ВЯЛІ́КАЯ НЬЮФАЎНДЛЕ́НДСКАЯ БА́НКА (Grand Bank),
вялізная водмель у Атлантычным ак., каля в-ва Ньюфаўндленд. Пераважаюць глыб. да 100 м, найменшая глыб. 5,5 м. Грунт — пясок, галька, жвір. У раёне Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі сутыкаюцца воды халоднага Лабрадорскага цячэння і цёплага цячэння Гальфстрым. Частыя туманы. Трапляюцца айсбергі. Адзін з найб. у свеце арэалаў рыбалоўства (траска, селядзец і інш.).
т. 4, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКІ КАНА́Л,
суднаходны канал у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Злучае р. Прыпяць з рачным портам Мікашэвічы (ніжэй упадзення р. Лань, за 6 км на З ад р.п. Мікашэвічы). Даўж. 7 км. Праходзіць па забалочанай левабярэжнай пойме р. Прыпяць. Пабудаваны ў 1974—78, рэканструяваны ў 1979—80. Служыць для вывазу прадукцыі Мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» (друз, штучны пясок і інш.).
т. 10, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМІ́ТЫ (ад грэч. psammos пясок),
пясчаныя пароды, якія складзены на 50% і больш з зерняў мінералаў і абломкаў парод памерамі ад 0,05(0,1) да 1 мм. Рыхлыя разнавіднасці П. — пяскі, сцэментаваныя — пясчанікі. Адрозніваюць П.: монамінеральныя (напр., кварцавыя), алігаміктавыя (кварц-палевашпатавыя) і полімінеральныя (аркозы і граўвакі). П. ўтвараюцца пераважна ў выніку фіз. выветрывання горных парод. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды.
т. 13, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],
псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.
Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.
С.Л.Максімава.
т. 13, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІЗАВЕ́ЦІНСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1844—66 у в. Елізавеціна Клімавіцкага пав. (цяпер у наваколлі в. Мокрае Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.). Выпускала аконнае шкло. У 1866 працавалі 44 чал. Сыравіну набывалі: гліну ў Калужскай і Чарнігаўскай губ., пясок у Смаленскай губ., саламяны попел у Чарнігаўскай губ. Шкло збывалі ў Віцебскую і Магілёўскую губ., Крамянчуг, Харкаў, Палтаву, Мінск і інш.
т. 6, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.Дзейнічаў у 1839—82 у Беларусі, у мяст. Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Быў найб. цукр. прадпрыемствам на Беларусі. Вырабляў цукар-пясок. У 1839 згарэў, у 1840 адбудаваны. Меў 2 паравыя машыны, 2 паравыя, 3 дэфекацыйныя (1855), 6 выпаральных катлоў, 2 цэнтрабежныя машыны, халадзільнік. Працаваў на мясц. сыравіне (цукр. буракі). У 1879 на з-дзе 232 рабочыя, выпушчана 19 тыс. пудоў цукру.
т. 3, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.
Знаходзіцца ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Засн. ў 1928 як завод сілікатнай цэглы № 2. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1945 адноўлены. З 1958 сучасная назва. З 1958 і 1970 працуюць 2 тэхнал. лініі вапнавага цэха (часова спынены), з 1971 — сілікатны цэх. Сыравіна: пясок і мел з радовішча Пясчаная Гара, вапну прывозяць з Гродна і Ваўкавыска. Асн. прадукцыя (1998) — сілікатная цэгла.
т. 8, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П,
семнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай П («пакой»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай П («пі»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала зычныя гукі «п», «п’» («палаць», «праца», «пятно»), мела лічбавае значэнне «восемдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя губна-губныя зычныя гукі «п», «п’» («парог», «праўда», «пясок» — «п’асок»).
А.М.Булыка.
т. 11, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЙСКІ ЦУКРО́ВЫ КАМБІНА́Т.
Створаны ў г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. ў 1959 як цукр. з-д. З 1976 камбінат. У 1975—85 у складзе камбіната дзейнічаў з-д каліброўкі насення цукр. буракоў, у 1976—85 — саўгас «Буракаводчы». Мае цэхі па перапрацоўцы цукр. буракоў і жамерынасушыльны. Працуе на мясц. сыравіне (цукр. буракі), часткова на прывазной (цукар-сырэц з Кубы і Бразіліі). Асн. прадукцыя (1996): цукар-пясок, жамерыны, патака.
т. 5, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
эластычныя ці порыстыя пракладачныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца для гашэння шумаў і вібрацый (гукаізаляцыі); разнавіднасць акустычных матэрыялаў. Класіфікуюцца аналагічна гукапаглынальным матэрыялам. Да гукаізаляцыйных матэрыялаў адносяць драўняна-валакністыя пліты, маты, пліты на аснове шкляной і мінер. ваты, валокнаў азбесту, эластычных парапластаў, пракладкі з гумы, а таксама прыродныя і штучныя сыпкія матэрыялы (пясок, шлак і інш.). Выкарыстоўваюцца ў міжпаверхавых перакрыццях, унутр. сценах (паміж панэлямі), фундаментах машын, гукаізаляцыйных кажухах і інш.
т. 5, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)