ДЗІ́НЦЭНГОФЕР (Dientzenhofer),

сям’я архітэктараў, прадстаўнікоў чэшскага і паўд.-ням. барока. У Чэхіі працавалі Крыштаф (7.7.1655, Санкт-Маргарэтэн, каля г. Розенгайм, Германія — 20.6.1722), які ў 1703—11 пабудаваў фасад і неф царквы св. Мікулаша на Мала-Стране ў Празе, і яго сын Кіліян Ігнац (1.9.1689, Прага — 18.12.1751), аўтар шэрагу пластычна выразных пабудоў у Празе (віла «Амерыка», 1715—20; царква св. Мікулаша, 1732—35; палац Кінскіх, 1755—65, і інш.). Да ням. галіны сям’і належаць браты Крыштафа: Георг (11.8.1643, г. Бад-Айблінг, Германія — 2.2.1689) і Іаган Леанард (20.2.1660, Санкт-Маргарэтэн — 26.11.1707), якія працавалі ў Бамбергу; Іаган (25.5.1665, Санкт-Маргарэтэн — 20.7.1726) — аўтар урачыста-ўзвышаных цэркваў (сабор у Фульдзе, 1704—12; манастырская царква ў замку Банц, Баварыя, 1710—18) і палацаў у Померсфельдэне (1711—18).

К.Дзінцэнгофер, К.І.Дзінцэнгофер і інш. Царква св. Мікулаша на Мала-Стране ў Празе.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРАЛЦЕ́ЙСТВА,

1) ранейшая назва тэрыторыі порта з верфямі, стапелямі, майстэрнямі, складамі, пад’язнымі шляхамі і інш. для рамонту і забеспячэння ваенных караблёў. У Расіі ў канцы 17 — пач. 19 ст. дзярж. адміралцействы былі ў Варонежы, Санкт-Пецярбургу (Галоўнае адміралцейства), Архангельску, Астрахані, Кранштаце, Севастопалі і Нікалаеве.

2) У Вялікабрытаніі вышэйшы орган кіравання ВМС, які адпавядае марскому мін-ву. Існаваў з 1690 як калегія з часовых членаў адміралцейства замест былога адзінаўладнага кіравання лорда вярхоўнага адмірала. З 1869 адміралцейства ўзначальвае першы лорд адміралцейства, ён жа марскі міністр, якому падначалены савет адміралцейства з вышэйшых марскіх афіцэраў.

3) Будынак у Санкт-Пецярбургу (кампазіцыйны цэнтр, да якога сыходзяцца тры гал. магістралі горада), выдатны твор архітэктуры рускага ампіру. Закладзены ў 1704 паводле задумы Пятра І як карабельная верф. Пазней перабудоўваўся рас. архітэктарамі І.К.Корабавым у 1727—38 і А.Дз.Захаравым у 1806—23. З 19 ст. тут размяшчаліся цэнтр. ўстановы Марскога мін-ва, пасля 1917 — установы ВМФ.

Да арт. Адміралцейства. Вежа Адміралцейства ў Санкт-Пецярбургу. 1806—23. Архітэктар А.Дз.Захараў.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТНІ САД у Санкт-Пецярб у р г у, самы стары сад горада. Размешчаны паміж Марсавым полем і рэкамі Фантанка, Нява і Мойка. Закладзены ў 1704 (арх. Ж.Б.Леблон, М.Р.Зямцоў, І.Матвееў, садаводы Я.Розен, І.Сурмін і інш.). Прызначаўся для правядзення свят, асамблей, прыёмаў; цяпер месца адпачынку. Пл. 11,5 га. Мае строга геам. планіроўку. У 1710—14 пабудаваны Летні палац Пятра I (арх. Д.Трэзіні, з удзелам А.Шлютэра, Н.Мікеці, Зямцова; з 1925 гісторыка-быт. музей). Л.с. упрыгожаны мармуровай скульптурай (пераважна пач. 18 ст.; алегарычныя, міфалагічныя і партрэтныя статуі і бюсты работы П.Бараты, Д. і П.Грапелі, А.Тарсіі, Дж.Банацы і інш.). У 19 ст. пабудаваны павільёны — Кававы (1826, арх. К.І.Росі) і Чайны (1827, арх. Л.І.Шарлемань) домікі, пастаўлены помнік І.А.Крылову (1855, скульпт. П.К.Клот) з рэльефамі на тэмы яго баек (па малюнках А.А.Агіна). Ад Нявы Л.с. аддзяляе металічная агароджа (1771—84, арх. Ю.М.Фельтэн, П.Ягораў).

Літ.:

Семенникова Н.В. Летний сад. Л., 1978.

Скульптурная кампазіцыя ў Летнім садзе ў Санкт-Пецярбургу.
Кававы домік у Летнім садзе ў Санкт-Пецярбургу. 1826. Арх. К.Росі.

т. 9, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́МНІ ПАЛА́Ц у Санкт-Пецярбургу,

помнік рас. архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1754—62 арх. В.В.Растрэлі ў стылі барока. У плане мае форму магутнага карэ з унутраным дваром; фасады выходзяць на Няву, Адміралцейства і Дварцовую плошчу. Будынак грандыёзных памераў (больш за 1000 пакояў) з фасадамі рознага вырашэння, з выступамі-рызалітамі, акцэнтаваннем ступеньчатых вуглоў, зменлівым рытмам калон стварае ўражанне пластычнай моцы і ўрачыстасці. Пышнае аздабленне фасадаў падкрэслівае параднае прызначэнне будынка. Інтэр’еры З.п. неаднаразова перабудоўваліся. Пасля пажару 1837 фасады і парадныя залы аднавіў арх. В.П.Стасаў, унутр. памяшканні — арх. А.П.Брулоў. Быў рэзідэнцыяй расійскіх імператараў. У 1922 перададзены Эрмітажу.

Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Бакавы фасад. Арх. В.Растрэлі. 1754—62.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБЛО́Н ((Leblond) Жан Батыст Александр) (1679—1719),

французскі архітэктар. Працаваў у Парыжы, у 1716—19 па запрашэнні Пятра I — у Расіі. Удзельнічаў у планіроўцы і буд-ве Санкт-Пецярбурга, паркаў Стрэльны і Летні сад, Петрадварца. Перапрацаваў і дапоўніў (1710) «Курс архітэктуры» Ш.Давіле (1691).

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЦО́ВАЯ ПЛО́ШЧА ў Санкт-Пецярбургу,

галоўная плошча горада, асн. звяно ў сістэме арх. ансамбляў яго цэнтра. Пачаткам фарміравання Д.п. стаў будынак Зімняга палаца (1754—62, арх. В.В.Растрэлі). У канцы 18 ст. паўд. бок плошчы рэканструяваны паводле праекта Ю.М.Фельтэна. Была намечана дугападобная форма плошчы, канчаткова замацаваная буд-вам грандыёзнага будынка Гал. штаба (1819—29, арх. К.І.Росі) з двайной праезнай аркай, у завяршэнні якой манум. калясніца. Зімні палац, арка Гал. штаба, Аляксандраўская калона надалі плошчы ўрачысты манум. характар. У 1837—43 з усх. боку Д.п. пастаўлены будынак Штаба гвардз. корпуса (арх. А.П.Брулоў). З 3 плошча раскрыта ў бок былой Адміралцейскай пл. і ўключаецца ў адзіны комплекс плошчаў цэнтра горада.

Літ.:

Серпокрыл С.М. Дворцовая площадь: (Архитектура). Л., 1973.

Дварцовая плошча ў Санкт-Пецярбургу.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗЕЛЬ (Basel),

горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн. т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч. прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.

Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.

Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭР (франц. maire, англ. mayor ад лац. major большы, старшы),

вышэйшая службовая асоба ў муніцыпалітэтах ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і шэрагу інш. дзяржаў. У Расіі пасады М. ўведзены з 1991 у Маскве, Санкт-Пецярбургу і інш. гарадах. Выбіраецца муніцыпалітэтам, непасрэдна насельніцтвам, у некаторых краінах назначаецца або зацвярджаецца цэнтр. урадам.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́ЕЎСКІ (Аляксандр Іванавіч) (8.12.1802, Санкт-Пецярбург — 27.8.1839),

рускі паэт-дзекабрыст. За ўдзел у паўстанні 1825 асуджаны на катаргу. Аўтар элегій, гіст. паэмы «Васілька» (1829—30), вершаў «У Сібір», «Трызна», «Вешчых струн палымяныя гукі» і інш. Паэтызаваў рэв. подзвіг, грамадз. мужнасць, ідэі свабоды, любові да радзімы, асуджаў тыранію.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений и писем. М.; Л., 1934;

Стихотворения. М., 1982.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШМІ́Н (Аляксей Сяргеевіч) (15.10.1910, с. Левая Росаш Варонежскай вобл., Расія — 19.3.1983),

рускі літаратуразнавец. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1960). Скончыў Варонежскі пед. ін-т (1939). З 1946 навук. супрацоўнік (у 1955—65 дырэктар) Ін-та рус. л-ры АН СССР (Пушкінскі дом, Санкт-Пецярбург). Распрацоўваў праблемы метадалогіі літаратуразнаўства, тэорыі і гісторыі рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. Даследаваў творчасць М.Я.Салтыкова-Шчадрына, А.С.Серафімовіча, А.А.Фадзеева.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)