1) у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры — сістэма вадаспадаў, якія ствараюцца вадаёмамі, размешчанымі на розных узроўнях. У паркавых кампазіцыях дэкар. вырашэнне К. узбагачаецца арх. элементамі (паркавыя К. на італьян. вілах 16—18 ст., у Петрадварцы і інш.) і прыроднымі формамі з натуральнага каменю. Штучныя К. набываюць маляўнічасць і дэкаратыўнасць у спалучэнні з кветкамі, дэкар.-лісцевымі раслінамі. На Беларусі ў выглядзе дэкар. К. аформлены вадаскід на вадасховішчы «Крыніца» пад Мінскам, шэраг К. створаны на Сляпянскай воднай сістэме.
2) К. узмацнення — радыётэхнічная прылада, якая мае ўзмацняльны элемент (напр., электронную лямпу, паўправадніковую прыладу), ланцугі нагрузкі і сувязі з папярэднімі і наступнымі К. Звычайна ўзмацняльнік мае некалькі К., злучаных паслядоўна.
3) К. электрамашынны — агрэгат з дзвюх ці больш эл. машын, звязаных паміж сабой механічна і электрычна ці толькі электрычна. Выкарыстоўваецца для плаўнага рэгулявання частаты вярчэння эл. рухавіка ў электрапрыводах сярэдняй і вял. магутнасці.
4) К. гідраэлектрастанцый — сукупнасць гідраэлектрастанцый, размешчаных паслядоўна ўздоўж цячэння ракі. Дазваляе паўней выкарыстоўваць энергет. рэсурсы ракі, павысіць ступень рэгулявання сцёку і інш. 5) У пераносным сэнсе — імклівы, нястрымны паток чаго-н., напр., слоў, гукаў і інш.
А.В.Сычова (у садова-паркавым мастацтве і ландшафтнай архітэктуры).
Фантан «Каскад» у г. Петрадварэц Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАПА́ЕЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў г.п.Варапаева (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. 6,4 га. Створаны на аснове натуральнага хваёвага масіву ўздоўж зах. берага штучнага вадаёма.
Падзелены лагчынай на 2 часткі, злучаныя арачным мураваным мостам. Гал. ўезд у парк аформлены мураванай аркай, уезд у паўд.ч. вырашаны ў выглядзе 2 пар пілонаў рознай вышыні, папарна злучаных выгнутымі мураванымі сценамі. У парку растуць лістоўніца еўрапейская, клён ясенялісты, таполя бальзамічная і дэкар. кусты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОТ (франц. grotte ад італьян. grotta),
1) неглыбокая пячора са скляпеністай столлю і шырокім уваходам.
2) Расшырэнне пячоры пасля вузкага праходу.
3) Ніша ў канцы горнага ледавіка, адкуль выцякаюць расталыя воды. Бываюць аб’ектамі турызму (напр., Блакітны грот на в-ве Капры).
4) Тып паркавага збудавання (часам у выглядзе павільёна), муроўка і апрацоўка якога (ракавінкі, туф, камень) імітуюць натуральную пячору. Былі пашыраны ў еўрап.садова-паркавым мастацтве 16—18 ст., на Беларусі — з 18 ст. (грот у Гомельскім парку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МАЎЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдУ ад Браслава, 229 км ад Віцебска, 39 км ад чыг. ст. Друя. 1549 ж., 495 двароў (1995). У 1976 да Ахрэмаўцаў далучана в.Бяльмонты. Торфабрыкетны з-д «Браслаўскі». Аграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. За 0,5 км на Пд — курганны могільнік 8—10 ст. Мураваная капліца Збавіцеля (1858). Помнік садова-паркавага мастацтва Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПУСКАВЫ́Х РУХАВІКО́Ў.
Пачаў дзейнасць у 1944 з маторазборачнага, мех. ўчасткаў і мех. майстэрняў па рамонце рухавікоў. У 1945 уведзены ў эксплуатацыю маторазборачны і мех. цэхі, у 1947 — маторны. У 1959 перааснашчаны на выпуск трактарных рухавікоў, у 1971 на выпуск інш. прадукцыі. Цяпер завод — шматпрофільнае прадпрыемства па выпуску дызельных і пускавых рухавікоў магутнасцю 6 і 8 к.с., рэдуктараў, запасных частак; адзіны на Беларусі вытворца зварачных электродаў. Выпускае таксама тавары нар. ўжытку: мэблевую фурнітуру, люстры ў літых аправах, свяцільнікі, садова-агародны інвентар, керамічныя вырабы з маст. дызайнам і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял.Айч. вайну).
Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЦЯНЁЎСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў пач. 19 ст. ў в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. на беразе Дняпра. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 15 га. Размешчаны на 2 прыбярэжных тэрасах, уздоўж якіх праходзяць прагулачныя маршруты. Кампазіцыя ландшафтная.
На верхняй паўкруглай тэрасе стаяў сядзібны дом (не захаваўся). У паўн.ч. парку захаваліся рэшткі рэгулярнай планіроўкі — квадрат з кругам унутры, аформлены алеямі хвоі звычайнай, і штучны круглы ў плане ўзгорак. У парку растуць пераважна дрэвы мясц. парод, трапляюцца экзоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДАМІ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Вердамічы (Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Пл. каля 12 га. Парк пейзажнага тыпу. Цэнтрам яго кампазіцыі быў палац (не захаваўся). Тэрыторыя парку абнесена мураванай сцяной. Ад уязной брамы разыходзяцца цэнтр. і кальцавая алеі. У кампазіцыі парку выкарыстаны прыёмы паступовага раскрыцця пейзажу, кантрасту, улічаны асаблівасці афарбоўкі дрэў у розныя поры года, формы кроны, хуткасць росту і інш. Растуць дуб шарлахаўскі, клёны (чырвоны, серабрысты, ясенялісты), явар і яго пурпуровая форма, хвоя веймутава, лістоўніца (еўрапейская, польская), туя заходняя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.