працэс раскладання матэрыялаў, рэчываў або аб’ектаў у навакольным асяроддзі пад уздзеяннем жывых арганізмаў (пераважна мікраарганізмаў); адзін з асн.энергет. працэсаў у экасістэме. Біядэградацыя мае месца пры нейтралізацыі забруджванняў прыроднага асяроддзя і утылізацыі адмерлых рэшткаў жывёл і раслін, у раскладанні быт. і прамысл. адходаў, ачыстцы сцёкавых водаў. Негатыўны бок біядэградацыі — біякарозія некаторых матэрыялаў. Зрэдку ў паняцце біядэградацыі ўключаюць працэсы распадання пад уздзеяннем непажаданых біягенных фактараў арган. часткі біягеацэнозаў (фіта- і зоацэнозаў). У больш шырокім паняцці тэрмінам біядэградацыя вызначаюць усякае агульнае пагаршэнне структуры біягеацэнозу; у гэтым сэнсе біядэградацыя можа разглядацца як састаўная частка і адзін з элементаў дэградацыі прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПО́СТЫ (ням. Kompost ад лац. compositus састаўны),
від арганічных угнаенняў, якія ўтвараюцца пры раскладанні арган. рэчываў расліннага ці жывёльнага паходжання пад уплывам жыццядзейнасці мікраарганізмаў. Па эфектыўнасці раўнацэнныя гною. Выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.
Гатовы К. — сыпучая, дробнакамякаватая цёмная маса без непрыемнага паху. Атрымліваюць пры перагніванні сумесі гною, с.-г., бытавых ці прамысл. адходаў з торфам, зямлёй. Пры кампаставанні ў выніку біятэрмічных працэсаў сумесь абагачаецца каштоўнымі лёгказасваяльнымі для раслін пажыўнымі рэчывамі, гінуць патагенныя мікраарганізмы і траціць жыццяздольнасць насенне пустазелля. Для паскарэння раскладання і павелічэння канцэнтрацыі пажыўных рэчываў у кампостную сумесь аддаюць мінер. кампаненты (фасфарытную муку, калійныя ўгнаенні, вапну). Найб. пашыраныя К. — торфагнойныя і торфапамётныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЗІ АКСІДЫ,
злучэнні медзі з кіслародам. Найб. пашыраныя аксід медзі (I), ці геміаксід Cu2O і аксід медзі (II) CuO. Вядомы таксама няўстойлівы сесквіаксід Cu2O3.
Крышт. рэчывы, не раствараюцца ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей — асноўныя аксіды. Геміаксід медзі чырвона-рудога колеру, tпл 1242 °C. (плавіцца без раскладання). У прыродзе мінерал купрыт. Аксід медзі чорнага колеру, пры награванні да 1100 °C раскладаецца на Cu2O (адзін з лабараторных метадаў яго атрымання) і кісларод. У прыродзе мінерал тэнарыт. Выкарыстоўваюць М.а., як пігменты для шкла, керамікі; Cu2O таксама як кампанент фарбаў для аховы падводнай часткі суднаў ад абрастання і фунгіцыд. М.а. таксічныя, ГДК у паветры рабочай зоны 0,1 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭГЛЬ ((Pregl) Фрыц) (3.9.1869, г. Любляна, Славенія — 13.7.1930),
аўстрыйскі хімік і фізіёлаг, стваральнік арган. мікрааналізу. Скончыў мед.ф-т ун-та ў г. Грац (1894), дзе і працаваў да 1910 і з 1913 (праф.). Навук. працы па колькасным элементным мікрааналізе арган. злучэнняў. Распрацаваў метады вызначэння элементаў (вугляроду, азоту, серы і інш.) і функцыян. груп пры аналізе малой колькасці (2—10 мг) рэчыва (1911—17). Сканструяваў спец. апаратуру, у т. л. мікрахім. вагі з адчувальнасцю ~10−6г. Прапанаваў прынцыпова новыя спосабы раскладанняарган. рэчываў для элементнага аналізу. Нобелеўская прэмія 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІРЫХЛЕ́ ((Dirichlet) Іаган Петэр Густаў) (13.2.1805, г. Дзюрэн, Германія — 5.5.1859),
нямецкі матэматык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1837) і чл. Парыжскай (1854) АН, чл. Берлінскай АН, Лонданскага каралеўскага т-ва (1855). Праф. Берлінскага (1831—55), Гётынгенскага ун-таў (з 1855). Навук. працы па тэорыі лікаў, матэм. аналізе, механіцы, матэм. фізіцы. Даказаў тэарэму пра існаванне бясконца вялікай колькасці простых лікаў у кожнай арыфметычнай прагрэсіі з цэлых лікаў, першы член і рознасць якой — лікі ўзаемна простыя. Сфармуляваў і даследаваў паняцце ўмоўнай збежнасці шэрагу, устанавіў прыкмету збежнасці шэрагу (прыкмета Дз.); даказаў магчымасць раскладання ў шэраг Фур’е функцыі, якая мае канечную колькасць максімумаў і мінімумаў (інтэграл Дз.).
Літ.:
Рыбников К.А. История математики. 2 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬБЕРТАВА ПРАСТО́РА,
абагульненне эўклідавай прасторы на бясконцамерны выпадак. Уведзена ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Д.Гільберта як вынік абагульнення фактаў і метадаў раскладання функцый у артаганальныя шэрагі, а таксама даследаванняў інтэгральных ураўненняў. Выкарыстоўваецца ў розных раздзелах матэматыкі, тэорыі імавернасцей, тэарэт. фізікі.
Першасна гільбертава прастора — прастора бясконцых паслядоўнасцей, напр., x = (x1, x2, ..., xn, ...) са збежным шэрагам квадратаў x12 + x22 + ... + xn2 + ... . Суму двух элементаў (вектараў) паслядоўнасцей, іх скалярны здабытак і інш. вылічваюць пакаардынатна па звычайных правілах (гл.Вектарная прастора, Вектарнае злічэнне). У больш шырокім сэнсе гільбертава прастора — лінейная прастора, для якой вызначаны скалярны здабытак. У залежнасці ад вызначэння множання элементаў на сапраўдны ці камплексны лік адрозніваюць сапраўдныя і камплексныя гільбертавы прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЧЫ́ПАР (Генрыета Валянцінаўна) (н. 26.12.1941, г.п. Чаркаскае Вольскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай хіміі. Д-рхім.н. (1990). Скончыла БДУ (1964). З 1964 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1992 у Ін-це радыяцыйных фізіка-хім. праблем Нац.АН Беларусі. Навук. працы па кінетыцы тэрмічнага і радыяцыйна-тэрмічнага раскладання аксідаў азоту і серы, а таксама хлорвытворных вуглевадародаў у паветры, распрацоўцы тэарэт. асноў радыяцыйнага метаду ачысткі газавых выкідаў прамысл. прадпрыемстваў і ЦЭС ад шкодных прымесей.
Тв.:
Физико-химические и теплофизические свойства растворов на основе четырехокиси азота. Мн., 1981 (у сааўт.);
Кинетика и механизм термических и радиационно-термических процессов в теплоносителе N2O4—NO. Мн., 1989 (разам з В.Б.Несцярэнкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ, лік π,
лік, роўны адносінам даўжыні акружнасці да яе дыяметра; бясконцы дзесятковы дроб, роўны 3,1415926...; адзін з трансцэндэнтных лікаў. Абазначэнне агульнапрынятае з 1736 пасля працы Л.Эйлера.
Да ліку П. прыводзіць адшуканне лімітаў некат. арыфм. паслядоўнасцей і шэрагаў. Адна з формул вылічэння П. — формула раскладання функцыі arctg х у ступеневы шэраг. Набліжанае значэнне П. з дапамогай рацыянальных лікаў спрабавалі знайсці ў старажытнасці, напр.Архімед (3 ст. да н.э.) вызначыў, што 223/71 < π < 22/7. Значэнне π = 355/113 = 3,1415929... вылічыў кіт. матэматык Цзу Чун-чжы (5 ст.); у Еўропе гэтае ж значэнне знойдзена ў 16 ст. Пры выкарыстанні ЭВМ разлічана больш за тысячу дзесятковых знакаў ліку П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ablatio адніманне),
у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.
2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБПА́Л,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў. Уключае награванне да пэўнай т-ры, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме. Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фіз. і хім. уласцівасцяў. Сыравіну для буд., вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі ўласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.