значэнне свабоднай энергіі дынамічна ўраўнаважанай акісляльна-аднаўляльнай сістэмы ў электрахім. Працэсе; раўнаважны электродны патэнцыял. Характарызуе пэўнае электралітычнае асяроддзе. Напр., у водным растворы хлорнага жалеза іоны Fe3+ захопліваюць свабодныя электроны з электрода з неакісляльнага металу (плаціна, золата) і аднаўляюцца да іонаў Fe2+. Пасля дасягнення пэўнай канцэнтрацыі Fe2+ у растворы пачынаецца адваротны працэс. Праз пэўны час скорасці рэакцый акіслення-аднаўлення ўраўнаважваюцца і на электродзе ўстанаўліваецца акісляльна-аднаўляльны патэнцыял, які вызначаецца ў вольтах. Чым большая акісляльная здольнасць асяроддзя, тым вышэйшы акісляльна-аднаўляльны патэнцыял. Карыстаюцца ў электрахім. метадах сінтэзу рэчываў, пры даследаваннях у біял. і аналітычнай хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАВЫЯ КЛЯІ́,
растворы каўчукоў у арган. растваральніках (бензіне, аліфатычных, араматычных, хларыраваных вуглевадародах і інш.).
Падзяляюць на 2 асн. групы: гумавыя кляі, якія не вулканізуюцца (растворыкаўчуку натуральнага, каўчукоў сінтэтычных, гутаперчы), утвараюць клеявыя злучэнні ў выніку выпарэння растваральніку; гумавыя кляі, што вулканізуюцца (у іх састаў уваходзяць вулканізуючыя рэчывы), утвараюць больш трывалыя клеявыя злучэнні, чым гумавыя кляі першай групы. У залежнасці ад т-ры ўтварэння клеявога злучэння адрозніваюць гумавыя кляі гарачай (пры 140—150 °C) ці халоднай (пры 25—30 °C) вулканізацыі. Выкарыстоўваюць пры зборцы і рамонце гумавых вырабаў, у вытв-сці прагумаваных тканін, для мацавання гумы да металу, дрэва, шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПІРАГЕ́НЫ (ад анты... + грэч. pyr агонь + genos нараджэнне),
рэчывы, якія прадухіляюць самазагаранне вугалю, рудаў, торфу і інш. Як антыпірагены выкарыстоўваюць ваду, сілікаты натрыю, плёнкаўтваральныя растворы, інгібітары акіслення і інш. Прызначаны для прадухілення пажараў у рудніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРГІ́Н (Валянцін Аляксеевіч) (23.1.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 21.10.1969),
савецкі фізікахімік, заснавальнік навук. школы па фізікахіміі палімераў. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1930 у Фіз.-хім. ін-це імя Л.Я.Карпава, адначасова з 1956 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па фізікахіміі высокамалекулярных злучэнняў. Паказаў, што палімеры ўтвараюць сапраўдныя растворы. Даследаваў мех. і тэрмамех. ўласцівасці палімераў, сувязь паміж іх будовай і ўласцівасцямі. Распрацаваў метады структурна-хім. і фіз. мадыфікацыі палімераў, гумы і хім. валокнаў. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1947, 1950, 1969. Ленінская прэмія 1962.
Тв.:
Коллоидные системы и растворы полимеров: Избр. тр.М., 1978;
Структура и механические свойства полимеров: Избр. тр. М. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФАРМАЛЬДЭГІ́Д, параформ,
сумесь палімераў фармальдэгіду агульнай ф-лы [—CH2O—]n (n = 8—100); зручная для захоўвання і транспарціроўкі форма фармальдэгіду. Бясколерныя крышталі, 4 120—170 °C. Раствараецца ў вадзе (утварае растворы фармальдэгіду). Атрымліваюць канцэнтраваннем фармаліну ў вакууме. Таксічны: таксічнасць абумоўлена частковай дэполімерызацыяй П. пры захоўванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,
колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.М.Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.
Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA0 − pA)/pA0 = xB, дзе рА — парцыяльны ціск растваральніку, pA0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл.Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫ́ЛАВЫЯ ЛА́КІ, поліакрылавыя лакі,
растворы поліакрылатаў і іх вытворных у арган. растваральніках. Утвараюць святло-, атмасфера- і водаўстойлівыя пакрыцці з добрай адгезіяй да металу. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі алюмінію і яго сплаваў; эмалевыя фарбы на іх аснове — у авіяц. і аўтамаб. прам-сці, вытв-сці буд. канструкцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАВА́ЛАВА ЗАКО́НЫ,
2 законы, якія вызначаюць сувязь паміж саставам аднароднай вадкай сумесі двух лятучых кампанентаў і саставам і ціскам насычанай пары, што знаходзіцца ў раўнавазе з вадкасцю. Тэарэтычна абгрунтаваны і эксперыментальна пацверджаны Дз.П.Канавалавым у 1881—84.
Першы К.з.: пры пастаяннай т-ры ціск насычанай пары раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі ў ім таго кампанента, колькасць якога ў пары большая (меншая), чым у растворы; пры пастаянным ціску т-ра кіпення раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі таго кампанента, колькасць якога ў пары меншая (большая), чым у растворы. Другі К.з.: у пункце экстрэмуму на крывой залежнасці ціску ад саставу раствору (пары) пры пастаяннай т-ры (на крывой канцэнтрацыйнай залежнасці т-ры кіпення пры пастаянным ціску) саставы вадкасці і пары, што суіснуюць у раўнавазе, аднолькавыя. К.з. з’яўляюцца асновай пры распрацоўцы метадаў рэктыфікацыйнага раздзялення рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГЕНАВАДАРО́ДЫ,
хімічныя злучэнні галагенаў з вадародам, HX (X-F, Cl, Br, I). У звычайных умовах газы (акрамя фторыстага вадароду HF — бясколерная вадкасць) з рэзкім пахам, добра растваральныя ў вадзе. Водныя растворы галагенавадародаў — моцныя к-ты, акрамя раствору HF (к-та сярэдняй сілы). Гл. таксама Бромісты вадарод, Ёдзісты вадарод, Хлорысты вадарод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПІРЭ́НЫ (ад анты... + грэч. pyr агонь),
рэчывы або сумесі, якія зніжаюць гаручасць матэрыялаў арган. паходжання (драўніны, пластмасаў, тканін і інш.). Падзяляюцца на інертныя і актыўныя (уступаюць у хім. рэакцыю з матэрыяламі). Найб. пашыраны гідраксід алюмінію, злучэнні бору, фосфару (фасфаты), хлор- і бромвытворныя аліфатычных і араматычных вуглевадародаў. Выкарыстоўваюць як растворы для прамочвання матэрыялаў, у саставе фарбаў.