ГО́РЦАВА (Ларыса Мікалаеўна) (н. 15.9.1942, в. Луцыкоўка Сумскай вобл., Украіна),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). Працуе ў Тэатры юнага гледача Беларусі. Выконвае разнапланавыя ролі — драматычныя, характарныя, адметныя пластычнасцю, музыкальнасцю. Сярод лепшых: Марынка («Цудоўная дудка» В.​Вольскага), Марына («Экзамен на восень» І.​Шамякіна), Аліна («Сіні снег» Я.​Шабана), Наташа («У спадчыну — жыццё» А.​Петрашкевіча і «Горад на Світанні» А.​Арбузава), Цётка («Далучэнне» А.​Вольскага), Пампея («Зялёная птушка» паводле К.​Гоцы), Марыя («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Маша («Чайка» А.​Чэхава), Мар’яша («Пойдзем у кіно?» А.​Алексіна), Кэт («Стваральніца цуду», У.​Гібсана), Кошка («Кошчын дом» паводле С.​Маршака), Аніта («Вестсайдская гісторыя» паводле А.​Лоўрэнс). Знялася ў тэлефільмах «Апошняя ноч Элаізы» (Цётка), «Водар папараці» (выканала 4 ролі) і інш.

Дз.​І.​Стэльмах.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.6.1941, станіца Ніжнячырская Суравікінскага р-на Валгаградскай вобл., Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца гераічных і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы аналітычнасць, інтэлектуальнасць, псіхалагізм, тонкае раскрыццё душэўных зрухаў. Стварыў адметныя характары ў нац. драматургіі: Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Казік Жыгоцкі («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Аскольд («Чатыры крыжы на сонцы» А.​Дзялендзіка), Размысловіч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Кунцэвіч і Каліноўскі («Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча) і інш. У класічным рэпертуары ролі адметныя арыгінальнасцю сцэн. трактоўкі: князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Восіп («ЧП-1» і «ЧП-2» па матывах «Рэвізора» М.​Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Эдмунд, Бенядзікт («Кароль Лір», «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера). Сярод інш. роляў: Даменіка («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа), Кухар («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта), Анчугін і Шаманаў («Правінцыяльныя анекдоты» і «Летась у Чулімску» А.​Вампілава). Найб. значныя ролі апошніх гадоў: Павел («Хам» паводле Э.​Ажэшкі), Гапон («Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Падкалёсін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Немаўля («Шчаслівае здарэнне» С.​Мрожака). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Міравы хлопец», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Паводка», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», «Фруза» і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

У.А.Куляшоў.
У.Куляшоў у ролі Гаева.

т. 9, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДЭКС у матэматыцы,

лікавы ці літарны паказальнік, якім забяспечваюцца абазначаныя аднолькавымі сімваламі матэм. выразы для іх адрознення, напр., x0, xi, a3, an і г.д. (І. — 0, i, 3, n). Таксама лікі, якімі карыстаюцца пры рашэнні параўнанняў у тэорыі лікаў; адыгрываюць ролю, аналагічную ролі лагарыфмаў пры рашэнні паказальных ураўненняў.

т. 7, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́РАВА (Вера Ільінічна) (н. 13.7.1951, Мінск),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1991). Займалася ў дзіцячай тэатр. студыі пры Рэсп. студыі тэлебачання (1959—69). З 1970 працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі (у 1978—84 у Львоўскім драм. т-ры). Актрыса на ролі травесці. Яе спецыфічная тэхніка выканання роляў казачных персанажаў выразна падкрэслівае іх характарнасць: Чыпаліна («Чыпаліна і яго сябры» паводле Дж.​Радары), Ліс («Рыгорка — ясная зорка» А.​Вярцінскага) і інш. Выканаўца, здольная і на глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет вобразаў: Элен і Гітэль Моска («Стваральніца цуду» і «Двое на арэлях» У.​Гіпсана). Лепшыя ролі вылучаюцца раскрыццём душэўнага стану персанажаў, тэмпераментнасцю, узрушанасцю пачуццяў: Міколка («Міколка-паравоз» паводле М.​Лынькова), Кацярынка, Зоська («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.​Купалы і М.​Чарота), Ларыса («Чатыры кроплі» В.​Розава) і інш.

А.​А.​Савіцкая.

т. 7, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНАВО́Й (Васіль Сямёнавіч) (н. 16.1. 1934, Масква),

расійскі акцёр. Нар. артыст СССР (1985). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1957). Працуе ў т-ры імя Я.​Вахтангава. Акцёру ўласцівы прыгажосць і высакароднасць пластычнага малюнка ролі, рамант. пафас. Часта выконвае ролі ў амплуа «героя-палюбоўніка». Калаф («Прынцэса Турандот» К. Гоцы), Цэзар Актавіян («Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра), Казанова («Тры ўзросты Казановы» М. Цвятаевай). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Атэстат сталасці» (1954), «Пунсовыя ветразі» (1961), «Вайна і мір» (1966—67), «Ганна Карэніна» (1968), «Любоў Яравая» (1970), «Афіцэры» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Ганна і Камандор» (1976), «Дзіўная жанчына» (1978), «Пятроўка, 38» і «Агарова, 6» (1980) і інш. Ленінская прэмія 1980 за чытанне дыктарскага тэксту ў фільме-эпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Аўтар успамінаў «Шчаслівыя сустрэчы» (2-е выд. 1986).

Літ.:

Войткевич Н.Р. Ступени творчества. Ставрополь, 1975.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́СТАЎ (Аляксандр Фёдаравіч) (7.9.1903, г. Валгаград, Расія — 14.5.1960),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1953). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1928). З 1929 працаваў у т-рах Ленінграда, Куйбышава, Масквы. З 1944 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Валодаў моцным трагедыйным тэмпераментам. Глыбокі псіхалагізм, грамадз. пафас, яснасць задумы спалучаліся ў творчасці К. з багатай гукавой і пластычнай тэхнікай. Лепшыя ролі ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі: кароль Лір, Атэла, сэр Тобі («Кароль Лір», «Атэла», «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Іван Шуйскі («Цар Фёдар Іванавіч» А.​Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Радазубаў («Варвары» М.​Горкага), Прыбыткаў («Апошняя ахвяра» Ą.Астроўскага), Варапаеў («Шчасце» паводле П.​Паўленкі), Струкаў («Далі неабсяжныя» М.​Вірты), Ермашоў «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча) і інш. Здымаўся ў кіно.

Літ.:

Бурьян Б., Лисневский И. На высоком взлете. Мн., 1962.

Б.​І.​Бур’ян.

А.Ф.Кістаў.
А.Кістаў у ролі Струкава (справа).

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРБЕДЖ ((Burbage) Рычард) (каля 1567, Шодыч, цяпер у межах Лондана — 13.3.1619),

англійскі акцёр. Буйнейшы прадстаўнік т-ра эпохі Адраджэння. Сябар У.​Шэкспіра, які напісаў для яго ролі Рычарда III, Гамлета, Атэла, Ліра, Макбета і інш. Уваходзіў у склад трупы «Слугі лорда-камергера». Валодаў здольнасцю сцэн. пераўвасаблення, багатай мімікай і жэстам. Быў таксама выдатным жывапісцам.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮМЕНІ́ЛЬ [Dumesnil; сапр. Маршан (Marchand) Мары Франсуаз; 2.1.1713, Парыж — 20.2.1802],

французская актрыса. Сцэн. дзейнасць пачала ў правінцыі. У 1737—76 выступала ў т-ры «Камеды Франсэз» (Парыж). Актрыса стыхійнага тэмпераменту, натхнення, інтуіцыі; выконвала трагедыйныя ролі ў класіцысцкай драматургіі Вальтэра, П.​Карнеля, Ж.​Расіна. Яе мастацтва адыграла значную ролю ў падрыхтоўцы асветніцкай рэформы франц. т-ра.

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛЁР (франц. doubleur ад doubler падвойваць),

1) той, хто паралельна з кім-н. выконвае аднолькавую работу (напр., прадпрыемства-Д., Д. касманаўта — які праходзіць разам з ім падрыхтоўку і здольны яго замяніць).

2) Акцёр, які замяняе асн. выканаўцу ролі, а таксама акцёр, які ўзнаўляе тэкст пры перакладзе фільма з адной мовы на другую.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАРЫ́НАК,

рынак еўравалют, міжнар. рынак пазыковых капіталаў, на якім аперацыі ажыццяўляюцца ў еўравалютах. Створаны ў Еўропе ў канцы 1950-х г. У якасці крэдытораў на Е. выступаюць пераважна прыватныя камерцыйныя банкі, а ў ролі пазычальнікаў — транснац. карпарацыі і дзяржавы, якія адчуваюць патрэбу ў замежнай валюце. Аперацыі Е. праводзяцца ў выглядзе кароткатэрміновых (да 18 месяцаў) крэдытаў.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)