горад у Эстоніі, на Пд в-ва Саарэмаа. Каля 16 тыс.ж. (1995). Знаходзіцца на беразе Рыжскага зал., за 5 км ад порта Роамассаарэ. Прам-сць: мясная, малочная, лясная, дрэваапрацоўчая. Краязнаўчы музей. Замак (14—15 ст.), ратуша (17 ст.), царква св. Мікалая (18 ст.). Гразевы і кліматычны курорт.
Вядомы з 12 ст. пад назвай Арэнсбург (да 1917). Насялялі эсты-мараплаўцы. Пасля захопу датчанамі кароль Вальдэмар II у 1205 пабудаваў тут драўляны горад, які хутка згарэў У 1221 адбудаваны, засн. епіскапства. У 1334 рыжскі епіскап пабудаваў у К. каменную крэпасць, рэзідэнцыю лівонскіх епіскапаў. З 1561 уладанне Даніі, з 1645 — Швецыі. У 1563 атрымаў гар. правы. У Паўн. вайну 1700—21 заняты (1710) войскам Пятра I, у 1721 далучаны да Расіі, пав. горад Ліфляндскай губ. Да 1836 важная крэпасць Расіі на Балтыйскім м Вядомы курорт (у 1840 адкрыта гразелячэбніца). З 1919 у складзе Эстоніі. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. У 1952—88 наз. Кінгісеп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЦІ́ЦКІ ((Mościcki) Ігнацы) (1.12. 1867, Мяжанаў каля г. Плоцк, Польшча — 2.10.1946),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны-хімік. Акад.АН у Кракаве (1928). Скончыў Рыжскі палітэхнікум (1892). У час вучобы ўдзельнічаў у польскіх сацыяліст. арг-цыях. У 1892—97 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Швейцарыі, дзе пазнаёміўся з Ю.Пілсудскім. У 1912—22 праф. Львоўскага політэхн. ін-та. Пасля ваен. перавароту ў маі 1926 па рэкамендацыі Пілсудскага абраны прэзідэнтам Польшчы, рэалізоўваў яго паліт. лінію (гл.Санацыйны рэжым), якую падтрымліваў шэраг дзеячаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (гл.Беларуская санацыя). Быў прыхільнікам памяркоўнага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. У пач. 2-й сусв. вайны інтэрніраваны ў Румыніі (вер. 1939), аб’явіў пра сваю адстаўку. Са снеж. 1939 у эміграцыі ў Швейцарыі. Аўтар больш як 60 навук. прац і патэнтаў у галіне хім. тэхналогій, арганізатар хім. прам-сці ў Польшчы. Распрацаваў прамысл. метад атрымання азотнай к-ты з паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НКІН (Уладзімір Максімавіч) (н. 7.6.1939, г. Віцебск),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Рыжскіін-т інжынераў грамадз. авіяцыі (1961). З 1961 працаваў у Мінскім аэрапорце, з 1970 у Бел. упраўленні грамадз. авіяцыі, у 1982—87 і 1992—99 у Саюзе бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1955. Першы зб. вершаў «Буслы над аэрадромам» (1969). Аўтар вянка санетаў «Вачэй тваіх паляны» (1980), паэм «Дарога ў неба» (1970), «Насустрач веку» (1971), «Сляпы дождж» (1974), «Высокае сонца» (1976), «Узнясенне» (1983), «Астральны знак Скарыны» (1986). Асн. тэмы яго твораў — маленства, апаленае вайной, любоў да роднай зямлі, яе гісторыі, роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, пытанні духоўнасці. Піша для дзяцей (кнігі вершаў, скорагаворак і казак «Канікулярная ангіна», 1991; «Падарожжа ў Крайшарад», 1997; фантаст.-прыгодніцкія апавяданні «У карэце па белым свеце», 2000). На бел. мову пераклаў зб-кі вершаў М.Рубцова «Рускі агеньчык» (1986), М.Вінграноўскага «Украінскі прэлюд» (1999), паэму Дантэ «Боская камедыя» (1997, Нац. прэмія Італіі 1998; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 2000), паэму Дж.Байрана «Прароцтва Дантэ».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́МЫ (ад грэч. balsamon араматычная смала),
натуральныя сумесі арган. рэчываў, пераважна эфірных алеяў, раствораных у іх смолаў, араматычных злучэнняў і інш. кампанентаў. Большасць — празрыстыя або афарбаваныя сіропападобныя вадкасці з прыемным пахам і вострым горкім смакам, раствараюцца ў арган. растваральніках, на паветры паступова гусцеюць і цвярдзеюць, у арганізме чалавека і жывёл часткова акісляюцца.
Бальзамы — прадукты жыццядзейнасці раслін: назапашваюцца ў міжклетніках або смаляных хадах кары, радзей драўніны і лісця, ці ўтвараюцца пры іх пашкоджванні. Мяркуюць, што яны выконваюць у раслінах ахоўную функцыю. Бальзамы ёсць у некаторых бальзамных раслінах тропікаў (мекскі, капайскі, перуанскі, талуанскі бальзам і інш.), сярэдніх і паўн. шырот (кедравы бальзам, хваёвы бальзам, або жывіца, піхтавы бальзам, канадскі бальзам і інш.). Атрымліваюць пераважна падсочкай дрэў у перыяд іх вегетацыі. На Беларусі здабываюць бальзамы хвоі і елкі (больш за 10 тыс.т за год). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (у залежнасці ад саставу маюць антысептычнае, мясцовараздражняльнае, процізапаленчае, адхарквальнае, мачагоннае, антыгельмінтнае і дэзінфекцыйнае дзеянне, сродак для лячэння экзем, ганарэі і інш. захворванняў, бальзаміравання трупаў), у касметыцы, хім. (выраб лакаў, палітур, эмаляў, шкіпінару, фотарэагентаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў і інш.), парфумернай прам-сці, у оптыцы.
Бальзамамі называюць таксама штучныя сумесі (напр., мускатны бальзам — сумесь мускатнага алею, воску і аліўкавага алею; бальзам Шастакоўскага, або вінілін — полівінілбутылавы эфір) ці спіртавыя растворы эфірных алеяў, настояў траў і інш. («Беларускі бальзам», «Рыжскі бальзам», «Бальзам Бітнера» і інш.). Штучныя бальзамы таксама выкарыстоўваюць у медыцыне, парфумерыі і касметыцы, як харчовыя прадукты і інш.
батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 13—17.12.1920 у Мінску. Прысутнічалі 202 дэлегаты з рашаючым і 16 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ВРКБССР (А.Р.Чарвякоў); бягучы момант і Сав. Беларусь (В.Г.Кнорын); аб сацыяліст. землеўпарадкаванні (А.С.Хаценка); аб харч. палітыцы ў Беларусі (І.А.Адамайціс); аднаўленне прам-сці (А.І.Вайнштэйн); нар. асвета (М.Я.Фрумкіна); сац. забеспячэнне (С.З.Кацэнбоген); арганізацыя сав. улады на Беларусі (С.А.Мертэнс); аб правядзенні працоўнай павіннасці; аб рабоце каап. арг-цый; выбары ЦВКБССР і дэлегатаў на Усерас. з’езд Саветаў; бягучыя справы. З’езд адобрыў работу ВРКБССР, прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР, у якіх абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — СНКБССР у складзе 15 наркаматаў. Устанавіў дзярж. манаполію на асн. віды прадукцыі, цвёрдыя цэны, дзярж. нарыхтоўку і забеспячэнне насельніцтва прадметамі першай неабходнасці; падкрэсліў неабходнасць барацьбы са спекуляцыяй і ажыццяўлення поўнай нацыяналізацыі гандлю. Вызначыў задачы СНГ БССР у аднаўленні прам-сці і транспарту. Зацвердзіў «Тэзісы па аграрным пытанні», у якіх прадугледжваў новыя, сацыяліст. формы землекарыстання, надзяленне беззямельных і малазямельных сялян землямі былых памешчыцкіх гаспадарак, стварэнне саўгасаў. Ратыфікаваў Рыжскі прэлімінарны дагавор ад 12.10.1920 і пацвердзіў мандат ВРКБССР ураду РСФСР на права заключэння ад імя БССР міру. Прыняў зварот «Да працоўнага народа Беларусі». Выбраў ЦВКБССР з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на VIII Усерас. з’езд Саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКАЕ МО́РА (у стараж. славян Варажскае мора),
унутрымацерыковае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. і Сярэдняй Еўропы. Абмывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучана з Паўночным м. Дацкімі пралівамі (Эрэсун, Вял. і Малы Бельт, Катэгат, Скагерак), Кільскім каналам. Пл. 419 тыс.км². Размешчана на мацерыковай водмелі. Рэльеф дна значна расчлянёны. Найб.глыб. 470 м, пераважаюць глыб. 40—100 м. Паўн. берагі моцна парэзаны, шхерныя і фіёрдавыя; паўд. — нізінныя, пясчаныя, з водмелямі і дзюнамі. Найбольшыя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Шмат астравоў: Борнхальм, Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Аландскія і інш.
У Балтыйскае мора ўпадаюць: Нява, Зах. Дзвіна (Даўгава), Нёман, Вісла, Одра і інш. рэкі. Клімат пераходны ад акіянскага да мацерыковага. Сярэдняя т-ра вады зімой на паверхні 1—3 °C, каля берагоў — ніжэй за 0 °C, летам — да 18—20 °C. Салёнасць вады нізкая: на З 11‰, у цэнтр. частцы 6—8‰. Узбярэжная частка, залівы і бухты замярзаюць на 16—45 дзён, на Пн Батнічнага зал. да 210 дзён. У адкрытым моры лёд утвараецца толькі на Пн. Навігацыя магчыма 3—5 мес за год. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі, слабыя. Пад уплывам ветру і рэзкай розніцы ціску ўзнікаюць згонна-нагонныя цячэнні, узровень вады можа падымацца да 1,5—3 м у вяршынях заліваў, выклікаючы паводкі (напр., у Неўскай губе). Прылівы паўсутачныя і сутачныя (0,04—0,1 м). Фауна бедная відамі, але багатая колькасцю. Рыбалоўства: пераважна балт. кілька, салака, балт. траска. Волга-Балтыйскім водным шляхам Балтыйскае мора злучана з Волгай, праз Беламорск-Балтыйскі канал — з Белым м.Гал. парты: Санкт-Пецярбург, Калінінград (Расія), Талін (Эстонія), Рыга (Латвія), Гданьск, Гдыня, Шчэцін (Польшча), Ростак, Варнемюндэ, Любек, Кіль (Германія), Капенгаген (Данія), Мальмё, Стакгольм, Лулео (Швецыя), Турку, Хельсінкі, Котка (Фінляндыя). На ўзбярэжжы курорты: Юрмала, Ліепая (Латвія), Калобжэг, Устка (Польшча), Герынгсдорф (Германія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́ (у Латвіі Даўгава),
рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўж. 1020 км, пл. вадазбору 87,9 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 328 км і каля 33,1 тыс.км²). Пачынаецца з воз. Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на Валдайскім узв., за 14 км ад вытоку Волгі. Упадае ў Рыжскі зал. Балтыйскага м. (Латвія). Цячэ на Беларусі пераважна з У на З па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узв. і на большым сваім працягу па Полацкай нізіне. Асн. прытокі; Таропа (Расія), Обаль, Палата, Дрыса (Беларусь), Айвіекстэ (Латвія) — справа, Мёжа (Расія), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (Беларусь) — злева. Са стараж. часоў З. Дз. — важны гандл. шлях, у 9—11 ст. тут праходзіў адзін з напрамкаў шляху з «варагаў у грэкі». Даліна выразная, месцамі глыбокаўрэзаная або невыразная, шыр. ў верхнім цячэнні 300—900 м, у сярэднім (у межах Беларусі) — 1—1,5 км, у ніжнім — 5—6 км. Пойма пераважна двухбаковая, у вярхоўі перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча ўмерана звілістае, на Беларусі звілістае, месцамі з парогамі: вышэй Віцебска (Вярхоўскі парог), каля г. Дзісна (Дзісенскія парогі) і г. Верхнядзвінск. Шыр. ракі 15—20 м у вярхоўі, 100—150 м на Беларусі (каля г.п. Друя 700 м), у Латвіі 200—300 м каля г. Даўгаўпілс, 700 м каля Рыгі. Вусцевая вобласць — эразійная дэльта. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое, вял. доля грунтавога. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 1-й дэкады красавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён. Летне-асенняя межань (4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (70—80 дзён) устойлівая. Сярэднегадавы расход вады каля Віцебска 223 м³/с, пры выхадзе за мяжу Беларусі 441 м³/с, у вусці 666 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Суднаходства ў сярэднім цячэнні ад г. Веліж да г. Верхнядзвінск, у ніжнім — на асобных участках. Створаны Даўгаўпілская, Кегумская, Плявінская, Рыжская ГЭС. З. Дз. злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з бас. Дняпра. На рацэ гарады Веліж (Расія), порт Віцебск, Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск (Беларусь), Даўгаўпілс, Екабпілс, Яўнелгава, марскі порт Рыга (Латвія).
А.А.Макарэвіч.
Рака Заходняя Дзвіна каля гарадскога пасёлка Руба Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ГА (Riga),
горад, сталіца Латвіі. Размешчана на берагах р. Даўгава (Зах. Дзвіна), пры ўпадзенні яе ў Рыжскі заліў Балт. мора. Нас. каля 1 млн.ж. (1999). Індустр., навук. і культ. цэнтр; буйны трансп. вузел: рачны і марскі порт, 6 чыг. ліній, 4 аўтамаб. шашы, 2 аэрапорты. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная (ВА ВЭФ, «Радыётэхніка», «Камутатар»; з-ды электрамаш.-буд., электралямпавы і інш.; з-ды дызелебуд., вагонабуд., мотазавод, прамысл. робатаў, «Рыгахіммаш», «Рыгасельмаш», тэкст. абсталявання), харч. (мясакансервавы і малочны камбінаты, сардзінавы з-д, кандытарскія ф-кі), хім. (лакафарбавыя матэрыялы, прадметы быт. хіміі), хім.-фармацэўтычная, дрэваапр., шкляная, фарфоравая, парфумерна-касметычная (з-д «Дзінтарс»), тэкст. (баваўняны і шаўкаткацкі камбінаты, панчошна-шкарпэткавая ф-ка), швейная, буд. матэрыялаў. Суднабудаванне і суднарамонт. Вытв-сцьмуз. інструментаў. База тралавага і рэфрыжэратарнага флоту, буйны цэнтр рыбаперапрацоўкі. Рыжская ГЭС на р. Даўгава. Латв.АН. 7 ВНУ, у т. л. Латвійскі нац.ун-т, Ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі, Акадэмія мастацтваў. Кансерваторыя. 26 музеяў: мастацкі, гісторыі Латвіі, гісторыі горада, мараходства, гісторыі медыцыны, прыроды, замежнага мастацтва, этнаграфічны пад адкрытым небам і інш. 9 тэатраў (оперы і балета, драмы, мастацкі, рус. драмы, юнага гледача і інш.). Турызм.
Узнікла на месцы стараж. паселішча ліваў. У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца з 1198, як горад і гал. апора ням. каланізацыі ў Прыбалтыцы з 1201. У 1211 атрымала значныя прывілеі. Да 1274 пад уладай рыжскага архіепіскапа. У 1282 увайшла ў Ганзу, адзін з буйнейшых гандл. цэнтраў. У 1329—30 падначалена крыжакам Лівонскага ордэна. У 1524 у Р. ўведзена лютэранства. У час Лівонскай вайны 1558—83 з 1561 вольны горад, з 1581 залежны ад Рэчы Паспалітай. У 1621 Р. захоплена шведамі, якія ўмацавалі яе, пабудавалі вакол высокія валы і бастыёны. У 1656 была абложана рускімі, у 1700 — польскімі войскамі. У час Паўночнай вайны 1700—21 занята рус. войскамі (1710). З 1714 цэнтр Рыжскай, з 1796 Ліфляндскай губ.Рас. імперыі. У канцы 18 ст. Р. — буйны порт і гандл. цэнтр, з канца 19 ст. — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Расіі. У 1-ю сусв. вайну Р. — прыфрантавы горад. У жн. 1917 занята герм. войскамі, вызвалена ў 1919 латышскімі стралкамі. З 1919 Р. — сталіца Латв. рэспублікі (у 1940—91 Латв. ССР). Месца падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1941) ням.-фаш. войскамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Остланд». У канцы 1941 у горадзе адбываліся масавыя расстрэлы яўр. насельніцтва (у т. л. загінуў гісторык С.М.Дубноў). Вызвалена сав. войскамі ў кастр. 1944. Пра беларусаў у Р. гл. раздзел Беларусы ў Латвіі ў арт.Латвія.
На правым беразе р. Даўгава размешчаны Стары горад з вузкімі вуліцамі і Новы горад, падзеленыя садова-паркавым паўкальцом. У Старым горадзе захаваліся фрагменты сярэдневяковых гар. умацаванняў (Парахавая, або Пясочная вежа, згадваецца ў 1330, перабудавана ў 1650, 1892, 1938—40), рамана-гатычныя Рыжскі Домскі сабор і царква св. Екаба (13 ст., перабудавана ў 14 і 18 ст.), цэрквы — гатычная св. Петэра (13 — пач. 14 ст., перабудавана ў 14—15 ст., барочны зах. фасад — 1689—94, арх. Р.Біндэншу і інш.), познагатычная — Яня (згадваецца ў 1297, перабудавана ў канцы 15 — пач. 16 ст.), замак магістра Лівонскага ордэна (1330, перабудаваны ў 1497—1515, 17—19 ст.), т.зв. дом Рэйтэрна (1685, арх. Біндэншу), класіцыстычныя царква Пятра і Паўла (1780—86, арх. С.Зеге і К.Хаберланд), арсенал-пакгаўз (1828—30, арх. Ю.Шпацыр) і інш. У Новым горадзе пераважаюць 5—6-павярховыя дамы (суцэльная забудова бульвара Райніса, вул. Меркеля і інш., 1870—80-я г.) і парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі і ў стылях мадэрн (Маст. музей, 1905, арх. В.Нейман), неакласіцызму (Палац юстыцыі, 1936—38, арх. Ф.Скуінь). Левабярэжжа забудоўвалася з 18 ст. Цяпер гэта азялененая тэр. з прамысл. зонамі і разрэджанай жылой забудовай (Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.Рэндэль, Э.Якабсанс). На ўскраінах Р. да жылых масіваў прылягаюць вял. лесапаркі са свабоднай прасторавай кампазіцыяй (Межапарк на беразе воз. Кішэзерс; Вял. пеўчая эстрада, 1955, арх. У.Шнітнікаў, Г.Ірбітэ і інш.). У пасляваен. гады створаны новыя трансп. магістралі, плошчы, скверы, паркі, рэканструяваны набярэжныя, адноўлены або пабудаваны масты цераз Даўгаву. Сярод найб. значных пабудоў вышынны будынак АН Латвіі (1950—57, арх. В.Апсітыс, О.Тылманіс і інш.), вакзалы — чыг. (1957—66, арх. У.Кузняцоў, В.Цыпулін), марскі (1963—65, арх. М.Гелзіс, В.Савіска), аэравакзал (1970—74, арх. Л.Іваноў, В.Ермалаеў), Палац спорту (1970, арх. Б.Бурчыка, А.Краукліс і інш.). Помнікі: ансамбль Брацкіх могілак (1924—36, скульпт. К.Зале, арх. А.Бірзеніек і інш.), Свабоды (1931—35, скульпт. Зале, арх. Э.Шталберг), Я.Райнісу на могілках (1934, скульпт. К.Земдэга, арх. П.Арэнд), А.Калніньшу (1979, скульпт. Т.Залькалнс, арх. І.Батраг) і інш. Старая ч. Р. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл.гл. таксама да арт.Латвія.
Горад Рыга.Рыга. Фрагмент Ратушнай плошчы.Рыга. Замак магістра Лівонскага ордэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́Р,
1) афіцыйны сход епіскапаў і інш. прадстаўнікоў хрысц. цэркваў, які склікаецца з мэтай распрацоўкі палажэнняў веравучэння, богаслужэння, дысцыплінарных норм і мер барацьбы з ерасямі. Па традыцыі першым С. лічыцца сустрэча апосталаў у Іерусаліме. Бываюць памесныя, на якіх збіраюцца іерархі асобных краін ці рэгіёнаў, і ўсяленскія саборы. У каталіцызме памесны С. наз.сінодам.
2) Гал. храм горада ці манастыра, дзе богаслужэнне праводзіць вышэйшая асоба (патрыярх, архіепіскап і інш), таксама храм, прызначаны для сумеснага богаслужэння духавенствам з некалькіх цэркваў. Саборны храм у епархіяльным горадзе наз. кафедральным. Архітэктура С. звычайна вызначаецца ’манументальнасцю форм, адлюстроўвае асн. тэндэнцыі пануючага арх. стылю. Сярод найб. яскравых узораў саборнай архітэктуры: Канстанцінопальскі Сафійскі сабор (532—537), С. ў гарадах Вормс, Майнц, Трыр, Шпаер (Германія), Саламанка (Іспанія; усе раманскі стыль), Светыцхавелі(Грузія, 1010—29), Ланскі сабор, Кёльнскі сабор, Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Шартрскі сабор, С. ў Мілане (Італія), Кентэрберы (Вялікабрытанія; усе готыка), Рыжскі Домскі сабор (раманагатычны стыль з рысамі барока), Рымскі сабор святога Пятра, С. Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (Італія, абодва рэнесанс), св. Хрыстафора ў Гаване, св. Гала ў г. Санкт-Гален (Швейцарыя), Успенскі ў Смаленску (усе барока), Ісакіеўскі сабор і Казанскі сабор у Пецярбургу, св. Паўла ў Лондане, кафедральны ў Вільнюсе (усе класіцызм) і інш. Вылучаюцца помнікі стараж.-рус. і сярэдневяковага дойлідства — Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор, саборы Крамля Маскоўскага, Пакроўскі С., што на Рове ў Маскве (гл.Васіля Блажэннага храм) і інш.
На Беларусі С. вядомы з 11 ст.Найб. значныя з іх: Полацкі Сафійскі сабор (11—17 ст.), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Пакроўскі С. у Віцебску (усе класіцызм), Барысаўскі Васкрасенскі сабор (псеўдарус. стыль) і інш. У Мінску кафедральным правасл. С. з’яўляецца Святадухаўскі сабор (у будынку Мінскага касцёла і кляштара бернардзінак). Гал. храмы манастыроў: Успенскі С. Жыровіцкага Успенскага манастыра, Крыжаўзвіжанскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і інш. Зрэдку С. наз. храм, які мае некалькі прыдзелаў (алтароў).
3) У іканаграфіі С. — кампазіцыйна пабудаваная выява некалькіх асоб ці мноства святых, Сіл нябесных, аб’яднаных паводле прынцыпу іх узаемасувязі. Напр., С. апосталаў, С. архангела Міхаіла, С. бел. святых (пасля кананізацыі С. Новапакутнікаў Мінскай епархіі напісаны і асвячоны аднайм. абраз; 1999, іканапісец П.Жараў), а таксама складаныя іканапісныя сюжэты (напр., С. архангела Міхаіла, С. Маці Божай, С. Іаана Прадцечы).
Літ.:
Соборы мира: Пер с англ М., 1998.
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Сабор. П.Жараў. Сабор Новапакутнікаў Мінскай епархіі.Успенскі сабор у г. Уладзімір (Расія).Сабор святога Паўла ў Лондане.Сабор у г. Бразілія. 1970.Сабор-крэпасць у г. Трыр (Германія).Крыжаўзвіжанскі сабор у г. Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІМірны дагавор 1921 паміж РСФСР, УССР і Польскай Рэспублікай, падпісаны 18 сак. ў Рызе. Гл.Рыжскі мірны дагавор 1921. Дагавор 1932 аб ненападзе паміж СССР і Польшчай, падпісаны 25 ліп. ў Маскве на 3 гады па ініцыятыве сав. боку (перагаворы вяліся са студз. 1926, з-за рознагалоссяў бакоў перапынены і адноўлены ў канцы 1931; 26.1.1932 дагавор парафіраваны). Дзяржавы абавязваліся ўстрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, у выпадку нападу на адну з іх не аказваць ні прамой, ні ўскоснай дапамогі краіне-агрэсару; не ўдзельнічаць у пагадненнях, варожых другому боку. Дагавор не пярэчыў інш. абавязацельствам, падпісаным раней, калі «гэтыя пагадненні не заключаюць у сабе элементаў агрэсіі». Паводле дагавора створана ўзгадняльная камісія з 4 чл. (па 2 ад кожнага боку). Пратаколам ад 5.5.1934 тэрмін дзеяння дагавора працягнуты да 31.12.1945. Страціў сілу пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі на тэр.Усх. Польшчы (Зах. Беларусь і Зах. Украіна) у пач. 2-й сусв. вайны. Пагадненне 1941 паміж урадам СССР і польскім урадам у эміграцыі, падпісана 30 ліп. ў Лондане. Гл.Савецка-польскае пагадненне 1941. Пагадненне 1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) аб адносінах паміж сав. галоўнакамандуючым і польскай адміністрацыяй пасля ўступлення сав. войск на тэр. Польшчы, падпісана 26 ліп. ў Маскве. Вызначыла, што вярх. ўлада і адказнасць за ўсе справы, якія Датычаць ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы, ускладаюцца на галоўнакамандуючага сав. войскамі. ПКНВ на вызваленых польскіх землях ствараў органы польскай адміністрацыі, фарміраваў і ўкамплектоўваў польскія войскі, забяспечваў садзеянне органаў польскай адміністрацыі ў ажыццяўленні Чырв. Арміяй ваен. аперацый і ў задавальненні яе патрэб у час знаходжання на польскай тэрыторыі. Прадугледжвалася, што асобы, якія належалі да сав. войск, заставаліся ў сав. юрысдыкцыі; асобы, што належалі да Войска Польскага, і цывільнае насельніцтва падлягалі польскай юрысдыкцыі. Дагавор 1945 аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве,
падпісаны 21 крас. ў Маскве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся давесці вайну супраць фаш. Германіі да поўнай перамогі, не заключаць без узаемнай згоды перамір’я або мірнага дагавора з урадам А.Гітлера і інш. уладай у Германіі, якая б замахвалася на незалежнасць, тэр. цэласнасць ці бяспеку адной з дагаворных дзяржаў, пашыраць сав.-польскае эканам. і культ. супрацоўніцтва, аказваць ваен. і інш. дапамогу, пасля вайны рабіць усе захады, каб не паўтарылася агрэсія з боку Германіі ці інш. дзяржавы. Пагадненне 1945 аб абмене насельніцтвам, падпісана 6 ліп. ў Маскве. Давала права свабоднага добраахвотнага выхаду з сав. грамадзянства і вяртання ў Польшчу асобам польскай і яўр. нацыянальнасцей, якія да 17.9.1939 былі польскімі грамадзянамі, і членам іх сем’яў, а таксама права выхаду з польскага грамадзянства і перасялення ў СССР асобам рускай, укр., бел., русінскай (зах. ўкраінцы, што даўней жылі ў складзе Аўстра-Венгрыі) і літоўскай нацыянальнасцей і членам іх сем’яў, якія жывуць на тэр. Польшчы. Дагавор 1945 аб савецка-польскай дзярж. граніцы, падпісаны 16 жн. ў Маскве. Гл.Савецка-польскі дагавор 1945. Пагадненне 1957 аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць спрыяць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, што мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог выкарыстаць права на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР. Дагавор 1965 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 8 крас. ў Варшаве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся дзейнічаць у рамках папярэдняга дагавора 1945 і Варшаўскага дагавора 1955, супрацоўнічаць у межах Савета Эканам. Узаемадапамогі, заявілі пра недатыкальнасць дзярж. граніц Польшчы па Одэры — Нейсе. У развіццё гэтага дагавора ў 1970—85 падпісаны шэраг пагадненняў і пратаколаў па пытаннях эканомікі, гандлю, навукі, тэхнікі.