ПАМПУ́ШКІ,

у беларусаў пульхныя мучныя аладкі, спечаныя з дражджавога цеста або з замешанага на содзе і кіслым малацэ. Пяклі таксама з цеста, прыгатаванага з тоўчанай варанай бульбы і мукі. Пашыраны на Гродзеншчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне. На Навагрудчыне, Тураўшчыне П. называюць булачкі, пернікі, коржыкі. Іх пякуць на вяселле, Дабравешчанне і інш. святы.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙДЭЛО́ТЫ, вейдалоты,

язычніцкія жрацы старадаўняй Літвы, хавальнікі вечнага агню бога Перуна (Перкунаса). Вайдэлоткі ахоўвалі вечны агонь пры храме багіні Праўрымы, прыносілі ахвяры багам. У час баляў і на святы вайдэлоты спявалі і ўслаўлялі подзвігі продкаў, расказвалі пра барацьбу з іншаземнымі заваёўнікамі. Песні і легенды вайдэлотаў доўгі час бытавалі ў народаў ВКЛ і пасля прыняцця хрысціянства.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й БАБО́ЛЯ (1591—16.5.1657),

бел. святы, езуіцкі манах, прапаведнік. Прапагандаваў ідэі Брэсцкай уніі 1596 у Вільні, Бабруйску, Полацку, Ломжы і Пінску, за што празваны пінскім апосталам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены ў 1657 казакамі і пасля катаванняў забіты. Пахаваны ў Пінску. У 1827 яго мошчы перанесены ў Полацк Кананізаваны ў 1938 папам Піем IX.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 5.4.1972 на радзіме Я.​Купалы з цэнтрам у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 10.7.1972. Агульная пл. 21 га. На тэр. запаведніка хата, у якой нарадзіўся Я.​Купала, гасп. пабудовы, у адной з якіх размяшчаецца выстаўка «Народныя святы», помнік паэту (перавезены з Мінска ў 1972, скульптар З.​Азгур), 2 гарадзішчы 2—5 ст., сажалка, крыніца, валуны з выбітымі на іх радкамі з твораў Я.​Купалы, дрэвы старога саду б. фальварка Вязынка, дубовы гай, пасаджаны бел. пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, канцэртная эстрада, жывая альтанка з ліп, малыя арх. формы, зона масавых гулянняў. У хаце (рэстаўрыравана ў 1971—72) Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». З 1972 у запаведніку праводзяцца святы паэзіі і працы, з 1976 злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.

Літ.:

Купалаўскі запаведнік «Вязынка». Мн., 1980;

Вязынка: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік: [Фотаальбом]. Мн., 1982.

Ж.​К.​Дапкюнас.

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Свята паэзіі. 1982.
Паказальнік у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка».

т. 9, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЬВІ́НКА (Васіль Дзмітрыевіч) (н. 7.12.1941, в. Верхні Церабяжоў Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фалькларыст. Канд. філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1970). Настаўнічаў, з 1966 працуе ў БДУ (з 1982 заг. н.-д. лабараторыі бел. фальклору). З 1991 старшыня Бел. саюза фалькларыстаў. Збірае і даследуе бел. фальклор і этнаграфію. Аўтар кніг «Зімовыя святкі», «Веснавыя святы і абрады» (абедзве 1995), «Святы і абрады беларусаў» (2-е выд. 1998). Сааўтар выданняў «Беларускі фальклор у сучасных запісах» (1973), «Беларуская народная творчасць савецкага часу» (1978), «Узроўні фальклорных уплываў» (1982), «Песня на ўсё жыццё» (1983) і інш. Складальнік зб-каў прыказак і прымавак «Слова міма не ляціць» (1985, з Л.​Царанковым), «Калыханкі і забаўлянкі» (1992), «Песня — душа народа» (1993), «Дзіцячы спеўнік», «Песні і строі Піншчыны» (з М.​Раманюком і У.​Раговічам, абедзве 1994), «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць» (1995), фотаальбома «Рыгор Шырма» (1995). Выдае «Каляндар свят і абрадаў беларусаў» (з 1994). Вядучы фальклорнай тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі» (з 1978).

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІ́КАЛАН (ад брахі... + грэч. kōlon радок),

верш або частка верша, напісаная кароткімі радкамі з 1-складовага слова або слоў, у якіх колькасць складоў не выходзіць за межы адной стапы. У бел. паэзіі вельмі рэдкі від верша. Упершыню да яго звярнуўся Я.​Купала («Устань», 1907):

Устань!

Усе, глянь,

Пайшлі...

І вот —

Свабод!

Зямлі!

А ты —

Святы

Закіс, —

Звёў хлеб,

Аслеп,

Азыс.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,

тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л. русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.​Марджанішвілі, М.​Ахлопкаў і інш.

На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.​Літвінаў, Е.​Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.​Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел. дзярж. т-ра, самадз. драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.

Літ.:

Массовые праздники и зрелища: Сб. М., 1961.

С.​А.​Пятровіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі божаствы — апекуны рым. грамадз. абшчыны ў цэлым, яе асобных абшчын, іх зямель і скрыжаванняў дарог, а пазней таксама і хатнія багі — душы продкаў кожнай рым. сям’і, што яе апекавалі. У іх гонар ствараліся алтары, у т. л. хатнія, і штогод наладжваліся святы. Сямейныя Л. лічыліся заступнікамі рабоў і вольнаадпушчанікаў, якія пераважна і абслугоўвалі іх культ у сем’ях сваіх гаспадароў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОПС,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня ўрадлівасці, багатага жніва і пасеваў. Яе эпітэт Кансівія (Сейбітка), магчыма, звязаны з блізкасцю культу О. да культу агр. бога Конса. У гонар О. наладжваліся святы і ахвярапрынашэнні (25 жн. і 19 снеж.). У 3 ст. да н.э. яна атаясамлена з Рэяй і лічылася жонкай Сатурна, апякункай Рыма, дзе ў яе гонар на Капітоліі і на форуме былі пабудаваны храмы.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ШТВАН I Святы

(István 1 Szent),

Стэфан I (каля 975—15.8.1038), князь (з 997), першы кароль Венгрыі [1001—38]. З дынастыі Арпадаў. Увёў у Венгрыі хрысціянства ў якасці дзярж рэлігіі, каля 1000 засн. першае архіепіскапства. Ліквідаваў племянны падзел краіны, увёў адм.-тэр. акругі — каралеўскія камітаты. У 1030 адбіў уварванне ням. войска ў Венгрыю. У 1083 кананізаваны каталіцкай царквой.

Літ.:

Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991.

т. 7, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)