ВАЙЦАХО́ВІЧ (Сяргей Рыгоравіч) (20.3.1903, в. Сярагі Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 3.9.1977),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1932). З 1921 на сав. і парт. рабоце ў Слуцку, з 1938 інструктар ЦК КП(б)Б, з крас. 1941 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з 23.4.1943 да ліп. 1944 2-і сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—47 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрадаў «Камарова», «Пятровіча», імя М.​Ц.​Шыша па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Ленін Пінскай вобл. 12 вер. ў Вял. Айч. вайну. Са створаных партызанамі для гэтай аперацыі штурмавых груп (150 чал.) 3 былі размешчаны на шляхах магчымага адыходу праціўніка, 2 — у засадах на дарогах верагоднага падыходу падмацаванняў ворагу. У выніку раптоўнага нападу партызаны разграмілі гарнізон, вызвалілі зняволеных патрыётаў, захапілі трафеі і арганізавана адышлі. У гонар бою партызан у в. Ленін Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены помнік.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАГРЭ́С-ВУЛКА́Н»,

акцыянернае таварыства, створанае на базе Пінскай запалкавай фабрыкі «Прагрэс-Вулкан», існавала ў 1909—14. Праўленне знаходзілася ў Пінску. Акцыянерны капітал, унесены ўладальнікам ф-кі аўстрыйскім падданым пінскім купцом 1-й гільдыі І.​А.​Гальперыным і членамі яго сям’і, складаў 300 тыс. руб. У акц. т-ва ўвайшлі таксама лесапільныя з-ды, якія належалі Гальперыну. У 1909 на прадпрыемствах акц. т-ва працавала 680 чал. Ліквідавана напярэдадні 1-й сусв. вайны з-за нізкіх эканам. паказчыкаў. Прадпрыемствы перайшлі ва ўласнасць І.​А.​Гальперына.

В.​М.​Сяховіч.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РДМАН (Эдуард Баляслававіч) (н. 25.2.1922, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсам.-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1969). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1958). З 1939 на камсам. рабоце. З пач. Вял. Айч. вайны нам. сакратара, сакратар, чл. Пінскага падп. абкома, адначасова сакратар Пінскага падп. гаркома ЛКСМБ, з ліп. 1943 пам. камісара атрада В.З.Каржа, нам. камісара партыз. брыгады імя Молатава. Пасля вайны на парт., камсам. і сав. рабоце, у органах дзярж. бяспекі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1974—79. Ганаровы грамадзянін г. Пінск.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЁНТАК (Казімір) (н. 21.10.1914, г. Валга, Эстонія),

рымска-каталіцкі царк. дзеяч Беларусі. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску (1939). У 1939—44 в.а. пробашча парафіі ў Пружанах. У крас. 1941 арыштаваны і зняволены на 2 месяцы ў брэсцкую турму. У снеж. 1944 зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да пастырскай дзейнасці, з 1.12.1954 пробашч парафіі ў Пінску. З 13.4.1991 архібіскуп, мітрапаліт мінска-магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. 26.11.1993 ад папы Іаана Паўла 11 атрымаў званне кардынала.

С.​Ф.​Адамовіч.

К.Свёнтак.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІН,

вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Случ. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 46 км на ПнЗ ад г. Жыткавічы, 274 км ад Гомеля, 18 км ад чыг. ст. Мікашэвічы. 875 ж., 318 двароў (1999).

Упершыню ўпамінаецца ў 1568 у прывілеі Жыгімонта Аўгуста кн. Юрыю Алелькавічу на заснаванне мястэчка. У ім названы і тапонім будучага нас. пункта — Ленін. У 1582 мястэчка перайшло да кн. Аляксандра Алелькавіча. З 17 ст. ва ўладанні Радзівілаў, з пач. 19 ст. — Вітгенштэйнаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1863 адкрыта аднакласнае нар. вучылішча. У 1886—437 ж, 79 двароў, у 1908—1019 ж., 196 двароў. У 1922—39 у складзе Польшчы, цэнтр Ленінскай гміны Палескага ваяв. З 12.10.1940 гар. пасёлак, у 1940—50 цэнтр Ленінскага раёна Пінскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 4474 чал.; у жн. 1942 акупанты расстралялі ў Л. каля 2 тыс. чал., у лют. 1943 у час карнай аперацыі «Горнунг» загубілі 1200 чал. 12.9.1942 адбыўся Ленінскі бой 1942. З 9.1.1952 вёска ў Ленінскім р-не Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл., з 1960 у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. У 1972—842 ж., 252 двары.

Лясніцтва, цэх па перапрацоўцы драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. ваеннапалонных і ахвяр фашызму, камсамольцаў, партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік партызанам. Помнік архітэктуры — капліца на могілках (1870-я г.).

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАМЧУ́ЖЫН»,

рачны манітор Дняпроўскага атрада Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях летам 1941. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Меў на ўзбраенні 7 гармат і 3 кулямёты, экіпаж 72 чал. З 27.11.1936 у складзе Дняпроўскай ваен. флатыліі, удзельнічаў у паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). З 8.7.1940 у Дунайскай ваен. флатыліі. У пач. Вял. Айч. вайны абараняў вусце Дуная. У канцы ліп. 1941 пераведзены на Дняпро. Прыкрываў пераправы і адыход сав. войск на левы бераг Дняпра на Пд ад Кіева, каля гарадоў Ржышчаў і Канеў. Узарваны экіпажам 12.8.1941 пасля няўдалай спробы прарыву з Чаркасаў да Краменчуга.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́Ў (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (2.10.1895, в. Вялікая Раслякоўка Калужскай вобл. — 1.6.1963),

савецкі военачальнік. Контр-адмірал (1941). Скончыў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1929). На ваен. службе з 1915, удзельнік Маанзундскай абароны ў 1917 (гл. Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну), грамадз. вайны. З 1920 на камандных пасадах у Сібірскай і Амурскай ваен. флатыліях, з мая 1938 нам. камандуючага Амурскай ваен. флатыліяй. У чэрв. 1940 — вер. 1941 камандуючы Пінскай ваеннай флатыліяй, з лют. 1942 — Волжскай ваен. флатыліяй; з ліп. 1943 — камандаваў атрадам караблёў ВМФ на Волзе. У 1944—46 камандзір Кіеўскай ваенна-марской базы Дняпроўскай флатыліі. У 1946—56 на камандных пасадах у ВМФ.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАНТО́ВІЧ (Фабіян) (14.9.1884, Навагрудак — 1940),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч. Магістр тэалогіі (1909), д-р філасофіі (1912). Скончыў Пецярбургскую акадэмію (1909), вучыўся ў каталіцкім ун-це ў Лувене (Бельгія). З 1914 выкладаў філасофію ў Петраградскай духоўнай акадэміі. Адзін з заснавальнікаў бел. хрысціянскага руху і яго саюза «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць» (гл. ў арт. Беларуская хрысціянская дэмакратыя). Ініцыятар правядзення ў Мінску з’езда бел. каталіцкага духавенства (1917). З 1918 рэктар Мінскай духоўнай семінарыі (выкладаў і служыў імшу на бел. мове). З 1921 прэлат пінскай капітулы, з 1926 у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. З 1928 вёў місіянерскую дзейнасць сярод рас. эміграцыі ў г. Харбін. У 1939 вярнуўся на Беларусь, дзе арыштаваны сав. ўладамі і зняволены ў турму ў Львове; пазней высланы ў Расію.

Г.​В.​Бабкін.

Ф.Абрантовіч.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЙЛА́ШАЎ (Мікалай Апанасавіч) (н. 19.12.1917, станіца Прочнаакопская Новакубанскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). З 1939 у органах бяспекі ў Століне і Ганцавічах Пінскай вобл. З чэрв. 1941 у тыле ворага: камандзір групы, аддзялення, узвода, нам. камандзіра Чачэрскага партыз. атрада, са жн. 1942 нам. нач. разведкі партыз. спец. атрада «Уперад» НКДБ СССР (дзейнічаў на тэр. Гомельскай, Магілёўскай і Арлоўскай абл.), з мая 1943 нам. камандзіра атрада, потым Добрушскай партыз. брыгады імя Сталіна, чл. Добрушскага падп. райкома КП(б)Б, у крас.—ліп. 1944 камандзір партыз. спец. групы «Бура» (дзейнічала на тэр. Вілейскай вобл.). У 1944—76 у органах КДБ БССР. Аўтар кн. «Бура гневу» (1971).

М.А.Міхайлашаў.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)