ІЛАРЫЁН, Ларыён (? — ?),

старажытнарускі царкоўны дзеяч, філосаф і пісьменнік, заснавальнік Кіева-Пячэрскай лаўры (1051), першы мітрапаліт кіеўскі з мясц. духавенства (1051—54 ці 1055). Аўтар публіцыстычнага твора Стараж. Русі — «Слова пра закон і дар божы» (паміж 1037 і 1050), дзе развіваецца думка пра роўнасць народаў, якія вызнаюць хрысціянства, высока ацэньваюцца справы князёў, якія праславілі Русь у інш. краінах. У «Слове» выказаны таксама ідэі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага аб царк. незалежнасці Кіеўскай дзяржавы ад Візантыі.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБІ́Р (каля 1440, г. Бенарэс, цяпер г. Варанасі, Індыя — каля 1518),

індыйскі паэт. Пісаў вершы на хіндзі. Яму прыпісваюць больш за 80 твораў, з іх сапраўды належаць К. толькі ўключаныя ў свяшчэнную для сікхаў «Пачынальную кнігу». Быў адным з прапаведнікаў рэліг. вучэння бхакці (абвяшчала роўнасць людзей перад богам, адмаўляла падзел на касты). У паэзіі спалучаюцца апазіц. рэліг.-містычныя плыні індуізму і ісламу, маст. традыцыі інд. і тадж.перс. класікі.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1965.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́РЦЫЯ (лац. proportio) у матэматыцы, роўнасць дзвюх рознасцей чатырох велічынь a, b, c, d : a − b = c − d (арыфметычная П.) або дзвюх адносін ​a/b = ​c/d (геаметрычная П.). Велічыні a і d наз. крайнімі членамі П., b і c — сярэднімі. У арыфм. П. сума крайніх членаў роўная суме сярэдніх: a + d = b + c. Уласцівасці геам. П.: a∙d = b∙c; калі b = c, то b=ad і наз. геам. сярэднім.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАГАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад арта... + грэч. gonia вугал),

абагульненне паняцця перпендыкулярнасці на розныя аб’екты матэматыкі. Так, перпендыкулярнасць дзвюх прамых абагульняецца на артаганальнасці ліній (вугал паміж крывымі роўны вуглу паміж датычнымі ў пункце перасячэння), артаганальнасць траекторый (перасячэнне імі пад прамым вуглом зададзенай сям’і ліній, напр., сям’я радыяльных прамых перасякае пад прамым вуглом акружнасць) і артаганальнасць вектараў (роўнасць нулю іх скалярнага здабытку) — на любую вектарную прастору, дзе вызначана паняцце скалярнага здабытку са звычайнымі ўласцівасцямі і інш. Гл. таксама Артаганальная сістэма.

В.​А.​Ліпніцкі.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКСЕ́ЛЬ ((Wicksell) Кнут) (20.12.1851, Стакгольм — 3.5.1926),

шведскі эканаміст. Праф. ун-та ў Лундзе (1900—16). Скончыў Упсальскі ун-т (1884). Заснавальнік т.зв. шведскай школы ў палітэканоміі. Займаўся праблемамі эканам. раўнавагі, грошай, крэдыту, а таксама нормы працэнта (рух нормы працэнта звязваў з інвестыцыйным працэсам і ў гэтым пытанні лічыцца папярэднікам Дж.М.Кейнса). Адзін са стваральнікаў тэорыі эканам. раўнавагі ў капіталізме, гал. умовай якой лічыў грашовы фактар — роўнасць паміж зберажэннямі і інвестыцыямі. Паслядоўнік Т.​Р.​Мальтуса: лічыў, што колькаснае павелічэнне чалавецтва перашкаджае ўздыму жыццёвага ўзроўню людзей, якія працуюць.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ 1776. Прынята 4.7.1776 у г. Філадэльфія 2-м Кантынент. кангрэсам прадстаўнікоў 13 англ. калоній у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Аўтарам яе праекта быў Т.Джэферсан. Абвясціла аддзяленне калоній ад метраполіі і ўтварэнне новай незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі, роўнасць усіх каланістаў перад законам і іх неад’емныя правы на «жыццё, свабоду і імкненне да шчасця», прынцып нар. суверэнітэту як аснову дзярж. ладу і інш. Была першай у сусв. гісторыі дэкларацыяй правоў чалавека. Дзень 4 ліпеня з’яўляецца нац. святам ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКЛЮ́ЧНЫ АКТ НАРА́ДЫ ПА БЯСПЕЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ, Хельсінкскі акт. Падпісаны 1.8.1975 у Хельсінкі кіраўнікамі урадаў 33 еўрап. дзяржаў, а таксама ЗША і Канады. У ім зафіксаваны дамоўленасці, дасягнутыя на Нарадзе па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, у т. л. 10 прынцыпаў узаемаадносін паміж дзяржавамі ( т.зв. Кодэкс мірнага суіснавання): суверэнная роўнасць, павага правоў, уласцівых суверэнітэту; непрымяненне сілы ці пагрозы сілай; непарушнасць граніц; тэр. цэласнасць дзяржаў; мірнае ўрэгуляванне спрэчак; неўмяшанне ва ўнутр. справы; павага правоў чалавека і асн. свабод; раўнапраўе і права народаў самастойна вызначаць свой лёс; супрацоўніцтва паміж дзяржавамі; добрасумленнае выкананне абавязкаў па міжнар. праве.

Л.​М.​Драбовіч.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, юрыд. нормы якой вызначаюць злачынствы і каральнасць за іх учыненне. К.п. Рэспублікі Беларусь мае на мэце ахову асобы, яе жыцця і здароўя, правоў і свабод, дзярж. і грамадскіх інтарэсаў, уласнасці, прыроднага асяроддзя, канстытуцыйнага ладу, устаноўленага правапарадку ад злачынных замахаў. Садзейнічае папярэджанню злачынстваў і выхаванню грамадзян у духу выканання законаў дзяржавы. Асн. прынцыпамі сучаснага бел. К.п. з’яўляюцца: законнасць, гуманізм, роўнасць грамадзян перад крымін. законам, асабістая адказнасць, няўхільнасць пакарання, прынцып справядлівасці і прынцып віны. Гал. крыніца К.п. — крымінальны закон.

2) Юрыд. навука, якая вывучае злачынствы і пакаранне ў юрыд., сац. і гіст. аспектах.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮС І ПАЛА́РА,

спалучаныя пункт і прамая, якія характарызуюць уласцівасці ліній 2-га парадку.

Калі пункт P і прамая Q1Q2 размешчаны адносна крывой 2-га парадку L так, што для адвольнага пункта Q выконваецца роўнасць M2Q/QM1 = M2P/PM1 (гарманічнае размяшчэнне пунктаў M1, M2, P, Q), то пункт P наз. полюсам, а прамая Q1Q2 — яго палярай. Паляра пункта, што знаходзіцца на лініі L, супадае з датычнай у гэтым пункце. Аналагічна вызначаюцца полюсы і палярныя плоскасці для паверхняў 2-га парадку. П. і п. выкарыстоўваюцца ў праектыўнай геаметрыі.

Да арт. Полюс і паляра.

т. 12, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,

стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз. рэлаксацыяй.

Пры Р т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)