БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т (БДУ). Засн. ў 1921 у Мінску паводле пастановы ЦВК БССР. У стварэнні БДУ удзельнічалі акадэмік Я.​Ф.​Карскі, прафесары В.​П.​Волгін, Л.​С.​Мінор, У.​І.​Пічэта (1-ы рэктар БДУ), Дз.​М.​Пранішнікаў, Ф.​Ф.​Турук, А.​Ф.​Фартунатаў, К.​А.​Ціміразеў і інш. Сярод першых выкладчыкаў бел. вучоныя Я.​І.​Барычэўскі, Ц.​М.​Годнеў, М.​В.​Доўнар-Запольскі, К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас), М.​М.​Нікольскі, У.​М.​Перцаў, А.​Смоліч, М.​М.​Шчакаціхін, М.​А.​Янчук і інш. Для работы ў БДУ таксама запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева і інш.; навук. л-ра паступіла з АН РСФСР, Рас. кніжнай палаты, Кіеўскага, Маскоўскага і Петраградскага ун-таў; перададзены б-кі Карскага, Янчука і інш. У 1928—31 пабудаваны універсітэцкі гарадок. На базе асобных ф-таў БДУ у Мінску адкрыты ін-ты: мед., пед., юрыд., нар. гаспадаркі, шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 аб’яднаны ў Бел. політэхн. ін-т. У гады Вял. Айч. вайны навуч.-матэрыяльная база ун-та знішчана. Заняткі аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой), з вер. 1944 — у Мінску.

У 1995/96 навуч. г. ф-ты: біял., геагр., гіст., журналістыкі, механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, фіз., філал., філас.-эканам., хім., юрыд., міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчы для замежных грамадзян, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ, спецыяльны ф-т бізнесу і інфарм. Тэхналогій; 14,4 тыс. студэнтаў, на 121 кафедры 1410 выкладчыкаў, у т. л. 190 прафесараў і д-роў навук, больш за 800 дацэнтаў і канд. навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1927, дактарантура з 1988. Мае 3 НДІ, друкарню, выд-ва, інфарм.-вылічальны і навук.-інж. цэнтры, Бібліятэку фундаментальную БДУ, 3 музеі, навуч.-доследную гаспадарку «Шчомысліца», біял. станцыю «Нарач», навуч.-вытв. геагр. базу «Заходняя Бярэзіна». Выдае шматтыражную газ. «Беларускі універсітэт» (з 1923), навук. час. «Веснік БДУ» (з 1969, у 4 серыях).

Рэктары ун-та: У.​І.​Пічэта (1921—29), І.​П.​Каранеўскі (1929—32), Ермакоў (1932—33), В.​Н.​Дзякаў (1933—37), П.​В.​Саевіч (1937), Бладыка (1937—38), У.​С.​Бабраўніцкі (1938—39), П.​П.​Савіцкі (1939—47), У.​А.​Тамашэвіч (1947—49), І.​С.​Чымбург (1949—52), К.​І.​Лукашоў (1952—57), А.​Н.​Сеўчанка (1957—72), У.​М.​Сікорскі (1972—78), У.​А.​Белы (1978—83), Л.​І.​Кісялеўскі (1983—90), Ф.​М.​Капуцкі (1990—96), з 16.1.1996 в.а. рэктара П.​Дз.​Кухарчык.

Літ.:

Беларускі дзяржаўны універсітэт, 1921—27: Да 10-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мн., 1927;

Кожушков А.И., Яновский О.А. Белорусский университет: Хроника событий (1919—1989). Мн., 1990;

Белорусский ордена Трудового Красного Знамени государственный университет имени В.​И.​Ленина: (Краткий библиогр. указ.). Мн., 1971.

Галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Будынак фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

т. 2, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРК (ад лац. circus круг),

1) від сцэнічнага мастацтва, адным з асн. сродкаў выразнасці якога з’яўляецца трук.

2) Спецыяльны будынак з манежам (арэнай), у якім даюцца цыркавыя прадстаўленні.

Цыркавое мастацтва ўключае акрабатыку (гл. Акрабатычнае мастацтва), эквілібрыстыку, жангліраванне, ілюзіянізм клаунаду, дрэсіроўку жывёл, муз. эксцэнтрыку і інш. Яго вытокі ў нар. абрадах і гульнях, у творчасці скамарохаў, балаганных і кірмашовых т-рах. Элементы сучаснага цыркавога мастацтва сустракаліся ў Стараж. Кітаі, Грэцыі, Рыме, Візантыі. Паказы адбываліся ў спец. будынках — амфітэатрах і складаліся са спарт. гульняў, баёў гладыятараў, выступленняў жанглёраў, канатаходцаў. Вялікую ролю ў развіцці цыркавога мастацтва адыгралі жанглёры (у Францыі), шпільманы (у Германіі), франты (у Польшчы), дарвозы і масхарабозы (у Сярэдняй Азіі). У 1772 Ф.​Астлей адкрыў у Лондане школу верхавой язды, у 1782 пабудаваў першы ў свеце стацыянарны Ц. У Расіі першы стацыянарны будынак з’явіўся ў Пецярбургу (1827). У 1880 адкрыты Маскоўскі цырк (з 1997 імя Ю.Нікуліна). Для падрыхтоўкі артыстаў Ц. пры імператарскім тэатр. вучылішчы існавала цыркавое аддзяленне. У 1926 у Маскве арганізавана майстэрня цыркавога мастацтва (з 1961 Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва). Рэжысёраў Ц. рыхтуюць у Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Найб. вядомыя рас. цыркавыя артысты: клоуны Л.Енгібараў, Карандаш (М.​Румянцаў), В.​Лазарэнка, Нікулін, А.Папоў, дрэсіроўшчыкі жывёл І.Бугрымава, Ю.Куклачоў, В.Філатаў, П.​Круцікаў, П.​Крылоў, Я.​Панкратаў, дынастыі Валжанскіх, Дуравых, Запашных, Канціміравых, ілюзіяністы Кіо, гімнасты Каўрыгіны, наезнік П.​Федасееўскі, акрабаты Вінкіны, Сосіны, канатаходзец Ф.​Маладцоў, барцы І.​Заікін, П.​Крылоў, І.​Паддубны і інш.

На Беларусі элементы цыркавога мастацтва былі ў творчасці скамарохаў (вядомы з пропаведзі Кірылы Тураўскага супраць скамароства, 12 ст.). З 17 ст. ствараліся спец. школы дрэсіроўкі мядзведзяў (гл. «Смаргонская акадэмія»), вяровачных скакуноў і штукароў (у в. Семежава Капыльскага р-на Мінскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. існаваў Ц. памешчыка Л.​Оштарпа ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., дзе выступалі замежныя і прыгонныя штукары і блазны (вядомы бел. фокуснік Даўгяла). У 19 ст. ў часовых памяшканнях, балаганах і манежах мясц. знаці адбываліся гастролі замежных труп. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў Мінску гастраліравалі перасоўныя летнія Ц. К.​Гіне, Годфруа, Чынізелі, Труцы, Фероні, у Гомелі — трупы К.​Муміно, А.​Дэвінье, Далай-Ламы, А.​Лапіяда, Ц. «Рускі калізей» Ф.​Дурава. У 1884 у Мінску адкрыўся першы зімовы стацыянарны «Рускі цырк братоў Нікіціных», у 1890-я г. — Ц. у Гомелі (існаваў да 1917). У 1926 адкрыўся новы Гомельскі Ц. (у 1932 будынак перададзены БДТ-3). У 1930-я г. ў мінскім гар. парку працаваў летні Ц., з 1947 — шапіто. У 1959 прэм’ерай праграмы Беларускага цыркавога калектыву (існаваў да 1974) адкрыўся зімовы стацыянарны будынак Мінскага цырка. Сярод паказаў у Мінскім Ц. — нумары «Паветранае адажыо» (1985), «Паветраная гімнастка» (1998), «Акрабатычны дуэт» (1999), «Дрэсіраваныя мядзведзі» (2003), спектаклі «Збройнік Праспера» (1985), «Заўсёды свята» (1992), «Вясёлы Рымша» (1994), «Карлсан у цырку» (1999), «Планета радасці» (2000), «Айбаліт-2001» (2001), «Маскарад» (2002), «Зімовая казка» (2003), атракцыён «Ілюзія» (2003). У 1950—60-я г. ў Гомелі працавала шапіто. У 1972 адкрыўся другі на Беларусі стацыянарны Гомельскі цырк. Сярод пастановак у ім: нумары «Дрэсіраваныя кошкі» (1986), «Лялька» (1987), «Акрабаты на шастах», «Танцы на дроце» (абодва 1992), «Конь-матэматык», «Вышэйшая школа верхавой язды» (абодва 1993), «Акрабатычная пара», «Ёга» (абодва 1994), «Гульня з хула-хупамі» (1996), атракцыён «Мядзведзі на конях» (1993). Значны ўклад у развіццё цыркавога мастацтва на Беларусі зрабілі артысты і дзеячы культуры К. і Ю. Аўерыно, Т. і Г. Бандарчукі, А.Варанецкі, А.​Ваўчок, А.Вязаў, Ф.Гулевіч, К.​Дароці, М.​Запашная, Б.Кабішчар, В.​Колабаў, Я.​Лабовіч, У.​Макараў, М.Марусалаў, П.​Мар’янкоў, Я.Мілаеў, Л. і А. Пасечнікі, В.​Пацехін, В.​Радзянка, Б.​Райскі, М.​Фінберг, Я.​Чахаўскі, А.Шаг-Наважылаў, акрабаты Сунгуравы, турністы пад кіраўніцтвам В.​Кашубы і інш. З 1998 пры Мінскім муз. вучылішчы імя М.​Глінкі працуе аддз. па падрыхтоўцы артыстаў Ц. З 1950-х г. працуюць аматарскія цыркавыя калектывы, некаторыя з іх маюць званне народных.

Літ.:

Весь вечер на манеже. М., 1965;

Кузнецов Е. Цирк. 2 изд. М., 1971;

Шляпин Л.Ф. Цирк любителей. М., 1976;

Фальковский А.П. Художник в цирке. М., 1978;

Вадимов А.А., Тривас М.А. От магов древности до иллюзионистов наших дней. 2 изд. М., 1979;

Лабада А. Цырк на беларускай арэне: Фотаальбом. Мн., 1989.

Т.​М.​Бандарчук, Я.​М.​Лабовіч.

Да арт. Цырк. Арэна цырка Ф.​Астлея. Лондан.
Да арт. Цырк. Акрабаты пад кіраўніцтвам А.​Ампадзістава.
Да арт. Цырк. Эквілібрыст С.​Загорскі. 2003.
Да арт. Цырк. Дрэсіроўшчыца А. Выгарніцкая з ламамі. 2003.
Да арт. Цырк. Клоун А.​Родзін.

т. 17, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА.

Традыцыйна бытавала пераважна ў сферы задавальнення першачарговых быт. патрэб — стварэння прылад працы, адзення, хатняга начыння, посуду, гасп. абсталявання і інш., зручныя і прадуманыя формы якіх, нярэдка падкрэсленыя рознымі відамі дэкору, надавалі ім маст. вартасць. Ужо ў першабытныя часы склаліся многія формы і характар арнаментыкі вырабаў, што амаль без змен дайшлі да нашых дзён. З часоў неаліту выраблялі гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разьбяным арнаментам сімвалічнага характару. Узоры стараж. мастацтва звязаны з першабытным культам плоднасці і паляўнічай магіяй. З зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі дасягнулі росквіту арнаментаванне глінянага посуду, гравіраванне па косці і рогу, драўляная і касцяная дробная пластыка ў выглядзе фігурак людзей, жывёл, птушак. З часоў жалезнага веку пашырыўся выраб металічных упрыгожанняў. Аб’ектамі арнаментальнай творчасці станавіліся вырабы, звязаныя з прадзеннем і ткацтвам. З падзелам працы і раздзяленнем грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, якія абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; іх творчасць спалучала замежныя ўплывы і мясц. нар. традыцыі. Паралельна прадаўжала развівацца і традыц. нар. мастацтва, пераважная большасць якога развівалася як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб; яно амаль не зазнала знешніх уплываў, што вызначыла асноўныя яго якасці — глыбокую традыцыйнасць, яркую самабытнасць, выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі стараж. матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, крыж, разетка, салярныя знакі, выявы жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў яно ўплывала на характар цэхавых і мануфактурных рамёстваў (праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах гарадоў, феадальных маёнткаў, манастыроў). Пад яго ўплывам набыла адметныя асаблівасці аб’ёмна-ажурная разьба, т.зв. беларуская рэзь; традыц. матывы бел. нар. ткацтва паўплывалі на характар мануфактурных тканін (слуцкія паясы), ганчарства — на керамічныя вырабы (кафлю, фарфор, фаянс). Нар. майстры (сталяры, разьбяры, ткачы, вышывальшчыцы і інш.) удзельнічалі ў аздабленні палацаў і храмаў, часам знаходзячы арыгінальныя тэхнал. і маст. вырашэнні манументальна-дэкаратыўных задач (напр., выраб іканастасаў з саломы).

Прыкметныя змены ў характары нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва адбыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце (расслаенне вёскі, паляпшэнне ўнутр. і знешняга стану нар. жылля і інш.). Малая даступнасць прамысл. утылітарна-маст. вырабаў асн. масе сялянства выклікала прыкметнае развіццё традыц. рамёстваў. Склаліся буйныя асяродкі ганчарства, дзе выраблялі посуд, у т. л. утылітарна-мастацкага прызначэння; цацкі-свістулькі (Крычаў, Пружаны, Гарадок, Дуброўна, Івянец, Ракаў, Ружаны, Поразава, Дзісна, Бабінавічы, Пагост-Загародскі і інш.). Цэлыя паселішчы (асабліва на Палессі і Паазер’і) займаліся пляценнем з лазы (кошыкі, куфэркі, мэбля); з саломы выпляталі капелюшы, куфэркі, шыяны, карабы, абрадавую пластыку; з бяросты выраблялі дробны посуд з ціснёным узорам (берасцянкі, табакеркі, сальнічкі). Назіраецца прыкметнае ўзрастанне дэкаратыўнасці твораў Д.-п.м., у тым ліку і тых яго відаў, якія развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці і на працягу многіх стагоддзяў захоўвалі стараж. характар: ткацтва, вышыўка, разьба па дрэве. Побач са стараж. геаметрычнымі, салярнымі, зааморфнымі матывамі сімвалічнага характару, пашыраўся рэалістычны раслінны дэкор. Значнае месца займаюць вырабы нар. мастацтва, звязаныя са знешнім і ўнутраным упрыгожаннем нар. жылля: разьбяныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны, дэкарыраваная мэбля, у т. л. куфры для пасагу, звязаныя з вясельнымі абрадамі. Прыгажосцю вызначаліся тканыя і вышываныя посцілкі, дываны, ручнікі, абрусы, карункавыя вырабы (сурвэткі, абрусы, падзоры), а таксама аплікацыя саломай па дрэве і палатне, ажурныя папяровыя вырабы (выцінанка), маляваныя на шкле і палатне карцінкі і дываны і інш. Пашырыліся вырабы з дрэва, аздобленыя разьбяным дэкорам (чарпакі, лыжкі, сальнічкі, прасніцы). Дасягнуў росквіту дэкор традыц. нар. адзення, якое ўяўляла сінтэз розных відаў нар. мастацтва: ткацтва, вышыўкі, карункапляцення, набіванкі, аплікацыі і інш. Узоры нар. мастацтва пачалі збіраць музеі, наладжваліся іх выстаўкі (першыя з іх у Магілёве ў 1893, у Пецярбургу і Вільні ў 1913), арганізоўваліся школы і майстэрні для навучання традыц. рамёствам, заснавана «Таварыства дапамогі хатняму рамяству». З 1920-х г. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі (пераважна ткацка-вышывальныя). У 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз, які аб’яднаў арцелі (каля 20) у адзіную сістэму.

Значныя змены ў становішчы і характары традыц. нар. мастацтва адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне рынку масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія вырабы нар. майстроў. З побыту пачалі адыходзіць саматканае адзенне, самаробныя прылады працы, мэбля, посуд і інш. З забыццём стараж. абрадаў і звычаяў адпала патрэба і ў стварэнні абрадавай пластыкі. Многія традыц. нар. рамёствы заняпалі, іншыя прадоўжылі сваё развіццё ў сферы маст. прам-сці: аплікацыя саломай па дрэве — на Жлобінскай ф-цы інкрустацыі; ганчарства — на Івянецкай ф-цы керамікі і вышыўкі; лозапляценне — на Гомельскай, Мазырскай, Гродзенскай, Слуцкай ф-ках маст. вырабаў; ткацтва — у Неглюбцы (Веткаўскі р-н), Моталі (Іванаўскі р-н); маст. саломапляценне — на Брэсцкай ф-цы сувеніраў. Прадаўжаюць бытаваць такія традыц. віды нар. мастацтва, як архітэктурны дэкор, маст. ткацтва, карункапляценне. Утылітарны бок твораў нар. майстроў адышоў на другі план, узрасла іх дэкаратыўнасць, пашырылася колеравая гама, развіліся новыя віды і матывы дэкору: чырвона-чорны ромбагеаметрычны дэкор у вышыўцы саступіў месца паліхромным раслінным матывам адвольнага характару. Вырабы сучасных нар. майстроў задавальняюць больш эстэтычныя, чым практычныя, патрэбы і выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці нац. твораў мастацтва і сувеніраў. Бытуюць маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць сваю дзейнасць некат. асяродкі ганчарства (Гарадная Столінскага р-на). Дзякуючы росту цікавасці грамадства да набыткаў традыц. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. забытыя рамёствы: выцінанка, апрацоўка бяросты, лепка гліняных цацак, маст. кавальства, апрацоўка скуры і інш.; росквіту дасягнулі маст. саломапляценне і аплікацыя саломай па дрэве і палатне. Колішні механізм пераемнасці традыцый (на ўзроўні сям’і, ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам. Зберажэнню, адраджэнню і папулярызацыі нар. мастацтва садзейнічаюць стварэнне дамоў рамёстваў, спецыялізаваных музеяў, правядзенне святаў-конкурсаў па відах рамёстваў (рэспубліканскія святы-конкурсы ганчарства «Ганчарны круг—96», «Ганчарны круг—2004», саломапляцення «Саламяны цуд», 1997, лозапляцення «Лазовыя карункі», 1998, разьбярства «Дрэва жыцця», 1999, выцінанкі «Ажурныя фантазіі», 2000, кавальства «Залатая падкова», 2001). У 1998 адбылася 1-я Нац. выстаўка сучаснай нар. творчасці «Жывыя крыніцы», у 2003—1-ы Міжнар. фестываль саламянага мастацтва (Мінск). Створаны ў 1992 Беларускі саюз майстроў нар. творчасці гал. задачай ставіць адраджэнне, зберажэнне і развіццё нар. мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Падтрымку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як неад’емнай часткі нац. культуры ставіць сваёй мэтаю спецыяльны Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999). Здабыткамі нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва жывіцца прафесійнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Я.​М.​Сахута.

Т.​Агафоненка. Каляднікі. Саломапляценне. 1977.
Ручнікі з Браслаўскага (злева) і Бярэзінскага раёнаў. Канец 19 — пач. 20 ст.
Выцінанка.

т. 18, кн. 2, с. 632

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕБАЧАННЕ

Гісторыя развіцця. Бел. тэлебачанне выйшла ў эфір 1.1.1956. Рэгулярныя перадачы вяліся ў Мінскай тэлестудыі, якая напачатку выконвала пераважна функцыі транслятара твораў мастацтва (кінематографа, тэатра, музыкі). Тэлепраграмы складаліся з канцэртных нумароў і тэлеспектакляў на кінаплёнцы, што дасылаліся з Масквы, а таксама кінафільмаў і кіначасопісаў з мясц. пракату. Перадачы дэманстраваліся не кожны дзень, аб’ём вяшчання складаў 2—3 гадз у суткі. Са студзеня 1956 выступленнямі бел. паэтаў П.​Броўкі і П.​Глебкі пачаліся першыя дакумент. перадачы. У красавіку 1956 убачыў свет першы тэлечасопіс «Піянерскі касцёр», працягвалася работа над тэлечасопісамі «Мастацтва», «Фізкультура і спорт», «Веды», «Для вас, жанчыны». Да канца 1956 арыгінальнае вяшчанне Мінскай тэлестудыі склала 130 гадз. У Мінску на той час мелася каля 6 тыс. тэлевізараў.

У чэрвені 1957 пры Савеце Міністраў БССР створаны Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні. У ліпені 1957 на Мінскай тэлестудыі ўпершыню выкарыстана перасоўная тэлестанцыя, што дазволіла весці прамую трансляцыю з месца падзей (урачыстых сходаў, спарт. спаборніцтваў, муз. і тэатральных прадстаўленняў). Напр., у маі 1958 адбылася прамая трансляцыя з Мінскага трактарнага завода пра выпуск 100-тысячнага трактара «Беларусь». Маст. жыццё тэлетэатра пачалося з асваення аднаактовай драматургіі і экранізацыі невялікіх апавяданняў. Рэпертуар тэлетэатра пашыраўся за кошт эпічных твораў бел., рус. і замежнай літаратуры: «Брат мой, вораг мой» паводле М.​Уілсана, «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.​Дастаеўскага (абодва 1956), «Песня музыкі» паводле Я.​Коласа (1958, рэж. усіх У.​Кухта), «Суд» У.​Галубка (1958, рэж. М.​Моін), «Млын на Сініх Вірах» У.​Караткевіча, «Якаў Багамолаў» М.​Горкага (абодва 1959, рэж. В.​Карпілаў) і інш. Прэм’еры тэлеспектакляў на мінскіх экранах адбываліся амаль кожны месяц.

Для пашырэння зоны прыёму перадач Мінскага тэлецэнтра пабудаваны рэтрансляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Гродне, Магілёве, Віцебску, Бабруйску; у Гомелі ў 1958 пачаў перадачы ўласны тэлецэнтр. У 1956 перадачы Мінскай студыі тэлебачання прымалі 4500 чал., у 1960 — каля 1 млн. жыхароў Беларусі (мелася 30 тыс. тэлевізараў). Рост аўдыторыі гледачоў выклікаў патрэбу ў дыферэнцыяцыі праграм, арыентаваных на інтарэсы розных сац.-дэмаграфічных груп. Пачаліся перадачы для дзяцей, моладзі, жанчын, работнікаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Практыкаваліся выступленні знакамітых людзей краіны, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Узніклі новыя кірункі вяшчання: навукова-папулярныя перадачы, кінапраграмы, служба інфармацыі. Інфармацыя грамадска-паліт. характару падавалася ў кіначасопісе «Навіны дня», са жніўня 1958 — ва ўласных тэлевыпусках апошніх паведамленняў пра жыццё Беларусі і інш. краін. Узнікненне на тэлебачанні кінавытворчасці дазваляла ўключаць у інфарм. выпускі па 1—2 сюжэты, знятыя кінахранікёрамі. Аператыўнасць такой інфармацыі была нізкая, таму інфарм. каштоўнасць тэленавін павышалі «жывыя» сюжэты: выступленні і інтэрв’ю ў студыі, прамыя рэпартажы з сустрэч, з вытворчасці.

Больш дынамічна Бел. тэлебачанне развівалася ў 1960—70-я г. У 1960—68 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Віцебску, Брэсце, Гродне, пабудаваны моцныя рэтрансляцыйныя станцыі ў Магілёве, Слоніме, Ушачах, 10 рэтранслятараў малой магутнасці ў інш. гарадах. Гэта дазволіла ахапіць тэлевяшчаннем больш за палавіну тэр. Беларусі (мелася 79 тыс. тэлевізараў). У 1961 Мінская тэлестудыя і Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні аб’яднаны ў адзіны творчы калектыў, які ў сакавіку 1964 перайменаваны ў Студыю Бел. тэлебачання. Радыёрэлейная лінія, якая злучыла Мінск і Маскву, дала магчымасць выхаду бел. перадач за межы рэспублікі; на Беларусі пачала трансліравацца 1-я праграма Цэнтр. тэлебачання. Тэлестудыі Мінска, Гомеля, Брэста, Віцебска абменьваліся праграмамі з інш. гарадамі СССР і праз сістэму Інтэрбачання знаёмілі жыхароў суседніх краін Усх. Еўропы з жыццём рэспублікі. У 1962 Бел. тэлебачанне ўпершыню выйшла на Інтэрбачанне з праграмай-тэлепрагулкай па сталіцы Беларусі. З жыццём і культурай бел. народа жыхароў Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі, Венгрыі і інш. краін знаёмілі перадачы «Беларускі балет», «Беларуская лірычная», «Спявае Зіновій Бабій», «20 мірных гадоў», дакумент. тэлефільмы «Сустрэча з горадам» (рэж. І.​Пікман), «Ёсць такі Салігорск» (рэж. А.​Браілоўскі; абодва 1967) і інш. На Цэнтр. тэлебачанні з Мінска паказвалі папулярныя праграмы «Блакітны агеньчык», «Эстафета навін», «Пошук». Міжнар. і ўсесаюзны поспех прыйшоў з каляровым кароткаметражным фільмам «Зімовы дуб» (1963, рэж. М.​Кожын), які быў адзначаны «Залатой німфай» на фестывалях тэлефільмаў у гарадах Мюнхен (Германія), Прага і Монтэ-Карла (Манака). Папулярнымі былі бел. тэлеспектаклі «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1965, рэж. А.​Гутковіч) і «Крах» па п’есе А.​Талстога і П.​Шчогалева «Змова імператрыцы» (1966, рэж. В.​Карпілаў).

У структуры бел. тэлепраграмы значна павялічыліся дакумент. перадачы. Грамадска-паліт. праграмы займалі да 50% аб’ёму вяшчання. Сістэматычна выходзілі ў эфір цыклы «Вуліцы і плошчы расказваюць», «Колас», «Літаратурная Беларусь», «Народны кантроль», «Трыбуна прапагандыста» і інш. Бягучую інфармацыю аператыўна перадавалі выпускі тэлевізійных навін (ТН).

З сярэдзіны 1960-х г. Бел. тэлебачанне стала асноўнай крыніцай інфармавання насельніцтва пра паліт., эканам. і культурнае жыццё краіны. Аб’ём уласнага вяшчання склаў 718 гадз у год, што ў 5,5 раза больш у параўнанні з 1956. Пераважалі жанры і формы прамога тэлеэфіру, нягледзячы на недахоп перасоўных станцый і іх тэхн. недасканаласць. У 1965 рэдакцыя кінапраграм і кіназдымак пераўтворана ў галоўную рэдакцыю «Тэлефільм», якая спалучыла ў сабе магчымасці кінатворчасці і спецыфіку эфірных перадач. У 1960—70-я г. яна выпусціла 40 маст. і дакумент. фільмаў, сярод якіх вылучыліся дакумент. стужкі «Чалавек нараджаецца для шчасця» (рэж. С.​Фрыд, дыплом 1-й ступені на 1-м Усесаюзным фестывалі ў Кіеве), «Апавяданне пра зялёны дом» (рэж. С.​Браўдэ, прыз «Малы бурштын» на фестывалі ў Рызе за лепшы фільм аб прыродзе роднага краю), маст. фільм «Запруда» (рэж. У.​Карасёў, прыз Дзяржтэлерадыё СССР за лепшы маст. фільм на 2-м Усесаюзным фестывалі «Чалавек і мора» ва Уладзівастоку) і інш. Значнай падзеяй стала работа над 6-серыйным дакумент. тэлефільмам «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, рэж. І.​Рудамётаў, В.​Карпілаў, І.​Вейняровіч, У.​Станкевіч, А.​Ястрабаў). Адначасова ўдасканальвалася структура тэлевізійнага тэатра: рэпрадукцыйная — зберажэнне і распаўсюджванне лепшых тэатральных спектакляў у выглядзе трансляцый з тэатральнай залы і экраннай транскрыпцыі сцэнічных твораў; прадукцыйная — рэалізацыя ўласных тэлевізійных твораў, што сінтэзавалі традыцыйнае сцэнічнае мастацтва (майстэрства акцёра і рэжысёра) і якасці тэлебачання (праграмнасць, цыклічнасць, наяўнасць масавай аўдыторыі): тэлеспектаклі «Прымакі» Я.​Купалы (1967, рэж. Ю.​Сурыкаў), «Трывожнае шчасце» паводле І.​Шамякіна (1968, рэж. А.​Гутковіч), «Ткачы» Г.​Гаўптмана (1969, рэж. В.​Карпілаў) і інш. Выкарыстанне тэхналогіі відэазапісу і відэамантажу дазволіла весці здымкі значна большай працягласці, чым кінакамерай, і адбіраць патрэбныя кадры з большай колькасці матэрыялаў.

У 1970-я г. тэлевяшчаннем было ахоплена 95% тэр. Беларусі. У насельніцтва быў 1 млн. 585 тыс. тэлевізараў; тэлепрыёмнікі мелі кожныя 70 сем’яў са 100. З верасня 1974 Студыя Бел. тэлебачання стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытворчасці. Здача ў эксплуатацыю ў 1978 новага апаратна-студыйнага комплексу Бел. радыётэлецэнтра з абноўленым абсталяваннем дала магчымасць палепшыць якасць перадач у каляровым адлюстраванні. Галоўная тэндэнцыя бел. вяшчання гэтага перыяду — вобразна-эмацыянальны паказ вытворчых працэсаў. Праграмы «Вышыня», «ТэлеАТК», «Народныя чытанні», «Перспектывы», «Дзелавыя сустрэчы» і інш. асвятлялі работу на палях і заводах, актуальныя пытанні жыцця. Фарміраваўся новы кірунак у рабоце з гіст. матэрыялам. Падзеі мінулага знайшлі мастацкае публіцыстычнае ўвасабленне на тэлеэкране ў цыкле перадач «У сузор’і роўныя», праграме «Памяць», 6-серыйным дакумент. відэафільме «Этапы вялікіх здзяйсненняў» (1976). Характэрным для Бел. тэлебачання 1970-х г. было стварэнне шматсерыйных маст. твораў, у т. л. 3-серыйнага маст. тэлефільма «Уся каралеўская раць» (1970, рэж. Н.​Ардашнікаў і А.​Гутковіч), і маст. відэафільмаў. Тэлевізійны тэатр набыў новыя эстэтычныя арыенціры. Вядучае месца заняў паэтыка-сімвалічны кірунак, які вызначаўся яркай метафарычнасцю і адкрыта ўмоўнай мовай рэжысуры. У рэпертуары бел. тэлетэатра пераважалі паэтычныя творы. Найбольш цікавыя ў гэтых адносінах тэлеспектаклі паводле твораў Я.​Купалы «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.​Раеўскі) і «На Куццю» (1982, рэж. Н.​Арцімовіч). Засваенне тэлевізійным дакумент. кіно жанраў маст. публіцыстыкі найперш выявілася ў замалёўках і нарысах. Напр., партрэтны нарыс «Тварам да вас» (1978, рэж. В.​Шавялевіч) пра дырыжора Бел. тэатра оперы і балета Т.​Каламійцаву — лепшая публіцыстычная работа Усесаюзнага тэлеэкрана.

У 1980-я г. Бел. тэлебачанне выйшла на вядучыя пазіцыі ў галіне асвятлення культурнага жыцця Беларусі. Удасканальвалася структура тэлепраграм. У студз. 1981 на 6-м канале пачала выходзіць самастойная бел. праграма, якая не перакрывалася праграмамі з Масквы. Па аб’ёме ўласнай прадукцыі яна займала 6-е месца ў СССР, а яе перадачы глядзелі 86% насельніцтва Беларусі. Штодзённая тэлепраграма складалася з 3 блокаў вяшчання: інфармацыйна-публіцыстычнага, навукова-пазнавальнага і мастацкага. Ствараліся перадачы для дзяцей, моладзі, сельскіх жыхароў, навучальныя цыклы. Паказчыкам росту аб’ёму аператыўнай інфармацыі з’яўляўся пастаянны выхад на працягу дня 4 выпускаў навін замест 2. У абл. тэлестудыях мясц. выпускі далучаліся да вядучай праграмы «Панарама» і ішлі адзіным інфарм. блокам; агульны аб’ём тэлеінфармацыі павялічыўся да 60 мін у суткі. Выкарыстанне візуальнага матэрыялу, сінхронных (адначасовы запіс карцінкі і гуку) кінавідэасюжэтаў рабіла інфармацыю больш дакладнай. У штодзённай праграме «Наш каментарый» на працягу 5 мін паліт. аглядальнікі звярталіся да хвалюючых пытанняў жыцця краіны. У эфір выходзілі перадачы ў форме прамых прэс-канферэнцый з выкарыстаннем тэлефона: «Вам адказвае міністр», «Шчырая размова», «Служба вашага настрою» і т.зв. праблемныя: «Арыфметыка беражлівасці», «Што хаваецца за дэфіцытам?». Лепшымі рубрыкамі маст. вяшчання былі віктарына «Пра музыку ад «А да Я», тэлерадыёконкурс «Песню бярыце з сабой», забаўляльная праграма «Дыскатэка» і інш. Папулярнасцю карысталіся перадачы «Роднае слова», «Камертон», «Экран: праблемы, героі», «У святле рампы», «У свеце жывапісу, графікі і скульптуры». Новая тэхніка вывела праграмы на сучасны ўзровень: узніклі камп’ютэрная графіка, тэлесуфлёры, новыя віды сувязі. Аб’ём маст. вяшчання павялічыўся з 26,6% у 1975 да 31,9% у 1985.

У сярэдзіне 1980-х г. павялічыўся выхад на рэсп. экран перадач абл. тэлестудый. Абавязковымі ў публіцыст. праграмах «Шчырая размова», «Факты і меркаванні», «У інтарэсах грамадства» сталі камеры і мікрафоны, якія ўсталёўваліся на вуліцах, што дазваляла любому жыхару выказвацца па вострых паліт. пытаннях. Жывы дыялог «Тэлебачанне — глядач» характарызаваў цыклы «Пульс», «Акцэнты», «Аўтарытэт закона», «Трыбуна». Узніклі новыя формы вяшчання — тэлемасты, тэледэбаты, прамыя лініі, а таксама новыя тыпы праграм — інфармацыйна-муз. («Сустрэнемся пасля 11»), мастацка-публіцыстычныя (тэлестудыя «Ліра»), дакумент. драма («На ваш суд»), відэаканал для моладзі «Крок», якія збліжалі дакумент. і маст. блокі.

У канцы 1980-х г. на Беларусі існавала адзіная сістэма дзярж. тэлебачання, якая ўключала 6 тэлецэнтраў, 50 перадатчыкаў, больш за 2 тыс. радыёрэлейных ліній сувязі. Бел. тэлебачанне дубліравала перадачы з Масквы і дапаўняла ўсесаюзную тэматыку мясц. матэрыяламі. Сярэднясутачны аб’ём тэлеперадач складаў 204 гадз, у т. л. рэтрансляцыя маскоўскіх праграм — 184 гадз, рэсп. і абл. — 14,5 гадз. Такое становішча Бел. тэлебачання ў сістэме Дзяржтэлерадыё СССР не задавальняла патрэбы і густы розных сац. груп насельніцтва Беларусі і іх свабоду выбару. Адзіна магчымым шляхам далейшага развіцця рэсп. вяшчання стала поўная дэцэнтралізацыя тэлебачання. У пач. 1990-х г. яно перапрафілявала сваю праграму на больш моцны 1-ы канал сувязі (замест 6-га) і на рэалізацыю ўласных творчых намаганняў і магчымасцей.

Сучасны стан тэлебачання. Пасля 1991 Бел. тэлебачанне трапіла ў цэнтр трансфармацыі бел. грамадства і адначасова апынулася ў цэнтры тэхналагічнай рэвалюцыі ў сферы інфармацыі і камунікацыі. Зыходзячы з рэалій нац. пераходнага перыяду, тэлебачанне стала на шлях фундаментальных пераўтварэнняў сваёй дзейнасці, якая рэгулюецца нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995) і спец. нарматыўнымі актамі. На Беларусі зарэгістраваны і дзейнічаюць дзярж. (Рэспубліканская студыя тэлебачання, 5 абл. тэлестудый) і недзярж. (камерцыйныя 8-ы, Мінскі кабельны каналы, тэлепраграмы па кабельных сетках) тэлестанцыі. Іх з’яўленне ў інфарм. прасторы краіны — адна з умоў фарміравання новай сістэмы тэлекамунікацыі і шматпраграмнасці вяшчання. З 1.1.1993 Дзяржтэлерадыё Беларусі стала правадзейным членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. 5.8.1994 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на базе Дзярж. камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні створана Нацыянальная дзярж. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, а 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

У пач. 1990-х г. на тэлебачанні захоўваліся традыцыйныя прыёмы паказу перадач і адначасова выкарыстоўваліся новыя інфарм. тэхналогіі і мадэлі вяшчання. Пры падрыхтоўцы перадач значная ўвага звернута на дынамічнасць дзеяння, стыльны дызайн, вобраз-імідж вядучага. Большасць рубрык мела свае адметныя застаўкі, прадугледжвала выбар студыйнага інтэр’ера, пластыку кадра. У авангардзе пошуку новых тэм і больш сучасных прыёмаў тэлевыразнасці былі незалежныя тэлекампаніі «ФІТ», «Сваё кола» і іх перадачы «Эканамікст», «Галерэя», «Абібок», «Праспект». Тэлебачанне працавала ў новых формах ток-шоу, відовішча, гульні: «Пяць зорак», «Карамболь», «У джазе толькі дзяўчаты», «Вяршыні свету», «Оскар». Павялічылася колькасць, вырас творчы ўзровень музычна-забаўляльных праграм: «Каралеўскае паляванне», «Акалада», «Аксамітавы сезон». У новым культурным кантэксце пададзены дзеячы бел. літаратуры, тэатра, кіно, мастацтва ў цыклах «Творцы», «Майстэрня», «Тэлевізійны дом кіно», «Музыка без межаў», «Музычны салон», «Тэлевізійны артклуб». Нац. адраджэнню краіны прысвечаны перадачы «Беларускі дом», «Спадчына», «Галасы мінуўшчыны». Значнай падзеяй з’явіўся выхад на тэлеэкраны цыкла дакументальна-маст. фільмаў пра гісторыю Беларусі, у іх ліку дылогія «Пастка для зубра. Ягайла» і «Пастка для зубра. Вітаўт» (1995, рэж. В.​Шавялевіч). Творчае аб’яднанне «Тэлефільм» стварыла першы ў краіне 33-серыйны маст. тэлефільм «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.​Арлоў). Тэма нац. гісторыі была вядучай і ў пошуках тэлетэатра: структура тэлеспектакля змянілася ад апавядальнасці да палемічнасці. Аднавіў работу літ. тэатр, дзе пісьменніцкае слова загучала ў арганічным маст. сінтэзе з выяўленчымі сродкамі («Кахаю цябе» паводле Н.​Мацяш, «Сон душы» паводле М.​Стральцова). У праграму тэлебачання ўключаны навучальныя перадачы для сярэдняй школы па бел. літаратуры, гісторыі і геаграфіі, а таксама рубрыка «Педагагічны экран» і відэакурсы для тых, хто вывучае замежныя мовы. Для паляпшэння інфармавання насельніцтва створана Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) — асноўны інфарматар і інтэрпрэтатар падзей у краіне і па-за яе межамі. Паралельна ішоў працэс урастання тэлебачання ў рыначную гаспадарку, павялічыўся аб’ём розных форм рэкламы.

З сярэдзіны 1990-х г. праграмная палітыка Бел. тэлебачання будавалася паводле сістэмы «інфармацыя—спорт—музыка», а з 2000 уведзены 4 прыярытэтныя кірункі: інфармацыйны, грамадска-паліт., мастацкі і спартыўны. Камерцыялізацыя эфіру садзейнічала пэўнай уніфікацыі праграм у бок забаў і відовішчаў. Зацвердзілася новая фігура тэлевытворчасці — прадзюсар. Пашырыла межы сфера тэлевізійнага менеджменту з мэтай павышэння эфектыўнасці вяшчання і павелічэння прыбытку.

У 2004 Бел. тэлебачанне вядзе перадачы па «Першым нацыянальным тэлеканале» (БТ-1), сямейным тэлеканале «Лад», тэлеканалах «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ; «Другі нацыянальны канал»), «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). Тэлеканалы БТ-1 і «Лад» працуюць у складзе Белтэлерадыёкампаніі. Закрытыя акцыянерныя таварыствы «Другі нацыянальны канал» і «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе сваіх акцыянераў маюць прыватныя арганізацыі, сукупны акцыянерны пакет якіх складае каля 49%. Дзярж. сістэма тэлевяшчання абслугоўвае практычна ўсё насельніцтва Беларусі (98%).

БТ-1 вядзе перадачы на ўсёй тэр. Беларусі (аб’ём вяшчання 19,5 гадз у суткі), пазіцыяніруе сябе як галоўны інфарм. канал краіны і мае свой гімн і лагатып. Вядучае яго структурнае падраздзяленне — Агенцтва тэлевізійных навін. З верасня 2003 яно выдае штогадзінны блок «Навін» (14 інфарм. выпускаў за суткі) і 40—50-мінутны інфарм. канал «Панарама». Штотыднёва выходзяць аналітычны агляд міжнар. падзей «Вакол планеты», інфармацыйна-аналітычная праграма «У цэнтры ўвагі», пабудаваная на інтэрактыўным галасаванні гледачоў у рэжыме он-лайн (прамога эфіру), праграма «Сфера інтарэсаў» з аналізам падзей у эканоміцы. Рубрыка «Спецыяльны рэпартаж» у форме журналісцкага расследавання закранае вострыя тэмы паліт., эканам. і сац. жыцця Беларусі і замежжа. У сферы спарт. вяшчання БТ-1 паказвае эксклюзіўныя трансляцыі, прэстыжныя сусв. спаборніцтвы, значныя спарт. падзеі. Аб’ём спарт. праграм на тэлеканале ў агульным вяшчанні складае 5% (еўрастандарт — 3%). Тэлеканал працуе з поўнасцю ліцэнзаваным кіно і арыентацыяй на папулярызацыю лепшых узораў сусв. кінамастацтва. Выпуск яго ўласнай прадукцыі складае 5 гадз вяшчання ў суткі і, акрамя перадач АТН, уключае ранішні інфармацыйна-муз. блок «Добрай раніцы, Беларусь», праграму для моладзі «5×5», часопіс для жанчын «Шпілька», ток-шоу «Мая краіна», серыю дакумент. фільмаў «Асноўная версія» (пра гіст. падзеі), і серыю праграм «Партрэты сучаснікаў», праект «Новая калекцыя» (пра культурныя падзеі), спарт. агляд «Час спорту», рэпартажы з правінцыі «Падарожжа дылетанта», крымінальную хроніку «Зона X», забаўляльныя праграмы «На скрыжаваннях Еўропы», «Усё нармальна, мама!», «Кухня КВЗ», «Кліп-абойма», «Сузор’е надзей», ліцэнзійны праект «Аднакласнікі» і інш. БТ-1 мае перасоўную перадавальную спадарожнікавую станцыю, якая дазваляе выходзіць у эфір з навінамі з любога пункта краіны і ў рэжыме он-лайн. Высокую якасць паказу і гуку забяспечвае сучаснае электроннае абсталяванне. Пры фарміраванні сеткі вяшчання ўлічваюцца запатрабаванні розных катэгорый гледачоў і рэйтынг перадач БТ-1, а таксама інш. каналаў вяшчання на тэр. Беларусі. Сярэднясутачнае вяшчанне канала ў параўнанні з 1990 павялічылася ў 2 разы.

«Лад» — першы сямейны канал на Беларусі (аб’ём вяшчання 14 гадз у суткі). Пачаў перадачы з кастрычніка 2003 на базе абл. тэлерадыёкампаній. У Мінску вяшчанне ажыццяўляецца на частаце расійскага канала «Культура», у абласцях — на частотах, якія вылучаны для вяшчання абл. тэлестудый. Прыярытэтны кірунак — інфармацыя мясц. значэння. На працягу дня АТН рыхтуе 3 выпускі навін для Мінска і Мінскай вобл. пра падзеі ў рэгіёне і штотыднёва інфармацыйна-аналітычную праграму «Рэгіён» з аглядам найбольш значных і цікавых падзей тыдня. У рэжыме он-лайн на працягу дня выходзяць 2 выпускі перадачы «Звычайны незвычайны дзень», у вячэрні час — праграма «Справы сямейныя», пабудаваная на зваротнай сувязі з аўдыторыяй і часткова на інтэрактыве. 30% эфірнага часу адведзена пад арыгінальныя перадачы, якія прысвечаны пытанням культуры, выхавання, адукацыі, духоўнага ўдасканальвання. Некаторыя з іх раней трансліраваліся па БТ-1 («Святло далёкай зоркі», «Здароўе», «Есць толькі імгненне», «Сад мары», «Калыханка», «Тэлебарометр», «Не пазяхай!»), іншыя рыхтуюць абл. тэлестудыі, у т. л. «Правінцыяльныя гісторыі» (Гродна), «Росчырк часу» (Гомель). Тэлеканал закупляе ліцэнзаваныя перадачы. Аснову праграмнага забеспячэння складае фільматэка: дэманструюцца сав., еўрап. і амер. фільмы розных жанраў і кірункаў. З 6.30 да 8.00 гадз канал трансліруе EuroNews («Еўрапейскія навіны»), АНТ працуе з мая 2002 на частотах «Грамадскага расійскага тэлебачання» (ГРТ). Аб’ём уласнай прадукцыі спачатку складаў 1 гадз вяшчання ў суткі. Адначасова на Беларусі трансліруюцца найбольш рэйтынгавыя праграмы ГРТ. З чэрвеня 2002 выходзіць у эфір інфарм. праграма «Нашы навіны» — 7 выпускаў на працягу дня і 30-мінутны вячэрні інфарм. выпуск; па яго завяршэнні даецца 5-мінутны каментарый «Асобная думка». Штотыднёва рыхтуецца інфарм. праект «Контуры» са спец. рэпартажамі тэлежурналістаў пра асноўныя падзеі тыдня, выступленнямі гасцей праграмы; праграма «Выбар» — інтэрактыўнае шоу з удзелам гасцей студыі і тэлегледачоў; інфармацыйна-аналітычная праграма «Не толькі пра футбол», якая асвятляе міжнар. і рэсп. спарт. спаборніцтвы, расказвае пра дасягненні бел. спартсменаў; цыкл праграм «Без тэрміну даўніны» — пра гучныя крымінальныя справы, сакрэтныя аперацыі бел. спецслужбаў, работу праваахоўных органаў. Большасць матэрыялаў падаецца ў форме аўтарскага рэпартажу, частка падзей рэканструюецца акцёрамі, іншыя будуюцца на аснове расказу ўдзельнікаў, каментарыяў спецыялістаў. На канале сумесна са шведскай кампаніяй «STRIX» («Стрыкс») падрыхтавана першае на Беларусі шоу ў рэжыме рэальнага часу — «Нашы ў Галандыі». Створаны ўласны тэлесерыял «Атэль здзяйснення жаданняў» (2003, рэж. І.​Васільева, С.​Арланаў, С.​Талыбаў). Канал мае перасоўную мабільную тэлестанцыю, якая дазваляе весці рэпартаж на хаду і працаваць ад адлюстраванага сігналу. Дзейнічаюць 5 карэспандэнцкіх пунктаў у абл. цэнтрах, карэспандэнцкая сетка ў 20 краінах далёкага і блізкага замежжа. Уведзена ў дзеянне «гарачая лінія».

СТБ працуе са студзеня 2001 (аб’ём вяшчання 14,5 гадз у суткі сумесна з каналам REN TV). Выйшла ў эфір на 8-м частотным канале. Яго заснавальнікі — дзярж. прадпрыемства «Агенцтва друку «Мінск-навіны» (71% акцый) і сумеснае прадпрыемства «Космас-ТБ» (29%). З 2003 СТБ памяняла імідж чыста сталічнага тэлеканала і пачаў трансліравацца па тэр. Беларусі. Дзейнічае як паўнавартасны канал, на інфармацыі якога завязаны ўсе астатнія праграмы. Асноўная ўвага аддаецца інфарм. вяшчанню: на працягу дня выходзяць 5 інфарм. выпускаў па 20 мін кожны пад агульнай назвай «24 гадзіны»; для Мінскай вобл. — штодзённыя два 10-мінутныя выпускі навін «Міншчына. Людзі, падзеі, факты». У эфіры канала пастаянныя публіцыст. праграма «Тэма дня», штотыднёвы агляд сталічных падзей «168 гадзін», а таксама «Навіны СНД», ток-шоу «Асабісты інтарэс», аўтарскія праграмы «Залатая дзесятка беларускай оперы», «Пакуль гарыць свечка», «Лёсу свайго гаспадыня», «Планета людзей», «Хіт-момант» і інш. СТБ арыентавана на пашыраны паказ лепшых еўрап. і сав. кінафільмаў.

З сакавіка 2002 у Мінску вядзе перадачы «Першы музычны канал», які дэманструе ліцэнзійныя муз. кліпы, робіць уласныя праграмы. З 2003 аднавіў вяшчанне 8-ы тэлеканал.

У гарадах абл. падпарадкавання і ў невялікіх населеных пунктах працуюць рэгіянальныя тэлекампаніі. Сярэднясутачны аб’ём вяшчання — 30—40 мін. Змест перадач мае інфарм. характар, галоўная іх функцыя — паведамляць пра падзеі ў рэгіёнах.

На 1.1.2004 на Беларусі 52 тэлестанцыі, у т. л. 26 рэгіянальных, і 98 аператараў кабельнага тэлебачання. Перадачы Бел. тэлебачання ахопліваюць 100% насельніцтва краіны.

Літ.:

Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;

Нечай О.Ф. Развитие белорусского телевидения. Мн., 1983;

Плавник А.А., Шилова Л.Ф., Фрольцова Н.Т. История белорусского телевидения. Ч. 1—2. Мн., 1988—89;

Дубовік С.В. СМІ постсацыяліетычнай Беларусі: Пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003.

Л.​Ф.​Шылава.

Запіс выступлення вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» ў студыі Беларускага тэлебачання. 1970-я г.
Прамы эфір у студыі Беларускага тэлебачання.
Будынак тэлеканалаў «Сталічнае тэлебачанне» і «Агульнанацыянальнае тэлебачанне». Мінск.

т. 18, кн. 2, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)