БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (БелАМ),

вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова. Засн. ў 1945 у Мінску як Бел. тэатр. ін-т, з 1953 Бел. тэатр. маст. ін-т, з 1991 — БелАМ. У 1995—96 навуч. г. ф-ты: тэатр., мастацкі, дызайну; 15 кафедраў, 624 студэнты, 120 выкладчыкаў, у т. л. 12 прафесараў, дактароў навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1969, з 1993 асістэнтура-стажыроўка. Рыхтуе кадры для кіно і тэлебачання з 1984. З 1978 працуе студэнцкі тэатр, з 1985 — музей. Пры БелАМ дзейнічаюць Мінскае маст. вучылішча, Мінскі маст. ліцэй. Рэктары: М.​А.​Гурскі (1945—46), І.​П.​Прыс (1946—57), А.​І.​Бутакоў (1957—58), В.​К.​Цвірка (1958—60), П.​В.​Масленікаў (1960—64), В.​А.​Захараў (1964—68), Э.​П.​Герасімовіч (1968—84), А.​В.​Сабалеўскі (1984—89), В.​П.​Шаранговіч (з 1989).

Сярод выпускнікоў: нар. мастакі Беларусі А.​Анікейчык, В.​Грамыка, Л.​Гумілеўскі, А.​Кашкурэвіч, В.​Шаранговіч, Л.​Шчамялёў; засл. дзеячы мастацтваў Б.​Герлаван, А.​Бараноўскі, Г.​Паплаўскі, І.​Рэй, У.​Савіч, Ю.​Тур, У.​Тоўсцік, У.​Уродніч, І.​Міско, С.​Вакар, У.​Маланкін; нар. артысты Беларусі Г.​Аўсяннікаў, С.​Акружная, Г.​Гарбук, Л.​Давідовіч, А.​Дубашынскі, Г.​Дубаў, М.​Захарэвіч, У.​Куляшоў, Б.​Луцэнка, В.​Тарасаў, Т.​Кокштыс, В.​Раеўскі; пісьменнікі і мастацтвазнаўцы А.​Дудараў, У.​Клімовіч, Г.​Марчук, М.​Раманюк.

Літ.:

Вытокі творчасці: Беларуская акадэмія мастацтваў: [Альбом]. Мн., 1995.

Л.​Я.​Дзягілеў.

Беларуская акадэмія мастацтваў.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 4.8.1945 у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 20.6.1948. Агульная пл. 232,6 м², у т. л. пад экспазіцыяй 85,2 м². Размешчаны ў хаце, дзе 7.7.1882 нарадзіўся Я.​Купала, на ёй устаноўлена мемар. дошка (30.6.1946). З 1972 філіял уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Экспазіцыя складаецца з мемар. і гісторыка-літ. частак. У мемар. пакоі (адноўлены ў 1964) зберагаюцца асабістыя рэчы бацькоў паэта, мэбля, посуд канца 19 ст. У гісторыка-літ. частцы — архіўныя дакументы, аўтабіягр. матэрыялы, фотаздымкі, творы мастакоў Э.​Агуновіча, Я.​Раманоўскага, В.​Шаранговіча, што адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Купалы. Зберагаюцца таксама прылады працы і рэчы хатняга ўжытку. У летні перыяд на тэр. філіяла дзейнічае выстаўка твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вязынцы і філіялу прысвяцілі свае творы бел. (П.​Панчанка, Р.​Барадулін, К.​Буйло, А.​Вялюгін, Е.​Лось, П.​Прыходзька, С.​Шушкевіч і інш.), рус., укр., лат., арм. (Ю.​Ванаг, П.​Гарэцкі, А.​Грашы, Р.​Лубкіўскі, Л.​Хаўстаў, А.​Юшчанка), англ. і балг. (У.​Мэй, А.​Тодараў) і інш. паэты; мастакі М.​Бельскі, Р.​Віткоўскі, С.​Каткоў, А.​Кроль, М.​Купава, У.​Пашчасцеў, І.​Пратасеня, І.​Рэй, К.​Харашэвіч і інш.

Літ.:

Вязынка: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік: [Фотаальбом]. Мн., 1982.

Ж.​К.​Дапкюнас.

Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». Хата, у якой нарадзіўся паэт.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». Мемарыяльны пакой.

т. 9, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́Ж (франц. collage літар. наклейванне),

1) у выяўленчым мастацтве — тэхніка выканання маст. твора спосабам наклейвання на якую-н. аснову розных па сваёй прыродзе, фактуры і колеры матэрыялаў; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Выкарыстоўваецца ў графіцы, фотамастацтве, жывапісе для дасягнення большай эмацыянальнай выразнасці і незвычайнасці суадносін фактуры твора.

Тэхніка К. вядома з сярэдневякоўя для надання творам сакральнага характару праз дэкар. ўрачыстасць і святочнасць (візант. і стараж.-рус. абразы з элементамі німбаў і фонаў, выкананых пры дапамозе залатых наклеек). Выкарыстоўваўся ў творах некат. мастакоў Адраджэння (С.​Батычэлі і інш.), зах.-еўрап. і рус. мастакоў 18—19 ст., асабліва пашырылася ў творчасці прадстаўнікоў мадэрну, якія надавалі работам выразнае дэкар. гучанне праз выкарыстанне ў жывапісных кампазіцыях разнастайных матэрыялаў (тканіны, сярэбранай ніткі, фольгі, каменьчыкаў і інш.). Як самаст. від маст. дзейнасці і творчага метаду, што адлюстроўваў прынцыпы своеасаблівага ўспрыняцця свету, уведзены ў 20 ст. кубістамі (кампазіцыі П.​Пікасо, Ж.​Брака і інш.). У якасці вобразных сродкаў яны выкарыстоўвалі газеты, шпалеры, этыкеткі, часткі аб’яў і інш. К. стаў адным з гал. прынцыпаў мастацтва авангарду, пашырыўся ў творчасці прадстаўнікоў футурызму (Дж.​Северыні, А.​Кручоных), дадаізму (К.​Швітэрс, Ж.​Грос, М.​Рэй), супрэматызму (К.​Малевіч, У.​Татлін), сюррэалізму (Ж.​Міро, М.​Эрнст), поп-арту (Р.​Гамільтан, Дж.​Дайн) і інш.

У бел. мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некат. абразах 18—19 ст., у творах мастакоў У.​Стржамінскага, У.​Мудрогіна, М.​Данцыга, М.​Паўлоўскага, М.​Селешчука, Г.​Хацкевіча-Мінскага, В.​Смаляк, Л.​Кальмаевай і інш., асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.

2) У музыцы — выкарыстанне ў муз. творах стылістычна іншародных цытат (з твораў інш. кампазітараў ці ўласных) дзеля дасягнення асаблівых сэнсавых вынікаў. Адзін з прыёмаў тэхнікі полістылістыкі, пашыраны ў 20 ст. Сустракаецца ў творах Ч.​Айвза (квартэт № 2), А.​Берга (Канцэрт для скрыпкі), Л.​Берыо (сімфонія), Дз.​Шастаковіча (сімфонія № 15), Р.​Шчадрына (балет «Ганна Карэніна»); у бел. музыцы — у Дз.​Смольскага («Элегія і Таката памяці Дз.​Шастаковіча»). Эфект К. не ўзнікае пры стылявой асіміляцыі цытаты (паэма «1812 год» П.​Чайкоўскага), у творах з запазычаным тэматызмам («Варыяцыі па тэму Паганіні» І.​Брамса, «Пацалунак феі» І.​Стравінскага).

Літ.:

Музыкальные культуры народов: Традиции и современность. М., 1973.

М.​Л.​Цыбульскі (выяўл. мастацтва), Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЛЬЕ́РЫ ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫКІ,

паўночная частка горнай сістэмы Кардыльераў на З Паўн. Амерыкі. Выцягнутыя у мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. ад Аляскі да Панамскага перашыйка на тэр. ЗША, Канады і Мексікі. Даўж. больш за 9 тыс. км, шыр. ад 800 км (у Канадзе) да 1600 км (у ЗША). У іх вылучаюцца 3 падоўжныя араграфічныя паясы: зах., унутр. і ўсходні. Заходні, або Ціхаакіянскі, пояс складаецца з ланцуга высокіх горных хрыбтоў. Найб. значныя: Аляскінскі хрыбет (з найвыш. пунктам мацерыка г. Мак-Кінлі — 6193 м), Алеуцкі, Берагавы хрыбет, Каскадныя горы, Сьера-Невада, Зах. Сьера-Мадрэ, Папярочная Вулканічная Сьера, Паўд. Сьера-Мадрэ. Уздоўж берага цягнецца раздроблены Астраўны хр. (архіпелаг Аляксандра, Каралевы Шарлоты астравы, в-аў Ванкувер). Усходні, або пояс Скалістых гор, утварылі масіўныя хрыбты: Брукса хрыбет, Рычардсан, горы Макензі, уласна Скалістыя горы (г. Элберг — 4399 м) і Усх. Сьера-Мадрэ. Да ўнутранага пояса належаць: на Алясцы — шырокія тэктанічныя ўпадзіны, якія чаргуюцца з плоскавяршыннымі горнымі масівамі выш. да 1500—1700 м (горы Кілбак, Кускаквім, Рэй); у Канадзе — шматлікія высокія плато (Юкан, Стыкін, Фрэйзер), горныя масівы і хрыбты (горы Касіяр—Омінека, 2590 м; Калумбійскія горы, да 3581 м); у ЗША і Мексіцы — высакагорныя масівы ў вобласці пашыранага развіцця баталітаў у штаце Айдаха (выш. да 3857 м), вулканічныя плато Снейк і Калумбійскае плато, нагор’е Вялікі Басейн, ступеньчатае плато Каларада і Мексіканскае нагор’е. Кардыльеры Цэнтр. Амерыкі складаюцца з 3 дуг: 2 з іх працягваюць ланцугі К.П.А. — Усх. Сьера-Мадрэ і Паўд. Сьера-Мадрэ, трэцяя — Вулканічная Сьера (вулкан Тахумулька, 4217 м, — найвыш. пункт Цэнтр. Амерыкі) працягваецца ад тэр. Гватэмалы да Панамы і злучаецца з Андамі Паўд. Амерыкі.

К.П.А сфарміраваны ў мезакайназоі з рознаўзроставых геал. структур: дакембрыйскіх (плато Каларада, некат. хрыбты Скалістых гор), крышт. палеазойскіх утварэнняў (плато Юкан, хрыбты Брукса, Макензі), мезазойскіх баталітаў (Берагавы хр., Сьера-Невада), складкавых асадкавых і вулканагенных тоўшчаў (хрыбты зах. пояса), кайназойскіх вывергнутых парод (Папярочная Вулканічная Сьера, Аляскінскі хр). Радовішчы свінцова-цынкавых, медна-малібдэнавых руд, вальфраму, урану, золата, нафты і інш. Ледавікі больш развіты ў паўн. частцы К.П.А. Агульная пл. зледзянення каля 67 тыс. км². Найб. нізкая (300—450 м) снегавая мяжа апускаецца на ціхаакіянскім схіле гор Паўд. Аляскі, месцамі зніжана да ўзроўню акіяна; найб. высока (больш за 4500 м) размешчана ў Мексіцы.

На схілах К.П.А. бяруць пачатак рэкі басейнаў Місуры, Юкана, Калумбіі, Каларада, Фрэйзера і інш. Найб. паўнаводныя горныя рэкі з вял. падзеннем і зарэгуляваным азёрамі вадасцёкам маюць вял. гідраэнергапатэнцыял, шырока выкарыстоўваюцца для атрымання электраэнергіі і на арашэнне. У К.П.А. назіраецца паслядоўная змена клімату ад арктычнага да трапічнага. Найб. амплітуды сярэднегадавых тэмператур адзначаліся на ўнутр. плато. Сярэдняя т-ра студз. на плато Юкан каля -30 °C, ліп. 15 °C. На нагор’і Вял. Басейн адпаведна 0 °C і 24 °C. К.П.А. працягваюцца перпендыкулярна пераносу паветр. мас, таму вільготнасць клімату крайніх паясоў і ўнутр. адрозніваецца. Ва ўмераным поясе больш вільготны крайні З (у Берагавым хр. ападкаў 4000—6000 мм за год), у трапічным — крайні У (на Мексіканскім нагор’і ападкаў 2000 мм за год). На ўнутр. пласкагор’ях — 200—400 мм, у пустыні Махаве — 50 мм за год. Паўн. частка К.П.А. занята хвойнымі лясамі. Яны цягнуцца ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ад Паўд. Аляскі да штата Каліфорнія. Лясы таежнага тыпу растуць таксама на наветраных схілах Скалістых гор і ўнутр. плато да 50° паўн. ш. Далей на Пд сухія стэпы, паўпустыні і пустыні з палынова-лебядовай і сукулентнай (кактусы, агавы, юкі) расліннасцю. Вонкавыя схілы Мексіканскага нагор’я ўкрыты вільготна-трапічнымі лясамі. На Ціхаакіянскім узбярэжжы Цэнтр. Амерыкі пераважна лістападныя трапічныя лясы. Міжгорныя катлавіны заняты рэдкалессямі і другаснымі саваннамі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: шэры і чорны мядзведзі, горны карыбу, снежная каза, віларогая антылопа, пума, рысь, воўк, грызуны, паўзуны і птушкі. Стэпавыя землі далін апрацоўваюцца, лесастэпы выкарыстоўваюцца пад пашу; у субтропіках на арашальных землях рачных далін — садаводства; у тропіках вял. плошчы пад плантацыямі трапічных культур і пасевамі збожжавых. Заселена ў асноўным узбярэжжа.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),

від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.

Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст. самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.​Груневальд, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах у Германіі, А.​Альтдорфер, П.​Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.​Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.​П.​Рубенс у Фландрыі, А.​Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.​Ларэна, Н.​Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.​Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.​Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.​Д.​Фрыдрых, Л.​Рыхтэр у Германіі, У.​І.​Кох у Аўстрыі, У.​Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.​Каро, Г.​Курбэ, Ж.​Ф.​Міле (Францыя), Дж.​Констэбла (Вялікабрытанія), А.​Менцэля (Германія), І.​Айвазоўскага, А.​Бенуа, Л.​Бродскай, І.​Грабара, А.​Дайнекі, А.​Куінджы, І.​Левітана, Г.​Ніскага, В.​Паленава, М.​Рэрыха, А.​Саўрасава, В.​Сярова, І.​Шышкіна (Расія), М.​Сар’яна (Арменія), А.​Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.​Банар, К.​Манэ, Э.​Манэ, К.​Пісаро, А.​Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.​Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.​Гаген, П.​Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.

У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.​Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.​Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.​Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.​Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.​Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.​Альхімовіч, В.​Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.​Жукоўскі, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Н.​Орда, Ю.​Пэн, К.​Русецкі, Ф.​Рушчыц, Я.​Сухадольскі, І.​Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.​Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.​Волкаў, І.​Гембіцкі, Я.​Драздовіч, Я.​Зайцаў, У.​Кудрэвіч, Л.​Лейтман, С.​Лі, М.​Сеўрук, М.​Станюта, А.​Тычына (1920—50-я г.), А.​Бархаткоў, У.​Басалыга, Я.​Батальёнак, Г.​Вашчанка, В.​І.​Вярсоцкі, В.​Грамыка, М.​Данцыг, М.​Ісаёнак, К.​Качан, А.​Кроль, У.​Лагун, З.​Літвінава, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, Л.​Марчанка, У.​Маскоўскіх, П.​Масленікаў, Г.​Паплаўскі. У.​Пасюкевіч, М.​Селяшчук, Г.​Скрыпнічэнка, В.​Сумараў, І.​Рэй, В.​Цвірка, Л.​Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.

Літ.:

Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;

Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;

Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;

Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;

Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;

Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;

Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.
Да арт. Пейзаж. І.​Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.
Да арт. Пейзаж. В.​Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.
Да арт. Пейзаж. В.​Грамыка. Раніца туманная. 1974.
Да арт. Пейзаж. В.​Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ДЗЕ́ЯЧ МАСТА́ЦТВАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафес. рэжысёрам, балетмайстрам, дырыжорам, хормайстрам, кампазітарам, драматургам, мастакам, архітэктарам, дызайнерам, мастацтвазнаўцам і інш. дзеячам мастацтваў, якія працуюць у галіне мастацтва 15 і больш гадоў і зрабілі значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, або за вял. заслугі ў выхаванні і падрыхтоўцы творчых кадраў, стварэнні навук. прац. Званне засл. дз. мастацтваў Беларускай ССР устаноўлена 5.12.1927 і прысвойвалася СНК БССР, з 1938 — Прэзідыумам Вярх. Савета БССР; з 1991 званне засл. дз. мастацтваў Рэспублікі Беларусь прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам ад 13.4.1995 прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь

1934. І.​Р.​Лангбард, М.​Г.​Манізер.

1935. Б.​Л.​Брадзянскі, А.​Вольны (А.​І.​Ажгірэй), Р.​Я.​Кобец, У.​У.​Корш-Саблін. 1938. З.​І.​Азгур, А.​А.​Бембель, А.​В.​Грубэ, М.​А.​Керзін, У.​У.​Кумельскі, Г.​К.​Папавіцкі. 1939. Я.​М.​Кругер.

1940. А.​М.​Бразер, А.​П.​Воінаў, В.​В.​Волкаў, Н.​Б.​Грубін, В.​А.​Залатароў, Я.​У.​Зільберберг-Скупнік, Н.​І.​Паніна, А.​Я.​Туранкоў, Я.​К.​Цікоцкі, П.​І.​Ціханаў, М.​М.​Чуркін, М.​Э.​Шнейдэрман.

1944. І.​В.​Ахрэмчык, А.​В.​Багатыроў, А.​К.​Глебаў, І.​У.​Жалтоўскі, Я.​А.​Зайцаў, У.​М.​Кудрэвіч, Ф.​А.​Мадораў, А.​П.​Марыкс, М.​Ф.​Садковіч.

1945. Н.​Б.​Лойтар, С.​П.​Нікалаеў.

1946. Л.​М.​Літвінаў (Гурэвіч), Р.​Р.​Шырма.

1949. Т.​К.​Лапаціна, М.​А.​Міцкевіч, Г.​М.​Пятроў, А.​А.​Рыбальчанка, І.​М.​Ушакоў, Г.​І.​Цітовіч, Л.​А.​Ярмоліна.

1952. А.​Б.​Скібнеўскі.

1953. В.​Ф.​Фёдараў.

1954. Т.​М.​Каламійцава, Я.​В.​Кладухін, Л.​У.​Любімаў, П.​В.​Масленікаў.

1955. У.​Л.​Акуліч, Я.​Э.​Віцінг, А.​І.​Гінцбург, І.​А.​Гітгарц, А.​Б.​Грыгар’янц, А.​Р.​Зархі, Дз.​А.​Лукас, М.​Ф.​Маслаў, А.​В.​Міронскі, Я.​Дз.​Нікалаеў, Р.​К.​Пукст, С.​І.​Селіханаў, У.​П.​Сухаверхаў, В.​К.​Цвірка, В.​А.​Яфімаў.

1956. Б.​Ф.​Звінагродскі, Б.​Х.​Кабішчар, І.​І.​Любан, Л.​І.​Мазалеўская, К.​А.​Мулер.

1957. У.​У.​Алоўнікаў, К.​К.​Казелка, П.​П.​Падкавыраў, М.​М.​Пігулеўскі.

1959. Г.​Б.​Шчарбакоў.

1960. П.​С.​Акулёнак, Л.​У.​Голуб.

1961. А.​Р.​Апанасенка, Ю.​А.​Арынянскі, П.​А.​Данілаў, І.​Л.​Дорскі, В.​Ф.​Сербін, У.​М.​Стэльмах.

1963. Л.​М.​Абеліёвіч, А.​Л.​Андрэеў, Г.​М.​Вагнер, А.​П.​Кагадзееў, Дз.​Р.​Камінскі, К.​М.​Касмачоў, А.​А.​Паслядовіч, Ю.​У.​Семяняка, А.​Дз.​Шыбнёў.

1964. І.​С.​Абраміс, А.​А.​Булінскі, Я.​Б.​Парватаў, У.​Дз.​Станкевіч, М.​М.​Фігуроўскі, У.​П.​Цяслюк.

1965. К.​П.​Стэцкі.

1966. А.​В.​Аладава, Н.​М.​Воранаў, Я.​А.​Глебаў, К.​Л.​Губарэвіч, С.​Р.​Раманаў.

1967. М.​З.​Бераў, І.​Н.​Вейняровіч, А.​Дз.​Забалоцкі, В.​Р.​Карпілаў, І.​І.​Кузняцоў, Л.​М.​Лейтман, К.​І.​Паплаўскі, С.​К.​Скварцоў.

1968. Е.​М.​Ганкін, М.​Ц.​Гуціеў, Р.​У.​Кудрэвіч, В.​У.​Роўда.

1969. М.​Лужанін (А.​А.​Каратай), Р.​І.​Масальскі.

1970. В.​А.​Грамыка, А.​М.​Дадышкіліяні, П.​С.​Крохалеў, П.​К.​Любамудраў, М.​М.​Марусалаў, М.​А.​Савіцкі, С.​І.​Сплашноў.

1973. У.​П.​Белавусаў, М.​В.​Данцыг, С.​С.​Казіміроўскі, А.​М.​Кашкурэвіч, І.​М.​Лучанок.

1974. Э.​П.​Герасімовіч, І.​М.​Дабралюбаў, Ю.​А.​Марухін, Л.​С.​Мухарынская, Б.​М.​Сцяпанаў, М.​П.​Фрайман, В.​П.​Чацверыкоў, Ю.​М.​Яфімаў.

1975. М.​Д.​Браценнікаў, Б.​І.​Луцэнка, У.​І.​Няфёд, І.​Ц.​Пікман, Дз.​Б.​Смольскі, В.​Ц.​Тураў.

1976. А.​С.​Гугель, В.​М.​Елізар’еў, В.​М.​Раеўскі.

1977. Г.​Х.​Вашчанка, Б.​Ф.​Герлаван, Л.​М.​Гумілеўскі, А.​М.​Заспіцкі, У.​А.​Маланкін, А.​А.​Малішэўскі, Л.​М.​Мягкова, Г.​Г.​Паплаўскі, Ю.​М.​Тур, Л.​Дз.​Шчамялёў.

1978. С.​М.​Вакар, В.​Н.​Дашук, М.​П.​Дрынеўскі, Я.​А.​Ігнацьеў, М.​А.​Казінец, В.​П.​Шаранговіч.

1979. У.​А.​Дзяменцьеў, Э.​Дз.​Корсакаў, І.​Г.​Смірноў, Б.​С.​Смольскі, Б.​А.​Шангін.

1980. А.​І.​Бутакоў, В.​М.​Гольдфельд, А.​З.​Гутковіч, С.​А.​Каргэс, А.​М.​Кішчанка, У.​А.​Машэнскі, І.​Н.​Стасевіч.

1981. Дз.​І.​Алейнік, Б.​А.​Аліфер, Л.​П.​Асецкі, Дз.​Я.​Зайцаў, В.​Г.​Кубараў, Ю.​В.​Лысятаў, В.​А.​Нікіфараў, В.​С.​Пратасеня, С.​У.​Пятроўскі, У.​І.​Стальмашонак, В.​Ф.​Сумараў.

1982. А.​Ю.​Мдывані, М.​М.​Пташук, А.​А.​Салаўёў, Э.​С.​Ханок.

1983. В.​А.​Леантовіч, І.​Ц.​Ціханаў, Р.​Ю.​Шаршэўскі.

1984. В.​Я.​Мазынскі.

1985. Л.​К.​Захлеўны, А.​Я.​Карпаў, Р.​Ф.​Сурус.

1986. В.​У.​Дудкевіч, М.​В.​Сірата.

1987. М.​К.​Казакевіч, Л.​П.​Лях, З.​Я.​Мажэйка.

1988. У.​В.​Дарохін, В.​К.​Іваноў, І.​П.​Рэй, Г.​Р.​Фаміна.

1989. В.​В.​Варановіч, С.​А.​Волкаў, П.​С.​Дурчын, І.​Я.​Міско, Н.​І.​Шчасная.

1990. Ю.​П.​Альбіцкі. У.​К.​Гоманаў, У.​П.​Забела, А.​Р.​Захараў, Л.​Л.​Іваноў, М.​М.​Ізворска-Елізар’ева, Б.​А.​Крапак, У.​С.​Мурахвер, М.​М.​Пушкар, Ф.​Дз.​Пыталеў, Я.​М.​Рэутовіч, У.​П.​Савіч, У.​А.​Тоўсцік, М.​Я.​Фінберг.

1991. В.​Д.​Анісенка. А.​С.​Бархаткоў, Я.​С.​Бусел, А.​А.​Дудараў, Л.​А.​Дударэнка, Б.​І.​Казакоў, М.​С.​Кірылаў, З.​В.​Літвінава, В.​П.​Рыбараў, І.​А.​Цвятаева, Ю.​М.​Цвяткоў, Ю.​М.​Чурко, У.​А.​Шаліхін, В.​М.​Шаталаў, Л.​Б.​Яфімава.

1992. А.​В.​Бараноўскі, Т.​А.​Дубкова, Ю.​А.​Карачун, М.​У.​Кірэеў, М.​Р.​Солапаў, У.​В.​Уродніч, А.​І.​Чартовіч.

1993. І.​М.​Сталяроў.

1994. Дз.​М.​Браўдэ, Э.​Б.​Зарыцкі, М.​С.​Калядка, П.​М.​Макаль, І.​Г.​Мацюхоў, Н.​І.​Мацяш, У.​Я.​Пузыня, М.​А.​Рыжанкоў.

1995. Л.​К.​Алексютовіч, В.​А.​Войцік, П.​А.​Данелія, Г.​П.​Зелянкова, І.​М.​Паньшына, В.​Л.​Рахленка.

1996. Б.​У.​Аракчэеў, І.​С.​Дмухайла, А.​І.​Калядэнка, Т.​М.​Паражняк, Г.​Ф.​Шутаў, Н.​Л.​Янушкевіч.

1997. І.​К.​Абразевіч, У.​А.​Караткевіч, Г.​С.​Пячонкіна, М.​У.​Сацура, У.​П.​Скараходаў.

1998. А.​А.​Козак, А.​М.​Лапуноў.

т. 6, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРАДЖЭ́ННЕ, Рэнесанс,

эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (14—1-я пал. 17 ст.). Абумовіла прагрэс. змены ў эканам. і сац.-паліт. жыцці еўрап. краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў бурж. адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нац. дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеад. рухаў і рэліг. барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце «Адраджэнне» ўключаюць таксама грамадска-культ. рух у еўрапейскіх, у т. л. славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культ. уздымам, вызв. барацьбой, абуджэннем нац. свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці (каралінгскае Адраджэнне, балгарскае Адраджэнне і інш.). М.​Багдановіч, аўтар паняцця «беларускае Адраджэнне», уключаў у гэты працэс і нац.-культ. развіццё бел. народа ў 16 — пач. 20 ст. (гл. Адраджэнне нацыянальнае). Характэрная асаблівасць Адраджэння — зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрап. культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі — прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і паліт. дзеячы і інш. У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманіст. светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сац. рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебурж., саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэліг., хрысціянскія — з язычніцкімі, натуралістычныя і навук. — з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека. — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха Адраджэння адметная вял. геагр. адкрыццямі, буйнымі дасягненнямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.

У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьян. Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і г.д.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэліг. і нац.-культ. рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрап. Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва), дзе інтэнсіўна развіваліся нац. самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі л-ра і мастацтва.

Навука і тэхніка. Адной з адметных рысаў эпохі Адраджэння было ўзнікненне навук. прыродазнаўства. Гэтаму спрыялі практычныя патрэбы грамадства (гандаль, мараплаванне, буд-ва, ваен. справа), а таксама ўзнікненне новага, антыдагматычнага светапогляду.

Найб. значныя адкрыцці ў астраноміі, геаграфіі, тэхніцы, Вялікія геаграфічныя адкрыцці (Х.​Калумба, Васка да Гамы і інш.) пацвердзілі шарападобнасць Зямлі і стымулявалі станаўленне геалогіі, батанікі, заалогіі і этнаграфіі. Адкрыццё М.​Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету дало новы імпульс развіццю дакладнага прыродазнаўства, што прывяло да стварэння ў канцы 17 ст. механікі І.​Ньютана. Італьян. вучоны А.​Везалій працай «Пра будову чалавечага цела» (1543) заклаў асновы анатоміі. Ісп. вучоны М.​Сервет блізка падышоў да адкрыцця кругавароту крыві ў арганізме. Хім. даследаванні ўласцівасцяў розных мінералаў (Ф.​Парацэльс і інш.) далі пачатак навук. фармакалогіі, садзейнічалі ўзнікненню клінічнай медыцыны і новых метадаў лячэння хваробаў. У выніку адкрыццяў у матэматыцы, механіцы і астраноміі знойдзены спосабы рашэння агульных ураўненняў 3-й і 4-й ступеняў (італьян. матэматыкі Дж.​Кардана, Н.​Тарталья, Л.​Ферары), распрацавана сучасная літарная сімволіка (франц. матэматык Ф.​Віет), уведзены дзесятковыя дробы і адкрыты закон раўнавагі сіл на нахільнай плоскасці (галандскі вучоны С.​Стэвін). Эксперыментальна вывучаліся законы падзення целаў (Г.​Галілей), руху планет (І.​Кеплер), стваралася тэорыя простых механізмаў. Леанарда да Вінчы сканструяваў ткацкі станок, прадзільную і землечарпальную машыны, прапанаваў праекты лятальнага апарата, парашута і вял. гідратэхн. збудаванняў. Дасягненні матэматыкі і механікі спрыялі развіццю буд. справы, архітэктуры і караблебудавання. Вырабляліся машыны і механізмы для падымання грузаў і інш. работ, гідраўлічныя рухавікі, такарныя станкі, агнястрэльная зброя, удасканальваліся працэсы выплаўкі металаў і шліфавання шкла. Вынаходства падзорнай трубы і мікраскопа ўзбагаціла эксперым. метады даследаванняў. Усё гэта спрыяла аб’ектыўнаму пазнанню рэчаіснасці, развіццю філас. думкі, пашырэнню асветы і адукацыі.

Філасофія Адраджэння процістаяла схаластыцы, хоць і не парывала з сярэдневяковай традыцыяй. Вылучаліся яе этыка-гуманіст., неаплатанічная і натурфілас. лініі. Першая (Калуна Салютацы, Леанарда Бруні, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Эразм Ратэрдамскі, Ф.​Скарына, М.​Мантэнь) вылучалася цікавасцю да чалавека, яго прызначэння, унутр. свету, магчымасцяў і свабоды, выкарыстаннем сац.-этычных ідэй памяркоўнага стаіцызму (у духу «грамадзянскага гуманізму») і эпікурэізму (у духу раннебурж. індывідуалізму). Для прадстаўнікоў Паўночнага Адраджэння характэрна спроба гуманіст. перапрацоўкі хрысц. этыкі (Эразм Ратэрдамскі, Скарына і інш.). Неаплатанічная лінія Адраджэння (М.​Кузанскі, Марсіліо Фічына) знітавана з пастаноўкай радыкальных анталагічных праблем, стварэннем пантэістычнай карціны свету, распрацоўкай дыялектычных ідэй. Прадстаўнікі натурфілас. лініі (Ф.​Парацэльс, Дж.​Кардана, Б.​Тэлезіо, А.​Доні, Ф.​Патрыцы, Дж.​Бруна, Т.​Кампанела) разглядалі свет і чалавека, зыходзячы пераважна з «уласных пачаткаў», абапіраючыся на вопыт, навук. дасягненні, гіст. практыку і нар. мудрасць. Найб. значны вынік філасофіі Адраджэння — натураліст. пантэізм (Бруна), і яго аналаг — містычны пантэізм (Т.​Мюнцэр, Я.​Бёме). У эпоху Адраджэння ўзнікла і новае прыродазнаўства (Леанарда да Вінчы, М.​Капернік). Геліяцэнтрычнае вучэнне абумовіла радыкальны перагляд філас. уяўленняў пра сусвет. На яго падставе Бруна распрацаваў касмалагічнае вучэнне пра бясконцасць Сусвету. У той жа час рабілася намаганне аднавіць аўтэнтычнае вучэнне Арыстоцеля, скажонае схаластыкай і натуралістычнай інтэрпрэтацыяй арыстоцелізму (П.​Пампанацы). Узнікла сац. утопія (Т.​Мор, Кампанела, развівалася новая паліт. думка (Н.​Макіявелі, Ж.​Бадэн, А.​Маджэўскі, А.​Волан), у якой гісторыя трактавалася як вынік мэтанакіраванай дзейнасці людзей, дзярж. палітыка аддзялялася ад рэлігіі і маралі (Макіявелі) або шчыльна звязвалася з імі (Ж.​Кальвін, Волан). Сац.-паліт. філасофія Адраджэння зыходзіла з перакананняў неабходнасці ўдасканальваць існуючае грамадства, дзяржаву, царкву, норавы. Рэнесансавыя ідэі адлюстраваліся ў рэфармац. вучэннях, у якіх сцвярджалася суверэннасць індывід. рэліг.-маральнай свядомасці чалавека (М.​Лютэр, Скарына).

На Беларусі ў 15 — 1-й пал. 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканам. і сац.-паліт. ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэс. рэфармісцкага руху (агр., адм., суд., ваен. рэформы 1550—80-х г.), у выніку якіх адбывалася паліт. цэнтралізацыя і дзярж.-прававая стабілізацыя бел.-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраванне бел. народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнар. культ. сувязяў, гуманіст. і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айч. бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманіст. цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні ант. культурай, станаўленні бел. л-ры і літ. мовы, развіцці гістарыяграфіі, філас. і грамадска-паліт. думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсх. і зах. рэліг.-царк. і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення бел. культуры ў складзе поліэтн. і рознарэліг. дзярж. ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нац. і дзярж. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў. Характэрнымі рысамі айч. Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэліг. талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне бел., укр., літ., польскай і рус. культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асн. прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці: фарміраваўся бел. менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нац. характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася айч. філас. і грамадска-паліт. думка, л-ра, архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр.

У развіцці айч. грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 ст. — 1550-я г.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманіст. тэорыі і сац.-дзярж. практыкі; 3-і (канец 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманіст. думкі і выхадам яе на агульнаеўрап. арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэліг. барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай уніі 1596, культурай айч. барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэліг.-тэалагічнай форме (рацыяналізм С.​Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філас. спосаб фармулёўкі асн. уяўленняў (С.​Лован, К.​Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Брэсцкая біблія, «Хроніка» М.​Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы, замагільнага жыцця, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне айч. мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывід. намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысц. этыкі, адраджаліся філас.-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывід. дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадз. абавязку і інш. (Скарына, М.​Гусоўскі, М.​Літвін, С.​Кашуцкі, Волан, Якуб з Калінаўкі, М.​Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асн. праблема сац.-паліт. і прававой думкі айч. Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Скарына, С.​Будны, А.​Валовіч, Л.​Сапега, Волан). Геніяльным прадбачаннем Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нац. самасвядомасці на 1-м этапе (16 ст.) пераважалі этнакульт. кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нац. каштоўнасцяў (Скарына, С.​Будны, В.​Цяпінскі); на 2-м этапе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.) нац. свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэліг.-канфесіянальнага самавызначэння (С.​Зізаній, М.​Сматрыцкі, І.​Пацей і інш.). Праблемы нац.-культ. суверынітэту бел. народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (С.​Будны, Сапега, Сматрыцкі).

Літаратура. У адрозненне ад саслоўнай л-ры сярэднявечча, якая стваралася на мясц. дыялектах або на латыні, у эпоху Адраджэння ўзніклі першыя нацыянальныя (паводле мовы і значэння) літаратуры.

Росквіт італьян. л-ры ў 14—16 ст. (лірыка Ф.​Петраркі, навелы Дж.​Бакачыо, этычныя і паліт. трактаты палемістаў ад Петраркі да Н.​Макіявелі, паэмы Л.​Арыёста і Т.​Таса) вылучылі італьян. культуру як трэцюю (побач з дзвюма антычнымі) класічную для інш. краін. У Германіі і Нідэрландах л-ра Адраджэння развівалася паралельна з Рэфармацыяй і знайшла ўвасабленне ў публіцыстыцы і антыклерыкальнай сатыры («Карабель дурняў» С.​Бранта, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага, «Пісьмы цёмных людзей» У. фон Гутэна). Рэнесансавая л-ра Францыі акрамя антычнай і італьян. культуры абапіралася і на нар. «гальскую» традыцыю вальнадумства (лірыка Ф.​Віёна, К.​Маро); яе вяршыня — раман Ф.​Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль», лірыка П.​Рансара. Помнікам позняга Адраджэння (перыяду рэліг. войнаў 2-й пал. 16 ст.) сталі «Вопыты» М.​Мантэня. Са слав. л-р Адраджэнне найб. яскрава праявілася ў паўд.-славянскай (т.зв. далмацінска-дуброўнідкае Адраджэнне) і ў польскай. У Дуброўніку і інш. вольных гарадах з канца 15 ст. развівалася далмацінская л-ра, блізкая да суседняй італьянскай. У Польшчы Адраджэнне звязана пераважна з узвышэннем шляхты ў 16 ст. і з Рэфармацыяй (абаронца шляхецкай дэмакратыі М.​Рэй — аўтар першых твораў на польск. мове). У Англіі росквіт гуманіст. л-ры канца 16 ст. звязаны з творчасцю Ф.​Сідні, Э.​Спенсера, Дж.​Лілі. Сусв. славу англ. Адраджэнню прынёс тэатр канца 16 — пач. 17 ст. Цікавасць да «тытанічнай» асобы, паэтызацыя нац. мінулага, народнасць ідэй, вольная форма драмы характэрныя драматургіі У.​Шэкспіра. Фінальнай з’явай ісп. і ўсяго еўрап. Адраджэння стала творчасць М.​Сервантэса, асабліва яго раман пра Дон Кіхота, заснаваны на трагікамічным канфлікце паміж гераічнай асобай і варожай яму сістэмай грамадскага жыцця.

Характэрная рыса літ. працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсх., візантыйска-праваслаўных і зах., лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царк.-рэліг. л-рай у 15—16 ст. Усё больш выкарыстоўвалася жывая нар. мова, якая падрывала манаполію царк.-слав. мовы. З’явіліся бел. пераклады свецкіх твораў замежнай л-ры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі. Вял. ролю ў станаўленні нац. л-ры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабел. мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзярж. прывілеі, граматы, Статуты ВКЛ і інш.), новыя бел. летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гіст. аповесцямі. Высокімі літ.-маст. якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс. Здабыткам бел. л-ры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пач. 16 ст. М.​Гусоўскага («Песня пра зубра») і Я.​Вісліцкага («Пруская вайна»). Важным этапам у развіцці айч. л-ры эпохі Адраджэння была дзейнасць Ф.​Скарыны, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамаст. і арыгінальныя творы бел. л-ры пач. 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пач. 17 ст. ў ВКЛ утварыўся шэраг культ.-асв. цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Брэст, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гіст., філас., паліт. трактаты, творы ант. пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы. Рэфармацыйна-гуманіст. рух, рэліг.-грамадская барацьба 16 — 1-й пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на бел., польск., лац. мовах (С.​Будны, В.​Цяпінскі, С.​Кашуцкі, А.​Волан, Л.​Сапега, С. і Л.​Зізаніі, І.​Пацей, Л.​Карповіч, М.​Сматрыцкі, Я.​Пашкевіч, І.​Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б.​Будны, А.​Рымша, Я.​Радван, С.​Грахоўскі, Я.​Казаковіч, Л.​Мамоніч, Г.​Пельгжымоўскі, Ф.​Іяўлевіч, Я.​Пратасевіч, М.​Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.). Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная л-ра розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова. У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З’явіліся вершаваныя паэмы Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатыр. творы, напісаныя сакавітай нар. мовай («Прамова Мялешкі»). Цікавасць да прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай л-ры (Ф.​Еўлашоўскі, Ф.​Кміта-Чарнабыльскі, А.​Каменскі-Длужык, Я.​Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л.​Зізаній, Сматрыцкі). Помнікамі айч. прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі л-ры выкладчыкаў бел. калегіумаў, віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» С.​Лаўксміна і інш.).

Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Народжанае адмаўленнем сярэдневяковай умоўнасці і сімволікі, мастацтва Адраджэння несла ідэі гуманізму, узвышала чалавека-мысліцеля. У цэнтры яго — гарманічна развіты чалавек.

У перыяд ранняга Адраджэння (15 ст.) мастацтва Італіі развівалася ў рамках Фларэнційскай, Умбрыйскай, Падуанскай і Венецыянскай школ жывапісу. Мастакі гэтых школ у сваёй творчасці спалучалі ідэі ант. гуманізму і рэалізму, заснаваныя на вывучэнні натуры, уяўленні пра фіз. хараство і духоўную веліч чалавека. Яны ўзбагацілі мастацтва дакладным веданнем будовы чалавечага цела, перадачай перспектывы, ракурсаў, святлаценяў і г.д. Гэта найб. яскрава выявілася ў разнастайнай па характары творчасці жывапісцаў Мазачыо, Д.​Гірландайо, А.​Мантэнья, П’ера дэла Франчэска, С.​Батычэлі, Анджэліка, П.​Перуджына, сем’яў Беліні, Ліпі, скульптараў Л.​Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверча, Лука дэла Робія, А.​Верок’ё. Апрача станковага жывапісу шырока развівалася мастацтва фрэскі. Рэалізм высокага Адраджэння (канец 15 — 1-я чвэрць 16 ст.) дасягнуў класічнай яснасці, манументальнасці вобразаў і абагульнення (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, А.​Карэджа, Тыцыян, Джарджоне, П.​Веранезе, Я.​Тынтарэта, Джуліо Рамана і інш.). У перыяд феад. рэакцыі і Контррэфармацыі (з пач. 16 ст.) у Італіі ўзнікла мастацтва маньерызму, якое вызначалася суб’ектывізмам, манернасцю, вытанчанасцю формы (Я.​Панторма, А.​Бранзіна, Ф.​Парміджаніна, Б.​Чэліні). У дэкар. мастацтве створаны ўзоры тканін, эмаляў, шкла, маёлікі, вырабаў з металу, кашт. камянёў і інш. З 15 ст. развіваецца мастацтва залочанай разьбы, «чартазіянская мазаіка». На новай аснове фарміравалася і архітэктура. Распрацоўваліся і ажыццяўляліся прынцыпы рэгулярнай забудовы гарадоў, у якіх акрамя культавых збудаванняў ствараліся характэрныя для італьян. Адраджэння манум. палацца, вілы, шпіталі, фантаны і інш. Ант. ордэрная сістэма ўзбагаціла тэктоніку будынкаў, унесла ў дойлідства лагічную суразмернасць і гарманічную яснасць (Ф.​Брунелескі, Л.​Б.​Альберці і інш.). На пач. 16 ст. ў Рыме пачаў складвацца агульна-італьян. арх. стыль (Д.​Брамантэ, Дж. да Віньёла, Дж.​Вазары). У Венецыі працавалі арх. М.​Санмікелі, Я.​Сансавіна, А.​Паладыо. У Нідэрландах мастацтва Адраджэння супала з росквітам позняй готыкі, узнікла грамадз. архітэктура.З сярэдзіны 16 ст. тут фарміраваўся арх. стыль, які арыентаваўся на ант. і італьян. дойлідства эпохі Адраджэння. У жывапісе развіваецца пераважна партрэт і пейзаж, асаблівая ўвага звяртаецца на перадачу навакольнага асяроддзя (Рагір ван дэр Вейдэн, Хуга ван дэр Гус, Г.​Мемлінг, Лука Лейдэнскі, Х.​Босх, К.​Масейс). Ян ван Эйк залажыў асновы, на якіх пасля развівалася нідэрл. мастацтва. У Германіі мастацтва Адраджэння высокага росквіту дасягнула ў канцы 15 — пач. 16 ст., асабліва ў жывапісе і гравюры (А.​Дзюрэр, А.​Альтдорфер, Г.​Гольбейн Малодшы і інш.). У франц. мастацтве Адраджэння адметна творчасць мастакоў Ж.​Фуке, Клуэ, скульптараў Ж.​Гужона, Ж.​Пілона; для архітэктуры каралеўскіх і дваранскіх замкаў характэрны вытанчаны стыль (замак Шамбор). Своеасаблівыя рысы набыло мастацтва Іспаніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі.

Пад уплывам рэнесансавай культуры Зах. Еўропы ў выяўл. мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманіст. культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу зах.-еўрап. формаў і візант. маст. спадчыны ўзнік нац. варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Ю.​Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К.​Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А.​Вейдэ). Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гіст. моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся быт. і этнагр. дэталі, арх. краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага р-на), узбагачаўся эмац. каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі р-н; «Лука і Сымон», Лунінецкі р-н). Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі р-н; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (А.​Гаштольда ў Вільні, М.​К.​Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я.​Энгельгарт і інш.). Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Ф.​Скарыны (Біблія, 1517—19), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце ВКЛ 1588. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М.​Р.​Радзівіла, В.​Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т.​Макоўскі і інш. выконвалі арх. пейзажы, карты, ілюстрацыі да навук. трактатаў. З 16 — 1-й пал. 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрап. Адраджэння, асабліва ў пашыраным на бел. землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царк. начыння і параднай зброі эмалямі, кашт. камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла. У бел. мастацтве 1-й пал. 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.

У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш. Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пач. 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкар. элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкар. ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).

Тэатр. У еўрап. т-ры 2-й пал. 15—16 ст. адбываўся паступовы пераход ад аматарскіх тэатр. формаў, звязаных з патрэбамі каталіцкай царквы, да прафес. т-ра, які існаваў як самастойная эстэт. і эканам. сістэма і абапіраўся на здабыткі ант. тэатр. мастацтва і тэорыю драмы.

Першыя спробы аднаўлення тэатра на ант. ўзор (напачатку стараж.-рымскі) зрабілі італьян. гуманісты. З канца 15 ст. ў Рыме, Ферары, Фларэнцыі на лац., потым і на італьян. мове ставілі творы П.​Тэрэнцыя, Ц.​М.​Плаўта, Л.​А.​Сенекі; на пач. 16 ст. — творы нац. драматургіі («Куфэрак» Л.​Арыёста, «Каляндра» Б.​Давіцы, «Мандрагора» Н.​Макіявелі), якія былі першай формай арыгінальнага рэнесансавага т-ра — італьян. вучонай камедыяй. Потым у рэпертуары з’явіліся трагедыя і пастараль. Пры дварах арыстакратаў, дзе звычайна адбываліся тэатр. паказы, пачыналі ўзводзіць і першыя тэатр. будынкі, арыентаваныя на рэстаўрацыю рымскай традыцыі. Пад уплывам рэнесансавага жывапісу развіваліся перспектыўныя дэкарацыі. З канца 16 ст. фарміруецца прынцыпова новы тып сцэны — сцэна-скрыня, які развіўся ў тэатры барока. Ант. мастацтва паўплывала на традыцыйныя нар. тэатр. формы многіх краін Еўропы, найперш на т-р Італіі, дзе створана камедыя дэль артэ, якая, не маючы сваёй сталай драматургіі, абапіралася на стараж.-рымскія традыцыі імправізацыйнага т-ра масак. У Англіі і Іспаніі ўздым познарэнесансавага еўрап. т-ра звязаны з драматургіяй У.​Шэкспіра, М.​Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі. Працэс стварэння нац. т-ра ў Францыі і на ням. землях ішоў запаволена. У эпоху Адраджэння (да пач. 17 ст.) склаліся асн. прынцыпы драматургіі, арганізацыі тэатр. прасторы, акцёрскага майстэрства, функцыянавання тэатр. труп, якія надоўга вызначылі еўрап. тэатр. традыцыі і ў многім захаваліся да сучаснасці.

На Беларусі першыя еўрап. тэатр. формы (літургічная драма, школьны тэатр) з’явіліся ў 16 ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным т-рам сталі важнымі кампанентамі бел. тэатр. культуры.

Музыка. У 14 — 1-й пал. 17 ст. ў муз. мастацтве адбыліся істотныя змены.

З’явілася нотадрукаванне, павялічылася роля свецкіх жанраў (шансон, мадрыгал, мадрыгальная камедыя, у канцы 16 ст. — опера, балет), пашырылася аматарскае музіцыраванне, самастойнай стала інстр. музыка (харальныя апрацоўкі, рычэркары, канцоны, прэлюдыі, такаты, фантазіі); адрадзілася цікавасць да танц. мастацтва. У традыцыйных царк. жанрах месе і матэце побач з грыгарыянскімі сталі выкарыстоўваць свецкія мелодыі. З пашырэннем храматызму, фарміраваннем мажору і мінору, гарманічнай функцыянальнасці, устанаўленнем новай трохгучнай канцэпцыі вертыкалі зазнала істотныя змены тэхніка кампазіцыі. На аснове агульнастыліст. заканамернасцяў адбывалася актыўнае фарміраванне нац. школ — нідэрландскай (Г.​Дзюфаі, І.​Окегем, Я.​Обрэхт, Жаскен Дэпрэ), італьян. (Палестрына, К.​Джэзуальда ды Веноза, Л.​Марэнцыо), франц. (К.​Жанекен), ням. (Г.​Фінк, Б.​Рэзінарыус), англ. (Дж.​Данстэйбл, У.​Бёрд), ісп. (К. дэ Маралес, Т.Л. дэ Вікторыя), чэш. (Я.​Т.​Турноўскі, К.​Гарант), польск. (Вацлаў з Шамотул, М.​Гамулка). Тэорыю музыкі развівалі ў Італіі І.​Тынкторыс, у Швейцарыі Гларэан, у Іспаніі Ф.​Салінас і інш.

На Беларусі асн. асяродкамі муз. Адраджэння з’яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена муз. адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асн. узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з’яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце (зб. «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні. Сярод муз. дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Ц.​Базылік, В.​Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура бел. канта, што стала значнай з’явай у прафес. свецкім і царк. мастацтве.

Літ.:

Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981;

Лосев А.Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978;

Баткин Л.М. Итальянские гуманисты: Стиль жизни и стиль мышления. М., 1978;

Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976;

Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;

Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;

Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;

Голенищев-Кутузов И.Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV—XVI веков. М., 1963;

Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст. Мн., 1992;

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979;

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII ст. Мн., 1984;

Шрамкова Г. Искусство Возрождения: Италия, Нидерланды, Германия, Франция: [Альбом]. М., 1977;

Бенеш О. Искусство Северного Возрождения: Пер. с англ. М., 1973;

Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мн., 1928;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;

Чантурыя В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;

Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Мн., 1988;

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;

Бернсон Б. Живописцы итальянского Возрождения: Пер. с англ. М., 1965;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. М., 1975;

Евдокимова Ю.К., Симакова Н.А. Музыка эпохи Возрождения. М., 1982.

С.​А.​Падокшын (агульная частка, філасофія, літаратура), А.​Ю.​Хадыка (выяўл. мастацтва і арх.), В.​М.​Арэшка (тэатр).

Да арт. Адраджэнне. С.​Батычэлі. Вясна. Каля 1477-78.
Да арт. Адраджэнне. Мікеланджэла. П’ета. 1498-1500.
Да арт. Адраджэнне. Леанарда да Вінчы. Мадонна ў скалах. Каля 1497—1511.
Да арт. Адраджэнне. Рафаэль. Мадонна з шчыглянём. 1507.
Да арт. Адраджэнне. Джарджоне. Навальніца. 1506—07.
Да арт. Адраджэнне. П.​Перуджына. Мадонна з дзіцем і святымі. 1496.
Да арт. Адраджэнне. Замак Шамбор у Францыі. Арх. Ж. і Д.​Сурдо, П.​Нево і інш. 1519—40.
Да арт. Адраджэнне. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Купал арх. Ф.​Брунелескі. 1420—36.
Да арт. Адраджэнне. Палац Дукале ва Урбіна (Італія). Унутраны двор. Каля 1470—1653.
Да арт. Адраджэнне. Г.​Гольбейн Малодшы. Партрэт Ш.​Марэта. 1536.
Да арт. Адраджэнне. А.​Дзюрэр. Чатыры коннікі. «Апакаліпсіс». Гравюра на дрэве. 1498.
Да арт. Адраджэнне. Апостал. Дрэва. Канец 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Да арт. Адраджэнне. Фрагмент арната з Пінска. Канец 15—16 ст.
Да арт. Адраджэнне. Партрэт Грызельды Сапега. Невядомы мастак. 1630-я г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Да арт. Адраджэнне. Партрэт Юрыя Радзівіла. Мастак невядомы. 1590-я г. Нацыянальны мастацкі музей.
Да арт. Адраджэнне. Тройца. Гравюра Ф.​Скарыны з кнігі «Быццё». 1519.
Да арт. Адраджэнне. Тэатральны паказ на плошчы ў Лувене (Бельгія). З гравюры 1594.
Да арт. Адраджэнне. Кальвінскі збор у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. 16 ст. (злева); Спаса-Праабражэнская царква ў г. Заслаўе. 2-я пал. 16 ст.
Да арт. Адраджэнне. Пацір. Канец 15 — пач. 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (злева); заслаўская кафля. Сярэдзіна 16 ст.
Да арт. Адраджэнне. Майсей перад народам. Гравюра Ф.​Скарыны з тытульнага ліста кнігі «Другі закон». 1519.

т. 1, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛІЯ (Portugal),

Партугальская Рэспубліка (República Portuguêsa), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве. Уключае а-вы Азорскія і Мадэйра ў Атлантычным акіяне. Мяжуе на Пн і У з Іспаніяй. Пл. 92,4 тыс. км². Нас. 9918 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г. Лісабон. Краіна падзяляецца на 18 акруг і 2 аўт. акругі (на астравах). Нац. свята — Дзень Партугаліі (10 ліп.).

Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі 1982, 1989, 1992 і 1997. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сход Рэспублікі (230 дэпутатаў, выбіраюцца на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. На ПнУ горныя хрыбты выш. 1000—1200 м (найб. выш. 1993 м, г. Эштрэла ў хр. Сера-да-Эштрэла) і плато. Уздоўж узбярэжжа — нізіна. На Пд ад р. Тэжу хвалістая Партугальская нізіна з асобнымі кражамі, Астравы гарыстыя. На в-ве Піку з групы Азорскіх а-воў г. Піку выш. 2351 м. У краіне бываюць моцныя землетрасенні. Карысныя выкапні: вальфрамавыя, алавяныя, уранавыя, медныя, жал. руды, мармур і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 5—11 °C, ліп. 20—29 °C. Ападкаў 700—1000 мм на ўзбярэжжы, 1000—2000 мм за год у гарах. Гал. рэкі: ніжнія цячэнні Міньё, Дору (Дуэра), Тэжу (Таха), Гвадыяна. Пад лесам (коркавы і каменны дуб, эўкаліпт, каштан, прыморская хвоя і пінія) і хмызнякамі (маквіс і гарыга) 36% тэрыторыі. Шмат грызуноў, птушак, паўзуноў. Трапляюцца воўк, куніца, ліс, рысь. Нац. парк Пенеда-Жэрэш, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Партугальцы складаюць больш за 98%. Жывуць невял. групы эмігрантаў з б. калоній, бразільцы і інш. Вернікі — католікі (97%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 107,3 чал. на 1 км². Больш за 70% насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы. У гарадах жыве 66% насельніцтва. Найб. (млн. ж., з прыгарадамі і суседнімі невял. гарадамі): Лісабон — 2,1, Порту — 1,7. У прам-сці і буд-ве занята 32% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 12%, у абслуговых галінах — 56%. Значная эміграцыя ў краіны Еўропы і Амерыкі.

Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут аселі кельты. У 4—3 ст. да н.э. большую ч. краіны насялялі лузітаны. У 138—136 да н.э. тэр. П. заваявалі рымляне, у канцы 1 ст. да н.э. яна амаль уся ўвайшла ў рым. прав. Лузітанія, у 1-й пал. 5 ст. н.э. — у каралеўства свеваў. У 2-й пал. 5 ст. свеваў выцеснілі вестготы. У 713—718 тэр. П. заваявалі арабы і берберы (маўры). Горныя землі на Пн ад р. Дору сталі ачагом Рэканкісты, да сярэдзіны 11 ст. яны ўвайшлі ў каралеўства Леон. У 1095 кароль Леона Альфонс VI (у 1094 яго войска разбілі каля Лісабона Альмаравіды) стварыў на Пн П. асобнае графства і аддаў яго ў леннае ўладанне свайму зяцю Генрыху Бургундскаму, які стаў тытулавацца графам Партугальскім (па назве рэзідэнцыі Портус-Кале, цяпер г. Порту). Сын Генрыха Альфонс I Энрыкіш у 1139 абвясціў сябе каралём (Альфонс I). У 1143 незалежнасць каралеўства П. (тагачасная сталіца — г. Каімбра) прызнаў Леон. У 1147 у арабаў адваяваны Лісабон, у 1249—50 з авалоданнем тэр. Алгарві ў П. завяршылася Рэканкіста. У час яе сфарміраваліся партуг. народнасць і элементы партуг. культуры, узмацнілася роля духавенства і духоўна-рыцарскіх ордэнаў. У 13 ст. ў П. ўстанавілася саслоўная манархія (гл. Картэсы), актывізаваўся рост гарадоў. Пасля смерці апошняга з Бургундскай дынастыі Фернанду I (1383) картэсы выбралі каралём П. вял. магістра Авіскага ордэна Жуана (Жуан 1), які адстаяў незалежнасць краіны. У 15—16 ст. у П. ўсталявалася абс. манархія, узмацнілася знешняя экспансія (пачалася з захопу ў 1415 афр. крэпасці Сеута і экспедыцый, арганізаваных Генрыхам Мараплаўцам). Да канца 15 ст. П. каланізавала зах. ўзбярэжжа Афрыкі (Гвінея, Ангола), а-вы Мадэйра, Зялёнага Мыса, Сан-Таме і Прынсіпі, Азорскія, пасля адкрыцця Васка да Гамай марскога шляху ў Індыю (1498) — усх. Афрыку (Мазамбік), Індыю (Гоа і Дыу), Паўд.-Усх. Азію (Макао і інш.), а пасля экспедыцыі П.А.Кабрала — Бразілію (з 1500). Эксплуатацыя багаццяў калоній спрыяла ўзнікненню ў П. мануфактурнай вытв-сці (канец 15—1-я пал. 16 ст.), але з-за марнатраўства сродкаў на прадметы раскошы з 2-й пал. 16 ст. назіраўся эканам. заняпад П. Пасля гібелі караля Себасцьяна I [1557—78] і спынення Авіскай дынастыі партуг. прастол заняў ісп. кароль Філіп II. У перыяд панавання ў краіне іспанцаў (1581—1640) П. была прыдаткам ісп. імперыі, удзельнічала ў войнах Іспаніі з Англіяй, Галандыяй. У выніку антыісп. паўстання 1640 вярнула незалежнасць (прызнана Іспаніяй у 1668), стала правіць дынастыя Браганса. У пач. 18 ст. П. ўдзельнічала ў вайне за іспанскую спадчыну, у сувязі з чым краіна трапіла ў паліт. і эканам. залежнасць ад Англіі (Лісабонскі дагавор 1703 і Метуэнскі дагавор 1703). У 2-й пал. 18 ст. праведзены рэформы маркіза Памбала, але большасць іх адменена пры Марыі I [1777—1816], У перыяд напалеонаўскіх войнаў П. акупіравалі франц. (1807), потым англ. войскі (да 1811); каралеўскі двор эмігрыраваў у Бразілію. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1820—23 краіна вызвалена ад англічан, ад яе адасобілася Бразілія (1822, незалежнасць прызнана П. у 1825), кароль вярнуўся ў Лісабон, прынята ліберальная канстытуцыя. Пасля рэвалюцыі адбыліся грамадз. Мігелісцкія войны 1823—34, у 1842—46 існавала ваен. дыктатура А.​Б.​Кабрала. У 1853 пракладзена першая чыгунка. У канцы 19 ст. сац.-эканам. цяжкасці абумовілі значную эміграцыю з краіны. Актывізацыя руху за ўстанаўленне рэсп. ладу (з 1870-х г.) прывяла да Партугальскай рэвалюцыі 1910 і падзення манархіі; першым прэзідэнтам рэспублікі быў Т.Брага. З 1916 П. ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне на баку Антанты. Ва ўмовах эканам. нестабільнасці (паміж 1910 і 1926 змяніліся 8 прэзідэнтаў і 44 урады) уладу захапілі ваенныя (путч 28.5.1926), якія адмянілі канстытуцыю 1911 і распусцілі парламент; з ліп. 1926 краінай кіраваў ген. А.О. дэ Фрагоза Кармона (прэзідэнт у 1928—51). У 1932 прэм’ер-міністрам з дыктатарскімі паўнамоцтвамі стаў А.Салазар. Паводле канстытуцыі 1933 у-П. ўстаноўлена карпаратыўна-аўтарытарная дзяржава (у гіст. і паліталагічнай л-ры разглядаецца як мяккі, або іберыйскі, варыянт фашызму), забаронены ўсе партыі, акрамя ўрадавага Нац. саюза (засн. ў 1930, з 1970 Нац. нар. дзеянне).

У 2-ю сусв. вайну П. абвясціла нейтралітэт, але пастаўляла стратэг. сыравіну Германіі, у канцы вайны пераарыентавалася на ЗША. Пасля вайны далучылася да Маршала плана (1948), НАТО. У 1951 партуг. калоніі абвешчаны заморскімі правінцыямі; уздым з пач. 1960-х г. нац.-вызв. руху ў афр. калоніях П. намагалася спыніць калан. войнамі. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1974 скінуты постдыктатарскі ўрад М.​Каэтану (з 1968), спынены калан. войны, П. прызнала незалежнасць Гвінеі-Бісау, Мазамбіка, а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ), Сан-Таме і Прынсіпі, Анголы. Канстытуцыя 1976 (са зменамі) заклала асновы сучаснага грамадска-паліт. ладу. У 1976—78, 1983—85 прэм’ер-міністрам, у 1986—96 прэзідэнтам дзяржавы быў М.Саарыш. З 1996 прэзідэнт П. — Ж.​Сампаю.

П. — чл. НАТО (з 1949), ААН (з 1955), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1968), Савета Еўропы (з 1976), Зах.-еўрап. саюза (з 1988), Еўрап. саюза (з 1993, з 1985 была чл. Еўрап. супольнасці). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. партыя (кіруючая), С.-д. партыя, Нар. партыя, Камуніст. партыя П. і інш. Прафс. аб’яднанні — Усеагульная канфедэрацыя партуг. працоўных — Нац. інтэрсіндыкал, Усеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Пасля рэвалюцыі 1974 павялічыўся дзярж. сектар, у шэрагу раёнаў праведзена агр. рэформа. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 144,8 млрд. дол., па 14,6 тыс. дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 36% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 60%. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай вальфрамавых (8-е месца ў свеце, штогадовая здабыча каля 2 тыс. т аксіду вальфраму), медных, алавяных, уранавых і жал. руд. Асн. раёны здабычы на Пн, медных руд — на Пд. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва (55%) і гідраэнергіі (45%). У 1997 атрымана 31,9 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Буйнейшыя ЦЭС каля Лісабона і Порту, ГЭС на рэках Дору і Тэжу. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне. Вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (у раёне Лісабона), аўтазборка (на базе імпартных вузлоў і дэталяў), эл.тэхн. прам-сць, вытв-сць некаторых тыпаў станкоў (у значнай ступені на экспарт), швейных машын, веласіпедаў, дызельных рухавікоў, а таксама традыц. металавырабаў (нажы, царк. званы і інш.). Развіваецца хім., нафтаперапр., нафтахім. прам-сць, выпуск мінер. угнаенняў, хім.-фармацэўтычных тавараў, сернай кіслаты. Развіты тэкст. (баваўняная — гарады Порту, Брага, шарсцяная — гарады Гуарда і Кавільян), швейная, гарбарна-абутковая, харч. (вытв-сць віна, рыбных кансерваў, аліўкавага алею) прам-сць. Па зборы коркавай кары і вывазе корку (каля 120 тыс. т штогод) П. займае 1-е месца ў свеце. Штогадовая вытв-сць асн. відаў прамысл. прадукцыі (сярэдзіна 1990-х г.): чыгуну — 0,4 млн. т, хім. валокнаў і нітак — 90 тыс. т, вываз драўніны — 9,8 млн. м³, паперы і кардону — 0,9 млн. т, цэменту — 7,8 млн. т, баваўняных тканін — 190 млн. м², цукру — 0,4 млн. т, алею — 360 тыс. т. Каля 70% прамысл. патэнцыялу сканцэнтравана ў гарадах на ўзбярэжжы. У сельскай гаспадарцы найб. развіта раслінаводства. Выкарыстоўваецца каля 4,6 млн. га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 2,3 млн. га, пад садамі (у т. л. пад цытрусавымі), аліўкавымі насаджэннямі і вінаграднікамі каля 1 млн. га, пад пашай і лугамі каля 0,8 млн. га. Арашаецца 630 тыс. га (1997). Асн. таварныя галіны — вінаградарства, пладаводства і вырошчванне аліўкавых дрэў. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу (штогадовы збор каля 600 тыс. т), пшаніцу (каля 400 тыс. т), жыта, рыс, бульбу, гародніну (найб. памідоры і цыбулю). Вінаградарства пашырана ўсюды. Асн. раёны аліўкавых плантацый на Пд ад р. Тэжу. На Мадэйры і Азорскіх а-вах трапічнае садоўніцтва (ананасы, бананы). Пасевы кукурузы на Пн, пшаніцы ў сярэдняй ч. і на Пд. У жывёлагадоўлі (1997) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы — 1,3 млн. галоў; свіней 2,4 млн. галоў, авечак 6,3 млн. галоў, коз 0,8 млн. галоў. Птушкагадоўля (27 млн. курэй, 1997). У 1997 вылаўлена 221,9 тыс. т рыбы (пераважна сардзіны, траска, тунец). Развітой галіной гаспадаркі з’яўляецца турыстычная справа. Штогод П. наведваюць больш за 10 млн. замежных турыстаў, якія пакідаюць у краіне 4—5 млрд. дол. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны, унутр. водны. У 1996 у П. было 68,7 тыс. км аўтадарог, у т. л. 59,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 3,1 тыс. км чыгункі, 0,8 тыс. км унутр, водных шляхоў, 0,7 тыс. км магістральных газаправодаў. У знешніх і ўнутр. перавозках значная роля марскога флоту (у 1998 налічваў 132 караблі агульнай грузападымальнасцю 894,6 тыс. т). Гал. парты: Лісабон, Порту, Сетубал, Фуншал (на в-ве Мадэйра), Понта-Дэлгада (Азорскія а-вы). У краіне 40 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Лісабона, Порту, на а-вах Мадэйра і Азорскіх. У 1998 экспарт склаў 25 млрд. дол., імпарт — 34,9 млрд. дол. У экспарце пераважаюць адзенне і абутак, прадукцыя машынабудавання, хімікаты, корак, драўніна, скуры, віно, рыбапрадукты, фрукты; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, нафта, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры: Іспанія (15% экспарту, 24% імпарту), Германія (адпаведна 20% і 15%), Францыя (14% і 11%), Вялікабрытанія (12% і 7%). Дэфіцыт знешнегандл. балансу пакрываецца даходамі ад турызму, партуг. інвестыцый за мяжой, грашовымі пераводамі эмігрантаў. П. атрымлівае дапамогу ад краін Еўрап. Супольнасці. Грашовая адзінка — партуг. эскуда.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (59 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (больш за 40 тыс. чал.), у т. л. каля 21 тыс. чал. у рэспубліканскай нац. гвардыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 32 тыс. чал., 186 танкаў, 356 бронетранспарцёраў, 284 гарматы, 160 мінамётаў і інш. У ВПС 7,7 тыс. чал., 96 баявых самалётаў. У ВМС 14,8 тыс. чал., у т. л. 1,7 тыс. ў марской пяхоце, 3 падводныя лодкі, 10 фрэгатаў, 39 катэраў, 5 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Медыцынская дапамога аказваецца ва ўстановах сац. страхавання, бясплатная — у дзярж. бальніцах. Існуе прыватная ўрачэбная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,3, жанчын 79,3 года (1999). Узровень нараджальнасці 11 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,04%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 253 чал., урачамі — 1 на 332 чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1300 перыяд. выданняў. Найб. значныя газеты: «Diário do República» («Газета Рэспублікі», з 1820), «Diário de Noticias» («Газета навін», з 1864), «Diário Popular» («Народная газета», з 1942), «A Capital» («Сталіца», з 1968), «O Dia» («Дзень», з 1975), «Público» («Грамадскасць», з 1990). Інфарм. агенцтва — Ажэнсія Луза ды Інфармасан (Луза, з 1987, створана ў выніку аб’яднання Натысіяш ды Партугал, з 1982, і Ажэнсія Натысіёза Афісіял Партугеза, з 1975). Радыёвяшчанне і тэлебачанне з 1974; іх дзейнасць кантралююць дзярж. радыёвяшчальная кампанія Радыёдыфусау Парту еза (РДП) і акц. тэлекампанія Тэлевісау Партугеза (ТП, абедзве з 1975). Трансліруюцца 4 каналы (2 дзярж. і 2 прыватныя). Перадачы вядуцца на партуг., англ., ісп., італьян., ням., франц. і інш. мовах.

Літаратура. Узнікла ў працэсе фарміравання партугальскай мовы, утварэння ў 12—13 ст. самаст. дзяржавы, барацьбы супраць араб. заваёўнікаў. Гэтыя падзеі адлюстраваны ў гераічных паэмах, што выконваліся нар. песнярамі-«жаграйш». Першыя літ. тэксты на партуг. мове — «кансьёнейру» — зб-кі рыцарскіх «песень пра каханне», «песень пра сябра», «песень кпінаў і ганьбавання» (13—14 ст.); сярод іх аўтараў рыцары Ж.​Гарсія ды Гальяды, П.​Гарсія ды Бургуш, клірыкі М.​Моша, А.​Нуніш, каралі П.​Саншу I, Дыніш 1 і інш. Былі пашыраны перапрацоўкі вядомых у еўрап. л-ры жыцій святых, франц. рыцарскіх раманаў. З канца 13 ст. развівалася нар. фарсавая і літургічная драма, прыдворныя спектаклі масак («момуш»). Першы самабытны рыцарскі раман «Амадыс Гальскі» (14 ст.). У 1-й пал. 15 ст. Ф.​Лопіш стварыў дакумент.-маст. хроніку пра ўладаранне першых 10 каралёў П., Г. ды Рэзенды ўклаў анталогію сярэдневяковай і перадрэнесансавай паэзіі «Усеагульны кансьёнейру» (1516). У канцы 15 ст. ўзнікла новая рэнесансавая культура, яе прадстаўнікі — заснавальнік нац. драмы і т-ра Ж.Вісентэ, а таксама Ж.​Ферэйра ды Вашканселуш (камедыя «Еўфразіна»), А.​Ферэйра (камедыі «Брышту», «Раўнівец»), Ф. ды Са ды Міранда (лірыка, камедыі «Іншаземцы», «Фанфароны»). Развівалася творчасць паэтаў-«петраркістаў» П. ды Андрады Каміньі і Д.​Бернардыша, з’явіліся пастаральныя раманы і эклогі Ж. ды Мантэмура, Б.​Рыбейру, рыцарскі раман Ф. ды Марайша, хронікі падарожжаў і заваяванняў Ж. ды Баруша, Г.​Карэі, Ф.Л. ды Каштаньеды, Д. ды Гойша, Ф.​Мендыша Пінту. Вяршыня партуг. Адраджэння — творчасць Л. ды Камоэнса. Л-ра барока адзначана ўзмацненнем ісп. уплываў (героіка-эпічная паэзія Ф.​Радрыгіша Лобу, драмы і сатыры Ф.М. ды Мелу, камедыі С.​Машаду, А.Ж. да Сілвы). Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася ўплывам франц. асветніцкага класіцызму. Тэорыю партуг. класіцызму распрацоўваў Ф.​Ж.​Фрэйры. Класіцыстычныя традыцыі прадоўжылі паэт П.​А.​Карэя Гарсан, драматургі М. ды Фігейрэду і Д. душ Рэйш Кіта, асветніцкія і перадрамант. ідэі пераважалі ў творчасці Н.​Талентыну, М.М. ду Бакажы, Ф.М. ду Насіменту. Нар.-вызв. войны 1808—13 і рэвалюцыя 1820 спрыялі росту нац. свядомасці і пашырэнню рамантызму ў л-ры (творчасць Ж.Б.Алмейда-Гарэта, лірыка, драм. творы і гіст. раманы А.​Эркулану, прыродаапісальная лірыка А.Ф. ды Каштылью, гіст.-сац. драмы Ф.​Гоміша ды Амарына, «раманы страсці» і навелы К.​Каштэлу Бранку, ідылічныя раманы пра вясковае жыццё Ж.​Дыніша). За рэаліст. метад выступілі пісьменнікі т.зв. каімбрскай школы (А.Т. ды Кентал, Ж.​М.​Эса ды Кейруш, С.​Верды, А.М. ды Гера Жункейру). Раманы Ф.​Тэйшэйры ды Кейруша і А.​Батэлью пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму. У пач. 20 ст. ўзнікла сімвалісцкая школа (паэты А.​Нобры, Э. ды Каштру, Р.​Г.​Брандан). Неарамант. тэндэнцыі, адраджэнне гарэтаўскай традыцыі ў л-ры прапаведавалі паэт А.​Л.​Віейра, драматург Ж.​Данташ. Пасля рэвалюцыі 1910 пашырыліся разнастайныя дэкадэнцкія (паэты М. ды Са-Карнейру, Ф.А.Песоа, А.​Сардынья, драматургі Ж. ды Алмейда Негрэйруш, А.​Патрысью) і экзістэнцыялісцкія (вершы Г. ды Фарыі, Ж. ды Бружыша, А. ды Созы, Ж. ды Каштру Азор’ю, п’есы Б. да Фансекі, Б.​Сантарэну) плыні. З сярэдзіны 20 ст. развіваецца рэаліст. проза — раманы А.​Рыбейру («Калі выюць ваўкі»), А.​А.​Рэдола («Лодка з сямю стырнамі», «Яр сляпых»), Ф. да Розы («Люстэрка жыцця»), Ф.​Наморы Гансалвіша («Ноч і світанак», «У нядзелю вечарам»), п’есы А.​Каргэша («Лалаш»), Л.​Ф.​Рэбелу («Назаўтра»). У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. прыкметная з’ява — неканвенцыяльная проза Ж.Сарамагу. Неарэаліст. традыцыі развіваюцца ў раманах Ж.​Кардозу Пірыша («Дафін»), У.​Таварыша Радрыгіша («Распад»), А.​Лобу Антуніша («Памяць слана», «Аўтамабіль праклятых»). Уплывы экзістэнцыялізму ў паэзіі Э. ды Андрады, прозе В.​Ферэйры (раман «З’яўленне», дакумент. зб. «Бягучыя справаздачы»), фемінісцкія матывы ў прозе Л.​Жоржы, І.​Лозы, мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М.​Торгі (15-томны «Дзённік» у вершах і прозе), паэзіі Э.​Гансалвіша, А.​Азор’ю, Э.​Элдэра, А.​Ф.​Алешандры, прозе Ж.​Р.​Дырэйтынью, драматургіі А.М. ды Созы Арагана. На бел. мову перакладзены асобныя творы Камоэнса, Эсы ды Кейруша, Песоа, Л.​Жасінту. Сярод перакладчыкаў: Л.​Баршчэўскі, Я.​Лапатка, А.​Марціновіч, С.​Мурашка.

Архітэктура. У П. захаваліся дальмены часоў неаліту (Аліжа, Павія), рэшткі ўмацаваных паселішчаў лузітан (1-е тыс. да н.э.), руіны рым. збудаванняў (2 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.), масіўныя мураваныя храмы вестготаў (7 ст.). Да 12 ст. паселішчы выраслі ў гарады з нерэгулярнай планіроўкай. У 11—12 ст. у Каімбры, Лісабоне ставілі замкі і саборы крапаснога тыпу, касцёлы і кляштары ў раманскім стылі. У стылі готыкі створаны комплексы кляштараў 12—14 ст. (у Алкабасе, Батальі). У канцы 15 — пач. 16 ст. расквітнеў самабытны стыль «мануэліна», які сінтэзаваў у арх. формах познагатычныя рысы з экзотыкай маўрытанскага стылю (кляштар св. Хрыста ў Тамары, 1508—31, арх. Д. ды Аруда; вежа-маяк Торы ды Белен у Лісабоне, 1515—20). У канцы 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. дойлідства П. было ў заняпадзе. З канца 17 ст. аднаўлялася горадабудаўніцтва, развіваліся рэгулярныя планіровачныя сістэмы (забудова Лісабона пасля землетрасення 1755). Рэпрэзентацыйны характар набыла палацава-культавая архітэктура 18 ст. (палац-кляштар Мафра каля Лісабона, 1717—35, арх. Ф.​Лудавісі). У аздабленні будынкаў выкарыстоўвалі маёлікавыя пліткі (азулежу), якія часам суцэльным дываном пакрывалі фасады, арнаментальныя і сюжэтныя пано з іх упрыгожвалі інтэр’еры. У пабудовах 19 ст. дамінаваў класіцызм (палац Ажуда ў Лісабоне, з 1802, арх. Ф.​К.​Фабры). У 1-й пал. 20 ст. панавалі эклектычныя стылі. У 2-й пал. 20 ст. пашырана сучасная архітэктура. Праведзена рэканструкцыя многіх раёнаў Лісабона, г. Порту, пабудаваны тыпавыя жылыя дамы з лоджыямі і сонцаахоўнымі прыстасаваннямі. У буд-ве выкарыстоўваюцца новыя буд. канструкцыі і смелыя прасторавыя вырашэнні (арх. Ф.К. ду Амарал, А.​Ж.​Песоа і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі палеаліту захаваліся наскальныя размалёўкі (у Сант’ягу-ду-Эшкарал), ад эпохі неаліту — кераміка, антрапаморфныя фігуркі з пласцінак шыферу, бронз. зброя. З 1-га тыс. да н.э. развівалася культура плямён лузітан, у 3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. — Стараж. Рыма, у 7 ст. — вестготаў, з 8 ст. — арабаў і бербераў. У раманскі перыяд (10—12 ст.) з’явіўся каменны дэкор арх. пабудоў, які вызначаўся сакавітай пластычнасцю форм, спалучэннем незвычайных натуралістычных дэталей (выявы карабельных канатах, ракавін, каралаў і інш.) з гатычнымі, маўрытанскімі, часам інд. матывамі. Скульпт. дэкор раманскіх храмаў паводле тэхнікі выканання блізкі да разьбы па дрэве. 13—15 ст. — росквіт гатычнай пластыкі (найб. цэнтр — Каімбра). Высокім маст. узроўнем вызначаецца надмагілле караля Жуана I у Батальі (1433, скульпт. Ж.​Афонсу). У 15—16 ст. на жывапіс П. ўплывалі франц. рэнесанс (Ф.​Удартэ, Н.​Шантэрэн і інш.) і нідэрл. мастацтва (алтар святога Вінцэнта, 15 ст., мастак Н.​Гансалвіш; творы В.​Фернандыша, Г.​Ваша, Г.​Лопеша і інш.). Яркай самабытнасцю вылучаецца дэкар.-прыкладное мастацтва 16—17 ст., у якім спалучаліся еўрап. і ўсх. традыцыі (мэбля, дываны, тканіны, кераміка лузітана-ўсх. і інда-партуг. стыляў, маёлікавыя пліткі азулежу і інш.). У 17—18 ст. склаліся асновы нац. барока: манум. драўляная і каменная скульптура, тэракотавыя алтарныя статуэткі «прэзепіу» (Ж.​Машаду ды Каштру, А.​Ферэйра), партрэтны жывапіс (Д.​Віейра Эшкуру, Ф.​Віейра Лузітану) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. развіваліся класіцызм (Ф.​Віейра Партуэнсі) і рамантызм (гіст. кампазіцыі Д.​А.​Сікейра). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. перажываў рэаліст. кірунак: скульптура А.​Саарыж душ Рэйша, А.​Тэйшэйры Лопеша, Ф.​Франку, пейзажы і жанравыя кампазіцыі А.К. да Сілва Порту і Ж.М. да Сілва Алівейры, партрэты М.​А.​Лупі і інш. У 1833 створана маст. групоўка «Льва» (кіраўнік К.​Бардалу Піньейру, мастакі М.​Агушту, Э.​Малта, А.​Манта, Э.​Медына, К.​Фернандыш і інш.), якая сцвярджала нац. самабытнасць у мастацтве і паўплывала на развіццё мастацтва П. 1-й пал. 20 ст. З парыжскай школай звязаны жывапіс кубіста А.​Созы Кардозу і абстракцыяністкі М.​Э.​Віейры да Сільва. З сярэдзіны 20 ст. пашырыўся неарэалізм, у якім пераважала тэматыка нац. гісторыі і нар. жыцця (Ж.​Памар і інш.). Сярод мастакоў жывапісцы Ф. ды Азеведу, Р.​Рыбейру, графікі М.​Жыл, А.​Куньял, скульптары Л. ды Алмейда і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. творчасці: маёлікавыя вырабы, карункапляценне, ткацтва, разьба па дрэве («прэзепіу», мэбля і інш.).

Музыка П. развівалася ва ўзаемадзеянні з іспанскай. У муз. фальклоры пераважаюць песенныя і песенна-танц. формы. Найб. стараж. песні прац. і каляндарныя, у т. л. калядныя (вільянсікуш), навагоднія (жанейраш), вясновыя (маяш), а таксама звязаныя з царк. святамі (рамарыяш). Сярод нар. муз. інструментаў: стр.-шчыпковыя віуэла (пазней віёла і віялан), кавакінью, духавы гайта (валынка), ударныя забумба (вял. барабан), тамбур (меншы барабан), адуфе (квадратны бубен з 2 мембранамі). У вёсках пашыраны інстр. ансамблі. Прафес. музыка развіваецца з 12 ст. У 12—13 ст. расквітнела мастацтва трубадураў. У 13—14 ст. былі пашыраны свецкія рамансы, песні вілансіка разнастайнага зместу, сольныя лірычныя песні фаду, танцы рода, віла, вілан, пазней шакота (чакона) і фолія. З 15 ст. развіваецца муз. т-р, адзін са стваральнікаў якога Ж.​Вісентэ. У інстр. музыцы складваліся варыяцыйныя і поліфанічныя формы. Вядомы кампазітары-віуэлісты Дон Педра (герцаг Каімбрскі), Ант. і Аф. да Сілва, П.​Ваш, віуэліст-віртуоз П. да Пена. Буйнейшыя поліфаністы 15—16 ст.: Т. да Сілва, Ж. ды Менезіш, М.​Машаду ды Азеведу, Э. ды Павія. У 2-й пал. 16—17 ст. дасягнула росквіту хар. поліфанія (М.​Мендыш, Д.​Лобу, М.​Кардозу, Ф. ды Магальяйніш). Інстр. музыку пісалі М.​Каэлью да Кошта, арганіст Ф.​Карэа ды Араўжу, А. да Круш (аўтар аднаго з першых падручнікаў па ігры на скрыпцы, 1639). У канцы 17—19 ст. панавала італьян. опера. У 1793 адкрыты каралеўскі т-р «Сан-Карлуш» у Лісабоне. Сярод оперных кампазітараў 18 ст. Ф.А. д’Алмейда (першая нац. опера «Цярпенне Сакрата», 1733), Ж. ды Соза Карвалью, Д.​Перэс, МА.​Партугал да Фансека. Інстр. і культавую хар. музыку пісалі д’Алмейда, ды Соза Карвалью, Ж.А.​К.​Сейшас. У пач. 19 ст. паявіліся нац. сімф. і камерна-інстр. творы Ж.​Д.​Бантэмпу (заснавальнік філарманічнага т-ва, 1822 і Каралеўскай кансерваторыі, 1835). У 2-й пал. 19 ст. створаны муз. т-вы і канцэртныя арг-цыі: «Публічныя канцэрты» (1860), Т-ва класічных канцэртаў (1874), Каралеўская акадэмія аматараў музыкі (1884) у Лісабоне, філармонія (1852), т-вы камернай музыкі (1883) і сімф. канцэртаў, хор «Арфеон» (1881) у Порту. У 1-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Ж.​Віяна да Мота (заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы), 0. да Сілва, Л.​М.​Фрэйташ Бранку, К.​Карнейру, у нац. стылі працавалі І.​Круш і Ф.​Лопіш Граса, у 2-й пал. 20 ст. — Э.​Брага Сантуш, А.​Касату, прадстаўнікі авангардызму Ф.​Пірыш, Ж.​Пешынью. Сярод выканаўцаў спявак Ф. д’Андрады, піяністы Л.​Мендыш, Ж.​Секейра Кошта, А.​Марэа, С.​Кастнер, скрыпач А.​Бетэнкур. У П. працуюць: аркестры Нац. радыёвяшчання, Філарманічны і Нац. Савета, Нац. кансерваторыя, Т-ва партуг. аўтараў, Асацыяцыя кампазітараў, Т-ва хар. музыкі, Т-ва прыгожых мастацтваў, «Музычная моладзь Партугаліі» ў Лісабоне, аркестр радыё і Муніцыпальная кансерваторыя ў Порту, Муз. акадэмія ў Каімбры і інш.

Тэатр. З 12 ст. вядомы літургічная драма і тэатралізаваныя прадстаўленні імправізацыйнага характару, якія разыгрываліся жанглёрамі. У канцы 15 ст. станаўленне культуры эпохі Адраджэння садзейнічала развіццю т-ра і драматургіі. Родапачынальнік нац. т-ра — драматург, акцёр і кампазітар Ж.​Вісентэ (16 ст.). У канцы 16 ст. ў Лісабоне з’явіліся публічныя т-ры, але пад уздзеяннем царк. цэнзуры і інквізіцыі тэатр. жыццё П. заняпала. У пач. 18 ст. адкрыўся т-р «Байру-Алту», дзе выступалі прафес. парт. трупы. Уздым тэатр. мастацтва звязаны са сцвярджэннем у 1-й чвэрці 19 ст. рамант. кірунку. Па ініцыятыве драматурга Ж.​Б.​Алмейды-Гарэта ў Лісабоне створаны Кансерваторыя драм. мастацтва і Нац. т-р каралевы Марыі II (1846, дзейнічае), які стаў адным з цэнтраў сцэн. культуры. Заснаваны т-ры «Донья Амелія» (1894), «Свабодны тэатр» (1904). Сярод акцёраў 19 ст.: А.​Абраншыс, Э.​Бразан, Э. даж Невіш, бр. Ж. і А.​Роза, А.​Ферэйра да Сілва, Ф.​Таборда. У 20 ст. ў т-ры П. пераважалі мадэрнісцкія кірункі і пастаноўкі на грамадска-значныя тэмы. Ставіліся п’есы драматургаў Ж. ды Алмейды Негрэйруша, Р.​Карэі, Л.​С.​Мантэйру, Л.​Ф.​Рэбелу, А.​А.​Рэдола, Б.​Сантарэну, К.​Ферэйры і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: П.​Баштуш, Э.​Брага, А. да Кунья, Р.​Мантэйру, М.​Матуш, Р.​Паўлу, А.​Рэй-Каласу, Л.​Сімоінш і інш. У Лісабоне дзейнічаюць Нац. нар. т-р (з 1957), «Маст. т-р Лісабона» (1955—56 і з 1960), прафес. тэатр. трупы працуюць таксама ў Порту і Каімбры.

Кіно. З 1896 здымаліся асобныя стужкі. Кінавытв-сць набыла рэгулярны характар пасля стварэння фірмы «Партугалія-фільм» (1909). Першы маст. фільм — «Мёртвая каралева» (1910, рэж. Х.​Коста). Лепшы нац. фільм нямога кіно — экранізацыя камедыі Ф.​Лаге і Ж.​Карэі Алівейры «Ваўкі» (1923, рэж. Р.​Лупу). У 1930-я г. зняты фільмы «Марыя з мора» (1930), першы гукавы фільм «Суровая» (1931, рэж. абодвух Л. ды Баруш), дакумент. «Дуэра, цяжкая праца на рацэ» (1931, рэж. М. ды Алівейра). У перыяд фаш. дыктатуры здымаліся гал. чынам камерцыйныя стужкі. Спробы ўнесці змены ў кінематограф пачаты суполкай «Новае партуг. кіно» (П.​Роша, А.​Рамуш, Ф.​Лопіш, А. да Кунья Тэліш, ды Алівейра і інш.). Сярод фільмаў: «Веснавая казка» (1962, дакумент.) і «Паляванне» (1964, рэж. абодвух ды Алівейра), «Беларміна» (1964, рэж. Лопіш), «Змяніць жыццё» (1966, рэж. Роша), «Круг» (1969, рэж. да Кунья Тэліш). У 1970 маладыя кінематаграфісты аб’ядналіся ў вытв. кааператыў «Партуг. кінацэнтр». З 1971 развіваецца незалежная кінавытв-сць; пастаўлены фільмы «Пчала на дажджы» (1971, рэж. Лопіш), «Прысяга» (рэж. А. ды Маседу), «Нелюбімы» (рэж. М.​Сілва, абодва 1972), «Мае сябры» (1973, рэж. да Кунья Тэліш). Сярод фільмаў 1970—80-х г. «Бог, радзіма, улада» (рэж. Р.​Сімоіш), «Дэманы Алкасер-Кібіра» рэж. Ж.​Фансека-і-Кошта), «Канфедэрацыя» (рэж. Л.​Галван Тэліш), «Святы саюз» (рэж. Э.​Жэада), «Франсіска» (рэж. ды Алівейра), «Месца смерці» (рэж. А.​П.​Вашканселуш).

Літ.:

Варьяш О.И., Черных А.П. Португалия: дороги истории. М., 1990;

Капланов Р.М. Португалия после второй мировой войны, 1945—1974. М., 1992;

Каптерева Т.П. Искусство Португалии. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Дз.​М.​Чаркасаў (гісторыя да 20 ст.), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Партугаліі.
Узбярэжжа на поўдні Партугаліі.
Горны ланцуг Сера-ды-Маран на поўначы Партугаліі.
Да арт. Партугалія. Раўніна Алентэжу.
Да арт. Партугалія. Салдаты і жыхары на барыкадах Лісабона ў час Партугальскай рэвалюцыі 1910.
Да арт. Партугалія. Высадка экспедыцыі партугальскага мараплаўца П.​А.​Кабрала на ўзбярэжжы Бразіліі каля сучаснага г. Порту-Сегуру 22.4.1500. Сярэдневяковая гравюра.
Да арт. Партугалія. Галоўны порт Азорскіх астравоў — г. Понта-Дэлгада.
Да арт. Партугалія. Кляштар святога Хрыста ў г. Тамар. 1508—31.
Да арт. Партугалія. Н.​Гансалвіш. Сям’я герцагаў Браганса. Дэталь алтара св. Вінцэнта. 15 ст.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З МАСТАКО́Ў БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз мастакоў,

добраахвотная грамадская творчая арганізацыя, якая аб’ядноўвае мастакоў і мастацтвазнаўцаў рэспублікі. Мае на мэце садзейнічаць развіццю і прапагандзе бел. выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнаўства, павышэнню духоўнай культуры грамадства. Засн. ў 1938 на 1-м з’ездзе мастакоў Беларусі (аргкамітэт створаны ў 1933) як С.м.Б. З 1992 наз. Бел. саюз мастакоў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд мастакоў Беларусі, выканаўчы — праўленне. З’езды адбыліся ў 1938, 1948, 1956, 1958, 1960, 1962, 1965, 1968, 1973, 1977, 1982, 1986, 1990, 1992, 1998, 2001. Старшыні праўлення: І.​Рубінштэйн (з 1938), А.​Грубэ (в.а. з 1941), І.​Ахрэмчык (в.а. з 1944), Я.​Зайцаў (з 1948), А.​Бембель (з 1950), У.​Сухаверхаў (з 1954), П.​Гаўрыленка (з 1956), П.​Масленікаў (в.а. з 1961), В.​Цвірка (з 1962), Н.​Воранаў (в.а. з 1963), У.​Стальмашонак (з 1965), В.​Грамыка (з 1968), В.​Пратасеня (з 1973), Грамыка (з 1977), Бембель (з 1982), У.​Гардзеенка (в.а. з 1984), Стальмашонак (з 1987), Г.​Буралкін (з 1990), У.​Басалыга (з 2001). У С.м.Б. ўваходзяць Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская і Магілёўская абл. арг-цыі. Саюз праводзіць пленумы, канферэнцыі, семінары, арганізоўвае выстаўкі. Уваходзіць у Бел. канфедэрацыю творчых саюзаў. Пры С.м.Б. Маст. фонд Беларусі. На 12.11.2001 у С.м.Б. 1125 членаў.

Члены Беларускага саюза мастакоў

1940. З.​І.​Азгур, А.​М.​Арлоў, І.​В.​Ахрэмчык, А.​А.​Бембель, А.​М.​Бразер, Г.​С.​Віер, В.​В.​Волкаў, П.​Н.​Гаўрыленка, І.​Р.​Гембіцкі, Д.​П.​Генін, А.​К.​Глебаў, А.​В.​Грубэ, М.​І.​Гусеў, І.​А.​Давідовіч, М.​В.​Дучыц, А.​І.​Жораў, Я.​А.​Зайцаў, Г.​М.​Ізергіна, К.​М.​Касмачоў, М.​А.​Керзін, Я.​Я.​Красоўскі, Л.​Ю.​Кроль, У.​М.​Кудрэвіч, Л.​М.​Лейтман, А.​П.​Мазалёў, Б.​Я.​Малкін, М.​І.​Манасзон, А.​П.​Марыкс, І.​І.​Мільчын, З.​І.​Мірынгоф, Ш.​В.​Пікус, А.​М.​Тычына, У.​Я.​Хрусталёў, Я.​М.​Ціхановіч, А.​М.​Шаўчэнка.

1945. Л.​С.​Бойка, Г.​Ф.​Бржазоўскі, А.​В.​Волкаў, А.​С.​Каржанеўскі, А.​М.​Кох, Р.​У.​Кудрэвіч, М.​П.​Міхалап, С.​Р.​Раманаў, І.​А.​Салавей, М.​П.​Станюта, У.​П.​Сухаверхаў, А.​А.​Ус, В.​М.​Ціхановіч, А.​Дз.​Шыбнёў.

1946. Г.​Г.​Азгур, М.​З.​Беляніцкі, А.​С.​Гугель, В.​К.​Дзежыц, В.​А.​Дзядок, Б.​Ф.​Звінагродскі, С.​П.​Каткоў, Дз.​М.​Красільнікаў, А.​І.​Кроль, С.​Дз.​Лі, Х.​М.​Ліўшыц, С.​Д.​Палеес, З.​С.​Паўлоўскі, Т.​Я.​Разіна, Л.​С.​Ран, М.​К.​Сеўрук, М.​Л.​Тарасікаў, М.​М.​Філіповіч, І.​М.​Хозераў, В.​К.​Цвірка.

1947. М.​Дз.​Чураба.

1948. С.​І.​Селіханаў.

1949. С.​А.​Адашкевіч, С.​А.​Андруховіч, М.​А.​Блішч, Н.​М.​Воранаў, Н.​І.​Галоўчанка, П.​А.​Данелія, В.​І.​Ждан, В.​К.​Жолтак, К.​І.​Максімцоў, П.​В.​Масленікаў, Д.​М.​Парахня, П.​М.​Раманоўскі, І.​Я.​Фяцісаў, П.​М.​Явіч.

1950. П.​М.​Герасімовіч, Ф.​І.​Дарашэвіч.

1951. П.​К.​Белавусаў, А.​М.​Заспіцкі, В.​У.​Палійчук.

1952. Е.​М.​Ганкін, І.​В.​Пушкоў.

1953. Я.​Дз.​Нікалаеў.

1954. М.​Л.​Бельскі, А.​Б.​Грыгар’янц, М.​Ц.​Гуціеў.

1955. П.​П.​Нікіфараў. 1956 Н.​П.​Варвановіч, С.​П.​Герус, М.​В.​Гурло, П.​С.​Дурчын, В.​Ф.​Казачэнка, П.​С.​Крахалёў, А.​Р.​Курачкін, А.​А.​Малішэўскі, У.​А.​Мінейка, В.​М.​Савіцкі, У.​Ф.​Сокалаў, А.​С.​Шкляр.

1957. А.​С.​Бархаткоў, І.​М.​Глебаў, Л.​Г.​Ліхтаровіч, А.​А.​Паслядовіч, Я.​І.​Радзялоўская, Я.​М.​Харытоненка.

1958. У.​П.​Белавусаў, І.​С.​Дмухайла, А.​С.​Казлоўскі, У.​І.​Кухараў, В.​Б.​Папоў, Я.​А.​Печкін, М.​А.​Савіцкі, І.​Б.​Элентух.

1959. І.​М.​Басаў, А.​І.​Вайнштэйн, М.​Х.​Даўгяла, К.​І.​Завіша, У.​П.​Кульваноўскі, У.​А.​Лагун, Ю.​В.​Пучынскі, І.​Дз.​Рудчык, І.​А.​Санін, У.​І.​Стальмашонак.

1960. М.​А.​Аўчыннікаў, В.​А.​Грамыка, М.​В.​Данцыг, А.​М.​Кашкурэвіч, М.​Я.​Лісоўскі, А.​В.​Луцэвіч, І.​І.​Пешкур, І.​Н.​Стасевіч, Г.​І.​Чарняўскі, В.​К.​Шыкін, І.​М.​Елатомцава.

1961. Г.​Х.​Вашчанка, В.​В.​Галубовіч, Ф.​Ф.​Зільберт, Т.​Дз.​Ігнаценка, П.​В.​Калінін, І.​В.​Карасёў, В.​М.​Міхеева, Ф.​І.​Мохаўцаў, Г.​І.​Мурамцаў, Г.​Г.​Паплаўскі, Н.​Я.​Паслаўская, І.​П.​Харламаў, А.​М.​Чуркін, М.​П.​Чэпік, А.​І.​Шахновіч.

1962. А.​В.​Аладава, А.​А.​Анікейчык, В.​А.​Баравік, С.​М.​Вакар, Б.​У.​Івонцьеў, Г.​А.​Ісаевіч, Ф.​Л.​Лейтман, І.​Я.​Маслан, У.​Н.​Папсуеў, І.​Ю.​Раманоўскі, М.​М.​Федарэнка.

1963. А.​А.​Бялова, М.​В.​Бяляеў, М.​В.​Бярковіч, В.​І.​Васільеў, М.​С.​Гугель, М.​К.​Казакевіч, А.​Г.​Лось, М.​Ф.​Навіцкі, І.​В.​Назімава, У.​М.​Пасюкевіч, В.​З.​Ражкоў, А.​К.​Сапетка, В.​І.​Сахненка, М.​А.​Шарэнка, В.​С.​Ягораў.

1964. А.​І.​Абрамава, У.​І.​Ананька, Б.​У.​Аракчэеў, Ф.​М.​Бараноўскі, І.​І.​Белановіч, Р.​С.​Ганцэвіч, В.​Г.​Гаўрылаў, В.​І.​Грос, Л.​М.​Гумілеўскі, Л.​Н.​Дробаў, М.​Р.​Залозны, А.​М.​Замай, Л.​П.​Замах, Л.​К.​Ізмайлава, Б.​А.​Кірыленка, А.​М.​Кішчанка, В.​Г.​Кубараў, Э.​С.​Куфксо, А.​І.​Левітан, У.​С.​Мурахвер, Л.​М.​Мягкова, М.​Я.​Навумаў, І.​У.​Немагай, Я.​Р.​Новікаў, Б.​А.​Няпомняшчы, Я.​П.​Пакаташкін, Л.​М.​Пакаташкіна, В.​С.​Пратасеня, І.​І.​Радунскі, І.​П.​Рэй, М.​З.​Савіцкая, У.​С.​Садзін, А.​Ф.​Сямілетаў, А.​І.​Таўкач, І.​Ц.​Ціханаў, Л.​Дз.​Шчамялёў, В.​Ф.​Ярмоленка.

1965. Дз.​І.​Алейнік, Ю.​П.​Альбіцкі, Ф.​І.​Анісовіч, Г.​І.​Барышаў, Ю.​А.​Булычоў, Р.​А.​Віткоўскі, А.​Дз.​Дзям’янаў, М.​М.​Зялёнкін, Я.​С.​Кулік, Б.​М.​Кузьмічоў, І.​Я.​Міско, М.​С.​Палянкоў, В.​І.​Ральцэвіч, В.​М.​Сабалеўскі, К.​М.​Саломка.

1966. А.​А.​Агафоненка, А.​Л.​Анісовіч, Б.​Ф.​Герлаван, У.​А.​Дамарад, Л.​П.​Дубар, А.​Р.​Захараў, М.​С.​Кірылаў, М.​М.​Куйчык, І.​В.​Мядзведзеў, Г.​С.​Осіпава, А.​І.​Осіпаў, П.​П.​Пагодзін, І.​М.​Паньшына, Н.​М.​Паплаўская, Т.​М.​Паражняк, М.​Ф.​Рыбалкіна, М.​А.​Рыжанкоў, А.​А.​Салаўёў, А.​А.​Сурскі, В.​М.​Ткачук, Л.​І.​Шакінка, Н.​І.​Шчасная.

1967. Л.​П.​Асецкі, Л.​М.​Асядоўскі, Л.​Я.​Багданаў, Л.​Ц.​Баразна, І.​Ю.​Бароўскі, В.​М.​Варламаў, В.​І.​Вярсоцкі, С.​Я.​Гарачаў, У.​Ц.​Гардзеенка, Г.​Р.​Гаркуноў, І.​І.​Глазава, У.​К.​Гоманаў, Ф.​Ф.​Гумен, Г.​І.​Дзянісаў, Р.​Г.​Дубар, Л.​А.​Дударэнка, Я.​К.​Іванешка, А.​І.​Казак, В.​А.​Леантовіч, Б.​П.​Льдокаў, П.​К.​Любамудраў, У.​М.​Лятун, Л.​А.​Майзельс, Б.​І.​Маркаў, М.​А.​Моўчан, З.​С.​Мяньшова, М.​А.​Назарчук, М.​П.​Назарэнка, М.​М.​Палякоў, А.​С.​Папоў, К.​М.​Пятроў, С.​Я.​Раўдвеэ, У.​А.​Рыкалін, Я.​У.​Санько, І.​М.​Сталяроў, В.​Ф.​Сумараў, А.​А.​Ткачонак, Б.​Н.​Ус, І.​К.​Утарушын, В.​М.​Філімонаў, В.​Е.​Ціханенка, К.​Г.​Ціхановіч, Я.​Р.​Чамадураў, М.​М.​Шаўцова, Г.​Ф.​Шутаў, Л.​М.​Эрлер.

1968. М.​А.​Апіёк, М.​С.​Макаранка.

1969. Ф.​І.​Валадзько, А.​П.​Веліксонаў, А.​М.​Дзямарын, Ю.​К.​Зайцаў, Г.​Т.​Злотнік, Б.​Ф.​Кавецкі, М.​А.​Карпук, Я.​К.​Красоўскі, І.​У.​Краўчанка, В.​А.​Крылоў, І.​Г.​Крэйдзік, Л.​М.​Лось, М.​Дз.​Міхайлаў, У.​М.​Мудрогін, Л.​Ф.​Панамарэнка, У.​С.​Пашчасцеў, Э.​А.​Петэрсон, М.​М.​Пушкар, У.​А.​Самачарноў, К.​І.​Харашэвіч, П.​А.​Цомпель, В.​П.​Шаранговіч, У.​Н.​Шпартаў.

1970. С.​Ц.​Абрамаў, А.​Я.​Арцімовіч, У.​А.​Бойка, К.​А.​Вакс, М.​М.​Волахаў, Л.​Э.​Гадлеўскі, В.​Г.​Дзівінская, П.​М.​Драчоў, Ф.​М.​Жураўкоў, А.​Ц.​Зайцаў, С.​Р.​Кавалёў, Б.​І.​Казакоў, В.​А.​Казлоў, М.​І.​Кандрацьеў, Я.​А.​Карманаў, С.​С.​Каткова, М.​У.​Кірэеў, Б.​А.​Крэпак, У.​Л.​Кузняцоў, З.​В.​Літвінава, П.​П.​Лысенка, У.​К.​Міхайлоўскі, С.​І.​Нартава, Л.​Я.​Прагін, С.​Дз.​Салохін, В.​М.​Свентахоўская, П.​У.​Свентахоўскі, У.​П.​Слінчанка, Ю.​В.​Тышкевіч, Г.​Я.​Ціхановіч, Л.​В.​Чурко, В.​С.​Швяцоў, Л.​А.​Шпак, Я.​А.​Шыбнёў, М.​А.​Шырокаў, Г.​К.​Шэлег.

1971. Э.​К.​Агуновіч, М.​С.​Басалыга, У.​С.​Басалыга, А.​К.​Белавусаў, У.​А.​Булыга, М.​І.​Ганчароў, І.​У.​Грыгаровіч, Л.​Р.​Давідзенка, У.​А.​Дзяменьцеў, Л.​Б.​Зільбер, Г.​П.​Івакін, А.​А.​Краўчук, М.​Р.​Лазавой, М.​А.​Плужнік, В.​Ф.​Шматаў, М.​М.​Якунін.

1972. А.​Р.​Арлоў, А.​П.​Бельцюкова, В.​А.​Говар, Г.​С.​Грубіна, У.​П.​Зубараў, А.​У.​Ільіноў, М.​І.​Крукоўскі, Ю.​М.​Любімаў, В.​С.​Мігаль, А.​В.​Някрасаў, Дз.​А.​Папоў, В.​А.​Позняк, А.​М.​Пуцейка, А.​І.​Рыбчынскі, М.​М.​Рыжыкаў, Г.​С.​Скрыпнічэнка, А.​Л.​Чысцякоў, Я.​С.​Ясьвін, В.​К.​Яўсееў.

1973. М.​П.​Балюк, А.​В.​Бараноўскі, С.​А.​Волкаў, А.​І.​Зіменка, Я.​А.​Ігнацьеў, Л.​П.​Каленік, Г.​К.​Качаноўскі, Ю.​І.​Кухараў, В.​М.​Лук’янаў, М.​А.​Меранкоў, В.​А.​Напрэенка-Ляховіч, У.​Ф.​Пракоф’еў, І.​М.​Пратасеня, У.​Р.​Раманаў, В.​А.​Тарасаў, А.​М.​Тарасян, В.​П.​Цюрын, В.​С.​Чайка.

1974. І.​М.​Андрыянаў, Г.​Ц.​Гарбанёў, Н.​М.​Голышава, Я.​І.​Жылін, Я.​Г.​Каробушкін, М.​І.​Ліханенка, Л.​М.​Марчанка, Ю.​І.​Нікіфараў, Б.​І.​Пярвунінскіх, У.​В.​Уродніч, С.​М.​Цуканаў.

1975. І.​Б.​Булгакава, У.​І.​Вітка, Л.​П.​Воранава, М.​Ф.​Глушко. А.​М.​Даўгяла, Л.​І.​Зяневіч, У.​Я.​Крукоўскі, Л.​Г.​Лапцэвіч, Т.​Ц.​Мацвеенка, У.​Л.​Новак, Ю.​В.​Няжура, Ю.​Г.​Палякоў, У.​С.​Піменаў, Э.​П.​Позняк, С.​М.​Сакалоў, А.​У.​Хадыка, І.​А.​Шастапалаў, А.​С.​Шатэрнік, М.​М.​Яніцкая.

1977. П.​С.​Арцёмаў, А.​А.​Бачкароў, Э.​А.​Белагураў, Г.​А.​Гаравая, Г.​С.​Грак, Э.​М.​Грамыка, Я.​І.​Ждан, А.​П.​Крахалёў, А.​А.​Марачкін, В.​П.​Маркавец, М.​М.​Селяшчук, М.​А.​Стома, А.​Ф.​Федаркоў, У.​В.​Церабун, У.​Ф.​Чарнышоў, Г.​С.​Шумскі, В.​Дз.​Шчарбакоў, А.​А.​Ясюкайць.

1978. Э.​Б.​Астаф’еў, Ю.​Б.​Багушэвіч, Я.​С.​Бусел, АІ.​Гаршкавоз, Ю.​В.​Гаўрын, В.​У.​Грыдзіна, В.​П.​Занковіч, Г.​П.​Кісялёў, М.​Р.​Клімаў, М.​М.​Купава, Т.​І.​Малышава, У.​А.​Нікалаеў, В.​В.​Нямцоў, А.​І.​Салятыцкі, А.​М.​Сурмач, У.​В.​Ткачоў.

1979. У.​М.​Вольнаў, ГЛ.​Жарын, П.​С.​Захараў, В.​А.​Захарынскі, В.​І.​Кліменка, А.​А.​Кокцеў, Р.​Я.​Ландарскі, Л.​Ф.​Леўчанка, А.​В.​Масіенка, А.​Р.​Пятрухна, Т.​М.​Сакалова, У.​А.​Самсонаў, Я.​М.​Сахута, Л.​І.​Скрыпнічэнка, Б.​Б.​Цітовіч, А.​І.​Чартовіч, Ф.​В.​Шастак, К.​Ф.​Шастоўскі, Ю.​В.​Якубовіч.

1980. М.​І.​Байрачны, Т.​П.​Белавусава-Пятроўская, Г.​В.​Буралкін, М.​У.​Бушчык, М.​І.​Валынец, В.​Ф.​Дзенісенка, С.​Дз.​Дзьяканаў, У.​І.​Жук, А.​М.​Зінчук, У.​М.​Капшай, Т.​І.​Кіршчына, А.​С.​Клімянкоў, А.​А.​Концуб, А.​А.​Лапіцкая, С.​М.​Ларчанка, У.​Л.​Лашкевіч, Н.​В.​Лівенцава, У.​М.​Маскоўскіх, А.​І.​Мятліцкі, С.​Ф.​Палякоў, У.​Т.​Паражняк, А.​М.​Пашкевіч, В.​Р.​Прыешкін, А.​І.​Родзін, Л.​М.​Сцяпанава, Я.​М.​Сямёнаў, А.​М.​Ціткоў, В.​І.​Юркова.

1981. К.​І.​Аляксееў, В.​Ф.​Байцун, В.​І.​Валынец, У.​У.​Васюк, Ю.​П.​Герасіменка, У.​Л.​Зінкевіч, М.​І.​Ісаёнак, М.​Р.​Казлоў, В.​А.​Калтыгін, І.​І.​Курачыцкі, В.​В.​Мікіта, Л.​П.​Сівакова, В.​П.​Славук, У.​Я.​Сулкоўскі, У.​А.​Ткачэнка, С.​М.​Федарэнка, В.​К.​Чуглазаў, У.​С.​Шнарэвіч, А.​К.​Шэвераў.

1983. Л.​Р.​Аганаў, І.​А.​Волкава, С.​Р.​Гарбунова, А.​Я.​Дзятлава, А.​В.​Кузьміч, А.​В.​Кузняцоў, К.​Г.​Паплаўская, Г.​А.​Пусеў, П.​А.​Семчанка, У.​І.​Слабодчыкаў, В.​М.​Смаляк, Н.​У.​Сухаверхава, В.​П.​Ціханаў, А.​І.​Цыркуноў.

1984. В.​У.​Альшэўскі, А.​А.​Анішчык, В.​К.​Барабанцаў, В.​М.​Буціна, В.​Ц.​Даўгала, С.​І.​Катовіч, С.​І.​Кірушчанка, У.​М.​Коўзусь, В.​С.​Крывашэева, І.​М.​Лобан, А.​М.​Маціевіч, В.​М.​Назараў, Л.​І.​Пятруль, В.​Ю.​Сазыкіна, Л.​Ф.​Салавей, А.​М.​Фінскі, М.​Я.​Цурыкаў, В.​П.​Чайка, У.​У.​Чурыла, П.​П.​Шарыпа, Ф.​І.​Янушкевіч, А.​І.​Яскін.

1985. С.​А.​Бандарэнка, М.​С.​Будавей, І.​А.​Галавацкая, С.​У.​Дамарад, Ю.​М.​Івахнішын, М.​І.​Ісаёнак, В.​М.​Карнееў, У.​У.​Кожух, З.​У.​Ландзік, Г.​В.​Літвіненка, М.​І.​Міронаў, М.​Л.​Несцярэўскі, АІ.​Салохіна, С.​У.​Саркісаў, П.​М.​Фей, А.​М.​Шныпаркоў, Г.​А.​Юзеева.

1986. Т.​П.​Агафоненка, В.​Ф.​Александровіч, Т.​А.​Арцёмава, Дз.​В.​Бабкін, М.​Т.​Бандарчук, Т.​І.​Васюк, А.​М.​Гвоздзікаў, Л.​Р.​Главацкая, У.​П.​Голуб, Р.​М.​Данчанка, У.​Э.​Дубавецкі, А.​Ф.​Кавалёў, І.​Дз.​Кліменка, Г.​П.​Крамко, Г.​П.​Крываблоцкая, У.​В.​Крываблоцкі, М.​І.​Лук’янаў, А.​І.​Мацвяйчук, Ю.​А.​Піскун, У.​І.​Пракапцоў, С.​М.​Рабашчук, В.​Б.​Сідоркін, Р.​С.​Сітніца, А.​М.​Слепаў, Н.​У.​Сустава, М.​Я.​Таболіч, Р.​Ф.​Таболіч, Г.​Я.​Туроўская, В.​М.​Фей, Т.​Л.​Хацановіч-Дарбінян, В.​А.​Шылко.

1987. Л.​Э.​Бартлаў, А.​І.​Бранцаў, С.​В.​Войчанка, Н.​Ф.​Высоцкая, Ю.​У.​Гудзіновіч, Ю.​П.​Зуеў, В.​С.​Каваленка, В.​В.​Кавальчук, Л.​М.​Кавальчук, У.​Дз.​Кандрацьеў, С.​І.​Казак, П.​А.​Карнач, К.​І.​Качан, А.​П.​Ксяндзоў, М.​П.​Кузьміч, У.​Э.​Куфко, В.​С.​Лявунін, М.​А.​Маеўскі, А.​У.​Отчык, І.​І.​Рамашоў, В.​П.​Свістуноў, Р.​П.​Сіплевіч, Б.​А.​Скрамблевіч, Л.​В.​Хобатаў, У.​Я.​Цэслер, А.​І.​Шалюта, М.​К.​Ягорава.

1988. М.​К.​Абрамаў, Л.​С.​Анцімонаў, І.​В.​Арлоў, Г.​А.​Асташонак, М.​В.​Аўчыннікаў, С.​У.​Балянок, А.​А.​Баразеннікаў, В.​В.​Баранаў, Ю.​А.​Баранаў, І.​А.​Бархаткоў, З.​У.​Баўтрук (Раўко), А.​У.​Бацвінёнак, Т.​П.​Беразенская, Н.​Г.​Бранавец, В.​Я.​Буйвал, В.​М.​Бяляўскі, П.​П.​Васілеўскі, У.​М.​Вішнеўскі, В.​В.​Вярсоцкі, Т.​Г.​Гаранская, Л.​М.​Гатальская, М.​А.​Гатальскі, М.​М.​Гаўрыленка, В.​І.​Грыгарышына, С.​А.​Грыневіч, Л.​В.​Грыцкоў, М.​І.​Гуршчанкоў, А.​А.​Дабравольскі, В.​М.​Даманава, А.​У.​Даманаў, Л.​П.​Данелія, Ю.​А.​Дзееў, В.​В.​Дзёмкіна, В.​К.​Дубрава, М.​К.​Дубрава, У.​А.​Еўтухоў, М.​П.​Жабінская, В.​І.​Жук, У.​М.​Жук, У.​У.​Іваноў, В.​З.​Кавалеўскі, І.​У.​Казак, А.​М.​Каласенцава, В.​В.​Камароў, Ю.​А.​Карачун, В.​К.​Касцючэнка, У.​У.​Качан, І.​І.​Кузняцова, С.​У.​Кузьмічоў, К.​М.​Куксо, Т.​М.​Курачыцкая, Н.​У.​Кухарэнка, М.​Я.​Латушка, С.​В.​Ліфанаў, С.​А.​Логвін, У.​А.​Лукашык, А.​П.​Лучыновіч, Ю.​Г.​Макараў, У.​А.​Малахаў, І.​В.​Малеціна, Н.​В.​Маліноўская, А.​А.​Мацюшэўская, У.​І.​Мелехаў, Л.​Ю.​Міньковіч, А.​І.​Непачаловіч, Ю.​М.​Несцярук, А.​Р.​Ойстрах, А.​А.​Панцюк-Жукоўскі, У.​У.​Папсуеў, Л.​Л.​Пуцейка, С.​М.​Пчалінцаў, Т.​А.​Пятроўская, К.​С.​Ракіцкі, У.​П.​Рамейка, В.​В.​Распопаў, Н.​А.​Рачкоўская, Л.​М.​Рацько, Л.​А.​Рыжкоўскі, Э.​Г.​Рымаровіч, Г.​Г.​Сакалоў-Кубай, Л.​У.​Салодкіна, С.​С.​Свістуновіч, Г.​М.​Сіверцава, АА.​Скавародка, А.​П.​Ступень, У.​І.​Сытчанка, В.​А.​Трыгубовіч, І.​І.​Уладычык, А.​М.​Фралянкоў, У.​П.​Хадаровіч, Ф.​І.​Хамініч, К.​У.​Хацяноўскі, Я.​І.​Хайрулін, В.​В.​Хмялеўскі, В.​В.​Ціханавец, М.​М.​Цудзік, Ю.​С.​Чарняк, Р.​П.​Часнова, Г.​Л.​Чысцякова, К.​П.​Шаранговіч, А.​К.​Шастоўская, Л.​Л.​Шчамялёва, АС.​Шыёнак, В.​С.​Юзвук, В.​М.​Юркоў, В.​І.​Янушкевіч.

1989. А.​Б.​Александровіч, А.​В.​Александровіч, Л.​Б.​Алімаў, К.​Г.​Асадаў, С.​В.​Асоскаў, М.​І.​Астапенка, А.​К.​Баглай, М.​А.​Бакуменка, М.​І.​Басаў, Л.​Б.​Бортнік, М.​В.​Бязберды, Н.​А.​Валынец, Р.​У.​Галаватая, У.​В.​Ганжа, Л.​У.​Гоманаў, Л.​І.​Грыцэнка, А.​Я.​Грэсь, І.​М.​Данілава, А.​М.​Дваронін, Л.​І.​Захадзячэнка, Я.​П.​Зельская, Г.​А.​Зельскі, Р.​М.​Іваноў, У.​К.​Казакоў, У.​П.​Кароткі, Р.​І.​Кійко, І.​А.​Кісялеўскі, С.​Б.​Кічко, Р.​П.​Клімковіч, М.​Н.​Кляцкоў, Г.​А.​Кобрын, А.​Дз.​Кудраўцава, А.​П.​Кузняцоў, Г.​П.​Лебедзеў, Я.​І.​Ліс, У.​М.​Лосеў, А.​У.​Лось, П.​Дз.​Лук’яненка, У.​Б.​Максімаў, Р.​Л.​Малышаў, У.​П.​Масленікаў, А.​К.​Мароз, Дз.​Р.​Маслій, В.​А.​Мядзвецкі, І.​І.​Надашкевіч, Л.​І.​Пакульніцкі, В.​А.​Палікарпава, А.​С.​Петрыканец, Я.​Б.​Пуставой, М.​Ю.​Пюке, М.​С.​Ржавуцкі, Б.​Ф.​Рэпін, Н.​Я.​Сакалова, Г.​У.​Саламянка, Я.​П.​Саламянка, Р.​С.​Салаўёва, Л.​М.​Салаўёў, Г.​М.​Сідарэвіч, В.​Дз.​Ціханава, Я.​І.​Ціханаў, К.​Я.​Цюрына, С.​В.​Цярэнцьева, В.​І.​Чарняк, Н.​А.​Чорнагалова, А.​П.​Чудзін, У.​А.​Шапялевіч, В.​Ф.​Шкаруба, М.​Л.​Шкробат, Я.​Ф.​Шунейка, А.​І.​Шчаслівая, М.​П.​Шышлоў, А.​К.​Юрашкевіч, С.М Янкоўскі, П.​В.​Янушкевіч, Н.​А.​Яўглеўская.

1990. В.​А.​Андросаў, М.​М.​Андруковіч, Т.​В.​Арасланава, А.​П.​Багустаў, М.​Ф.​Барздыка, І.​І.​Бокій, М.​В.​Бякеева, К.​Г.​Вашчанка, А.​Б.​Высоцкі, Л.​Б.​Гандыш, У.​І.​Ганчарук, І.​П.​Ганяеў, Т.​В.​Гардашнікава, Г.​В.​Говар, В.​А.​Губараў, С.​Л.​Гумілеўскі, А.​Ф.​Гуршчанкова, А.​І.​Дасужаў, В.​П.​Дземянчук, Ф.​М.​Драгун, М.​А.​Драненка, А.​В.​Дранец. В.​Г.​Дубовік, А.​Г.​Задорын, Р.​Л.​Заслонаў, В.​У.​Іванькова, У.​П.​Ісачанка, А.​Ю.​Кажаноўскі, М.​П.​Канцавой, В.​І.​Каралёў, І.​А.​Кашкурэвіч, Ф.​А.​Кашкурэвіч, А.​А.​Квяткоўскі, Л.​Г.​Кір’янаў, С.​Я.​Клімчук, Я.​А.​Колчаў. С.​А.​Кузьмар, С.​С.​Курашова, А.​І.​Ладзісаў, І.​І.​Лісіца, А.​У.​Лось, П.​І.​Лук, В.​У.​Лямачка, С.​А.​Малішэўскі, А.​В.​Масейкаў, У.​У.​Мехавіч, Г.​М.​Міхайлава, В.​Ф.​Міхайлоўскі, В.​А.​Міхайлюк, Г.​М.​Міхейчык, В.​П.​Мурашка, Я.​С.​Мусінская, А.​М.​Назаранка, П.​М.​Назаранка, У.​П.​Напрэенка, А.​П.​Новік, П.​А.​Новікаў, М.​П.​Няхайчык, М.​Ф.​Образаў, Я.​Г.​Панамарэнка, А.​Р.​Папоў, У.​М.​Рубцоў, Т.​А.​Рудэнка, Ю.​В.​Рудэнка, Л.​Г.​Русава, В.​К.​Рускевіч, Л.​І.​Сакалоў, С.​К.​Сенчанка, А.​І.​Сеслікава, В.​Я.​Сіверцаў, А.​М.​Смаляк, С.​У.​Стальмашонак, А.​І.​Судар, Дз.​А.​Сурскі, А.​Я.​Сямёнава, У.​П.​Табушаў, М.​І.​Таранда, Э.​С.​Трыкоза, С.​А.​Цімохаў, Т.​М.​Чуглазава, У.​Дз.​Шапо, М.​Ф.​Шкляраў, В.​М.​Ярэська.

1991. М.​І.​Агафонаў, А.​А.​Алонцаў, У.​І.​Асіповіч, А.​А.​Бараноўская, П.​П.​Бондар, К.​Г.​Гаджыеў, Г.​Дз.​Герасімава, В.​А.​Герасімаў, М.​С.​Гіргель, Л.​М.​Гоманаў, М.​А.​Гугнін, С.​Ф.​Давідовіч, У.​У.​Дзядзюля, Л.​А.​Доўбаш, М.​М.​Дундзін, В.​П.​Дураў, Л.​М.​Зуева, В.​А.​Ільіна-Загнетава, В.​Я.​Кавальчук, В.​М.​Калацэй, В.​І.​Камлюк, У.​М.​Каралькоў, А.​Ф.​Карпан, Г.​М.​Конанава, А.​У.​Крошкін, А.​В.​Крылоў, А.​У.​Кукоўскі, В.​Р.​Ландарскі, А.​П.​Лапшын, В.​Р.​Лук’яненка, Т.​І.​Отчык, У.​І.​Панцялееў, Т.​І.​Паўлючук, А.​В.​Пашкевіч, А.​Р.​Пашкевіч, Л.​В.​Прошчанка, А.​М.​Пушкін, В.​І.​Ражко, І.​В.​Рымашэўскі, У.​І.​Рынкевіч, І.​Г.​Савін, А.​А.​Сальнікаў, В.​С.​Стасевіч, Г.​Х.​Стасевіч, А.​С.​Суша, У.​Б.​Сушкевіч, І.​В.​Сямека, Г.​Л.​Танковіч, П.​Б.​Урублеўскі, А.​І.​Фяцісава, Г.​С.​Хінко-Янушкевіч, С.​Г.​Харашаўцаў, У.​Ц.​Хмызнікаў, І.​В.​Хоміч, В.​В.​Чукін, В.​У.​Шоба, Л.​С.​Шчасная, У.​І.​Шчэрбін.

1993. С.​Л.​Абрамовіч, В.​М.​Ажгірэй, В.​В.​Аржанухіна, Г.​М.​Бараноўская, М.​І.​Барбарчык, А.​С.​Бычкоўскі, А.​В.​Васілевіч, Г.​С.​Васільева, В.​В.​Васільеў, А.​Л.​Верашчагін, В.​Р.​Віткоўская, У.​І.​Гавазюк, У.​В.​Гладкевіч, М.​Г.​Голубева, П.​Л.​Гонта, А.​У.​Грыбава, У.​У.​Дамнянкоў, У.​К.​Даўшэвіч, У.​А.​Дзіўніч, А.​Я.​Дзянісьеў, У.​І.​Жбанаў, Л.​В.​Журавовіч, Ю.​І.​Казакоў, Ю.​М.​Каралевіч, А.​М.​Каструкоў, А.​В.​Кошалеў, А.​У.​Кулін, Г.​С.​Лойка, Л.​М.​Лук’янцаў, В.​К.​Лябедка, Э.​Г.​Малішэўская, Г.​В.​Матусевіч, А.​І.​Мірончык, В.​Е.​Несцярэнка, Ю.​М.​Падолін, М.​Р.​Панічэўскі, Ю.​А.​Платонаў, А.​М.​Пятроў, В.​У.​Рабчонак, М.​С.​Ракіцкене, М.​Дз.​Рыжы, В.​С.​Сідарава, А.​Дз.​Слуцкі, В.​П.​Сташчанюк, В.​С.​Сямашка, Э.​Р.​Сямёнава, Б.​А.​Сямілетаў, Г.​П.​Сянькоўскі, І.​В.​Тапілін, М.​І.​Ткачоў, Ю.​І.​Хілько, В.​В.​Шамшур, Р.​В.​Шараеў, Р.​Ф.​Шаура, С.​К.​Швайбовіч, У.​Ф.​Швайбовіч, І.​М.​Шкуратаў, В.​І.​Шчасны.

1994. А.​Я.​Агафонава-Шох, А.​Б.​Аракчэева, А.​І.​Атраховіч, Г.​Я.​Балаш, А.​Р.​Барташэвіч, Т.​У.​Батакова-Мацвеенка, М.​Г.​Бацюкова, В.​М.​Блінцова, А.​І.​Бяляўскі, Н.​С.​Варламава, Г.​А.​Выгонная, Дз.​М.​Вымаркава, І.​І.​Генаў, М.​В.​Грук, Л.​М.​Гурбо, Л.​М.​Густава, С.​У.​Даманава, В.​Я.​Данчук, А.​А.​Дзяшко, Н.​М.​Залозная, П.​В.​Зарэцкі, Б.​У.​Караванаў, М.​І.​Кебец, Р.​І.​Кірдзей, М.​Б.​Князева, М.​К.​Канькоў, М.​П.​Кулеш, С.​А.​Лагуновіч-Чарэпка, А.​П.​Лубнеўскі, Б.​М.​Малахаў, Т.​Дз.​Пясецкая, А.​В.​Раеўскі, Л.​В.​Раманоўскі, А.​П.​Сакалоў, В.​А.​Санкова, Дз.​У.​Сарока, М.​У.​Сенькін, Ю.​П.​Сергіенка, І.​В.​Сміціенка, Г.​Ф.​Сурма, Г.​У.​Сухамлінаў, І.​У.​Уласаў, А.​Я.​Фядусь, А.​М.​Хвісевіч, В.​І.​Хмыз, І.​М.​Цішын, Г.​Р.​Чысты, А.​Б.​Шаліма, У.​У.​Шаркоў, С.​С.​Шафрановіч, М.​В.​Шматава, А.​К.​Шостак, Ю.​У.​Якавенка.

1995. І.​В.​Андрасюк, В.​В.​Антановіч, У.​Я.​Ануфрыеў, Н.​М.​Апіёк, В.​І.​Баранаў, А.​Я.​Белы, Э.​У.​Бубашкіна, Я.​Я.​Бусел, Р.​П.​Вашкевіч, В.​М.​Велігжанін, А.​Дз.​Вярбіцкі, І.​В.​Грыгарышына, С.​Ф.​Давідовіч, В.​Л.​Доўнар, А.​І.​Дулуб, В.​К.​Жыхараў, М.​Р.​Залатуха, І.​С.​Засімовіч, Дз.​А.​Зяньковіч, А.​С.​Ізаітка, М.​М.​Інькоў, К.​К.​Калодзіч, А.​В.​Канавалаў, Т.​І.​Карэлкіна, Р.​Ф.​Клікушын, М.​Л.​Круглікава, А.​Р.​Купрыянаў, Ф.​С.​Ладуцька, У.​А.​Ламейка, Н.​С.​Лісоўская, І.​В.​Лыскавец, А.​А.​Люцко, М.​В.​Ляўковіч, А.​А.​Ляшчынскі, В.​У.​Магучы, Ю.​І.​Маліноўскі, А.​У.​Малярэвіч, А.​А.​Міхайлаў, І.​С.​Мойгіс, М.​У.​Несцярук, У.​У.​Няфёд, У.​А.​Осіпаў, В.​П.​Пакаташкін, І.​Дз.​Папоў, С.​П.​Прывада, Ю.​Ф.​Пятроў, У.​В.​Ракіцкі, С.​Л.​Рыжыкава, Ф.​А.​Сарока, У.​П.​Свентахоўскі, К.​У.​Селіханаў, Г.​А.​Скабіцкі, А.​А.​Стралкоў, А.​Б.​Сувораў, Л.​Ю.​Сцефановіч. Л.​І.​Талбузін, Т.​І.​Хвайніцкая, Б.​Я.​Хесін, Л.​С.​Хоміч, В.​М.​Целеш, У.​А.​Ціханаў, І.​М.​Чумакоў, Г.​В.​Шапялевіч, А.​С.​Шомаў, М.​А.​Шулякоўскі, Н.​І.​Шчасная, А.​В.​Юр’ева, Л.​П.​Яшэнка.

1996. Я.​П.​Адзіночанка, І.​В.​Алісевіч, С.​Т.​Асапрылка, А.​Я.​Бур’як, А.​М.​Варвашэня, А.​А.​Велікжанін, А.​М.​Волкаў, І.​У.​Голубеў, П.​Б.​Грывусевіч, А.​М.​Грышкевіч, Н.​М.​Гурло, А.​В.​Даманаў, І.​І.​Данільчанка, А.​М.​Дзямідаў, Л.​А.​Елісееў, І.​Л.​Жук, Б.​Г.​Іваноў, С.​В.​Іванцоў, У.​А.​Канцадайлаў, А.​А.​Карповіч, А.​І.​Карповіч, В.​А.​Каўшырка, П.​А.​Кірылін, Г.​А.​Кірыловіч, В.​Ф.​Крук, Дз.​А.​Кузняцоў, І.​В.​Леантовіч, З.​А.​Луцэвіч, А.​І.​Лышчык, В.​М.​Мартынчук, В.​С.​Маршак, А.​Л.​Марышаў, П.​І.​Мураўчук, С.​Г.​Наздрын-Платніцкая, А.​П.​Новікаў, М.​М.​Паграноўскі, А.​М.​Падалінскі, П.​В.​Прохараў, Л.​І.​Радзевіч, І.​К.​Радкевіч, Р.​М.​Раманка, Дз.​М.​Раманюк, П.​Дз.​Русак, С.​В.​Рымашэўскі, А.​М.​Сільвановіч, Б.​М.​Смольскі, І.​Г.​Стальная, С.​П.​Статкоўская, Ю.​Л.​Сухаў, Г.​А.​Фалей, Г.​А.​Фатыхава, А.​А.​Чміль, А.​І.​Чыгрын, Ж.​К.​Чыстая, А.​М.​Шабалтас, А.​Г.​Шлегель-Лавецкая, Ж.​А.​Шыдлоўская, Т.​В.​Юркевіч, А.​У.​Яснова.

1997. Ю.​М.​Алісевіч, Ю.​Г.​Анушка, Х.​Г.​Асадулаеў, В.​Р.​Асіпенка, П.​С.​Багданаў, А.​У.​Басалыга, Т.​Дз.​Беразоўская, У.​А.​Бірыцкі, В.​К.​Бондараў, В.​А.​Борзды, К.​Л.​Бяляева, Р.​Л.​Газаранц, І.​Л.​Гардзіёнак, В.​М.​Гардзіёнак-Кірэева, Н.​М.​Гарчанюк, У.​Я.​Голубеў, В.​В.​Даноўскі, А.​Л.​Дударэнка, А.​І.​Жалудко, А.​П.​Жураўлёў, Ю.​І.​Івашкевіч, І.​Л.​Каваленка, Н.​У.​Кавалёва, А.​Д.​Кастагрыз, А.​К.​Касцючэнка, М.​У.​Кухарэнка, Т.​Ю.​Лактаева, Г.​А.​Лаўрэцкі, У.​І.​Лісавенка, І.​В.​Магучая, І.​А.​Марачкін, Н.​П.​Марчанка, А.​П.​Махніст, Ю.​В.​Мацко, Л.​І.​Мельнікаў, А.​В.​Мірскі, В.​В.​Мурашова, Л.​Л.​Мядзведскі, І.​М.​Мятліцкая, П.​К.​Паршын, Ю.​В.​Пашкуць, А.​С.​Плячкоў, Т.​С.​Радзівілка, Н.​М.​Сакалова-Кубай, У.​У.​Сарока, А.​В.​Свірыдзенка, Т.​А.​Сіплевіч, А.​Г.​Сіцько, В.​А.​Татарнікава-Панок, П.​Ю.​Татарнікаў, Ю.​І.​Татарнікаў, Л.​В.​Трацэўскі, У.​Дз.​Тулупаў, А.​У.​Фалей, А.​І.​Фядотаў, А.​І.​Шароін, І.​У.​Шкіра, В.​Р.​Шрамякоў, І.​В.​Ягораў, А.​В.​Ярмоленка.

1998. Я.​Н.​Ражкоў, В.​І.​Ясюк.

1999. М.​А.​Арасланаў, П.​І.​Асмакоўскі, А.​А.​Асташоў, Н.​М.​Богдан, І.​М.​Бяспалаў, Т.​В.​Габрусь, А.​А.​Грыгор’еў, Ф.​С.​Грыг’ян, В.​Г.​Грыцаева, С.​П.​Гусельцаў, Г.​П.​Драздоў, А.​Э.​Духоўнікаў, М.​У.​Загранічны, Н.​В.​Зелянко, У.​У.​Кандрусевіч, Т.​С.​Карака, Л.​М.​Кірылава, І.​М.​Козел, А.​П.​Колас, М.​М.​Колас, В.​К.​Копач, М.​М.​Крукаў, В.​Г.​Крупянкова, У.​Э.​Лавецкі, В.​В.​Лагоўскі, Б.​Ч.​Лазарэвіч, Я.​А.​Ларчанка, Т.​П.​Лісіца, Л.​А.​Макатун, І.​Б.​Маланаў, Н.​Л.​Марчанка, Р.​В.​Мяжуеў, В.​М.​Нікалаеў, В.​М.​Нуднаў, А.​Л.​Нядзелька, А.​Я.​Няхайчык, Ж.​Я.​Няхайчык, Г.​С.​Панамароў, У.​М.​Панамароў, А.​Ц.​Пушкар, Ю.​Л.​Рыжыкаў, А.​В.​Сандрыгайла, В.​В.​Саўчанка, В.​Я.​Семянько, Л.​А.​Сідзельнікава, В.​А.​Смоляр, Дз.​М.​Сурыновіч, Г.​І.​Сямікашава, А.​Р.​Сяргеева, Л.​М.​Тарабука, А.​В.​Томка, А.​А.​Фалей, К.​У.​Харанека, В.​К.​Цімафееў, М.​Л.​Цыбульскі, Т.​А.​Чарнышова, А.​У.​Шапо, А.​П.​Шарыпа, С.​Л.​Шэмет, А.​Я.​Шыбнёў, Р.​І.​Яновіч.

2000. А.​М.​Алебастраў, К.​М.​Андруковіч, М.​М.​Асауляк, У.​А.​Афанасьеў, С.​І.​Бышнёў, Л.​Ф.​Валасюк, Ю.​В.​Валынец, А.​М.​Гайдуковіч, Г.​В.​Горава, У.​М.​Грыцкевіч, С.​М.​Дзенісенка, Т.​У.​Дзянісава, В.​В.​Ерамееў, М.​С.​Забіран, В.​Ф.​Калясінскі, П.​У.​Кандрусевіч, Ж.​А.​Капуснікава, Т.​В.​Капыльская, С.​У.​Кастрыца, А.​А.​Касцючэнка, У.​Э.​Кірэенка, Я.​Л.​Кір’янаў, У.​А.​Клімушка, І.​Р.​Кныш, Ю.​М.​Козел, Ю.​Г.​Крупянкоў, А.​С.​Кухараў, В.​М.​Лазоўскі, А.​Я.​Мацвеенка, Дз.​М.​Мохаў, І.​І.​Мядзведзеў, В.​В.​Нікішына, У.​М.​Пахаўцоў, А.​М.​Пікулік, В.​П.​Раманоўская, А.​У.​Савіч, Н.​А.​Сардарава, М.​П.​Свістуноў, У.​П.​Тамашэвіч, В.​В.​Угрыновіч, А.​А.​Хараберуш, В.​П.​Храмцэвіч, В.​І.​Цэхановіч, С.​В.​Чарановіч, Н.​В.​Шаранговіч, І.​Г.​Шчасная.

С.​У.​Пешын.

т. 14, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛІЯ (Монгал),

Мангольская Рэспубліка (Монгал Улс), дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй, на З, Пд і У з Кітаем. Пл. 1565 тыс. км². Нас. 2,58 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — мангольская. Сталіца — г. Улан-Батар. Падзяляецца на 18 аймакаў. Гарады Улан-Батар, Дархан і Эрдэнэт вылучаны ў самастойныя адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Народнай Рэвалюцыі (11 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Вялікаму дзярж. хуралу, які складаецца з 76 дэпутатаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным парламентам.

Прырода. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. На З горы Мангольскі Алтай з найвыш. пунктам краіны г. Мунххайрхан-Ула (4362 м), Габійскі Алтай, Хангай, падзеленыя міжгорнымі катлавінамі (Катлавіна Вялікіх Азёр, Даліна Азёр). У цэнтр. ч. — нагор’е Хэнтэй. На Пд, ПдУ, У вял. раўніны — часткі пустыні Гобі (выш. 1000—1200 м) з асобнымі вулканічнымі масівамі, участкамі пяскоў і саланчакамі. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, жал., уранавыя, медна-малібдэнавыя, алавяныя, марганцавыя, залатыя і сярэбраныя руды, фасфарыты, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат умераны, рэзка кантынентальны, засушлівы, з кароткім гарачым летам і працяглай халоднай маласнежнай зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -35 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна 18 і 20 °C. Ападкаў 60—200 мм на Пд, 200—300 мм на Пн, у гарах 300—500 мм, пераважна летам. На большай ч. тэр. краіны няма пастаянных рэк. Маюць сцёк у акіян рэй: на Пн Селенга з прытокам Архон, Керулен і Анон. З рэк унутр. сцёку найб. Кобда і Дзабхан. Шмат азёр: Убсу-Нур, Хяргас-Нур (бяссцёкавыя, салёныя), Хубсугул, Хара-Ус-Нур, Хара-Нур (праточныя, прэсныя). На Пн у гарах лясы з лістоўніцы і кедра (10% тэр. краіны), ніжэй лесастэпы і стэпы, пераважна злакавыя з дамешкамі разнатраўя. ​2/3 тэрыторыі займаюць сухія стэпы, паўпустыні і пустыні. Для жывёльнага свету характэрны грызуны, ёсць ваўкі, лісы, антылопы дзерэн, джэйран і сайгак. На ПдЗ вельмі рэдка трапляюцца конь Пржавальскага і дзікі двухгорбы вярблюд. Вялікі Габійскі запаведнік (4,3 млн. га), рэзерваты.

Насельніцтва. Манголамоўныя народы складаюць 92,4%, у т. л. халха-манголы 80,5%. З імі паступова зліваюцца блізкія да іх дэрбеты, бураты, дарыганга, баяты, захчыны, таргуты і інш. Жывуць таксама казахі (4,4%, на З), рускія і кітайцы (пераважна ў гарадах). Вернікі — будысты-ламаісты. Сярэднегадавы прырост каля 1,5%. Сярэдняя шчыльн. 1,6 чал. на 1 км², у бас. р. Селенга да 3—7 чал. на 1 км², на Пд на 10—15 км² прыпадае 1 чалавек. Каля 25% насельніцтва вядзе качавы спосаб жыцця. У гарадах жыве 61% насельніцтва (1997). Найб. гарады (1997, тыс. ж.): Улан-Батар (680), Дархан (87), Чайбалсан (80), Эрдэнэт (59). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 12%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. паявіўся больш за 100 тыс. гадоў назад. У 3—2-м тыс. да н.э. ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах М. ўзніклі ачагі земляробства. У І-м тыс. да н.э. стараж. насельніцтва М. перайшло да качавой жывёлагадоўлі. У 3 ст. да н.э. тут склаўся моцны саюз качавых плямён сюну (хуну). Пасля яго распаду ў I ст. н.э. тэр. М. ўваходзіла ў склад племянных саюзаў сяньбі (1—3 ст.), жужаняў (3—5 ст.), Цюркскага і Усх.-Цюркскага каганатаў (6—7 ст.), дзяржавы кіданяў (10—12 ст). Этнонім «мангол» упершыню сустракаецца ў кіт. гіст. хроніках дынастыі Тан (7—10 ст.) у форме «мэнгу», «мэнгулі», «мэн-ва». Да канца 12 ст. на тэр. ад Вял. кіт. сцяны да р. Іртыш існавалі саюзы манг. плямён: тайджыюты, татары, меркіты і інш. У пач. 13 ст. б.ч. іх падпарадкаваў сабе хан Тэмучын з племя тайджыют. У 1206 курултай (з’езд манг. ханаў) абвясціў яго вял. ханам з тытулам Чынгісхан. Рэформы Чынгісхана (ваен., адм., судовая і інш.) ператварылі М. ў найб. моцную ваен. дзяржаву Азіі. У ходзе мангольскіх заваяванняў у 13 ст. ўтварылася Мангольская імперыя, якая акрамя М. ахоплівала Кітай, Цэнтр. Азію, Каўказ, Афганістан, Іран, Месапатамію, б.ч. зямель Русі і інш. У 1280 вял. хан Хубілай абвясціў сябе кіт. імператарам, заснавальнікам дынастыі Юань. У 1368 манголы выгнаны з Кітая. У 1388 кіт. войскі зруйнавалі манг. сталіцу г. Каракарум, адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў, якія ваявалі паміж сабой. На кароткі час М. аб’ядноўвалі пад сваёй уладай ханы Дайсун [1434—55] і Даян [каля 1479—1543]. Да канца 16 ст. з Манголіі гістарычнай вылучыліся Паўн. М., Паўд. М. (падзяляліся на дробныя ханствы). У 1630-я г. ў Джунгарыі (цяпер ч. тэр. Паўн.-Зах. Кітая і Зах. Манголіі) зах.-манг. плямёны (айраты) утварылі Айрацкае ханства. Непрацяглы час існавалі буйныя аб’яднанні паўд.-манг. плямён: тумэтаў на чале з Алтан-ханам (1543—83] і чахараў на чале з Лігдан-ханам [1604—34]. З канца 16 ст. сярод манголаў пашырыўся будызм у форме ламаізму, які аказваў вялізны ўплыў на іх жыццё і культуру. У 1634 маньчжуры заваявалі дзяржаву Лігдан-хана, у 1636 падпарадкавалі ўсю Паўд. М. У канцы 17 ст. ўладу маньчжурскай дынастыі (правіла ў Кітаі ў 1644—1911) прызналі наёны (князі) Паўн. М. У маньчжурскім Кітаі Паўд. М. атрымала назву Манголія Унутраная, а Паўн. М. — Манголія Знешняя. У 1758 маньчжуры заваявалі Айрацкае ханства і знішчылі б.ч. яго насельніцтва. Тэр. сучаснай М. падзялялася на З кіт. намесніцтвы з цэнтрамі ў гарадах Урга (цяпер Улан-Батар), Улясутай і Кобда. Асн. заняткам яе жыхароў была качавая жывёлагадоўля, у краіне практычна адсутнічала прам-сць. Вял. ўплыў мела ламаісцкая царква (больш як 750 манастыроў, 120 тыс. манахаў — 40% мужчын краіны). Неэквівалентны тавараабмен з Кігаем, закабаленне кіт. ліхвярамі да пач. 20 ст. б.ч. манг. жывёлаводаў вялі да росту антыкіт. настрояў. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 успыхнула антыкіт. паўстанне ў Знешняй М., 1.12.1911 з’езд манг. знаці ў г. Урга абвясціў яе незалежнай дзяржавай (манархіяй) на чале з кіраўніком ламаісцкай царквы богда-гэгэнам. Пад націскам вял. дзяржаў манг. ўрад у маі 1915 паводле Кяхцінскага рус.-кіт.-манг. пагаднення згадзіўся на аўт. статус Знешняй М. ў складзе Кітая. У 1919 кіт. войскі акупіравалі Знешнюю М. і пазбавілі яе аўтаноміі. Гэта выклікала ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла створаная ў 1920 Манг. нар.-рэв. партыя (МНРП, да 1925 наз. Манг. нар. партыя) на чале з С.​Данзанам, Д.Сухэ-Батарам і Д.​Бода. У выніку Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921 пры падтрымцы Чырв. Арміі з тэр. Знешняй М. выгнаны кіт. войскі і атрады рас. белагвардзейцаў ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга. У ліп. 1921 у г. Урга створаны Нар. ўрад на чале з Бода. 5.11.1921 заключаны дагавор аб узаемадапамозе паміж М. і РСФСР. Сав. войскі знаходзіліся ў М. да 1925. У 1921—24 Нар. ўрад правёў у краіне важныя пераўтварэнні: нацыяналізаваў зямлю, ліквідаваў прыгонніцтва і залежнасць жывёлаводаў ад ліхвяроў, адмяніў феад. тытулы і прывілеі. Да смерці богда-гэгэна (1924) дзяржава фармальна заставалася манархіяй.

26.11.1924 1-ы Вял. нар. хурал (ВНХ) абвясціў Манг. Нар. Рэспубліку (МНР) і прыняў яе канстытуцыю. 3-і з’езд МНРП (жн. 1924) прыняў рашэнне пра пабудову ў М. некапіталіст. грамадства. Залежнасць М. ад СССР і капіраванне яе кіраўніцтвам сав. вопыту былі ў значнай ступені абумоўлены тым, што Кітай да 1946 не прызнаваў яе дзярж. суверэнітэту і лічыў М. часткай сваёй тэр. У 1929 у МНР праведзена кааперацыя жывёлагадоўчых гаспадарак. У выніку рэпрэсій 1936—39 загінула б.ч. парт. і дзярж. кіраўніцтва МНР, моцна пацярпела духавенства. Улада сканцэнтравалася ў руках Х.Чайбалсана (прэм’ер-міністр у 1939—52). У 1939 сав. і манг. войскі перамаглі яп. агрэсараў на р. Халхін-Гол. Манг. войскі прынялі ўдзел у Маньчжурскай аперацыі 1946 сав. войск. 20.10.1945 паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 адбыўся плебісцыт, на якім насельніцтва М. выказалася за незалежнасць краіны (у студз. 1946 прызнана Кітаем). Пасля смерці Чайбалсана (студз. 1952) прэм’ер-міністрам (да 1974) стаў Ю.Цэдэнбал (кіраўнік МНРП у 1940—54 і 1958—84, старшыня Прэзідыума ВНХ у 1974—84). У 1960 прынята новая канстытуцыя краіны. У 1950—70-я г. адбыўся пераход асн. масы манголаў да аселасці, з дапамогай СССР і інш. сацыяліст. краін пабудавана прам-сць, ліквідавана непісьменнасць. У 1984 ген. сакратаром МНРП і старшынёй ВНХ выбраны Ж.​Батмунх. З пачаткам перабудовы ў СССР у М. разгарнуўся масавы рух за дэмакратыю і шматпартыйнасць, які са снеж. 1989 узначальваў Манг. дэмакр. саюз. Пасля масавых дэманстрацый апазіцыі пленум ЦК МНРП у сак. 1990 прыняў адстаўку кіраўніцтва партыі і выбраў яе старшынёй Г.​Ачырбата, Старшынёй ВНХ выбраны П.​Ачырбат (з вер. 1990 прэзідэнт МНР). У маі 1990 уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя, паводле якой МНР перайменавана ў Мангольскую Рэспубліку, замест ВНХ створаны Вял. дзярж. хурал (ВДХ). На першых свабодных выбарах у ВДХ перамагла МНРП. У чэрв. 1993 на першых прамых выбарах прэзідэнтам краіны выбраны Ачырбат. Непаслядоўнасць МНРП у рэфармаванні эканомікі і грамадства прывяла да перамогі дэмакр. апазіцыі на выбарах у ВДХ у чэрв. 1996. Урад М.​Энхсайхана (1996—98) правёў радыкальныя рыначныя рэформы, якія спрыялі адраджэнню эканомікі, але выклікалі сац. напружанасць у грамадстве, што праявілася ў выбранні прэзідэнтам краіны ў маі 1997 прадстаўніка МНРП Н.​Багабандзі. М. — чл. ААН (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Манг. нар.-рэв. партыя, Манг. нац.-дэмакр. партыя, Манг. с.-д. партыя, Партыя «зялёных», Рэліг.-дэмакр. партыя і ІНШ.; Федэрацыя манг. прафсаюзаў.

Гаспадарка. М. — аграрна-індустрыяльная краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Штогадовы даход на 1 чал. каля 900 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 40% валавога ўнутр. прадукту, прам-сць — каля 30%. У 1991—92 былыя с.-г. кааператывы пераўтвораны ў акц. кампаніі, завершана прыватызацыя жывёлы. На канец 1998 у прыватнай уласнасці 95% пагалоўя свойскай жывёлы. Больш за 80% тэр. (каля 130 млн. га) прыдатная для выкарыстання ў якасці пашы. Па колькасці жывёлы на душу насельніцтва М. займае адно з першых месц у свеце. Найб. развіта авечка- і козагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, канец 1996): авечкі — 13,5, козы — 9,1, буйн. раг. жывёла — 3,5, коні — 2,8, вярблюды — 0,4. Гадуюць таксама якаў і іх помесі з буйн. раг. жывёлай — артомаў і хайнакаў (у гарах), паўн. аленяў (у гарах на Пн). Прадукцыйнасць жывёлы нізкая. Вытв-сць (1995, тыс. т): ялавічыны і цяляціны — 71, бараніны — 98, каніны — 28, малака — 316. Авечак гадуюць усюды, але найб. у зах. і цэнтр. раёнах, буйн. раг. жывёлу — пераважна на ПнУ і Пн, коз — на З, вярблюдагадоўля ў асн. у паўд. і паўд.-ўсх. раёнах, конегадоўля — ўсюды. У прыгарадных раёнах свінагадоўчыя і птушкагадоўчыя гаспадаркі. Ёсць фермы пушной зверагадоўлі. Раслінаводства — новая галіна сельскай гаспадаркі, займае каля 0,5 млн. га зямель на Пн, у далінах рэк Селенга і Архон. Ураджаі рэзка вагаюцца ў залежнасці ад колькасці ападкаў летам. Пераважае яравая пшаніца, меншыя зборы ячменю, проса, жыта, аўса. У 1998 сабрана 214 тыс. т збожжа. У гарах і стэпах пашыраны пушны промысел, штогод нарыхтоўваюць больш за 1 млн. шкурак сурка. З галін прам-сці найб. значэнне маюць горназдабыўная і каляровая металургія, лёгкая і харчовая. Здабываюць медна-малібдэнавыя і вальфрамавыя руды, буры і каменны вугаль, плавікавы шпат, золата. Самае магутнае прадпрыемства краіны — горнаабагачальны камбінат «Эрдэнэт», які выпускае (тыс. т, 1996) медны (351) і малібдэнавы (4,7) канцэнтрат. Прадпрыемства «Манголрасцэмент» штогод выпускае больш за 1 млн. т цэменту. Камбінат «Керулен» выпрацоўвае плавікава-шпатавы канцэнтрат (565 тыс. т, 1996). Аснова энергетыкі — вугаль (5,1 млн. т, 1996). Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд. кВт∙гадз (1995). Буйнейшая ЦЭС у сталіцы. Шмат дызельных электрастанцый невял. магутнасці ў аддаленых раёнах. ГЭС на р. Архон. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае пераважна жывёлагадоўчую прадукцыю. Працуюць прадпрыемствы гарбарнай, абутковай, валюшна-лямцавай, аўчынна-футравай, скургалантарэйнай, суконнай, дывановай, трыкатажнай і інш. галін прам-сці. Харч. прам-сць прадстаўлена мясакамбінатамі і мясахоладабойнямі, харч. камбінатамі, якія вырабляюць кансервы, сыр, масла, хлебапрадукты. Прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, жалезабетонныя канструкцыі, цеплаізаляцыйныя пліты, керамічныя пліты) ва Улан-Батары і Дархане. Дрэваапр. камбінаты ва Улан-Батары і Сухэ-Батары. Вытв-сць мэблі, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Ёсць вытв-сць фармацэўтычных, шкляных і фарфоравых вырабаў, прадпрыемствы мікрабіялагічнай, паліграф., металаапр. і металарамонтнай галін. Асн. прамысл. цэнтр — г. Улан-Батар. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 46,7 тыс. км, у т. л. палепшаных 4,3 тыс. км, чыгунак 1,8 тыс. км. Трансмангольская чыгунка — частка чыг. магістралі Масква—Улан-Батар—Пекін. У краіне 397 аэрапортаў. Суднаходства па воз. Хубсугул, рэках Селенга і Архон. У 1995 экспарт склаў 451 млн. дол., імпарт — 473 млн. долараў. У экспарце пераважаюць медныя і малібдэнавыя канцэнтраты (каля 50%), плавікавы шпат, жывая жывёла, прадукцыя жывёлагадоўлі, аўчынна-футравыя, скургалантарэйныя вырабы; у імпарце — машыны і абсталяванне, паліва і электраэнергія, агародніна, хімікаты. Гал. гандлёвыя партнёры: Расія (больш за 50% кошту экспарту), Кітай, Японія. У 1991—98 развітыя краіны і міжнар. арганізацыі аказалі М. бязвыплатнай дапамогі на суму больш за 600 млн. дол. Грашовая адзінка — тугрык.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі і ППА) і пагранічных войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць (1998) каля 8,5 тыс. чал., на ўзбраенні больш за 650 танкаў, 400 баявых машын пяхоты, 300 бронетранспарцёраў, 300 гармат палявой артылерыі і інш. У ППА каля 500 чал., 9 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў, зенітныя ўстаноўкі і комплексы. У пагранічных войсках каля 5 тыс. чал.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,1, жанчын 63,2 года. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 101 чал., урачамі — 1 на 402 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,6%. Дзіцячая смяротнасць — 68 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1997/98 навуч. г. ў М. 663 агульнаадук. школы, у якіх навучалася больш за 380 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 64 ВНУ, у т. л. 27 дзярж. ун-таў, ін-таў і каледжаў, у якіх вучылася каля 29 тыс. студэнтаў па 60 спецыяльнасцях на ступень бакалаўра і па 35 — на ступень магістра. ВНУ: Мангольскі дзярж. ун-т (з 1942), Дзярж. пед. ін-т (з 1951), політэхн. ін-т (з 1961), пед. ін-т рус. мовы (філіял Маскоўскага ін-та рус. мовы імя Пушкіна, з 1978), мед. (з 1982) і с.-г. (з 1958) ін-ты — усе ва Улан-Батары, пед. ін-т (з 1979) у г. Кобда. У 1998 у М. 424 б-кі з агульным фондам 4,2 млн. кніг, найбольшыя з іх Дзярж. публічная і б-ка Мангольскага дзярж. ун-та. Музеі: Цэнтр. дзярж., рэлігіі, горада Улан-Батар і інш. Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН М. (з 1961) і галіновымі НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 130 перыяд. выданняў. Найб. папулярныя газеты — «Унадур» («Сёння», з 1992), «Ардын эрх» («Народнае права», з 1990), «Унэн-уу?» («Ці праўда?», з 1920), «Ардчылал» («Дэмакратыя», з 1990), «Худулмур» («Праца», з 1928), «Уг» («Слова», з 1990), «Засгійн газрын мэдээ» («Урадавы веснік», з 1991), «Ертанц» («Сусвет», з 1990), «Мангалын залучуд» («Моладзь Манголіі», з 1924), «Шынэ уе» («Новае пакаленне», з 1991); на рус. мове — «Новости Монголии» (з 1942). Інфарм. агенцтвы — Монгал Цахілган Медэній Агентлаг (МОНЦАМЭ, Мангольскае тэлеграфнае агенцтва, засн. ў 1921), «Мангалын дуу хаалой» («Голас Манголіі») і Сан-прэс (з 1992). Радыёвяшчанне з 1934. Тэлебачанне з 1967. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на манг., рус., кіт., англ., франц. і каз. мовах.

Літаратура. Фальклор манголаў прадстаўлены гераічнымі паданнямі, казкамі, ероаламі (пажаданні дабра), магтааламі (ухваленні), сургааламі (павучанні), легендамі і інш. Зберагліся эпіграфічныя помнікі 12—13 ст., дыялагічныя нар. песні («Золатаардынскі рукапіс на бяросце», 13—14 ст.), нар. эпас «Джангар» (15 ст.), эпічнае сказанне пра Гэсэр-хана (16—17 ст.), летапісы («Алтан Тобчы», 17 ст.) і інш. У 14—18 ст. росквіту дасягнула перакладная л-ра (зборы будыйскіх кананічных твораў «Ганжур», «Данжур»). У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася рэаліст. л-ра. Дэмакр., антыфеад. тэндэнцыі выявіліся ў гіст. раманах В.​Інжынаша, сатыр. паэзіі Х.​Сандага. Пасля рэвалюцыі 1921 узнікла новая л-ра: створаны аповесці (Д.​Нацагдорж, Ц.​Дамдзінсурэн), зарадзілася рэв. паэзія, значных поспехаў дасягнула драматургія (п’есы С.​Буянэмэха, Нацагдоржа). Пасля 2-й сусв. вайны пашырылася ваен. тэматыка (аповесці «Аюуш» Д.​Сэнгээ, «Вучань Ганбат» Д.​Цэвэгмэда, вершы Ч.​Лхамсурэна, Дамдзінсурэна), з’явіліся п’есы на тэмы сучаснасці (Сэнгээ, Л.​Ванган). Вызначальная рыса л-ры 1950—60-х г. — станаўленне і развіццё новага рамана: прыгодніцкага («На Алтаі» Ч.​Ладайдамба), гісторыка-рэв. («Ранішняя зара» Б.​Рынчэна, «Чырвонае сонца» С.​Дашдэндэва), на тэмы сучаснасці («Вясна — восень» Ч.​Чыміда). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі раман (Л.​Тудэў), аповесць (С.​Удвал), апавяданне і навела (Э.​Аюун, С.​Эрдэнэ). Паэзія ўзбагацілася лірычнымі і грамадз. вершамі Б.​Явуўхулана, Чыміда, паэмамі Ц.​Гайтава. Вядучае месца занялі пераклады. Творчасць сучасных манг. пісьменнікаў сведчыць пра збліжэнне л-ры М. з прагрэс. сусв. л-рай з захаваннем нац. асаблівасцей. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Мангольскія казкі» (пер. А.​Якімовіча, 1956), раманы Тудэва «Горны паток» (пер. І.​Сакалоўскага і У.​Шахаўца, 1971) і Н.​Банзрагча «Шлях» (пер. М.​Парахневіча, 1978), зб. навел «Вясновыя птушкі» (пер. В.​Рабкевіча, В.​Новіка, З.​Прыгодзіча, М.​Паслядовіча, Я.​Крамко, А.​Рыбака, 1981), казка «Залатая ластаўка» (пер. С.​Міхальчука, 1982). На бел. мову паасобныя вершы і навелы манг. пісьменнікаў перакладалі Я.​Бяганская, М.​Калачынскі, П.​Макаль, Ю.​Свірка, Х.​Чэрня і інш.

Архітэктура. Збудаванні на тэр. М. вядомы з часоў Цюркскага каганата (7 ст.), калі на месцы пахаванняў узводзілі храмы з мемар. стэламі і скульптурай. Ад перыяду Уйгурскага каганата (745—840) захаваліся руіны сталіцы Орду-Балык (пазней Хара-Балгас) са строгай планіроўкай, абарончымі збудаваннямі, дамамі, храмамі. Пры кіданях (10—12 ст.) інтэнсіўна будаваліся гарады. Звычайна горад, амаль квадратны ў плане, быў абкружаны равамі і землянымі валамі. Яго перасякалі адна ці некалькі вуліц з адм. будынкамі, храмамі і дамамі, на незабудаваных участках ставілі юрты і палаткі. Пры раскопках г. Барс-Хот I (10—12 ст.) выяўлены рэшткі будыйскага храма з сюжэтнымі і арнаментальнымі фрэскамі і 2 цагляныя пагады з 5 і 7 ярусамі (апошняя выш. 16 м), у дэталях звязаныя з мясц. традыцыяй і ўплывам Кітая. У канцы 12 — пач. 13 ст. вядомасць набывае архітэктура сталіцы Каракарум. Захаваліся рэшткі палаца хана Угедэя (пл. 2475 м²) на штучнай насыпной платформе (гранітныя цокалі і базы калон, разьба па камені і дрэве, лепка, чаканка і інш.) і кумірні (малітоўныя дамы) з насценнымі размалёўкамі. У 16 — пач. 20 ст. ў манг. ханствах і княствах асн. відам жылля была лямцавая зборна-разборная юрта (гэр: дыяметр 5 м, выш. каля 3 м) на драўляным каркасе з рассоўнымі насценнымі рашоткамі, дзвярной каробкай і дахам у форме ўсечанага конуса; звонку дзверы лямцавыя, унутры — драўляныя размаляваныя. Для далёкіх паездак з караванамі служылі шасцісхільныя палаткі (майханы). З канца 16 ст. з пашырэннем ламаізму вялося буд-ва манастыроў і храмаў. З’явіліся культавыя пабудовы з дрэва, у аснове якіх — кампазіцыя юрты (часам на колах) круглай, шматвугольнай, з сярэдзіны 17 ст. квадратнай формы, а таксама цагляны кіт. і каменныя тыбецкага тыпаў (у манастырах Амур-Баясхуланту-хіт, Эрдэні-дзу). Своеасаблівыя мемар. збудаванні — субурганы (Бодзі-субурган у манастыры Эрдэні-дзу). Захаваліся храмы змешанага тыпу: манг.-кіт. (манастыр Да-Хурэ ва Улан-Батары, засн. ў 1651 як качавы, з 1779 — аселы; юртападобныя храмы 18 ст.), тыбецка-кіт., тыбецка-манг. (манастыр Гандан, пач. 18 ст., з храмам Мэгджыд-Джанрайсэг, пач. 20 ст., ва Улан-Батары). У 19 — пач. 20 ст. цэнтрам культавага і свецкага буд-ва быў Улан-Батар (палацавы комплекс Ноган-Орга, «Зялёны палац», 1832). У 1920—30-я г. разгарнулася грамадз. і прамысл. буд-ва, рэканструкцыя старых (Улан-Батар) і стварэнне новых (Дархан, Налайха, Сайншанд) гарадоў і пасёлкаў з рэгулярнай планіроўкай, рысамі сав. канструктывізму. У 1940—50-я г. фасады грамадскіх будынкаў упрыгожвалі порцікамі, каланадамі, нац. арнаментам (Мангольскі ун-т ва Улан-Батары). Будынкі ўзводзілі з улікам кліматычных умоў, патрабаванняў камфорту, выразнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (Т-р оперы і балета ва Улан-Батары). У 1960—80-я г. буд-ва вялося паводле тыпавых праектаў, з выкарыстаннем жалезабетонных канструкцый на аснове прынцыпаў функцыян. архітэктуры (выставачная зала ва Улан-Батары, будынак вакзала ў Сухэ-Батары).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. М. вядомы з 14—10 ст. да н.э. (выбітыя або нанесеныя фарбай на скалах выявы жывёл). У 4—3 ст. да н.э. метал. вырабы і каменныя надмагільныя слупы аздаблялі стылізаванымі фігуркамі жывёл. У кургане Наін-Ула (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) выяўлены начынне, тканіны, лямцавыя дываны, аздабленне конскай вупражы. У 6—8 ст. развіваліся рамёствы па вырабу конскай вупражы, зброі, упрыгожанай расл. арнаментам, з’явіліся мемарыяльныя каменныя стэлы на пастаментах у выглядзе чарапоў, скульпт. фігуры мужчын каля надмагільных помнікаў, т.зв. каменныя бабы. У 8—10 ст. развіваліся партрэтная пластыка, прысвечаная уйгурскім уладарам, фігуратыўная размалёўка з выявамі уйгурскіх і кіданьскіх уладароў у мемар. палацах і храмах, у 10—12 ст. — кераміка (фігуркі будыйскіх божастваў, жывёл і інш. з раскопак г. Барс-Хот I). Сінтэзам мастацтваў і стылістычнай разнастайнасцю вызначаюцца творы 12—13 ст., знойдзеныя ў Каракаруме: фігуратыўныя скульптуры, дэкар. маскі, жывапісныя партрэты ханаў і інш. Найб. пашыраным відам жывапісу 16 — пач. 20 ст. былі танка — будыйскія кампазіцыі, выкананыя на палатне фарбамі тыпу гуашы. У насценных размалёўках адчувальны ўплыў мастацтва Тыбета, Кітая, Непала. Стваралася храмавая скульптура з гліны, дрэва і бронзы, заснавальнік яе кананічнай формы — скульпт. Дзанабадзар (2-я пал. 17 ст.; рабіў таксама танка). З канца 19 ст. пашырыўся таксама свецкі жывапіс (ургінская школа і інш.) — партрэты, пейзажы, жанравыя палотны. У пач. 20 ст. пад уплывам еўрап. рэаліст. традыцый пачала фарміравацца сучасная манг. маст. школа (жывапісцы Б.​Шараў, Д.​Манібадар і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка твораў, у якіх спалучаліся прыёмы нац. і еўрап. мастацтва (жывапісцы Г.​Адон, Будбазар, Н.​Цултэм, А.​Цэвэгжаў, Д.​Чойдаг, графікі Д.​Амгалан, Балдан, скульптары Н.​Жамба, С.​Чоймбал і інш.). Развіваюцца вышыўка, аплікацыя, маст. апрацоўка металу, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве, выраб каляровых масак з пап’е-машэ, сюжэтных дываноў і інш.

Музыка. У традыц. музыцы М. пераважае вак. музіцыраванне, часта з інстр. суправаджэннем, пашыраны сольныя і ансамблевыя інстр. кампазіцыі. Ладавая аснова пераважна ангемітонная (часам пентатоніка). Спецыфічнае гуказдабыванне ў традыцыях гарлавога спеву (хаамэй), ігры на цууры (падоўжная флейта), аманхурах (самагучальныя язычковыя тыпу варганаў) і інш. Сярод традыц. інструментаў: стр. смычковыя — морын-хур, іх-хур, хучыр; стр. шчыпковыя — тобшур, шудрага (шанза), цытра ятга, род цымбалаў ёачын; драўляныя духавыя — лімбэ, цуур, біш-хур (тып габоя), эвэр-бурээ (рог); ударныя — барабаны хэнгэрэг, бумбур, талеркі цан, літафоны, шаманскія бубны; храмавыя інструменты — марская ракавіна дун, званы хонх, гонгі, вял. медныя трубы і інш. Стараж. музыка звязана з паляўнічай і жывёлагадоўчай практыкай, абрадамі. У 3 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. ўзніклі разнастайныя жанры і віды музыкі. Да 13 ст. развівалася прыдворная музыка, дзейнічалі шматскладавыя аркестры. Музыка ўваходзіла ў абрады шаманізму і культу продкаў, суправаджала баявыя дзеянні; былі пашыраны караванныя песні без слоў (уншуу). У 13—14 ст. выпрацоўваліся нарматывы класічнай музыкі. Склаўся рэпертуар віртуознай сольнай інстр. музыкі, развіліся муз.-паэт. жанры магтаал (ода) і сургаал (дыдактычны верш). Розныя жанры манг. муз.-паэт. традыцыі спалучае гісторыка-эпічнае «Патаемнае казанне» (13 ст.). У канцы 17 — пач. 20 ст. муз. жыццё засяроджвалася пераважна ў ламаісцкіх манастырах. У 18 ст. цэнтрам культ. жыцця М. стала Урга. Вызначыліся асн. песенныя жанры: найб. развітая працяжная — уртын-дуу і кароткая — богіна-дуу. У 1920—30-я г. пачалося асваенне жанраў еўрап. музыкі (опера, балет, сімфонія, інстр. канцэрт). Сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары С.​Ганчыксумла, Б.​Дамдзінсурэн (першая нац. опера «Сярод трох маркотных гор», з Б.​Смірновым, паст. 1942), Л.​Мурдорж (першая нац. сімфонія «Мая радзіма», 1955), У.​Білегжаргал, Э.​Чойдаг, Д.​Луўсаншараў (першая нац. аперэта «Голы князь», 1986; песні і інш); дырыжоры Ж.​Чулун, Ц.​Намсрайжаў, Ж.​Жамсранжаў, спевакі Ц.​Пурэўдорж, А.​Сурдал, А.​Загдсурэн, Х.​Уртнасан, А.​Хаўлаш; інструменталісты Т.​Цолман, З.​Сэрэтэр, Аюуш; выканаўцы традыц. музыкі — спевакі Л.​Луўсанбалдан, Ш.​Дамба, М.​Дашрынчэн, С.​Гомба, Б.​Луўсангампіл, М.​Дугаржаў, Ж.​Дарждагва, Н.​Нараўбанзад, інструменталісты А.​Сандаг, Д.​Ішдулам, О.​Дашдэлэг, У.​Луўсанхурчы, Л.​Цэрэндорж, Г.​Жам’ян, Д.​Дашдулам. У М. працуюць (1999): больш за 10 муз. т-раў, у т. л. Дзярж. т-р оперы і балета (з 1963); філармонія, пры якой сімф. аркестр (з 1957), эстр. калектывы; Ансамбль Манг. нар. арміі (з 1932), Дзярж. ансамбль песні і танца (з 1950). Муз. аддзел у Пед. ін-це (Улан-Батар), муз.-харэаграфічныя вучылішчы. У 1957 створаны Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. — у тэатралізаваных рытуальных дзействах, нар. абрадах, танцах-пантамімах, выступленнях нар. спевакоў-сказіцеляў. З канца 14 ст. на манг. мастацтва, у т. л. т-р, паўплываў кіт. класічны т-р. Папулярнымі былі выступленні артыстаў-лялечнікаў. У 17 ст. з распаўсюджаннем будызму ўзнік містэрыяльны т-р цам (сінт. форма, дзе драм. дыялогі перамяжоўваюцца з пантамімай, танцам, харавымі спевамі). Пры дварах манг. князёў існавалі прыдворныя т-ры. У 1830 у Габійскім аймаку адбыўся першы публічны спектакль «Месячная зязюля». З 1920-х г. пачала шырока развівацца тэатр. самадзейнасць; арганізаваны муз.-драм. гурткі, з якіх пазней узніклі праф. т-ры. Спектаклі ставіліся ў нар. традыцыях. Рэпертуар складаўся з інсцэніровак нар. песень і сцэнак на надзённыя тэмы. Рабіліся спробы выкарыстоўваць вопыт кіт. класічнага т-ра і т-ра ян-гэ. У 1930 ва Улан-Батары арганізавана тэатр. студыя, з якой у 1931 узнік Цэнтр. дзярж. манг. т-р (з 1942 Дзярж. муз.-драм. т-р). Новая нац. драматургія была сарыентавана на традыцыйную манг. тэатр. форму сінт. т-ра. Ставіліся п’есы манг. аўтараў, творы сусв. класікі, сав. драматургаў. У 1963 на базе Дзярж. муз.-драм. т-ра створаны Дзярж. т-р оперы і балета і Дзярж. т-р драмы імя Д.​Нацагдоржа. З 1970-х г. развіваецца драматургія сучаснай тэматыкі; прасочваецца тэндэнцыя засваення еўрап. тэатр. школы і драматургіі. Ва Улан-Батары працуюць таксама Т-р лялек (з 1948), Цэнтр. дзіцячы т-р (з 1950), існуюць аймачныя (абласныя) т-ры.

Кіно. У 1935 ва Улан-Батары створана кінастудыя «Манголкіно». У 1936 выйшлі першыя дакумент. фільмы, у 1938 — маст. фільм «Шлях Норжмы» (рэж. Т.​Нацагдорж, Л.​Шэфер). З 1947 пачаўся сістэматычны выпуск кінаперыёдыкі. Першых поспехаў манг. кінематаграфісты дасягнулі ў гісторыка-рэв. тэматыцы: «Пасланец народа» (1959), «Адзін з многіх» (1962), «Раніца» (1968, усе рэж. Д.​Жыгжыда), «Апавяданні пра вайну» (1970, рэж. Ж.​Бунтар, Н.​Нямдава), «Пачатак вялікага шляху» (1978, рэж. Б.​Сумху) і інш. На сучасную.тэматыку ставіліся камедыі і меладрамы, з 1970-х г. здымаліся псіхал. сац. драмы: «Зяць» (1970, рэж. Жыгжыд), «Шум матора» (1973) і «Жонка» (1975, рэж. Сумху), «Сустрэча» (1974, рэж. Нямдава), «За перавалам перавал» (1977, рэж. Бунтар), «Неба праясняецца» (1978, рэж. Р.​Даржпалам), «Жыццё чалавечае» і «Хатанбатар» (1981, рэж. Г.​Жыгжыдсурэн). Значны ўплыў на станаўленне манг. кінематографа зрабілі сав. кінематаграфісты. Сярод сумесных сав.-манг. фільмаў: «Яго завуць Сухэ-Батар» (1942, рэж. А.​Зархі, І.​Хейфіц), «Віцязі стэпу» (1945, рэж. Ю.​Тарыч, Дудсан-Джалел, М.​Болд), «Слухайце, на тым баку!» (1972, рэж. Б.​Ермалаеў, Сумху), «Праз Гобі і Хінган» (1982, рэж. В.​Ардынскі, Сумху). Здымаюцца дзіцячыя (рэж. Х.​Дамдзін, Нямдава і інш.) і дакумент. (рэж. А.​Уртнасан, Г.​Даждорж і інш.) фільмы. У 1970-я г. створаны Саюз работнікаў мастацтваў, які аб’ядноўвае і кінематаграфістаў.

Літ.:

История Монгольской Народной Республики. М., 1983;

Татаро-монголы в Азии и Европе: Сб. ст. 2 изд. М., 1977;

Трепавлов В.В. Государственный строй Монгольской империи XIII в.: Пробл. исп. преемственности. М., 1993;

Михайлов Г.И., Яцковская К.Н. Монгольская литература. М., 1969;

Тудэв Л. Национальное и интернациональное в монгольской литературе: Пер. с монг. М., 1982;

Майдар Д. Архитектура и градостроительство Монголии. М., 1972;

Майдар Д., Пюрвеев Д. От кочевой до мобильной архитектуры. М., 1980;

Цултэм Ням-Осорын. Искусство Монголии с древнейших времен до начала XX в. М., 1982;

Кондратьев С.А. Музыка монгольского эпоса и песен. М., 1970;

Смирнов Б.Ф. Монгольская народная музыка. М., 1971;

Черненко М.М. Кино Монголии. М., 1976.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура). Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​М.​Міхеева (тэатр).

Герб і сцяг Манголіі.
Да арт. Манголія. Краявід на поўначы краіны.
Да арт. Манголія. Горна-абагачальны камбінат «Эрдэнэт».
Да арт. Манголія. Мангольскія дываны.
Да арт. Манголія. Мангольскае войска. Мініяцюра са «Зборніка летапісаў» Рашыд-ад-дзіна. 1301—14.
Да арт. Манголія. Байцы Мангольскай народна-рэвалюцыйнай арміі вядуць бой з японскімі захопнікамі. Халхін-Гол. 1939.
Да арт. Манголія. Трыумфальныя вароты ў палацавым комплексе Ноган-Орга ва Улан-Батары. 19 ст.
Да арт. Манголія. Храм Мэгджыд-Джанрайсэг манастыра Гандан. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Юрта.
Да арт. Манголія. Будынак вакзала ў г. Сухэ-Батар.
Да арт. Манголія. Будынак выставачнай залы ва Улан-Батары.
Да арт. Манголія. Каменныя бабы. 6—8 ст.
Да арт. Манголія. Буда. Невядомы майстар. 19 ст.
Да арт. Манголія. Абраз «Буда Алмазнапрастольны (Ваджрасана)». Палатно, клеявыя фарбы. Канец 11—12 ст.
Да арт. Манголія. Галаўное ўпрыгожанне. 19 ст.
Да арт. Манголія. Майстар ургінскай школы. Шак’ямуні. 19 ст.
Да арт. Манголія. Маска для рэлігійнай цырымоніі цам. Бегдзе-Дармапала. 19 ст.
Да арт. Манголія. Б.​Шараў. Партрэт жонкі VIII богда-гэгэна. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Дзанабадзар. Сіяма-Тара (Зялёная тара; злева) і Сіта-Тара (Белая тара; справа).
Да арт. Манголія. Ансамбль мангольскіх народных інструментаў.
Да арт. Манголія. Сцэна з оперы «Сярод трох маркотных гор».

т. 10, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)