асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,
дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г.Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМ,
комплекснае злучэнне парфірыну з двухвалентным жалезам. У жывых арганізмах уваходзіць у складаныя бялкі — гемапратэіды. У залежнасці ад замяшчальнікаў у парфірынавым цыкле адрозніваюць гем а, в (пратагем, або проста гем), сі г.д.Найб. пашыраны гем в (уваходзіць у састаў гемаглабіну, міяглабіну, каталазы, пераксідазы і большасці цытахромаў), у аснове якога ляжыць протапарфірын IX. Больш складаную будову мае гем а — прастатычная група ферменту клетачнага дыхання цытахромаксідазы. Свабодны гем лёгка акісляецца ў паветры да гематыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТУЭ́НСКІ ДАГАВО́Р.
Падпісаны ў снеж. 1703 паслом Вялікабрытаніі ў Партугаліі лордам Метуэнам (адсюль назва) і партуг. ўрадам. Паводле М.д., у абмен на значнае памяншэнне мытных падаткаў на сваё віно партуг. ўлады дазволілі свабодны ўвоз у Партугалію англ. шарсцяных вырабаў. У выніку Вялікабрытанія заняла пануючае месца ў знешнім гандлі з Партугаліяй, што зрабіла вінаробства вядучай галіной партуг. эканомікі і прывяло да заняпаду інш. галін прам-сці. Дагавор узмацніў залежнасць Партугаліі ад Вялікабрытаніі. Фармальна скасаваны ў 1836.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́САЎ (Іван Іванавіч) (н. 25.5.1912, г. Віцебск),
генерал-лейтэнант (1965). Канд.гіст.н. (1973), дацэнт (1979). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941), Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1929, з 1939 у паветрана-дэсантных войсках. У Вял.Айч. вайну з вер. 1943 нач. штаба паветрана-дэсантнай брыгады, стралк. палка на Карэльскім фронце. У 1945—75 на адказных пасадах у Сав. Арміі, да 1991 на выкладчыцкай рабоце. Аўтар кніг «Дэсантнікі» (1968), «Свабодны палёт» (1979), «Выбранніцы неба» (1990) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
рускі нар. мастацкі промысел. Існуе ў раёне г. Гарадзец Ніжагародскай вобл. з сярэдзіны 19 ст., калі замяніла мясц.вытв-сць калаўротаў з інкрустацыяй і разьбой (існавала з 18 ст.). У 1936 засн. арцель, з 1960 ф-та «Гарадзецкая размалёўка», якая вырабляе сувеніры, цацкі. Гарадзецкая размалёўка (жанравыя сцэнкі, фігуры коней, пеўняў, кветкавыя ўзоры) яркая, лаканічная, выконваецца тэмперай, характэрны свабодны мазок з белай і чорнай графічнай абводкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
тып вытворчасці, які характарызуецца адзінкавым вырабам прадукцыі разнастайнай і непастаяннай наменклатуры. Да І.в. адносяцца прадпрыемствы, што вырабляюць буйныя турбіны, пракатныя станы, судны, унікальныя станкі, металург і горнае абсталяванне, а таксама рамонтныя і доследныя з-ды. У адрозненне ад масавай вытворчасці і серыйнай вытворчасці пры І.в. дапускаецца нерэгламентаваны рух вырабу па рабочых месцах і свабодны рытм работы. Працэс вытв-сці кожнага заказу праектуецца індывідуальна. Разнастайная наменклатура прадукцыі, а таксама унікальнасць заказаў патрабуе выкарыстання працы больш кваліфікаваных рабом — універсалаў, спец. абсталявання і прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-КА́НДЛЕС ((McCandless) Брус) (н. 1937),
касманаўт ЗША. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 3—11.2.1984 з В.Брандам, Р.Гібсанам, Р.Мак-Нэрам, Р.Сцюартам здзейсніў (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) палёт на касм. караблі «Спейс шатл» («Чэленджэр»), у час якога ўпершыню ў свеце здзейсніў свабодны палёт у космасе пры дапамозе індывід. ранцавай рухальнай устаноўкі (аддаліўся ад касм. карабля на адлегласць каля 100 м); 24—29 4.1990 — палёт у складзе экіпажа касм. карабля «Спейс шатл» («Дыскаверы»). У космасе правёў 13 сут. Гл.іл. да арт.Касманаўтыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. расліны, якія высяваюцца і даюць ураджай у прамежак часу, свабодны ад вырошчвання асн. культуры. Павялічваюць прадукцыйнасць угоддзяў у некалькі разоў, дазваляюць найб. поўна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы, абараняць глебу ад эрозіі. Уводзяць П.к. ў раёнах дастатковага ўвільгатнення.
Тыпы П.к.: пажніўныя — высяваюць пасля ўборкі асн. культуры (па ржышчы); паўкосныя — высяваюць пасля скошвання кармавых культур; падсяўныя — падсяваюць пад асн. культуру, зімуючыя — нарошчваюць зялёную масу ўвосень і ранняй вясной; раннія яравыя — высяваюць ранняй вясной да сяўбы асн. культуры (напр., радыска, салата, шпінат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, на якіх гаворыць карэннае насельніцтва Аўстраліі (акрамя папуаскай мовы мірыям і тасманскіх моў). Агульная колькасць моў ад 200 да 600 (у сувязі з істотнымі адрозненнямі паміж дыялектамі), значная частка знікла або знікае. Аўстралійскія мовы ўключаюць 12 асобных моў і 16 сем’яў (найбольш моў у сям’і паманюнга — каля 180).
Фанетычная сістэма большасці аўстралійскіх моў мае тры галосныя (i, a, u), сярод зычных няма свісцячых і шыпячых, не адрозніваюцца глухія і звонкія. Націск, як правіла, на першым складзе. Граматычны лад усіх аўстралійскіх моў аглюцінатыўны. Парадак слоў у сказе — свабодны. Усе аўстралійскія мовы — бяспісьменныя.