапамогай чэкаў і расплачваецца імі з інш. фіз. і юрыд. асобамі. Звычайна чэкі афармляюцца на спец. бланках, якія вырабляюцца друкарскім спосабам на спец. паперы і забяспечваюцца паслядоўнай нумарацыяй. У адрозненне ад банкаўскіх іх называюць «чэкамі з чэкавай кніжкі».
т. 17, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д АЎТАМАТЫ́ЧНЫХ ЛІ́НІЙ.
Засн. ў г. Баранавічы ў 1971, прадукцыю (агрэгатныя і спец. станкі) даў у 1974. У 1976—80 уведзены магутнасці па вытв-сці зборных металаканструкцый і чыгуннага ліцця. З 1977 асвоены выпуск аўтам. ліній (кожная ствараецца паводле індывід. праекта). Асн. прадукцыя (1995): металарэзныя станкі агрэгатныя, спец., з лікавым праграмным кіраваннем, дрэваапрацоўчыя; лініі аўтам. станочныя; заточна-скабяныя вырабы.
т. 2, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ ЗАСЦЯРО́ГІ,
комплекс сродкаў для засцярогі ад пападання ў арганізм, на скуру і адзенне (абмундзіраванне) атрутных і радыеактыўных рэчываў, біял. (бактэрыяльных) сродкаў, а таксама для памяншэння ступені паражэння светлавым выпрамяненнем ядз. выбуху. Да іх адносяцца процівагазы, ахоўныя накідкі, панчохі, пальчаткі, прамочанае спец. саставамі абмундзіраванне, спец. камплекты ахоўнага адзення. Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
т. 7, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЛЕМЕНТА́РНАСЦЬ,
узаемная адпаведнасць у хім. будове дзвюх макрамалекул або іх частак, што забяспечвае іх узаемадзеянне і ўтварэнне другасных сувязей паміж імі. Прынцып К. ляжыць у аснове самазборкі біял. структур (напр., біямембран), спец. ўзаемадзеяння ферменту з субстратам або антыгену з антыцелам, спец. спалучэння азоцістых асноў у малекулах нуклеінавых кіслот і інш. К. забяспечвае універсальнасць механізму перадачы спадчыннай інфармацыі ў працэсах рэплікацыі і транскрыпцыі.
т. 7, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)