АДРО́Ў,

рака на У Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўж. 75 км. Пл. вадазбору 676 км². Пачынаецца на паўн. схіле Аршанскага узв., вусце на паўд. ускраіне г. Орша. Цячэ ў Аршанскім, Сенненскім і Талачынскім р-нах Віцебскай вобл. Даліна спачатку трапецападобная, ніжэй карытападобная, шыр. 0,6—0,8 км.

Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 0,1—0,3 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, далей звілістае. Берагі нізкія, у сярэднім і ніжнім цячэнні стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м³/с. На веснавы перыяд прыпадае каля 70% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. У ніжнім цячэнні Адрову — г. Барань.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫША́НКА, Міша,

рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 930 км². Пачынаецца на паўд. схілах Навагрудскага ўзв. каля в. Буйнявічы Баранавіцкага р-на, цячэ па Баранавіцкай раўніне. Асн. прытокі: Малатоўка (справа), Мутвіца (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 500—800 м. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 16 км каналізаванае, на астатнім працягу моцназвілістае, шыр. 10—12 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 40 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,9 м³/с. Створаны 3 сажалкі. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Войкаўскае вадасховішча. У Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля зах. ускраіны г.п. Плешчаніцы. Створана на р. Дзвінаса ў 1958. Пл. 2 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Катлавіна выцягнута з ПдУ на ПнЗ. Берагі пад лесам, правы забалочаны, левы высокі (ад 1,5 да 3 м). Дно выслана ілам. на мелкаводдзі — пяском. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 40—50 см) трымаецца да 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 50 см. Зарастае каля 40% плошчы. Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, адпачынку і спарт. мерапрыемстваў.

Плешчаніцкае вадасховішча.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛІЯ,

рака ў Лагойскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., у бас. р. Вілія. Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 1220 км². Утвараецца ад зліцця рэк Каменка і Бачылаўка, цячэ па паўн.-зах. схілах Мінскага ўзв., ніжэй па паўд.-ўсх. ускраіне Нарачана-Вілейскай нізіны. Асн. прытокі: Сліжанка, Мышкаўка, Выпрата, Жучок, Рыбчанка (злева), Дроздка (справа). Даліна невыразная, шыр. 2—3 км. Пойма забалочаная, нізкая, шыр. 300—500 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 25 км каналізаванае, ніжэй звілістае, шыр. у межань у вярхоўі 5—10 м, ніжэй да 20 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,8 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў. У ніжнім цячэнні — зона адпачынку Вілейка.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Ашмянскім, Смаргонскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Віліі. Даўж. 105 км. Пл. вадазбору 1490 км². Пачынаецца каля в. Мураваная Ашмянка Ашмянскага р-на, у вярхоўі цячэ па цэнтр. частцы Ашмянскага узв., у сярэднім і ніжнім цячэнні па Нарачанка-Вілейскай нізіне. Асн. прытокі: Гаружанка, Панарка, Сікуня, Сікунка (справа), Лоша, Кернава (злева).

Даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Схілы стромкія і абрывістыя, слабапарэзаныя, выш. 14—18 м. Пойма роўная, перасечаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Берагі стромкія, абрывістыя, у ніжнім цячэнні зараслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,4 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ Рачунскае вадасх., каля в. Харанжышкі сажалка. У пойме меліярац. каналы.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБР,

рака ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 124 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., каля в. Рафалова Талачынскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Можа, Еленка, Пліса (злева), Нача (справа).

Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма няроўная, месцамі забалочаная, шыр. 300—500 м. Рэчышча звілістае, утварае меандры, шыр. ракі ў межань 6—25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Па берагах паселішчы баброў, у пойме меліярац. каналы. На рацэ гар. пасёлкі Крупкі і Бобр.

Рака Бобр.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СЛАЧ,

рака ў Мінскай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Нёман). Даўж. 102 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Глушынцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., цячэ ў межах Мінскага ўзв., у ніжнім цячэнні праз Налібоцкія лясы. Асн. прытокі: Выганішчанка, Цецяроўка, Волма (злева), Яршоўка, Пяршайка, Валожынка (справа). Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная, у сярэднім цячэнні скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма ў вярхоўі роўная, шыр. да 50 м, у нізоўі да 2 км, месцамі забалочаная. Рэчышча звілістае, шыр. да 40 м, зарэгулявана 3 плацінамі. На ўсім працягу трапляюцца невял. астравы. Берагі стромкія, абрывістыя. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Месца адпачынку.

Рака Іслач каля в. Ракаў.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧО́СА,

рака ў Лёзненскім і Віцебскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 90 км. Пл. вадазбору 3510 м². Выцякае з воз. Зелянское каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на, цячэ па Лучоскай нізіне і ў межах Віцебскага ўзв. Асн. прытокі: Чарніца, Сухадроўка (справа), Ардышэўка, Серакаратнянка, Абалянка, Чарнічанка (злева). Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. 400—600 м. Пойма перарывістая, чаргуецца на берагах, больш развіта на левабярэжжы, шыр. яе 300—500 м. Рэчышча шыр. 20—30 м, у нізоўі да 60 м. Найвыш. ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пач. красавіка. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы крыгаход 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,4 м³/с.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́НЖАВАЯ (Oranje, Orange),

рака на Пд Афрыкі, у Лесота, ПАР і Намібіі. Даўж. 1860 км, пл. бас. 1020 тыс. км². Пачынаецца ў масіве Монт-а-Сурс (Драконавы горы) у Лесота пад назвай Сінку на выш. больш за 3000 м. Перасякае засушлівую вобласць. Высокі Велд, плато Кап, дзе цячэ ў цясніне. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады (Аўграбіс і інш.). Апошнія 100 км цячэ па раўніне, упадае ў Атлантычны ак., утварае бар (пясчаны падводны вал). Гал. прытокі — Каледан і Вааль. Паўнаводная з ліст. да сакавіка. У межах Высокага Велда часам амаль перасыхае. Сярэдні расход вады 800 м³/с. Гадавы сцёк каля 15 км³ (моцна мяняецца па гадах). Выкарыстоўваецца на водазабеспячэнне і арашэнне (пабудаваны арашальныя сістэмы). ГЭС. На Аранжавай буйныя гарады: Алівал-Норт, Прыска, Апінгтон (ПАР).

З.​Я.​Андрыеўская.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СПЛЯ,

рака ў Смаленскай вобл. Расіі і ў Віцебскім р-не, левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 136 км, у межах Беларусі 20 км. Пл. вадазбору 5410 км², у межах Беларусі 513 км². Выцякае з воз. Каспля ў Смаленскім р-не на ўсх. схілах Віцебскага ўзв., у нізоўі цячэ па Суражскай нізіне. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 300—400 м (у вярхоўі да 3 км). Пойма ніжэй вусця Габзы перарывістая, шыр. да 200 м. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 10—30 м у верхнім цячэнні і да 50 м у ніжнім. Асн. прытокі: Жараспея, Габза (злева), на Беларусі — Вымнянка і Неварожка (справа). Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 35 м³/с. На рацэ — г. Дзямідаў (Смаленская вобл.) і г.п. Сураж.

Рака Каспля ў Віцебскім раёне.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)