МАНАЦЫ́Т (ням. Monazit ад грэч. monazō бываю адзін, жыву адзін),
мінерал класа фасфатаў, фасфат цэрыю і рэдказямельных элементаў (Ce, La...)[PO4]. Змяшчае 66—70% аксідаў (агульнай ф-лы TR2O3) гэтых элементаў, прымесі торыю, ітрыю, крэмнію, урану, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі сплошчаныя да таблітчастых, кароткапрызматычныя, ізаметрычныя, утварае скарыначкі, зямлістыя масы, зярністыя і сферычныя агрэгаты. Колер карычневы, мядова-жоўты або зеленаваты. Паўпразрысты. Бляск тлусты, на сколах шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,9—5,5 г/см³. Прысутнічае ў многіх гранітоідах, вял. крышталі трапляюцца ў пегматытах. Пераважна канцэнтруецца ў рачных і марскіх россыпах і пляжных пясках. Часта радыеактыўны. Руда торыю і рэдказямельных элементаў.
т. 10, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, ізатопам якіх уласцівы радыеактыўны распад (гл. Радыеактыўнасць). Да Р.э. адносяць тэхнецый, праметый, палоній і ўсе размешчаныя за ім элементы перыяд. сістэмы.
Р.э. з ат. н. 90—103 — актыноіды, з ат. н. 93—103 (размешчаны ў перыяд. сістэме за уранам) — трансуранавыя элементы. Р.э. з ат. н. 84—92 трапляюцца ў прыродзе (прыродныя). З прыродных Р.э. толькі торый і уран маюць ізатопы, перыяды паўраспаду якіх параўнальныя з часам існавання Зямлі (-109 гадоў); іх наз. першаснымі. Астатнія прыродныя Р.э. — прадукты распаду урану і торыю (гл. Радыеактыўныя рады), наз. другаснымі. Трансуранавыя элементы, а таксама тэхнецый і праметый наз. штучнымі Р.э. (атрыманы пры розных ядз. рэакцыях).
т. 13, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМЕРЫ́Я А́ТАМНЫХ Я́ДРАЎ,
існаванне ў некаторых атамных ядрах узбуджаных (метастабільных) станаў з адносна вял. часам жыцця. Некаторыя ядры маюць некалькі ізамерных станаў з розным часам жыцця і рознымі фіз. ўласцівасцямі, напр., радыеактыўны ізатоп бром-80 мае ў няўзбуджаным стане перыяд паўраспаду 17,6 мін, у ізамерным — 4,4 гадз.
Эксперыментальна выяўлена О.Ганам (1921), даследавана І.В.Курчатавым (1935). Выклікана малой энергіяй узбуджэння і значным адрозненнем спінавых квантавых лікаў ядра ў метастабільных станах (гл. Адбору правілы). Распад ізамераў суправаджаецца выпрамяненнем электронаў унутр. канверсіі (энергія ўзбуджэння перадаецца аднаму з электронаў гэтага ж атама) ці гама-квантаў і ў выніку атрымліваецца тое ж ядро ў стане з меншай энергіяй; часам больш імаверны бэта-распад (напр., у пратактынію-234).
Э.А.Рудак.
т. 7, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТО́Н (лац. Krypton),
Kr, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 36, ат. м. 83,8, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. колькасць 84Kr (56,9% па аб’ёме). У атмасферы 1,1410−4% па аб’ёме. Англ. вучоныя У.Рамзай і М.Траверс адкрылі К. разам з ксенонам і неонам у 1898, з-за цяжкасці атрымання названы ад грэч. kryptos — схаваны.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -153,36 °C, шчыльн. 3,745 кг/м³ (0 °C). З хім. злучэнняў атрыманы толькі К. дыфтарыд KrF2 — бясколерныя крышталі з рэзкім пахам, наймацнейшы акісляльнік. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, газаразрадных трубак; радыеактыўны ізатоп 85Kr — як крыніцу β-выпрамянення ў медыцыне.
т. 8, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮ́РЫЙ (лац. Curium),
Cm, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 96, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 15 ізатопаў з масавымі лікамі 237—251; найб. устойлівы — 247Cm (перыяд паўраспаду 1,58 107 гадоў) — α-выпраменьвальнік, знойдзены ў зямной кары ў некат. радыеактыўных мінералах. Адкрыты ў 1944 Г.Т.Сібаргам з супрацоўнікамі, названы ў гонар П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры.
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 1358 °C, шчыльн. 13 510 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны да лантаноідаў. Выкарыстоўваюць ізатопы 242Cm і 244Cm у ізатопных крыніцах току, для атрымання чыстага плутонію-238. Высокатаксічны, ГДК у паветры рабочых памяшканняў для 242Cm і 244Cm — 2,210−4 і 1,710 7 Бк/л адпаведна.
т. 9, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬФА-РАСПА́Д,
α-распад, самаадвольны радыеактыўны распад атамных ядраў, пры якім адбываецца выпрамяненне альфа-часціц (гл. Радыеактыўнасць). Найменш пранікальны від выпрамянення, што выпускаецца радыеактыўнымі рэчывамі. Тэорыя альфа-распаду (Г.Гамаў, ЗША, 1927) заснавана на квантава-мех. апісанні руху α-часціцы ў патэнцыяльнай яме з бар’ерамі: паколькі энергія α-часціц складае 5—10 МэВ, а вышыня кулонаўскага бар’ера ў цяжкіх ядрах 25—30 МэВ, то вылет α-часціцы з ядра можа адбывацца толькі за кошт тунэльнага эфекту. Вядома больш за 300 α-актыўных ядраў, большасць з якіх штучныя. Альфа-распад характэрны ў асноўным для цяжкіх ядраў з масавым лікам A>200 і ат. нумарам Z>82. Час жыцця α-радыеактыўных ядраў ад 3∙10−7 с (для 212Po) да 1017 гадоў (для 204Pb).
т. 1, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПТУ́НІЙ (лац. Neptunium),
Np, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 93; адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомыя ізатопы з масавымі лікамі 227—241; найб. устойлівы 237Np (перыяд паўраспаду 2,14∙106 гадоў, α-выпрамяняльнік). У вельмі нязначнай колькасці знойдзены ва ўранавых рудах. Першы трансуранавы элемент; адкрыты Э.М.Макміланам і Ф.Эйблсанам у 1940; назва — ад планеты Нептун.
Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 639 °C, шчыльн. 20450 кг/м³. Вельмі рэакцыйназдольны (ступень акіслення ў хім. злучэннях ад +3 да +7). Утвараецца ў ядз. рэактарах пры працяглым апрамяненні урану, вылучаюць як пабочны прадукт пры атрыманні плутонію. Ізатоп 237Np выкарыстоўваюць для вытв-сці плутонію-238. Высокатаксічны, ГДК у паветры рабочых памяшканняў 2,6∙10−6 Бк/л.
т. 11, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ТЫЙ (лац. Prometium),
Pm, штучны радыеактыўны хім. элемент III гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 61, ат. м. 144, 9128, адносіцца да лантаноідаў. Вядома 14 ізатопаў з масавымі лікамі 141—154; найб. устойлівы 145Pm (перыяд паўраспаду T1/2 каля 18 гадоў). У зямной кары знойдзены ў вельмі нязначнай колькасці 147Pm (T1/2 2,64 гады, мяккі β-выпрамяняльнік), які ўтвараецца пры дзяленні урану-235. Адкрыты ў 1945, назва ад імя Праметэя.
Метал светла-шэрага колеру, t 1170 °C, шчыльн. 7260 кг/м³. Вылучаюць 147Pm з сумесі радыеактыўных ізатопаў розных элементаў, што ўтвараюцца ў рэактарах пры дзяленні ядз. паліва. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент люмінафораў (свецяцца бесперапынна на працягу некалькіх гадоў), а таксама як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення ў мініяцюрных ядз. батарэйках.
т. 12, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НЦЫЙ (лац. Francium),
Fr, радыеактыўны хім. элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 87; адносіцца да шчолачных металаў. Найменш устойлівы з радыеактыўных элементаў; найб. устойлівы з іх 223Fr (перыяд паўраспаду 21,8 мін, β-распад) — чл. прыроднага радыеактыўнага рада актынаурану. У прыпаверхневым пласце Зямлі таўшчынёй 1,6 км знаходзіцца прыблізна 24,5 г Ф. Радыенуклід 223Fr адкрыла ў 1939 франц. радыяхімік М.Перэй; названы ў гонар Францыі.
У вагавых колькасцях атрымаць Ф. немагчыма з-за адсутнасці доўгажывучых ізатопаў. Паводле ацэнак для Ф. tпл 18—20 °C, шчыльн. 2300—2500 кг/м³. Самы электрададатны метал. Хім. ўласцівасцямі падобны да рубідыю і цэзію. Выкарыстоўваюць для вызначэння астату-227 і ў біял. даследаваннях, у т. л. для дыягностыкі ракавых захворванняў.
А.П.Чарнякова.
т. 16, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДО́Н (лац. Radon),
Rn, радыеактыўны хім. элемент VIII перыяд. сістэмы, ат. н. 86, ат. м. 222,0176, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з сумесі ізатопаў (α-выпрамяняльнікі) з масавымі лікамі 218—220 і 222, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы 222Rn (перыяд паўраспаду 3,824 сут). Утвараецца пры распадзе радыю (адсюль назва). У атмасферы 6∙10−20% па аб’ёме (адзін з самых рэдкіх элементаў); вызначае прыродную радыеактыўнасць паветра.
Аднаатамны газ без колеру і паху, шчыльн. 9,73 кг/м³ (0 °C), L -61,9 °C. Добра раствараецца ў этаноле, бензоле, гексане, адсарбіруецца сілікагелем і актываваным вугалем. Пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, утварае дыфтарыд RiiF, — бясколернае нелятучае крышт. рэчыва. Выкарыстоўваюць у медыцыне (радонавыя ванны) і навук. даследаваннях. Намнажаецца ў памяшканнях (пераважна з буд. матэрыялаў); дапушчальная канцэнтрацыя ў паветры 55,5 Бк/л.
т. 13, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)