раздзел геахіміі, які вывучае гісторыю радыеактыўных атамаў. Вядома больш за 1350 радыеізатопаў (прыродных і тэхнагенных), якія адносяцца да ўсіх хім. элементаў табліцы Дз.І.Мендзялеева. Р. даследуе іх размеркаванне і міграцыю ў зямной кары, зямных абалонках і ландшафтах, формы знаходжання і ўдзел у геал., геахім. і інш. працэсах. З дапамогай Р. вырашаюцца праблемы: эвалюцыі хім. саставу Зямлі, петра- і літагенезу, жыцця на Зямлі, генезісу карысных выкапняў, палеагеаграфічных і палеагеахімічных рэканструкцый, экалогіі, радыяцыйнага тэхнагенезу. Выкарыстоўваецца пры пошуках карысных выкапняў, у сельскай гаспадарцы, для аховы здароўя, у рацыянальным прыродакарыстанні, ахове навакольнага асяроддзя. Р. цесна звязана з радыегеалогіяй, ядзернай геафізікай, радыеэкалогіяй. На Беларусі рэгіянальны кірунак Р. сфарміраваўся ў 1970-я г. Значны яго ўклад у даследаванне ландшафтаў і зямной кары рэгіёна, высвятленне геахім. і экалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
праект дагавора аб калект. узаемадапамозе паміж СССР, Чэхаславакіяй, Польшчай, Латвіяй, Эстоніяй, Літвой і Фінляндыяй на выпадак агрэсіі нацысцкай Германіі, распрацаваны ў 1934. Ініцыіраваны франц. міністрам замежных спраў Л.Барту і сав. урадам пасля выхаду Германіі з Лігі Нацый, зыходу яе дэлегацыі з міжнар. канферэнцыі па раззбраенні (14.10.1933) і пачатку фарсіраванай мілітарызацыі герм. эканомікі. У маі—чэрвені 1934 СССР і Францыя пагадзіліся заключыць двухбаковы дагавор. 14 чэрв. ўрад СССР прапанаваў усім зацікаўленым бакам стаць удзельнікамі пакта. Прадугледжвалася, што Францыя далучыцца да пакта як яго гарант, а СССР стане гарантам Лакарнскіх дагавораў 1925. Гатоўнасць далучыцца да пакта выказалі ўрады Чэхаславакіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі (Эстонія і Латвія — пры ўмове далучэння да пакта Германіі і Польшчы). Калі Германія і Польшча адмовіліся ад удзелу ў гэтым дагаворы, тое ж зрабілі прыбалт. краіны, а фінл. бок не адказаў на франка-сав. прапанову. У гэтых умовах, а таксама пасля забойства Барту (9.10.1934) і перамогі ва ўрадзе Францыі праціўнікаў заключэння пакта яго праект не быў ажыццёўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых ун-таў Расіі, вядучы цэнтр развіцця адукацыі, навукі, культуры. Засн. на базе імператарскага Варшаўскага ун-та (з 1869), які ў 1915 эвакуіраваны ў г. Растоў-на-Доне. Паводле Пастановы Часовага ўрада ад 5.5.1917 імператарскі Варшаўскі ун-т скасаваны, а на яго базе створаны новы, які наз. Данскі, з 1925 Паўночна-Каўказскі, з 1931 Растоўскі-на-Доне, з 1957 сучасная назва.
У 2000/01 навуч.г. больш за 14 тыс. студэнтаў; ф-ты: біёлага-глебавы; геолага-геагр.; гіст.; механіка-матэм.; хім.; фіз.; псіхалогіі; сацыялогіі і паліталогіі; філалогіі і журналістыкі; філасофіі і культуралогіі; эканам.; юрыд.; ваеннага навучання. Вядзецца падрыхтоўка па 35 спецыяльнасцях. Аспірантура і дактарантура з 1957. У складзе ун-та класічны, эканам. і юрыд. ліцэі; ін-т перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў гуманіт. і сац. навук, 2 ін-ты — права і кіравання, эканомікі і знешнеэканам. сувязей, даюць 2-ю вышэйшую адукацыю. Пры ун-це працуюць 10 НДІ, навукова-канструктарска-тэхнал. бюро «П’езапрыбор», Паўн.-Рас.рэгіянальны цэнтр інфарматызацыі вышэйшай школы, Занальная навук.б-ка (2,9 млн.экз. кніг), Бат. сад і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́ТАЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Тімя М.Г.Чарнышэўскага,
адзін са старэйшых ун-таў Расіі, буйны адукацыйны і навук.цэнтр.Засн. ў 1909, з 1921 імя Чарнышэўскага. У 2000/01 навуч.г. больш за 22 тыс. студэнтаў і 1,5 тыс. выкладчыкаў; 19 ф-таў, у т. л.фіз.; хім.; механіка-матэм.; філал.; біял.; геагр.; геал.; філас.; гіст.; гуманіт. і сац. навук; камп’ютэрных навук. і інфарм. тэхналогій; сацыялогіі; нелінейных працэсаў і інш. Аспірантура з 1925. Дактарантура з 1992. Працуюць 15 спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. У складзе ун-та Балашоўскі і Астраханскі філіялы; ін-ты — пед., Міжрэгіянальны грамадскіх навук, дадатковай прафес. адукацыі, Ін-т «Адкрытыя сістэмы»; каледж радыёэлектронікі; палітэхнікум; 4 НДІ (механікі і фізікі; геалогіі; хіміі; рус. мовы, л-ры і журналістыкі); Паволжскі рэгіянальны цэнтр новых інфарм. тэхналогій (у 1988 на яго базе створаны Цэнтр Інтэрнет), Цэнтр тэсціравання, Цэнтр міжнар. супрацоўніцтва і акад. мабільнасці, Цэнтр нелінейнай дынамікі і біяфізікі, Цэнтр еўрап. саюза, Цэнтр усходазнаўства, Цэнтр перспектыўных навук. даследаванняў; Занальная навук.б-ка (больш за 3 млн.экз. кніг; мае доступ да сусветных баз даных), бат. сад і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕ́ЙНАСЦІ,
сістэма комплекснага даследавання прычынна-выніковых сувязяў у дзейнасці суб’ектаў гаспадарання з мэтай выяўлення рэзерваў павышэння эфектыўнасці гэтай дзейнасці і выпрацоўкі аптымальных кіраўніцкіх рашэнняў; адна з асн. функцый у сістэме кіравання вытв-сцю на розных узроўнях — ад цэха прадпрыемства да мін-ва, карпарацыі. Ажыццяўляецца на аснове звестак уліку (уключаючы і аператыўны ўлік), дае магчымасць выявіць адхіленні паказчыкаў вытв.-гасп. дзейнасці ад запланаваных, вызначыць іх прычыны і прыняць неабходныя меры для рэгулявання вытв. працэсу і карэкціравання праграмы (плана). Аб’ект аналізу — вытв.-гасп. дзейнасць, прадмет — прычынна-выніковыя сувязі, што фарміруюць і змяняюць вынікі гэтай дзейнасці, метад — сістэмны і комплексны падыходы да даследавання аб’екта з выкарыстаннем адпаведных методык. У залежнасці ад узроўню і маштабу кіравання аналіз гаспадарчай дзейнасці бывае: унутрыгаспадарчы (унутрыфірменны), галіновы, міжгаліновы ці рэгіянальны, народнагаспадарчы. У залежнасці ад віду кіравання вытв-сцю вылучаюць: аператыўны аналізгасп. дзейнасці (для аператыўнага ці кароткатэрміновага кіравання), бягучы ці перыядычны аналіз (для бягучага ці сярэднетэрміновага кіравання), перспектыўны ці доўгатэрміновы аналіз (для пэўнай мэтавай сістэмы). У навук. л-ры вылучаюць і інш. віды аналізу гаспадарчай дзейнасці: у залежнасці ад абагульнення аб’екта даследавання (агульнаэканам. аналіз) ці яго дзялення (фін. аналіз), вылучэння асобных яго мэтаў (прагнозны аналіз) ці пераважных спосабаў даследавання (параўнальны аналіз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭКАНО́МІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску. Аддзелы (1997): заканамернасцей развіцця эканам. адносін; эфектыўнасці вытв. патэнцыялу; рыначнай інфраструктуры; рэгіянальнай эканомікі; эколага-эканам. праблем; эканомікі навукі.
Асн. кірункі даследаванняў: арг-цыя вытворчасці; удасканаленне сістэмы планавання; паскарэнне навук.-тэхн. прагрэсу; пытанні рэфармавання адносін уласнасці і стварэння змешанай эканомікі; удасканаленне фін. крэдытных адносін. Мэта даследаванняў — распрацоўка нац.-дзярж. мадэлі рыначнай эканомікі Беларусі і адэкватнага ёй дзейснага механізму гаспадарання. Аспірантура з 1945. Выдадзены працы: «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму, 1900—1917» (1963); «Эканоміка Савецкай Беларусі, 1917—1967» (1967), «Тэхнічны прагрэс і пытанні эканомікі» (1969); «Вытворчыя аб’яднанні: Рэгіянальны аспект арганізацыі» У.С.Фацеева (1987); зб. «Рыначнае рэфармаванне эканомікі Беларусі» (вып. 1—2, 1996—97); «Эканоміка Беларусі: шляхі стабілізацыі і сацыяльна-эканамічнага абнаўлення» (1995); «Інвестыцыйная палітыка Беларусі: (Аналіз, праблемы, прапановы)», «Інфляцыя. прырода, сутнасць і рэгуляванне, «Праблемы рэфармавання беларускай эканомікі» І.М.Абрамава, В.С.Булко, І.В.Калеснікавай (усе 1996) і інш. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі В.М.Лубяка, В.С.Нямчынаў, І.А.Пятровіч, Ф.С.Марцінкевіч, чл.-кар. М.І.Вядута, Ф.А.Дронаў; працуюць акад.Нац.АН Беларусі Г.М.Лыч, чл.-кар. П.Г.Нікіценка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.), мікулінскае міжледавікоўе (Расія),
эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.М.Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн.ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
бел.самадз. харэаграфічны ансамбль. Створаны ў 1983 пры Доме культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага адкрытага акц.т-ва «Магатэкс», з 1989 народны. Заснавальнік і маст. кіраўнік, пастаноўшчык танцаў — В.Папоў. Складаецца з танц. (40 удзельнікаў) і інстр. (10 чал.; існуе з 1988) груп. Мае самабытныя нар. інструменты: ліру, гудок, кмен, жалейкі і інш. У рэпертуары сцэн. варыянты танцаў, засн. на самабытных узорах фальклору розных рэгіёнаў Беларусі. Захоўвае лепшыя традыцыі бел.танц. культуры, даследуе і апрацоўвае рэгіянальны і старадаўні харэагр. і муз. фальклор. Пастаноўка танцаў ажыццяўляецца на матэрыяле даследчыкаў фальклору і сабранага ў экспедыцыях Паповым. Сярод танцаў «Варатынская кадрыля», «Падушачка», «Таўкачыкі», карагоды «Званочкі», «Ляляшы» і інш. Творчасці калектыву прысвечаны дакумент. фільм Магілёўскага тэлебачання «Танцуе «Рунь». Ансамбль — лаўрэат і дыпламант больш як 30 рэсп. і міжнар. конкурсаў і фестываляў, у т. л. ў Францыі (г. Пуацье, 1990), Вялікабрытаніі (г. Сідмут, г. Білінгем, 1991), Італіі (г. Гарыцыя, 1992, Гран-пры), Германіі (г. Марбург, 1996), Іспаніі (г. Барселона, 2000), Беларусі: 1-га Рэсп. фестывалю бел.нар. танца (г. Гродна, 1990), Рэсп. фестывалю бел.нар. танца «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992), 1-га Міжнар. фестывалю харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель, 1997), 1-га фестывалю нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (Мінск, 1998). Пры ансамблі працуе харэагр. студыя «Зярнятка» (кіраўнік Т.Папова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРО́БІН,
гарадскі пасёлак у Салігорскім р-не Мінскай вобл., на р. Случ. Аўтадарогамі злучаны з Салігорскам, Любанню, Мікашэвічамі. За 12 км на Пд ад горада і чыг. ст. Салігорск, за 145 км ад Мінска. 6 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як слабада Слуцкага княства ВКЛ Уласнасць Алелькавічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гогенлое. У 1654 атрымаў права на штогадовыя таргі і 4 кірмашы. Ў 1680 мястэчка Навагрудскага ваяв. З 1791 цэнтр воласці Случарэцкага пав. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1886—496 ж., 62 двары, школа, 3 яўр. школы, 2 царквы, піваварня, 2 крамы. У 1924—62 цэнтр Старобінскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў С. і раёне знішчылі 2886 чал.; 29.6.1944 партызаны 101-й брыгады імя Аляксандра Неўскага занялі гар. пасёлак (гл.Старобінскі бой 1944) і ўтрымлівалі да падыходу 2 ліп. часцей 1-га Бел. фронту. З 1962 у Любанскім, з 1965 у Салігорскім р-нах.
Працуюць Старобінскі торфабрыкетны завод, дрэваапр. камбінат, лясгас; гімназія, рэгіянальны цэнтр прафес. адукацыі, муз. школа, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму, магіла Героя Сав. Саюза Дз.Ц.Гуляева. Помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НАК,
1) месца, дзе ажыццяўляюцца акты куплі-продажу тавараў. Узнік у старажытнасці як месца для натуральнага абмену. Уплываў на развіццё эканам. адносін, вытв-сці, промыслаў і рамёстваў, сельскай гаспадаркі і інш. У СССРнайб. распаўсюджанай яго формай быў калгасны Р. У постсав. перыяд развіваюцца спецыялізаваныя Р.: будаўнічыя, аўтамабільныя, харчовыя і інш. Ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін арганізуюцца Р. для ажыццяўлення гандлю аднароднымі відамі рэсурсаў — біржы (напр., валютныя біржы, фондавыя біржы, біржы сыравінных рэсурсаў і да т.п.). На Беларусі існуе Бел. валютна-фондавая біржа.
2) Сукупнасць эканам. адносін у галіне абмену, на аснове якіх ажыццяўляецца рэалізацыя тавараў (прадукцыі, работ і паслуг). Характарызуецца цэнаўтварэннем на аснове попыту і прапаноў. Класіфікуюцца паводле аб’ектаў куплі-продажу (Р. тавараў, паслуг, інфармацыі, капіталаў, працы); паводле тэр. прынцыпу (мясцовы, рэгіянальны, нац. і сусв.); паводле ступені насычанасці (раўнаважны, дэфіцытны, перанасычаны); паводле механізму функцыянавання (свабодны, манапалізаваны, рэгулюемы дзяржавай). Дасканалы Р. — абсалютна свабодныя рыначныя адносіны, асн. ўмовы якога: атамістычнасць (неабмежаваная колькасць прадаўцоў і пакупнікоў); магчымасць свабоднага ўваходу і выхаду; свабоднае цэнаўтварэнне; аднароднасць прадукцыі (адсутнасць аб’ектыўных фактараў, акрамя цаны, для перавагі аднайм. тавару аднаго прадаўца над таварам інш. прадаўца); адсутнасць умяшання ў рыначныя адносіны з боку органаў дзярж. улады, крымін. утварэнняў. На практыцы дасканалых рыначных адносін не існуе. Для большасці краін характэрна змешаная рыначная эканоміка, якая характарызуецца ўдзелам дзяржавы ў гасп. працэсах.