ПЛЕТАРО́ЎСКАЯ ФА́БРЫКА ЗАПА́ЛКАВАЙ САЛО́МКІ.
Дзейнічала ў в. Плетарова Дзісенскага пав. (цяпер у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл.) у 1908—10. Мела паравую машыну. У 1910 працавала 100 рабочых, выраблена 11 тыс. скрынак саломкі на 60 тыс. руб.
т. 12, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНІ́ЧАЎСКАЯ ФА́БРЫКА ЗАПА́ЛКАВАЙ САЛО́МКІ «Мінерва». Дзейнічала ў 1904—14 у маёнтку Ляснічыя
(цяпер вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляла запалкавую саломку. У 1913 мела паравую машыну (30 к.с.),
працавала 60 рабочых, выраблена прадукцыі на 45 тыс. руб.
т. 9, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1912—14 у Целепунах — прадмесці г. Мазыр Гомельскай вобл. Вырабляў дошкі, фанеру і інш. У 1910—13 меў 2 паравыя рухавікі (150 к.с.), працавала да 200 рабочых; выраблена прадукцыі на 565,4 тыс. руб.
т. 9, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ШКЛЯНО́Е ПРАДПРЫЕ́МСТВА.
Дзейнічала з 1906 у Мінску як шкляная мануфактура. Вырабляла розныя бутэлькі і чарніліцы. У 1908—10 штогод выпускала прадукцыі на 15 тыс. руб. У 1913 працавала 167 чал. У 1922—41 наз. з-д «Пралетарый».
т. 10, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ БЕТО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1899—1914 у г. Мінску (з 1913 наз. ф-ка «Мазаіка»). Выпускала цэментныя пліты для падлогі, тратуараў, лесвіц са штучнага каменю, мазаічныя вырабы. У 1913 працавала 50 чал., выраблена прадукцыі на 20 тыс. руб.
т. 10, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд. руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд. руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд. руб., у фактычных цэнах.
т. 4, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ДРО́ЖДЖА-ВІНАКУ́РНАЯ І АЛЕ́ЙНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1870—1910 у г. Бабруйск. Вырабляла спірт, прасаваныя дрожджы, ільняны і канапляны алей, макуху. У 1908 мела 2 паравыя машыны. У 1910 працаваў 51 рабочы, выраблена прадукцыі на 120 тыс. руб.
т. 2, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІЯ ЦАГЕ́ЛЬНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.
Дзейнічалі ў 1833—1914 у межах сучаснага г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (4 цагельні). Выраблялі цэглу ад 745 да 7000 тыс. штук за год на 11—92 тыс. руб. У розныя гады працавалі ад 33 да 156 рабочых.
т. 2, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІЯ РАГО́ЖНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.
Прадстаўлены 2 самаст. рамесніцкімі прадпрыемствамі ў Гомелі. Першае дзейнічала ў 1893—1905, у 1895 працаваў 81 чал., у 1900 — 48 чал. На другім (1894—1900) у 1900 працавала 80 чал., якія вырабілі прадукцыі на 15,3 тыс. руб.
т. 5, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІ́ЦКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1895—1914 на чыг. ст. Пціч Мазырскага пав. (цяпер вёска і чыг. станцыя ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.). Мела паравыя рухавікі. У 1908—13 працавала 40 чал., у 1913 выраблена дошак на 80 тыс. руб.
т. 13, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)