ПРАТАДЭ́РМА (ад прата... + дэрма),

вонкавы слой клетак верхавінкавай мерыстэмы парастка і кораня. У працэсе развіцця П. дыферэнцыруецца ў эпідэрму (на парастку) або рызадэрму (на корані), радзей дае пачатак некат. субэпідэрмальным тканкам.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А СЭ́КА (італьян. а secco па сухім),

разнавіднасць тэхнікі насценнай размалёўкі, заснаваная на выкананні жывапісу па цвёрдым, ужо высахлым вапнавым тынку фарбамі, расцёртымі на раслінным клеі, яйках або (радзей) змешанымі з вапнай.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЕ́Ш,

у беларусаў 1) страва з мяснога булёну, падкалочанага мукой. Калі не было мяса, К. заскварвалі салам.

2) Густы, звычайна малочны суп з прасяных, радзей з ячных круп.

3) Тое, што крупнік.

т. 8, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАТЭ́Р (грэч. kratēr ад kerannymi змешваю),

старажытнагрэчаская керамічная, радзей метал. або мармуровая пасудзіна для змешвання віна з вадой. Меў ёмісты корпус, шырокае горла, 2 ручкі і ножку. Керамічныя К. аздабляліся размалёўкамі, метал. — рэльефамі.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).

Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).

Жужалі: 1 — рашэцісты; 2 — Менетрые; 3 — бліскучы; 4 — фіялетавы; 5 — шчыгрынавы; 6 — цудоўны; 7 — блытаны; 8 — аблямаваны. Красацелы: 9 — бронзавы; 10 — даследчык; 11 — пахучы; 12 — скакун пясчаны.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАДЫ́ЖНІК (Athyrium),

род папарацей сям. аспленіевых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі па ўсёй тэрыторыі трапляецца К. жаночы, або папараць жаночая (A. filix-femina, нар. назва папарацень). Расце ў сырых цяністых хваёвых, радзей мяшаных лясах, зарасніках хмызняку.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 40—120 см. Карэнішча тоўстае, кароткае, з рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце шматлікае, каля асновы сабрана ў разыходны пучок. Лісцевая пласцінка ў верхняй ч. двойчы-, у ніжняй тройчыперыстарассечаная. Сорусы падоўжаныя, акруглыя ці выгнутыя з індузіямі, размешчаны ў 1, радзей 2 рады ўздоўж сярэдняй жылкі на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухполы. Лек., дэкар., тэхн. і харч. расліны.

Качадыжнік жаночы.

т. 8, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПІДАЛІ́Т [ад грэч. lepis (lepidos) луска + lithos камень],

мінерал групы слюдаў, падкласа слаістых сілікатаў; фторгідраксільны алюмасілікат калію і літыю, K(Li, Al)2 (Si, Al)4O10(F, OH)2. Мае ў сабе 3,1—6% аксіду літыю LiO2, прымесі жалеза, марганцу, магнію, рубідыю, цэзію. Крышталізуецца ў манаклінальнай, радзей у трыкліннай або рамбічнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, лускаватыя, шкарлупістыя; шчыльныя дробназярністыя агрэгаты. Колер светлы, ружова-фіялетавы, розных адценняў. Празрысты. Бляск перламутравы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см³. Трапляецца ў рэдкаметальных пегматытах і літый-фторыстых гранітах, радзей у грэйзенах. Руда для вытв-сці літыю. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, шкляной і керамічнай прам-сці. Радовішчы ў Казахстане, Расіі, Чэхіі, Швецыі, ЗША і інш.

Лепідаліт.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЯПЕ́ННЕ ў геалогіі,

буйная дадатная платформавая структура, акруглай або авальнай формы, з адной ці некалькімі вяршынямі. Звычайна найб. выражана на паверхні крышт. фундамента. Пл. 10—100 тыс. км², выш. падняцця больш за 100 м, радзей да 1 км. Вуглы падзення слаёў на крылах да 1°. Акруглыя С. наз. купаламі. Некат. С. абмежаваны буйнымі тэктанічнымі разломамі. Часта складаюць антэклізы (напр., Татарскае, Башкірскае, Токмаўскае С. Волга-Уральскай антэклізы), радзей трапляюцца ў сінеклізах або прадстаўляюць ізаляваныя формы. Развіваюцца 10—100 млн. г., маюць маламагутны асадкавы чахол з перарывамі ў асадканамнажэнні. Форму С. маюць і лінейныя падняцці ў абласцях найноўшага гораўтварэння. С. — таксама найб. высокая ч. антыклінальнай складкі (гл. Антыкліналь).

І.​В.​Клімовіч.

т. 14, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.

Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 2. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2) М., 1981.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЫ́ТАВЫЯ АДКЛА́ДЫ,

мелкаводныя асадкі дна мораў і акіянаў, якія ўтвараюцца ў межах мацерыковай водмелі на глыб. да 200 м. Пераважаюць галечнікі, ракушачнікі, радзей аалітавыя і фарамініферавыя пяскі, ілістыя і хемагенныя асадкі з арган. рэшткамі. Гл. таксама Нерытавая вобласць.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)