Складкавасць горных парод 9/556—557; 10/85, 380
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд. ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх. ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.
т. 1, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Фаза складкавасці, гл. Складкавасць горных парод
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ КАЎКА́З,
сістэма складкавых горных хрыбтоў у Закаўказзі, якая акаймоўвае з Пн і ПнУ Армянскае нагор’е. Размяшчаецца амаль паралельна Вял. Каўказу і аддзяляецца ад яго Калхідскай нізінай і Курынскай упадзінай. З Вял. Каўказам злучаецца Ліхскім (Сурамскім) хрыбтом. Даўж. каля 600 км. Выш. да 3724 м (г. Гямыш). У сістэму М.к. ўваходзяць хрыбты Месхецкі, Трыялецкі, Самхецкі, Мургузскі, Шахдагскі, Мураўдаг, Карабахскі і інш. Паўн. і паўн.-ўсх. схілы ўкрыты шыракалістымі і хваёвымі лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі, паўд. — рэдкалессем і хмызняком. Гораўтваральныя працэсы адбыліся ў альпійскую складкавасць. Гл. таксама Каўказ.
т. 10, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
адзін з найбуйнейшых рухомых паясоў зямной кары, які раздзяляе Усх.-Еўрапейскую, Сібірскую, Кіт.-Карэйскую і Паўд.-Кітайскую платформы з аднаго боку і Афрыкана-Аравійскую і Індастанскую — з другога. М.г.п. цягнецца праз усю Еўразію ад Гібралтарскага праліва на З, уключаючы б.ч. Зах. і Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн. Афрыку, Паўд.-Зах. Азію і Інданезійскі архіпелаг, дзе М.г.п. сучляняецца з Ціхаакіянскім геасінклінальным поясам. Да М.г.п. адносяцца: герцынская (варысцыйская) складкавая вобласць Зах. і Цэнтр. Еўропы (гл. Герцынская складкавасць), Альпійская геасінклінальная вобласць і Інданезійская складкавая вобласць.
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКА́НСКІЯ ГОРЫ, Ракхайн, Аракан-Йома,
горы на З п-ва Індакітай, у М’янме. Працягласць каля 800 км. Выш. да 3053 м (г. Вікторыя). Сярэдневышынныя складкава-глыбавыя горы, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Паралельныя мерыдыянальныя хрыбты з вострымі і стромкімі схіламі, падзеленыя эразійна-тэктанічнымі далінамі на Пн, пераходзяць на Пд у нізкагорныя ланцугі пакатых узвышшаў выш. 150—200 м. Складзены са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў, па перыферыі — з асадкавых парод. Карысныя выкапні: волава, вальфрам, свінец, золата, серабро, каштоўныя камяні. Наветраныя зах. схілы ўкрыты вільготнымі трапічнымі вечназялёнымі лясамі, падветраныя ўсх. — мусоннымі лістападнымі, на выш. 1000 м і больш — вечназялёнымі дубовымі і хваёвымі лясамі.
т. 1, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА старажытная платформа, што ахоплівае бас. р. Янцзы (без вярхоўяў) і больш паўдн. раёны Кітая. Ад Кітайска-Карэйскай платформы аддзелена хр. Цыньлін. Зах. палавіну платформы разам з вял. сінеклізай Сычуань складае пліта, кансалідаваная ў выніку працэсаў познапратэразойскай складкавасці (850 млн. г. назад). Фундамент месцамі выступае на паверхню (Цзяннанская антэкліза), б. ч. яго ўкрыта дыслакаваным асадкавым чахлом з адкладаў верхняга пратэразою, палеазою і мезазою, марскіх да трыясу ўключна, вышэй — кантынентальных. Усх. палавіна платформы — пліта, кансалідаваная ў працэсе каледонскай складкавасці да канца сілурыйскага перыяду, са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі таго ж узросту і больш маладымі, якія звязаны з інда-сінійскім і яншаньскім (гл. Мезазойская складкавасць) гораўтварэннем. Радовішчы руд вальфраму, сурмы, волава і поліметалаў, у бас. Сычуань паклады нафты і газу.
т. 12, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЕЖСКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,
дадатная тэктанічная структура на Пд Рускай пліты з высокім заляганнем дакембрыйскага фундамента. Ахоплівае тэр. ПдЗ еўрап. ч. Расіі, ПнУ Украіны, на У Магілёўскай і ПнУ Гомельскай абласцей Беларусі. Абмежавана на ПнЗ Аршанскай упадзінай і Жлобінскай седлавінай, на ПдЗ і Пд Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам, на У Прыкаспійскай упадзінай і на ПнУ Маскоўскай сінеклізай. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 800 км, шыр. 300—400 км. У скляпеннай ч. паверхня фундамента залягае на глыб. 40—250 м (месцамі выходзіць на паверхню зямлі), на тэр. Беларусі — на глыб. 400 м. Паўн.-ўсх. і ўсх. схілы спадзістыя, паўд. больш стромкія. У межах Беларусі вылучаюцца падпарадкаваныя Варонежскай антэклізе структуры: Суражскі і Грамяцкі пахаваныя выступы, якія падзелены Клінцоўскім грабенам. Платформавы чахол на крылах складзены з асадкавых парод рыфею і венду (на У), дэвону і пярмі — трыясу (на Пд), мезазою і кайназою. Варонежская антэкліза сфарміравалася пераважна ў герцынскі этап тэктагенезу (гл. ў арт. Герцынская складкавасць). Да антэклізы прымеркаваны жал. руды Курскай магнітнай анамаліі.
У.І.Шкуратаў.
т. 4, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Міжземнаморскі геасінклінальны пояс,
тэктанічна актыўная вобласць зямной кары, выцягнутая ад Атласкіх гор на З да Ціхага ак. на У. Ахоплівае горныя раёны Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн.-Зах. Афрыку, М.Азію, Каўказ, Іранскае нагор’е, Памір, Алай, Гіндукуш, Гімалаі, горы Індакітая і Інданезіі, якія ўтварыліся ў кайназойскай эры ў выніку альпійскай складкаватасці. На У Альпійская геасінклінальная вобласць злучаецца з Ціхаакіянскай геасінклінальнай вобласцю. У мезазойскую эру ўяўляла сабой вял. марскі басейн (м. Тэтыс), акружаны плітамі стараж. платформаў — Афрыканскай і Індыйскай на Пд, Рускай, Сібірскай і Кітайскай на Пн. Геасінкліналь м. Тэтыс запаўнялася магутнымі асадкавымі тоўшчамі. У кайназоі адбылося сутыкненне паўн. і паўд. пліт і на месцы былога мора пачалася альпійская складкавасць. Утварыліся горныя сістэмы з найб. на Зямлі абсалютнымі адзнакамі (больш за 7—8 км). Асобныя структуры Альпійскай геасінклінальнай вобласці не завяршылі свайго развіцця, аб чым сведчаць інтэнсіўныя землетрасенні і вулканізм. З тэктанічнымі рухамі ў Альпійскай геасінклінальнай вобласці звязаны некаторыя землетрасенні, што адзначаюцца на тэр. Беларусі.
т. 1, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)