«СМАРГО́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ»,

жартоўная назва промыслу лавіць і дрэсіраваць мядзведзяў, заснаванага князямі Радзівіламі ў г. Смаргонь Гродзенскай вобл.; адна са школ бел. скамарохаў. Промысел існаваў з 17 ст. да пач. 19 ст. Маладых мядзведзяў спачатку вучылі танцаваць, для чаго іх саджалі (па 2—3) у спец. клетку, падагравалі ў ёй дно і прывучалі стаяць на задніх лапах і пераступаць з адной на другую пад удары бубна, потым вучылі барукацца, кланяцца. Сцэна з дрэсіраваным мядзведзем адлюстравана і ў батлейцы. выводзілі лялек — скамароха і мядзведзя, якіх называлі «смаргонскі вучыцель з вучнем» (1902, Міншчына).

т. 15, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СМАРГОНЬСІЛІКАТАБЕТО́Н»,

адкрытае акц. т-ва ў г. Смаргонь. Створана ў 1999 на базе аднайм. вытв. аб’яднання, утворанага ў 1976 пры аб’яднанні Смаргонскага камбіната сілікатных вырабаў (засн. ў 1969), смаргонскіх з-даў жалезабетонных вырабаў і драбільна-сартавальнага (усе ў в. Міхневічы Смаргонскага р-на). Мае асн. цэхі: сілікатнай цэглы, жалезабетонных вырабаў, ячэістага бетону, здабычы і перапрацоўкі нярудных матэрыялаў; дапаможныя: памольна-сыравінны, аўтатрансп., рамонтна-мех., парасілавы. Асн. прадукцыя (2002): газасілікатныя (ячэістыя) блокі, сілікатная цэгла, жалезабетонныя вырабы (пустотны насціл, фундаментныя блокі, дарожныя пліты, тратуарная плітка, бардзюрны камень, тэрматрывалыя сумесі і пліты), буд. пясок, гравій і інш.

т. 15, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ Мікалай Аляксандравіч (25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.​Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.​Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.​Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.​Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ЎСКІ Георгій Фёдаравіч (н. 15.1.1915, г. Сімферопаль, Украіна),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948) і Генштаба (1955). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з 1941 нач. штаба стралк. палка, з ліст. 1942 камандзір партыз. злучэння на тэр. Украіны, Арлоўскай вобл., у Цэнтр. штабе партыз. руху, з лютага 1944 камандзір партыз. брыгады «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага (дзейнічала на тэр. Лагойскага і Плешчаніцкага р-наў), якая пусціла пад адхон каля 30 эшалонаў праціўніка, сумесна з часцямі Чырв. Арміі вызваляла г. Вілейка, Маладзечна, Смаргонь. Да 1964 у Сав. Арміі, потым у Мін-ве знешняга гандлю СССР.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ШЧА,

возера ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Страча (правы прыток р. Вілія), за 32 км на Пн ад г. Смаргонь. Пл. 0,34 км², даўж. 850 м, найб. шыр. 660 м, найб. глыбіня 2 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км, пл. вадазбору 6,1 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—4 м, разараныя, на З і ПнЗ 12—14 м, укрытыя лесам. Пойма шыр. 50—100 м, забалочаная. Берагі пераважна сплавінныя, тарфяністыя, на ПнЗ і ПдУ нізкія, пясчаныя, месцамі на У і ПдУ пад хмызняком. На ПнУ некалькі заліваў. Дно сапрапелістае, на ПнЗ і ПдУ вузкая паласа пяску да глыб. 0,5—1 м. Зарастае слаба. Выцякае р. Тушчанка.

т. 16, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКЛЯ́ЕЎ Уладзімір Пракопавіч (н. 11.7.1946, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987—99 гал. рэдактар час. «Крыніца». З 1998 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ленінскага камсамола 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.

Тв.:

Знак аховы. Мн., 1983;

Галубіная пошта. Мн., 1987.

Літ.:

Чабан Т. Рух слова // Маладосць. 1980. №8;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7.

У.П.Някляеў.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА) (ад грэч. pleion большы + kainos новы), пліяцэн,

верхні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду), заключная эпоха неагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Вылучаны англ. геолагам Ч.Лаелем у 1833. Доўжыўся ад 5,3 да 1,77 млн. г. назад. Паводле міжнар. стратыграфічнай шкалы падзяляецца на 3 ярусы: занклій, п’ячэнца і гелазій. На Беларусі вылучаюць адклады ніжняга і верхняга пададдзелаў. Паводле новых даных адклады пліяцэну вылучаны ў калочынскі надгарызонт, які падзяляецца на холмецкі (адпавядае ніжняму і ніжняй ч. верхняга пліяцэну) і дварэцкі (верхняя ч. верхняга пліяцэну) гарызонты. Адклады П.а. (э.) магутнасцю да 25 м трапляюцца на невялікіх участках, пераважна на Пд ад лініі Смаргонь—Лагойск—Рэчыца. Прадстаўлены рачнымі і азёрнымі пяскамі, алеўрытамі, глінамі. Гліны прыдатныя для керамічнай вытворчасці.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЬ ПЯЧО́РНЫ (Ursus spelaeus),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г. Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.

Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.

П.​Ф.​Каліноўскі.

Мядзведзь пячорны.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХУ́ТА Анатоль Сяргеевіч (н. 17.10.1947, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1971). З 1971 гал. архітэктар г. Ліда Гродзенскай вобл., з 1982 — Гродна. Асн. работы: комплекснае добраўпарадкаванне цэнтра Ліды (1973—82), генпланы гарадоў Ліда (1972, 1991), Смаргонь (1984), Навагрудак (1995), вёсак Квасоўка Гродзенскага, Бердаўка Лідскага, Тур’я Шчучынскага р-наў (1985—90); праекты рэгенерацыі гіст. цэнтра Гродна (1983, 1989), забудовы жылых гарадкоў Мін-ва абароны Беларусі Ліда, Слонім, Рось Ваўкавыскага р-на (усе 1990-я г.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998); жыллёвы комплекс па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1997), лядовы палац (1999) у Гродне (усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў інтэр’ераў абл. драм. т-ра, чыг. вакзала, кінатэатра «Кастрычнік», гасцініцы «Амега» ў Гродне (усе 1986—97).

Т.​Р.​Мартыненка.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЗЬКА Леанард (6.11.1800, в. Аборак Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 12.3.1871),

гісторык, публіцыст, выдавец. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1816—17). Чл. т-ва філарэтаў, дзе зблізіўся з А.​Міцкевічам, Я.​Чачотам, Т.​Занам. З 1819 сакратар кампазітара М.​К.​Агінскага. У 1822 эмігрыраваў, з 1826 у Парыжы. Пісаў на польскай і франц. мовах. Аўтар паэмы «Залессе» (1821), у якой услаўляў прыгажосць наваколля, зрабіў малюнкі Залесся (маёнтак М.​К.​Агінскага каля г. Смаргонь). Выдаў зб-кі твораў Міцкевіча (1828) і І.​Красінскага (1830), мемуары Агінскага (т. 1—4, 1827—28), працы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, у т. л. «Польшча» (1836—41), у якой шмат матэрыялаў пра Беларусь. Напісаў біяграфію Т.​Касцюшкі (1837), «Папулярную гісторыю Польшчы» (1863). Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Украіны і інш.

Л.Ходзька.

т. 17, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)