МАРСКІ́Я ІГО́ЛКІ,

іголкавыя (Syngnathidae), сямейства рыб атр. колюшкападобных (пучкашчэлепных). Каля 50 родаў, больш за 180 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некат. віды — у прэсных вадаёмах. У Азоўскім, Балтыйскім, Каспійскім, Чорным і Японскім м. трапляюцца 3 роды: марскія канькі, іголкі-рыбы (Syngnathus) і марское шыла (Nerophis).

Даўж. да 60 см. Цела ўкрыта касцянымі кольцамі. Афарбоўка зменлівая. Ёсць спінны плаўнік, у некат. відаў — грудныя і хваставы. Шчэлепы ў выглядзе пучкоў. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, маляўкамі рыб. Самка адкладвае ікру ў вывадковую камеру самца.

Марскія іголкі: 1 — даўгарылая, 2 — марское шыла; 3 — пухлашчокая.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДКЕР (Герш Іцкавіч) (1.5.1918, в. Мурафа Вінніцкай вобл., Украіна — 4.7.1977),

савецкі фізік. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1941). З 1946 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР, з 1957 дырэктар Ін-та ядзернай фізікі Сібірскага аддз. АН СССР. Навук. працы па тэорыі ядзерных рэактараў, тэорыі і разліку паскаральнікаў зараджаных часціц, па фізіцы плазмы, фізіцы часціц высокіх энергій і інш. Прапанаваў метад сустрэчных пучкоў для даследавання ўласцівасцей элементарных часціц. Ленінская прэмія 1967, Дзярж. прэмія СССР 1949.

Літ.:

Беляев С.Т., Сидоров В.А., Чириков Б.В. Г.​И.​Будкер // Успехи физ. наук. 1968. Т. 96, вып. 3.

Г.І.Будкер.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭ́Н-ТАНУДЖЫ́ ((Cohen-Tannoudji) Клод Несім) (н. 1.4.1933, г. Канстанціна, Алжыр),

французскі фізік. Чл. АН Францыі (1981). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1994). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1957). З 1960 у Нац. цэнтры навук. даследаванняў Францыі, адначасова з 1964 праф. Ун-та П. і М. Кюры і з 1973 — Калеж дэ Франс. Навук. працы па атамнай фізіцы, квантавай электроніцы і оптыцы. Зрабіў тэарэт. разлікі, распрацаваў новыя метады і ажыццявіў эксперыменты па лазерным тармажэнні атамных пучкоў, іх ахаладжэнні да анамальна нізкіх т-р (ніжэй за 10​−6 К) і ўтрымліванні ў малым аб’ёме. Нобелеўская прэмія 1997 (разам з С.Чу, У.Філіпсам).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 8, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАРЫ́НХІ (Kinorhyncha),

клас марскіх першаснаполасцевых чарвей. 2 атр.: цыкларагіды (Ciclorhagida) і гамаларагіды (Homalorhagida), каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у грунтах, у прыбярэжнай зоне і на глыбіні да 750 м.

Даўж. 0,1—1 мм. Цела пляскатае, жаўтаватае або карычневае, двухбакова-сім., складаецца з 13 (зрэдку з 14) сегментаў (занітаў); укрыта кутыкулай з венчыкамі шыпоў або кручкоў. Скура — з аднаслойнага эпітэлію. Мускулатура складаецца з асобных пучкоў папярочна-паласатых мускулаў. Кішэчнік у выглядзе простай трубкі. Нерв. сістэма складаецца з галаўнога каляглотачнага кальца і брушнога нерв. ствала з вял. колькасцю нерв. клетак у кожным сегменце тулава. Раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам. Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі, мікраарганізмамі, дэтрытам.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ЛЬНЫЯ НЕЙТРО́НЫ,

нейтроны з кінетычнай энергіяй, умоўна меншай за 100 кэВ. П.н. з кінетычнай энергіяй, большай за 10 кэВ, атрымліваюць з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц; іх энергія рэгулюецца зменамі напружання паскарэння пратонаў. Нейтроны з меншай энергіяй выдзяляюць з нейтронных пучкоў з дапамогай спец. фільтраў. Нейтроны з энергіяй, большай за 100 кэВ, наз. хуткімі нейтронамі; для іх запавольвання выкарыстоўваюцца запавольнікі (вада, графіт і інш.; гл. Запавольванне нейтронаў). Дэтэктыраванне П.н. праводзіцца на аснове рэгістрацыі прадуктаў выкліканых імі ядз. рэакцый (гл. Дэтэктары ядзернага выпрамянення). П.н. выкарыстоўваюцца для атрымання ланцуговай ядзернай рэакцыі, структурных даследаванняў крышталяў (гл. Нейтронаграфія), вывучэння ўласцівасцей ўзбуджэння ядз. узроўняў на аснове нейтронных рэзанансаў (гл. Мёсбаўэра эфект) і інш.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́К (Мікалай Станіслававіч) (н. 29.10.1945, в. Дзешчанка Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1966). З 1966 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1988 нам. дырэктара). У 1976—77 у Гомельскім дзярж. ун-це. Навук. працы па крышталяоптыцы, крышталеакустыцы, нелінейнай акустыцы. Распрацаваў нелінейна-аптычныя метады і прылады для вымярэння параметраў лазернага выпрамянення і кіравання імі; спосабы кіроўнага факусіравання і сканіравання ультрагукавых пучкоў.

Тв.:

Генерация мощного излучения с перестройкой спектра в области 280—385 нм (у сааўт.) // Письма в ЖЭТФ. 1972. T.15, вып. 1;

Внутрирезонаторная лазерная спектроскопия с применением нелинейного преобразования частоты (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1988. Т. 15, № 9.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПУСКУЛЯ́РНА-ХВА́ЛЕВЫ ДУАЛІ́ЗМ,

уласцівасць мікрааб’ектаў (напр., электронаў, нейтронаў, фатонаў), паводле якой іх свабодны рух адбываецца па законах распаўсюджвання хваль, а ўзаемадзеянне — па законах сутыкнення часціц (карпускул).

Устаноўлены для святла ў канцы 19 — пач. 20 ст.: доследы па інтэрферэнцыі, дыфракцыі і палярызацыі святла сведчылі аб яго хвалевай прыродзе. Вывучэнне асаблівасцей узаемадзеяння святла з рэчывам (фотаэфект, Комптана эфект і інш.) паказала, што святло выяўляе ўласцівасці патоку часціц з пэўнымі значэннямі энергіі і імпульсу. Доказы існавання хвалевых уласцівасцей электронаў (гл. Хвалі дэ Бройля) атрыманы ў 1927 амер. вучоным К.​Дэвісанам і Л.​Джэрмерам пры назіранні інтэрферэнцыйнай карціны адбіцця электронаў ад монакрышталяў нікелю. Выяўлены інтэрферэнцыйныя эфекты пратонаў, нейтронаў, атамных пучкоў гелію, малекул вадароду і інш.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРА́ЦЫІ АПТЫ́ЧНЫХ СІСТЭ́М (ад лац. aberratio адхіленне),

скажэнні відарысаў у аптычных сістэмах. Абумоўлены недасканаласцю пераламляльных і адбівальных паверхняў аптычных сістэм, выкарыстаннем шырокіх пучкоў прамянёў нямонахраматычнага святла. Выяўляюцца ў парушэнні геам. падабенства відарыса і арыгінала або афарбоўцы відарыса. Адрозніваюць геам., храматычныя і дыфракцыйныя аберацыі аптычных сістэм.

Геаметрычныя выяўляюцца ў монахраматычным святле, падзяляюцца на астыгматызм, дысторсію, кому і сферычную аберацыю (відарыс пункта мае выгляд кружка рассейвання; абумоўлена тым, што вонкавыя і цэнтр. зоны лінзы са сферычнымі паверхнямі даюць відарыс у розных месцах аптычнай восі). Храматычныя ўзнікаюць у натуральным святле ў выніку неаднолькавага пераламлення прамянёў святла з рознай даўжынёй хвалі (адсутнічаюць у аптычных сістэмах з адбівальнымі паверхнямі); дыфракцыйныя — пры дыфракцыі святла на дыяфрагмах, аправах лінзаў і люстэркаў; абмяжоўваюць раздзяляльную здольнасць аптычнай прылады.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́ФСКІ ((Panofsky) Вольфганг Курт Герман) (н. 24.4.1919, Берлін),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1954), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1962). Замежны член Рас. АН (1988). З 1934 у ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1938). З 1951 праф. Стэнфардскага ун-та (з 1953 дырэктар Лабараторыі фізікі высокіх энергій, у 1961—84 дырэктар лінейнага паскаральнага цэнтра). Навук. працы па ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, фізіцы элементарных часціц. Вызначыў спін і цотнасць пі-мезона (1950—52, разам з Дж.​Штэйнбергерам), назіраў нараджэнне мю-мезонных пар фатонамі (1956). Развіў метад сустрэчных пучкоў. Пад кіраўніцтвам П. ў 1966 запушчаны буйнейшы (на 22 ГэВ) Стэнфардскі лінейны паскаральнік электронаў. Прэмія імя Э.​Фермі 1978.

Тв.:

Рус. пер. — Классическая электродинамика. М., 1963 (разам з М.​Філіпсам).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Панофскі.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́ ((Rabi) Ісідар Айзек) (29.7.1898, г. Рыманаў Падкарпацкага ваяв., Польшча — 11.1.1988),

амерыканскі фізік, адзін з заснавальнікаў радыёспектраскапіі. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1940). Скончыў Корнелскі ун-т (1919). З 1929 у Калумбійскім ун-це (з 1937 праф., з 1967 ганаровы праф.). У 1940—45 нам. дырэктара радыяцыйнай лабараторыі Масачусецкага тэхнал. ін-та. Навук. працы па магнетызме, ядз. фізіцы, спектраскапіі малекулярных пучкоў, квантавай механіцы. Адкрыў ядз. магн. рэзананс на ізаляваных атамах (1937). Распрацаваў рэзанансны метад вымярэння магн. момантаў атамных ядраў (метад Р.), радыёчастотны рэзанансны метад вымярэння дыпольных момантаў малекул (1949—53). Ажыццявіў прэцэзійныя вымярэнні магн. момантаў пратона і дэйтрона, выявіў эл. квадрупольны момант у дэйтрона (1939). Залаты медаль Н.​Бора (1967). Нобелеўская прэмія 1944.

М.​М.​Касцюковіч.

І.А.Рабі.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)