КАМЧА́ТКА,

паўвостраў на ПнУ Азіі, у Камчацкай вобл. Расіі. Абмываецца на З Ахоцкім м., на У — Ціхім ак. і Берынгавым м. Пл. 370 тыс. км². Працягласць з ПнПнУ на ПдПдУ 1200 км, шыр. да 450 км. Вузкім (да 100 км) перашыйкам Парапольскі дол злучаецца з мацерыком. Усх. бераг моцна парэзаны, утварае залівы (Краноцкі, Камчацкі, Азярной, Карагінскі, Корфа) і бухты (Авачынская, Карага, Acopa і інш.). Далёка ў мора выступаюць скалістыя п-авы — Шыпунскі, Краноцкі, Камчацкі, Азярной. Зах. бераг парэзаны слаба. У сярэдняй частцы К. з ПнУ на ПдЗ перасякаюць хрыбты Сярэдзінны (выш. 3621 м, вулкан Ічынская Сопка) і Усходні (выш. да 2485 м). Паміж імі Цэнтральнакамчацкая нізіна. На З К. — Заходне-Камчацкая нізіна, на У — платопадобнае ўзвышша з конусамі патухлых і дзеючых вулканаў. Усяго на К. больш за 160 вулканаў, з якіх дзейнічае 28 (найвыш. Ключаўская Сопка). Ёсць шмат гейзераў і мінер. крыніц. К. складзена пераважна з верхнемезазойскіх і кайназойскіх асадкавых і эфузіўных адкладаў. Карысныя выкапні: пемза, слюда, сера, вугаль, буд. матэрыялы, ртуць, нафта. Клімат марскі мусонны на ўзбярэжжы, унутры кантынентальны. Сярэдняя т-ра жн. 12 °C, лют. -13 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Сучаснае зледзяненне (пл. 874 км²), больш за 400 ледавікоў. Найбуйнейшыя рэкі: Камчатка, Авача, Вялікая і інш., паўнаводныя. Шмат азёр у кратэрах (Хангар і інш.) і кальдэрах (Краноцкае, Курыльскае і інш.). На Пн К. мохавая тундра. У цэнтр. частцы паўвострава і на У — тайга (даурская лістоўніца, саянская елка, піхта і інш.). На ўзвышшах зараснікі каменнай бярозы, на схілах гор кедравы сланік. У паніжэннях высакатраўе. На З шмат балот. Прамысл. звяры: собаль, ліс, выдра. Лоўля ціхаакіянскага селядца. кеты. гарбушы, камчацкага краба. На К. біясферны Краноцкі запаведнік. Найб. горад Петрапаўлаўск-Камчацкі. Гаспадарку гл. ў арт. Камчацкая вобласць.

Літ.:

Семенов В.И. В краю горячих источников. Петропавловск-Камчатский, 1988.

Ландшафт Камчаткі.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ САЯ́Н,

горная сістэма на Пд Сібіры, Расія. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку ад вярхоўяў р. Абакан да стыку з Усх. Саянам (каля вытокаў рэк Казыр і Уда). Даўж. больш за 600 км, шыр. ад 80 да 200 км. Складаецца з вузкіх хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Найб. вяршыня — г. Кызыл-Тайга (3121 м). Складкавая структура З.С. сфарміравалася ў эпоху каледонскай складкавасці, прадстаўлена 2 краявымі антыклінорыямі, якія падзелены сінклінорыем. Антыклінорыі складзены з гліністых і крамяністых сланцаў, кварцытаў і вапнякоў, прарванымі інтрузіямі гранітаў і дыярытаў, сінклінорыі — з магутнай пясчана-сланцавай тоўшчы. Карысныя выкапні: жал. і медна-кобальтавыя руды, нікель, хром, свінец, цынк, малібдэн, азбест.

Сучасны горны рэльеф сфарміраваўся ў выніку падняццяў канца неагену — пач. антрапагену. Высакагорным рэльефам вызначаецца водападзельны хрыбет, масіў Кызыл-Тайга, хр. Ергакі, сярэднягорным — бакавыя хрыбты (выш. да 2000—2500 м). На Пд — міжгорныя катлавіны (Усінская і Турана-Уюкская).

Клімат рэжа кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. на схілах гор ад -20 °C да -25 °C, у катлавінах да -30 °C, ліп. 10—12 °C, у катлавінах да 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў на паўн. схілах 800—1200 мм, на паўд. — да 400 мм. Рэкі належаць да бас. Енісея; галоўныя — Абакан, Кантэгір, Алаш, Ус, Уюк. Большасць азёр прымеркавана да грабянёвай ч. водападзельнага хрыбта і размяшчаецца ў корах. Расліннасць залежыць ад вышыннай пояснасці і экспазіцыі схілаў. На паўн. схілах хваёва-лісцевыя лясы, на выш. 800—1800 м цемнахвойныя лясы, якія пераходзяць у рэдкалессе. Для высакагор’яў характэрны мохава-лішайнікавыя і камяністыя тундры, субальпійскія і альпійскія лугі. На паўд. схілах да выш. 1200—1800 м горны лесастэп з лістоўніцай. У катлавінах палынна-злакавы стэп. У тайзе водзяцца лось, марал, казуля, буры мядзведзь, рысь, собаль, вавёрка, у стэпах — грызуны. З.С. перасякаюць аўтадарогі Абакан—Кызыл (Усінскі тракт) і Абаза—Ак-Давурак.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕРАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні (пераважна ў клетках) каштоўных пушных звяроў для атрымання шкурак (пушніны). Узнікла ў канцы 19 ст. ў Канадзе, дзе Ч.​Долтан першым пачаў прамысл. клетачнае развядзенне дзікіх серабрыста-чорных лісоў. Клетачная З. ў ЗША і скандынаўскіх краінах пачала спецыялізавацца на развядзенні норкі. У Расіі першыя зверагадоўчыя гаспадаркі створаны ў 1928—29, гадуюць норак, пясцоў і інш. З. найб. развіта ў Расіі, ЗША, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Канадзе, дзе ў суровых зімовых умовах футра звяроў набывае лепшую якасць. Аб’екты З.: норка, блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, нутрыя, собаль; асвойваецца развядзенне рачнога бабра, янотападобнага сабакі, тхара, каляровых лісоў, андатры і інш. На Беларусі першая зверагадоўчая гаспадарка створана ў 1939, прамысл. З. развіваецца з 1950-х г. На пач. 1997 г. вырошчваннем пушнінна-футравых жывёл займаліся каля 60 калгасаў і саўгасаў, 7 гаспадарак Белкаапсаюза і некалькі зверагаспадарак акцыянернага тыпу. Невял. колькасць (пераважна нутрыі) вырошчваюць аматары ў асабістых гаспадарках. З. Беларусі спецыялізуецца пераважна на гадоўлі норак (214 тыс. гал. на пач. 1997, больш за 90% пагалоўя пушных звяроў гаспадарак): цёмна-карычневых, пастэльных, серабрыста-блакітных, тапазавых, жамчужных, белых. Гадуюць таксама нарвежскіх вуалевых пясцоў, серабрыста-чорных лісоў, нутрый, шыншыл, янотаў, андатраў і інш. Найб. пашыраная клетачная форма З., існуе таксама паўвольнае развядзенне асобных відаў (нутрыя). Кормяць звяроў мяса-рыбнай сумессю (60—70% ад каларыйнасці рацыёну) з дабаўкай зерневых кармоў, малочнага і рыбнага тлушчу, агародніны. Селекцыйная работа накіравана на паляпшэнне якасці апушэння, колеру і структуры футра (гушчыня, даўжыня, мяккасць), павелічэнне памераў, павышэнне плоднасці і жыццяздольнасці звяроў. Удз. вага пушніны, якую дае З. (у вартасным выражэнні), складае больш за 95% усяго аб’ёму нарыхтовак пушніны ў рэспубліцы. Найб. гаспадарка — зверасаўгас «Беларускі» Вілейскага р-на, Баранавіцкая, Маладзечанская, Пінская зверагаспадаркі.

Н.​І.​Жураўская.

Да арт. Зверагадоўля. Пушныя звяры: 1 — норка амерыканская; 2 — ліс серабрыста-чорны; 3 — нутрыя.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ РАЎНІ́НА (нізіна),

у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, адна з самых вял. нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары. Размешчана паміж Карскім м. на Пн, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на Пд, Уральскімі гарамі на З і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на У. Працягнулася з Пн на Пд на 2500 км, з З на У ад 1000 км (на Пн) да 1900 км (на Пд). Пл. каля 3 млн. км².

З.р. прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на Пн), алювіяльныя і азёрныя (на Пд) пароды. Карысныя выкапні: нафта і газ (гл. Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жал. руда, торф, буд. матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на Пн (выш. 50—150 м), уздоўж зах., паўд. і ўсх. ускраін невял. (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на Пн) або пясчанымі грывамі (на Пд). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэпы. У сярэдняй ч. раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на Пн да -16 °C на Пд, ліп. ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной. На тэр. раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўж. 250 тыс. км). Гал. рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т. л. салёных і горка-салёных (на Пд). У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўн. ч. занята тундрай (глебы глеевыя і глеявата-падзолістыя) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (глебы падзоліста-глеевыя), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая ч. раўніны належыць да лясной зоны (глебы падзолістыя), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сіб. лістоўніца). На Пд лесастэп (глебы чарназёмныя) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (глебы чарназёмныя і каштанавыя), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэр. лясной зоны забалочана), якія на Пд змяняюцца саланцамі і саланчакамі. Жывёльны свет разнастайны: паўн. алень, пясец, лемінг, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сіб. казуля.

Ландшафт Заходне-Сібірскай раўніны.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗА́МАК,

старажытная крэпасць, на аснове якой узнік г. Мінск. У стараж.-рус. летапісах вядомы пад назвай «град», «горад», у актах 15—17 ст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Пабудаваны ў 2-й пал. 11 ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе Нямігі для абароны паўд. межаў Полацкага княства. Быў абнесены валам выш. каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўд. боку — брама тыпу вежы. Замак меў форму няправільнага прамавугольніка (даўж. ад Свіслачы да процілеглага зах. краю 300 м, шыр. 120—150 м, пл. 3 га). Абкружаны з усіх бакоў вадой, меў выгляд умацаванага вострава. Гал. вуліца замка шыр. 4 м перасякала дзядзінец з У на З, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Шырыня астатніх вуліц была 3 м, праезная іх частка масцілася драўлянымі насціламі. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор абгароджваўся парканам з бярвён, свабодная ад забудовы плошча масцілася насцілам. У 12—13 ст. у замку было 80—82 двары і 400—500 жыхароў. Умацаванні М.з. паспяхова вытрымалі асаду войска паўд.-рус. князёў і іх саюзнікаў у 1105 (у летапісе недакладна 1104) і 1116, няўдалымі былі спробы полацкага кн. Рагвалода Барысавіча ўзяць М.з. прыступам у 1159 і 1160 у час княжацкіх міжусобіц. Доўгі час замак быў паліт., ваенным і культ. цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней велікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1506 войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць крэпасцю. У замку былі ваенны гарнізон (залога), правіянцкія крамы, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні кн. Астрожскага. У вежы каля замкавай брамы размяшчалася турма. У М.з. знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. З канца 17 ст. замак стаў паступова занепадаць, да канца 18 ст. асталіся земляныя валы, зафіксаваныя на планах Мінска канца 18 — пач. 19 ст. Археал. даследаванні М.з. праводзілі ў 1945—51, 1957 В.​Р.​Тарасенка, у 1958—61 Э.​М.​Загарульскі, у 1976 Г.​В.​Штыхаў, у 1981—82 В.​Е.​Собаль і Штыхаў, у 1983—87 Штыхаў.

Літ.:

Гісторыя Мінска. Мн., 1967;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982;

Заяц Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв. Мн., 1996.

Г.​В.​Штыхаў.

Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.​А.​Зайца.
Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.​А.​Русава. Мастак А.​Зарх.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯВА́ННЕ,

пошук і праследаванне дзікіх звяроў і птушак дзеля здабычы; таксама адлоў іх для рассялення, для заапаркаў, цыркаў і інш. Асн. спосабы сфарміраваліся ў каменным веку. Яны падзяляюцца на актыўныя (з непасрэдным удзелам чалавека) і неактыўныя (з дапамогай самалоўных прылад і прыстасаванняў — лоўчых ям, пастак, петляў, самастрэлаў, сетак, сілаў і інш.); найб. пашыраны трапленне (пошук і выяўленне звера па слядах), падыход (падкрадванне да звера або птушкі на адлегласць стрэлу), пад’езд (набліжэнне на санях або лодцы на адлегласць стрэлу), подпуск (П. з засады; часта з выкарыстаннем прынады), аблава з нагонкай (загоншчыкі гоняць звяроў у яму або на лінію расстаўленых стралкоў), аблога (аблава з флажкамі, калі з чырв. стужкамі на шнуры абкружаюць дзялянку лесу з загадзя высачаным зверам) і інш. Для высочвання або цкавання звера часта выкарыстоўваюць паляўнічых сабак. Сучаснае П. мае спарт.-аматарскі характар. Палююць на капытных і пушных звяроў, баравую, балотную і вадаплаўную дзічыну (гл. Паляўнічыя жывёлы). Дазваляецца ў паляўнічы сезон, па пуцёўках або разавых дазволах у вылучаных для П. ўгоддзях (гл. Паляўнічая гаспадарка).

У розных народаў П. вызначаецца сукупнасцю традыц. прыёмаў і спосабаў высочвання і здабывання дзічыны, мае свае асаблівасці і залежыць ад сродкаў П. і развіцця паляўнічай зброі. На Крайняй Поўначы з глыбокай старажытнасці для П. на марскіх звяроў ужывалі гарпуны. У тундры і тайзе палявалі з сабакамі і самаловамі. У конным П. качэўнікі Азіі выкарыстоўвалі лоўчых птушак і хартовых сабак. У стэпах Еўропы, Азіі і Амерыкі палявалі з арканамі (ласо) і кідальнымі прыладамі, у некат. раёнах Інданезіі і Паўд. Амерыкі — з духавымі ружжамі, у зоне трапічных лясоў — пераважна з лукамі і дзідамі. Абарыгены Аўстраліі палявалі з кідальнымі дзідамі і бумерангамі. З канца 15 ст. пашырылася П. з агнястрэльнай зброяй.

На тэр. Беларусі ў культурных пластах стаянак позняга палеаліту трапляюцца рэшткі больш як 20 відаў звяроў (паўн. аленя, ваўка, пясца, пазней — зайца-беляка, дзікага каня і інш.). Плямёны неаліту выкарыстоўвалі для П.

лук. У малалесных раёнах палявалі на куланаў, тарпанаў, аленяў, баброў, у лясах — на дзікоў, ласёў, мядзведзяў, зайцоў; для футра здабывалі куніц, вавёрак і інш. Значную ролю адыгрывала П. на птушак, асабліва на вадаплаўных. У 10—14 ст. гал. аб’екты П. — зубр, дзік, бабёр, казуля. Для іх здабычы выкарыстоўвалі лукі, кушы, коп’і, дзіды, дроцікі, вілы, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы; пашыраным было П. пасткамі, сеткамі, петлямі, сіламі. У сярэднявеччы папулярным было П. з сабакамі і сокаламі. У 19 — пач. 20 ст. П. з агнястрэльнай зброяй і адсутнасць дзейснага кантролю прывялі да масавага знішчэння многіх відаў жывёл, асобныя з якіх звяліся канчаткова (тур, зубр, тарпан, расамаха, собаль і інш.). Гл. таксама Паляўніцтва.

Літ.:

Терехин С.Ф. Охота в Белоруссии. Мн., 1986;

Никифоров М.Е., Козулин А.В., Сидорович В.Е. Охотничьи звери и птицы Белоруссии. Мн., 1991.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАЙКА́ЛЛЕ,

прыродная тэрыторыі, размешчаная на У ад воз. Байкал (Расія). Распасціраецца амаль на 1000 км з Пн на Пд ад Патамскага і Паўн.-Байкальскага нагор’яў да дзярж. мяжы Расіі з Манголіяй і Кітаем і больш чым на 1000 км з 3 на У ад берагоў Байкала да зліцця рэк Шылка і Аргунь. Пераважаюць сярэдневышынныя горы (выш. 1200—1800 м), акаймаваныя з Пн і 3 поясам высокіх гор (выш. да 2999 м). Сярэднягорныя хрыбты (Даурскі, Малханскі, Алёкмінскі Станавік) чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі байкальскага тыпу (Баргузінская, Верхнеангарская, Муйска-Куандзінская і інш.). На Пн і 3 вылучаюцца моцна расчлянёныя высакагорныя хрыбты Станавога нагор’я (Каларскі, Паўн.- і Паўд.-Муйскі, Удакан і інш.) з сучаснымі ледавікамі. Пашырана шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу. У геал. будове З. вылучаюцца рознаўзроставыя складкавыя сістэмы паўн.-ўсх. распасцірання, якія змяняюцца з ПнЗ на ПдУ: байкальская (рыфейскія граніты і метамарфізаваныя пароды рыфею і ніжняга пратэразою); ніжнепратэразойская (глыбокаметамарфізаваныя пароды архею і ніжняга пратэразою); каледонская (ніжнепалеазойскія граніты, тэрыгенна-карбанатна-вулканагенныя адклады кембрыю); герцынская (тэрыгенныя і тэрыгенна-карбанатная вулканагенныя тоўшчы палеазою). Каледонская і герцынская складкавасці перакрыты вузкімі ўпадзінамі, запоўненымі тэрыгенна-вулканагеннымі адкладамі юры і мелу. Цэнтр. ч. з каледонскай складкавасцю перакрыта кайназойскімі платобазальтамі. У тэктоніцы З. вял. значэнне маюць стараж. і маладыя разломы паўн. ўсх. напрамку. Радовішчы золата, тытану, жал. руды, цынку, вальфраму, малібдэну, бурага і каменнага вуглёў і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма працяглая і суровая. Сярэднія т-ры студз. ад -23 °C на Пд да -33 °C на Пн і ПдУ, абс. мінімум дасягае -58 °C. Лета цёплае, у высакагор’ях халаднаватае. Сярэдняя т-ра ліп. ў катлавінах ад 10 да 20 °C, у гарах (на выш. 2500 м) — ад 5 да 7 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца ў напрамку з ПдУ на ПнЗ і ад днішчаў катлавін (250—300 мм) да верхняй ч. хрыбтоў (700—1000 мм за год). Рэкі належаць да бас. Байкала, Лены і Амура; найб. — Віцім, Алёкма, Селенга, Шылка, Аргунь. Самыя вял. азёры — Байкал, Гусінае, Ераўнінскае і інш. Большая ч. З. размешчана ў зоне тайгі, якая на Пд суседнічае з лесастэпамі і сухімі стэпамі. Характэрна цеснае перапляценне гарыз. занальнасці і вышыннай пояснасці ландшафтаў. Нізкагор’і і раўніны ў паўд.-ўсх. ч. З., а таксама некаторыя катлавіны заняты стэпамі (пераважна злакава-разнатраўнымі). На ўскраінах міжгорных катлавін і ў ніжняй ч. схілаў (да выш. 1000—1200 м) горны лесастэп, вышэй (да 1900 м на Пд і 1400 на Пн) горная тайга. Пераважаюць лясы з лістоўніцы даурскай, трапляецца кедр, вышэй за 1600—2000 м — зараснікі кедравага сланіку, лішайнікавая тундра, на Пд — лістоўнічна-бярозавыя і хваёвыя лясы. У фаўне З. тыповыя для стэпаў грызуны; у лясах — касуля, лось, вавёрка, собаль, бурундук, кабарга, ізюбр, мядзведзь. Трапляюцца паўночныя алені, горныя казлы, бараны. У межах З. Байкальскі, Баргузінскі і Сахандзінскі запаведнікі, Забайкальскі прыродны нац. парк. На тэр. З. размешчаны Бурація, Чыцінская і Іркуцкая вобл. Расіі.

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Й (ад цюркска-манг. алтан залаты),

горная сістэма ў Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Манголіі і Кітая. Працягласць больш за 2000 км, макс. шырыня больш за 500 км. Распасціраецца з ПнЗ ад Зах.-Сібірскай раўніны на ПдУ да раўнін Гобі. Складаецца з сістэмы расчлянёных хрыбтоў, нагор’яў, пласкагор’яў, міжгорных упадзін, катлавін. Водападзел Обі, Енісея, рэк бяссцёкавага бас. Цэнтр. Азіі. Найб. вяршыня — г. Бялуха (4506 м). Падзяляецца на ўласна Алтай (Расійскі, Казахстанскі), Мангольскі Алтай і Габійскі Алтай. Тэктанічныя структуры Алтая належаць да герцынскай і каледонскай складкавасцяў. Складзены з пратэразойскіх і пераважна палеазойскіх парод: метамарфічных сланцаў, слюдзістых кварцытаў, амфібалітаў, вапнякоў, алеўралітаў, гліністых сланцаў, вулканагенных парод і інш. Асадкавыя, вулканічныя і метамарфічныя пароды пранізаны гранітнымі і гранадыярытавымі інтрузіямі. Сучасны выгляд Алтая набыў у выніку падняццяў у неагенавы і чацвярцічны перыяды. Грабяні высакагорных хрыбтоў характарызуюцца альпійскімі формамі рэльефу. Ёсць буйныя міжгорныя катлавіны, т.зв. стэпы (Чуйскі, Курайскі, Уймонскі, Абайскі, Канскі і інш.). У нізкагор’ях і сярэднягор’ях развіты паверхневыя і падземныя карставыя формы. Карысныя выкапні: поліметалічныя руды, золата, ртуць, сурма, вальфрам, марганец, жалеза, буры вугаль, солі, сульфаты і інш. Багатыя радовішчы мармуру і каштоўных вырабных камянёў (яшмы, парфіры і інш.). Тэрмальныя крыніцы: Абаканская, Белакурыхінскія, Рахманаўскія, Джумалінскія.

Клімат Алтая кантынентальны. Зіма халодная і працяглая. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (у перадгор’ях) да -28...-32 °C у міжгорных катлавінах у выніку тэмпературных інверсій. Лета адносна кароткае і халаднаватае; у перадгор’ях сярэдняя т-ра ліп. 19—22 °C, на высакагор’ях 14—16 °C. На схілах зах. раёнаў ападкаў да 2000 мм, паўн.-ўсх. — да 1000 мм, на ПдУ да 200 мм за год. Характэрны горнадалінныя вятры (фёны). Магутнасць снегавога покрыва у Зах. Алтаі можа дасягаць 2—3 м. Каля 1500 ледавікоў агульнай пл. больш за 900 км². Развіта густая сетка горных рэк, найбольшыя: Катунь, Бухтарма, Бія, Чуя. Жыўленне рэк пераважна алтайскага тыпу — талымі снегавымі водамі і летнімі дажджамі. Больш як 3500 азёраў, пераважна каравых і марэнападпрудных, самыя вял. Маркаколь і Цялецкае маюць катлавіны тэктанічнага паходжання.

На Алтаі добра выражана сістэма вышынных ландшафтных паясоў. У паўн. і зах. перадгор’ях да выш. 400—700 м — лугавыя разнатраўна-злакавыя, да выш. 1200—1500 м — палыноваціпчаковыя стэпы. Горныя лясы займаюць каля ⅔ тэрыторыі. Сярод іх пераважаюць паркавыя лістоўнічныя (да выш. 2000—2200 м). На Пн лясы цемнахвойныя, у т. л. кедравыя. Характэрны высакатраўныя лугі (велікатраўе), а таксама астравы горных стэпаў. На выш. 1400—2000 м у засушлівых катлавінах пашыраны паўпустынныя ландшафты. Высакагорная зона (выш. 1800—2400 м) з субальпійскімі хмызнякамі і лугамі змяняецца нізкатраўнымі альпійскімі лугамі. Ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах пашыраны горныя тундры (хмызняковыя, імхова-лішайнікавыя, камяніста-друзавыя). Вышэй альпійскіх лугоў і тундраў — голыя скалы, камяністыя россыпы, снежныя палі і ледавікі. Жывёльны свет разнастайны, стэпавага (суслікі, хамякі, палёўкі і інш.), таежнага (мядзведзь, рысь, ліс, собаль, вавёрка, марал, глушэц і інш.), высакагорнага (алтайская пішчуха, горны казёл, снежны барс і інш.) комплексаў. На тэр. Алтая — Алтайскі запаведнік.

Літ.:

Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987.

А.​М.​Баско.

Да арт. Алтай. Горны Алтай.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАЯ́РСКІ КРАЙ.

У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 7.12.1934. Размешчаны пераважна ў межах Усх. Сібіры, у бас. р. Енісей; уключае таксама архіпелаг Паўн. Зямля і прылеглыя астравы. Пл. 2339,7 тыс. км². Нас. 3107 тыс. чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 1,3 чал. на 1 км² (0,01 чал. на 1 км² на Пн, 25 чал. на 1 км² у паласе каля Транссібірскай магістралі). Жывуць рускія (87,6%), украінцы (3,5), татары (1,6), немцы (1,4), беларусы (1), чувашы (0,8), народы Поўначы (эвенкі, даўганы, ненцы, якуты, нганасаны, кеты — 0,5%) і інш. У складзе К.К. Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга, Эвенкійская аўтаномная акруга. Цэнтр — г. Краснаярск. Найб. гарады: Нарыльск, Ачынск, Канск, Жалезнагорск, Мінусінск, Лесасібірск, Назарава.

Прырода. Край прасціраецца ад берагоў Паўн. Ледавітага ак. да гор Паўд. Сібіры амаль на 3 тыс. км. На Пн п-аў Таймыр з гарамі Быранга (выш. да 1146 м), якія абрываюцца на Пд да забалочанай Паўн.-Сіб. нізіны. На Зусх. частка Зах.-Сіб. раўніны. У цэнтры Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), з найб. вышынямі на Енісейскім кражы (да 1104 м) і плато Путарана (да 1701 м). Паўд. ч. занята адгор’ямі Усх. Саяна (выш. да 2922 м) і Зах. Саяна (выш. да 2456 м) і Мінусінскай катлавінай. Край багаты карыснымі выкапнямі. Геал. запасы вугалю больш за 3 трлн. т. Распрацоўваецца Канска-Ачынскі вугальны басейн (638 млрд. т), перспектыўныя Тунгускі (2299 млрд. т) і Таймырскі (235 млрд. т) басейны. Буйныя радовішчы жал. (Ніжнеангарскае, Тагарскае), медна-нікелевых і спадарожных руд (малібдэн, кобальт, вальфрам, плаціна), металаў, баксітаў, золата, графіту, фасфарытаў, слюды, нафты і газу, кухоннай солі, паўкаштоўных камянёў. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -36 °C на Пн да -18 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 13 да 20 °C. Ападкаў ад 200—300 мм на Пн да 800—1200 мм за год у гарах Паўд. Сібіры. На Пн ад р. Ніжняя Тунгуска шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак. Найбольшая р. Енісей з прытокамі Ангара, Падкаменная і Ніжняя Тунгуска, Сым, Елагуй; рэкі Хатанга, Пясіна, Таймыра і прытокі Обі — Чулым і Кець. Рэкі багатыя гідраэнергіяй, суднаходныя. Азёры — Таймыр, Пясіна, Лама, Кета і інш. Краснаярскае вадасховішча. Глебы на Пн забалочаныя, тарфяныя, на Пд мярзлотна-таежныя, шэрыя лясныя, чарназёмныя і каштанавыя. На п-ве Таймыр пашырана мохава-лішайнікавая тундра. Пад лесам каля 150 млн. га. Пераважае тайга з лістоўніцы, піхты, хвоі, кедра. На Пд ад зоны тайгі паласа мяшаных і драбналістых лясоў. Астраўныя лесастэпы (Ачынскі, Краснаярскі, Канскі) пераходзяць у стэпы Мінусінскай катлавіны. Жывёльны свет разнастайны. У тундры водзяцца лемінг, пясец, заяц-бяляк, алень, у тайзе — лось, кабарга, вавёрка, бурундук, буры мядзведзь, расамаха, гарнастай, собаль, ліс і інш. Запаведнікі «Сталбы» і Таймырскі.

Гаспадарка. К.к. мае магутны эканам. патэнцыял. На долю прам-сці прыпадае 70% усёй прадукцыі, на сельскую гаспадарку — 12%. Асн. галіны: горназдабыўная, электраэнергет., металургічная, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лясная. Паліўна-энергет. комплекс фарміруецца на гідраэнергіі Енісея (Краснаярская, Усць-Хантайская ГЭС) і вугалі Канска-Ачынскага вугальнага басейна. Дзейнічаюць Бярозаўскі, Назараўскі і Ірша-Барадзінскі вугальны разрэзы. У 1996 здабыта 38,5 млн. т вугалю. Вытв-сць электраэнергіі 49 млрд. кВт гадз (1996). Вядзецца здабыча жал. руды (1,7 млн. т), каляровых і рэдкіх металаў, графіту, слюды, барыту, кааліну. Каляровая металургія спецыялізуецца на вытв-сці нікелю, медзі, кобальту, селену, золата, серабра, плаціны, паладыю, ірыдыю (Нарыльск), гліназёму (Ачынск), алюмінію (Краснаярск). Якасную сталь выплаўляе металургічны з-д «Сібэлектрасталь» у Краснаярску. Машынабудаванне і металаапрацоўка: з-ды па вытв-сці збожжаўборачных камбайнаў, электрарухавікоў, радыётэхнікі, тэлевізараў, халадзільнікаў, абсталявання для лясной і алюмініевай прам-сці (Краснаярск), аўтамаб. і трактарных прычэпаў (Сасноваборск), абсталявання для папяровай прам-сці (Канск), нізкавольтнай апаратуры (Дзіўнагорск), комплекс электратэхн. вытв-сці (кабель, высакавольтная апаратура, электранагравальныя прылады, Мінусінск). Суднабудаванне ў Краснаярску, суднаверф у Енісейску. Развіта лясная і дрэваапр. прам-сць. Лесапілаванне і дрэваапрацоўка ў Лесасібірску, Ачынску, Енісейску, Багучанах, Ігарцы; цэлюлозна-папяровая вытв-сць у Краснаярску; мэблевая ў Мінусінску, Назараве, Заазерным. Вытв-сць (1996): дзелавой драўніны 5.4 млн. м³, піламатэрыялаў 1,6 млн. м³, паперы 50,3 тыс. т, кардону 58,4 тыс. т. На аснове хім. перапрацоўкі драўніны развіта вытв-сць сінт. каўчуку, хім. валакна, шын, гумава-тэхн. вырабаў (Краснаярск). У Ачынску нафтаперапр. з-д. Прам-сць буд. матэрыялаў у Краснаярску, Ачынску, Канску, Дзіўнагорску, Назараве. Лёгкая прам-сць: баваўняны камбінат у Канску, шаўковы ў Краснаярску, гарбарна-абутковыя ф-кі ў Краснаярску і Канску, швейныя ф-кі. Харч. прам-сць працуе на мясцовай с.-г. сыравіне. Рыбазаводы ў Дудзінцы і Ігарцы. Пл. с.-г. угоддзяў больш за 5 млн. га, у т. л. пад ворывам 3,3 млн. га, пад пашай 1,3 млн. га. Асн. ворныя землі ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Мінусінскай катлавіны. Сеюць яравую пшаніцу, жыта, авёс, проса, грэчку. Вырошчваюць бульбу, лён, сланечнік, цукр. буракі, агародніну. Збор (млн. т, 1995): збожжа — 2,2, бульбы — 1,1, агародніны — 0,2. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, коне- і авечкагадоўля, на Пн — аленегадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 944, 7, свіней — 655,2. Вял. значэнне маюць зверагадоўля і пушны промысел (Эвенкійская аўт. акруга). Пчалярства, збор кедравых арэхаў. Даўж. чыгункі 2,1 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 19,6 тыс. км. Гал. чыгунка — Транссібірская магістраль, самая паўн. чыгунка — Нарыльск—Дудзінка. Даўж. суднаходных шляхоў 6,2 тыс. км. Суднаходства па р. Енісей з выхадам да Паўн. марскога шляху. Парты — Дудзінка, Дыксан, Хатанга, Ігарка. Курорты Учум і Шыра.

В.​М.​Корзун.

т. 8, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),

галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв. археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.

Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял. франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.​Ю.​Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.​Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.​Я.​Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.​Шліман, А.​Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.​Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.​Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.​С.​Уварава, Д.​Я.​Самаквасава, Л.​К.​Іваноўскага, У.​І.​Сізова, А.​А.​Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.

На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.​Нарбут, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.​П.​Тышкевічы, А.Г.​К.​Кіркор, Е.​Р.​Раманаў, У.​З.​Завітневіч, В.​А.​Шукевіч, М.​Ф.​Кусцінскі, М.​М.​Турбін, Г.​Х.​Татур, Л.​Ю.​Лазарэвіч-Шапялевіч, З.​Глогер, М.​В.​Фурсаў, С.​Ю.​Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел. АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.​М.​Ляўданскі, К.​М.​Палікарповіч, С.​А.​Дубінскі, А.​Дз.​Каваленя, І.​А.​Сербаў, С.​С.​Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.​Галубовіч, Г.​Цэгак-Галубовіч, З.​Шмід, З.​Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.​Дз.​Будзько, У.​Ф.​Ісаенка, М.​М.​Чарняўскі, У.​П.​Ксяндзоў, А.​Г.​Калечыц, Э.​М.​Зайкоўскі, В.​Ф.​Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.​Р.​Мітрафанаў, Л.​Д.​Побаль, К.​П.​Шут, В.​І.​Шадыра, В.​С.​Вяргей, М.​І.​Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.​Р.​Тарасенка, Г.​В.​Штыхаў, Э.​М.​Загарульскі, П.​Ф.​Лысенка, Я.​Г.​Звяруга, М.​А.​Ткачоў, З.​С.​Пазняк, Т.​С.​Бубенька, В.​М.​Ляўко, Л.​У.​Калядзінскі, В.​Е.​Собаль, Ю.​А.​Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.​У.​Дучыц, Я.​Р.​Рыер, У.​У.​Багамольнікаў, Т.​М.​Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.​А.​Трусаў, А.​К.​Краўцэвіч, В.​У.​Шаблюк, І.​М.​Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.​В.​Аляксееў, І.​І.​Арцёменка, Ф.​Д.​Гурэвіч, Н.​М.​Гурына, Ю.​У.​Кухарэнка, В.​М.​Мельнікоўская, П.​А.​Рапапорт, Г.​Ф.​Салаўёва, Э.​А.​Сымановіч, В.​В.​Сядоў, П.​М.​Траццякоў).

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;

Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.
Да арт. Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.

т. 1, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)