лопасцевы гідраўлічны рухавік, які пераўтварае мех. энергію патоку вады ў энергію вярчальнага вала. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца на актыўныя турбіны (свабоднаструменныя) і рэактыўныя турбіны (напорнаструменныя), паводле размяшчэння вала рабочага кола — на вертыкальныя, гарызантальныя і нахіленыя. Выкарыстоўваюцца пераважна на гідраэлектрычных станцыях для прывода гідрагенератара (спалучаныя з ім гідраўлічныя турбіны наз.гідраагрэгатамі).
Актыўныя гідраўлічныя турбіны падзяляюцца на каўшовыя, нахіленаструменныя і двухкратныя. У каўшовых гідраўлічных турбінах рабочым колам з’яўляецца дыск, па акружнасці якога размешчаны лопасці ў выглядзе падвойных каўшоў. Накіравальным апаратам (адным або некалькімі сопламі) струмень вады пад атм. ціскам з вял. скорасцю падаецца на лопасці (каўшы) і з малой скорасцю зыходзіць з кола. Бываюць з верт. або гарыз. валам. Магутнасцю да 250 МВт, рабочы напор 40—2000 м. Рэактыўныя гідраўлічныя турбіны паводле напрамку руху вады ў рабочым коле падзяляюцца на восевыя (паваротна-лопасцевыя, прапелерныя) і нявосевыя (радыяльна-восевыя, дыяганальныя). Маюць турбінную (спіральную) камеру (забяспечвае раўнамернае паступленне вады па ўсім контуры накіравальнага апарата), накіравальны апарат з прафіляванымі лапаткамі (рэгулюе расход вады), рабочае кола з паваротнымі або нерухомымі лопасцямі (яго вал злучаны з валам эл. генератара), адсмоктвальную трубу (змяншае скорасць вады, што паляпшае выкарыстанне энергіі вадзянога патоку). Магутнасць паваротна-лопасцевых гідраўлічных турбін да 250 МВт, рабочы напор 2—70 м; дыяганальных адпаведна да 350 МВт, 40—120 м; радыяльна-восевых — да 800 МВт і болей, 2—600 м.
Разнавіднасцю гідраўлічнай турбіны было вадзяное кола, вядомае са старажытнасці. Першая рэактыўная гідраўлічная турбіна вынайдзена франц.інж. Б.Фурнеронам у 1827, радыяльна-восевая — амер.інж. Дж.Фрэнсісам у 1855, актыўная каўшовая — амер.інж. А.Пелтанам у 1889, паваротна-лопасцевая — аўстр.інж. В.Капланам у 1913. Вытв-сць гідраўлічных турбін у б.СССР наладжана ў 1924. Найб. вядомыя гідраўлічныя турбіны фірмаў Японіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. На Беларусі малыя гідраўлічныя турбіны выпускаў у 1949—58 Бабруйскі маш.-буд.з-д. ГЭС Беларусі абсталяваны верт. і гарыз. радыяльна-восевымі гідраўлічнымі турбінамі. Перспектыўныя турбіны малой (10—50 кВт) магутнасці з рабочым напорам 2—5 м.
Я.П.Забела.
Схема асноўных тыпаў гідраўлічных турбін: а — актыўнай каўшовай (1 — трубаправод паступлення вады, 2 — сапло, 3 — рабочае кола з каўшамі); б — рэактыўнай паваротна-лопасцевай (1 — рабочае кола з паваротнымі лопасцямі, 2 — накіравальны апарат, 3 — вал); в — рэактыўнай радыяльна-восевай (1 — ротар з нерухомымі лопасцямі, 2 — турбінная камера, 3 — вал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТУРБІ́ННЫ РУХАВІ́К,
цеплавы рухавік, у якім энергія сціснутага і нагрэтага газу пераўтвараецца ў мех. работу на вале газавай турбіны. Сціснутае атм. паветра падаецца ў камеру згарання, куды паступае газападобнае, вадкае або цвёрдае пылападобнае паліва. Энергія газападобных прадуктаў згарання пераўтвараецца ў мех. работу ў рабочым коле газавай турбіны. Бываюць адна- і двухвальныя. Выкарыстоўваюцца: у якасці асн. рухавікоў сілавых установак лятальных апаратаў, аўтамабіляў (гл.Газатурбінны аўтамабіль), газатурбавозаў, трактароў і інш.; на цеплавых і перасоўных электрастанцыях (гл.Газатурбінная электрастанцыя), для прыводу кампрэсараў з адначасовай выпрацоўкай эл. і цеплавой энергіі ў нафтавай, газавай, металургічнай, хім. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕО́Н (лац. Neon),
Ne, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 10, ат. м. 20,179, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 3 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 20—22; найб. колькасць па аб’ёме 20Ne (90,92%). У атмасферы 1,82∙10−3% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 разам з крыптонам, назва ад грэч. neos — новы.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tпл −248 52 °C, tкіп −245,93 °C, шчыльн. 0,89994 кг/м (пры нармальных умовах). Хімічна інертны; атрыманы толькі клатраты (напр., Ne∙6H2O). Вылучаюць пры рэктыфікацыі вадкага паветра. Выкарыстоўваюць у газаразрадных крыніцах святла (чырвонае свячэнне), вадкі — як холадагент у тэхніцы нізкіх тэмператур, неонава-геліевую сумесь — як рабочае асяроддзе ў газавых лазерах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РА,
газападобны стан рэчыва пры т-ры і ціску, ніжэйшых за крытычныя (гл.Крытычны стан). Працэс пераходу кандэнсаванага рэчыва ў П. наз.параўтварэннем.
Паняцці П. і газ амаль эквівалентныя; звычайна да газаў (выключэнне вадзяная П.) адносяць рэчывы пры т-ры, вышэйшай за крытычную тэмпературу. Адрозніваюць П. насычаную, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі з тым жа рэчывам у кандэнсаваным (вадкім або цвёрдым) стане, ненасычаную (перагрэтую), т-ра якой вышэйшая за т-ру насычанай П. пры дадзеным ціску, і перанасычаную, шчыльнасць (ціск) якой вышэйшая за шчыльнасць (ціск) насычанай П. пры такой жа т-ры. Пры нізкім ціску (у разрэджаным стане) і т-ры, значна вышэйшай за т-ру кандэнсацыі, уласцівасці П. блізкія да ўласцівасцей ідэальнага газу. У тэхніцы шырока выкарыстоўваюць вадзяную П. як рабочае цела паравых турбін і машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАРУХАВІ́К,
рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.
Асн. частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.Я.Жукоўскі, развівалі яе У.П.Вятчынкін, А.Г.Уфімцаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАЯ СТРУКТУ́РА ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
сукупнасць падраздзяленняў прадпрыемства з усталяванымі паміж імі ў працэсе выпуску прадукцыі сувязямі. Кожная стадыя вытв. працэсу афармляецца ў адпаведнае структурнае падраздзяленне. Першасная структурная вытв. адзінка — рабочае месца. Рабочыя месцы аб’ядноўваюцца ў вытв. ўчасткі, якія ўтвараюць асн. структурныя падраздзяленні — цэхі. На буйных прадпрыемствах цэхі аб’ядноўваюцца ў карпусы. У залежнасці ад складу вытв. падраздзяленняў прадпрыемства мае цэхавую, бясцэхавую (толькі ўчасткі) і мяшаную структуру. Паводле ролі ў вытв. працэсе адрозніваюць цэхі асн. (нарыхтоўчыя, апрацоўчыя і зборачна-аддзелачныя), дапаможныя (інстр.вытв-сць, энергет. і рамонтная гаспадаркі) і абслуговыя (складскія, транспартныя, энергасеткі і інш. камунікацыі). Канструктарска-тэхнал. падраздзяленні займаюцца праектаваннем вырабаў і падрыхтоўкай вытв-сці, органы кіравання прадпрыемствам арганізоўваюць, накіроўваюць і рэгулююць ход вытв-сці ў цэлым. Вытворчая структура прадпрыемства залежыць ад формы ўласнасці і кіравання, галіновай прыналежнасці прадпрыемства і звычайна перабудоўваецца пры асваенні новай прадукцыі, замене тэхналогіі і абсталявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНТЫЛЯ́ТАР (ад лац. ventilare веяць, махаць),
машына для перамяшчэння пад ціскам паветра або інш. газу. Бываюць цэнтрабежныя, восевыя і дыяметральныя; нізкага (да 1 кПа), сярэдняга (да 3 кПа) і высокага (да 12 кПа) ціску; ад долей вата (бытавыя) да тысяч кілават (прамысловыя). Выкарыстоўваюцца для вентыляцыі аб’ектаў, транспартавання аэрасумесей па трубаправодах, сушкі матэрыялаў, ахалоджвання дэталей машын і электрарухавікоў, падачы паветра ў топачныя агрэгаты і інш.
Цэнтрабежны вентылятар мае спіральны кажух, у сярэдзіне якога знаходзіцца рабочае кола з лопасцямі. Паветра або газ уцягваецца праз уваходную адтуліну, праходзіць у каналах паміж лапаткамі рухомага кола і праз кажух выкідваецца. У восевых вентылятарах паветра перамяшчаецца паміж уваходнай і выхадной адтулінамі ў восевым напрамку, у дыяметральных — двойчы праходзіць паміж лапаткамі колаў у дыяметральным напрамку і выходзіць праз дыфузар. Вентылятары звычайна злучаюцца з вентыляцыйнымі каналамі будынкаў (прытокавыя напампоўваюць паветра, выцяжныя ўсмоктваюць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОДЗЬ (Łódź),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т. л.ун-т, мед. акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.
Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням.гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст. Л. — цэнтр буйнога тэкст. раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г. Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл.Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв. вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, у выніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПА (франц. pompe),
машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л.гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц.інж. А.Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.Папенам (1689), віхравая — ням.інж. С.Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.
На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».
У.М.Сацута.
Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙМА́Н АСТРАВЫ́, Кайманавы астравы (Cayman Islands),
група астравоў на ПнЗ Карыбскага м., у Вест-Індыі. Уладанне Вялікабрытаніі. Пл. 259 км². Нас. 36,2 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джорджтаўн на в-ве Вял. Кайман. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1—2 чэрв.).
Прырода. Уладанне ўключае 3 астравы: Вял. Кайман (пл. 197 км²), М. Кайман і Кайман-Брак. Астравы нізінныя, складзены пераважна з вапнякоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры 15—30 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год, пераважна ў ліст.—красавіку. Пашыраны вечназялёныя ўмерана вільготныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, у т. л. махагоніевае. Мора багатае рыбай, чарапахамі, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва (пераважна мулаты і негры) складае 80%, англічане і амерыканцы ЗША — каля 20%. Вернікі — прэсвітэрыяне і баптысты. Сярэдняя шчыльн. каля 140 чал. на 1 км². Больш за 90% насельніцтва жыве на в-ве Вял. Кайман, у гарадах — каля 70%. У абслуговых галінах занята 89% насельніцтва, у прам-сці — 10%, у сельскай гаспадарцы — 1%.
Гісторыя. Адкрыты ў 1503 Х.Калумбам. У 1670 Іспанія перадала іх Англіі. З сярэдзіны 18 ст. ў яе падпарадкаванні, каланізаваліся англічанамі з Ямайкі. З 1962 асобная калонія. Дзейнічае канстытуцыя 1959, змененая ў 1972. Уладу ўзначальвае прызначаны брыт. манархам губернатар, які таксама з’яўляецца старшынёй Заканад. асамблеі і Выканаўчага савета.
Гаспадарка. Асновай эканомікі з’яўляюцца абслугоўванне замежных турыстаў і банкаўская дзейнасць. Штогадовы валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае каля 400 млн.дол. ЗША, каля 10 тыс.дол. на 1 чал. Клімат, выдатныя пляжы і ўмовы для падводнага палявання прыцягваюць шматлікіх замежных турыстаў. Доля турызму (больш за 500 тыс.чал. штогод, пераважна з ЗША) у ВУП дасягае 70%, на яго прыпадае каля 75% валютных паступленняў. На К.а. замежныя кампаніі вызвалены ад прамых падаткаў і адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай, таму зарэгістравана больш за 500 замежных банкаў і фін. арг-цый (у т. л. філіялы 40 з 50 найбуйнейшых банкаў свету), 18 тыс. кампаній. Банкаўскі і фін. сектары забяспечваюць каля 40% даходаў адміністрацыі астравоў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі па вытв-сці буд. матэрыялаў (у т. л.з-д жалезабетонных вырабаў і шыферная ф-ка), харч. прадуктаў (у т. л. рыбакансервавы з-д), рабочага адзення, канатаў. Нарыхтоўка каштоўнай драўніны. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 10% пл. астравоў. Вырошчваюць цытрусавыя, манга, какосы, авакада, плады хлебнага дрэва, агародніну. Малочная жывёлагадоўля. Буйная ферма па развядзенні чарапах. Марскі промысел (лоўля акул, амараў, чарапах і інш.). Дадатковай крыніцай даходаў з’яўляецца праца на марскіх суднах розных краін (пераважна ЗША). Унутр. транспарт аўтамабільны. Марскі порт Джорджтаўн мае статус свабоднага порта. 2 міжнар. аэрапорты (на а-вах Вял. Кайман і Кайман-Брак). Штогадовы экспарт складае каля 4 млн.дол., імпарт — каля 250 млн.дол. Астравы экспартуюць чарапахавыя панцыры і мяса, рыбапрадукты, рабочае адзенне, скуры акул, канаты; імпартуюць разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Больш за 70% знешнегандл. абароту прыпадае на ЗША. Грашовая адзінка — долар а-воў Кайман.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).