у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. ў бас.р. Мядзелка, правага прытока Дзісны. Пл. 2,51 км², даўж. 3,9 км, найб.шыр. 1,45 км, найб.глыб. 3,2 м. Даўж. берагавой лініі 12,1 км. Пл. вадазбору 19,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, лопасцевай формы, выцягнута з ПнЗ на Пд. Схілы катлавіны выш. да 13 м, разараныя або пад лугам, на Пд і ПдЗ нізкія, забалочаныя, парослыя лесам, на Пн, З і ПнЗ невысокія ўчасткі (3—5 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі. У паўн.-зах. і паўд. частках возера вял. залівы. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя, на Пн і Пд месцамі тарфяністыя, участкамі сплавінныя. Вакол возера забалочаная пойма шыр. да 70 м, пад хмызняком. Дно плоскае, 6 астравоў агульнай пл. 0,09 км². Літараль пясчаная, найбольш глыбокая ч. выслана сапрапелем, уздоўж берагоў нешырокая перарывістая паласа пясчаных адкладаў. Моцна зарастае. Эўтрофнае, слаба праточнае; упадаюць пратокі з азёр Лісіцкае і Бабіна, выцякае р. Лучайка (правы прыток Мядзелкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВЕНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы неаліту — земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы, стаянкі размяшчаліся па берагах азёр і рэчак па ўсім Падзвінні, у бас. Віліі, у вярхоўях Бярэзіны (прытока Дняпра). Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, разнастайныя прылады працы і зброя з крэменю, рогу і косці, гліняны посуд (вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі расчосамі на паверхні сценак, пад краем венчыкаў былі ўпрыгожаны глыбокімі круглымі ямкамі), касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожанні і творы першабытнага мастацтва. На Н.к. актыўна ўплывала тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культура, носьбіты якой у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. пачалі прасочвацца ў паўд.-ўсх. Прыбалтыку. У гэты перыяд Н.к. спыніла сваё існаванне на паўн. арэале, а на Беларусі, дзе ўплывы былі слабейшыя, утварыўся крывінскі варыянт Н.к. Асаблівасці гэтага варыянта найб. праяўляюцца ў кераміцы: выкарыстоўваліся прысадзістыя гаршкі з круглаватымі днішчамі і гладкімі сценкамі, брыжы венчыкаў былі патоўшчаныя і скошаныя ўсярэдзіну, паверхні аздабляліся разрэджаным арнаментам, у т. л. фігуркамі змей, птушак, абрысамі раслін. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі: Скема, Галоўск, Асавец, Зацэнне.
Да арт.Нарвенская культура. Касцяныя і рагавыя вырабы са стаянкі Зацэнне: 1 — абломак кінжала; 2 — гарпун; 3 — сякера; 4, 5, 8 — матыкі; 6 — цясла; 7 — прылада з трубчастай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА.
1) удзельнае княства Смаленскай зямлі ў 12—13 ст. Цэнтр — г.Мсціслаў. Адзіны вядомы мсціслаўскі князь — Мсціслаў Раманавіч (з 1180). У 1197 ён стаў князем смаленскім і, верагодна, пакінуў М.к. за сабою як дамен.
2) Удзельнае княства ў складзе ВКЛ у 14—16 ст. пасля захопу Мсціслава ў 1359 вял.кн.ВКЛ Альгердам. У 1380-я г. ў якасці намесніка тут сядзеў яго сын Карыгайла, з 1392 — другі сын, Лугвен, які паклаў пачатак роду князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў). Княства першапачаткова ўключала ў свой склад воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Мсціслаў, Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папову Гару, Мглін і далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага р. Віхра і яе прытока Малохвы. У 1432 за падтрымку Яраславам і Юрыем Лугвенавічам.і кн. Свідрыгайлы вял.кн.ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч забраў у іх М.к.
У 1440 вял.кн. Казімір IV вярнуў княства Юрыю Лугвенавічу, які з перапынкамі трымаў яго да сваёй смерці. Потым М.к. валодаў яго сын Іван, пасля смерці якога (2-я пал. 1480-х г.) Казімір забраў М.к. ў скарб. 15.8.1495 вял.кн.ВКЛ Аляксандр аддаў Мсціслаў жонцы і дочкам Івана Юр’евіча. У 1499 Аляксандр выдаў Ульяну, дачку Івана Юр’евіча, замуж за кн. Міхаіла Іванавіча Заслаўскага (гл.Заслаўскія), які атрымаў ў вотчыну Мсціслаў і Мглін і стаў называцца кн. Мсціслаўскім. У 1526 старэйшы сын Міхаіла Іванавіча Фёдар ад’ехаў у Маскву. Пасля смерці другога сына, Васіля, М.І.Мсціслаўскі завяшчаў княства каралевічу Жыгімонту Аўгусту і трымаў яго далей у якасці каралеўскага ўладання. Пасля смерці М.І.Мсціслаўскага (1529) яго ўладанні сталі староствам Віленскага ваяводства, а ў 1565 утворана Мсціслаўскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НА,
рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл.бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс.км²), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн.т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач.чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.
Літ.:
Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;
Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНАМПЕ́НЬ,
горад, сталіца Камбоджы, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе прытока Танлесап. 984 тыс.ж. (1994). Рачны порт, даступны для марскіх суднаў. Вузел аўтадарог. Чыгункай злучаны з портам Кампонгсаам і Бангкокам (Тайланд). Міжнар. аэрапорт. Гал.паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: дрэваапр., тэкст., харч. (рысаачыстка, вытв-сць пальмавага алею, цукру і інш.), харчасмакавая, мылаварная, тытунёвая. Прадпрыемствы па суднарамонце, аўтазборцы. ЦЭС. 3 ун-ты. Вышэйшая тэхн. школа. Школа выяўл. мастацтваў і музыкі. Музеі: археалогіі і гісторыі, Каралеўскі палац «Сярэбраная пагада» і інш.
Засн. каля 1372 пад наз. Чадамук. У 1434 кхмерскі кароль Понья Ят перанёс сталіцу з г. Ангкор у Чадамук (пазней стаў называцца П.). Тут пабудаваны гар. ўмацаванні, каралеўскі палац і будыйскія храмы. П. не страціў эканам. значэння і пасля пераносу сталіцы ў гарады Лавек (1528) і Удонг (1623). У 1866 П. зноў стаў сталіцай. Тут былі размешчаны цэнтр. ўстановы франц. адміністрацыі пратэктарата Камбоджы. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі. У 1945 П. занялі франц. войскі на чале з ген. Ф.М.Леклеркам. З 1953 П. — сталіца незалежнай Камбоджы.
Радыяльная структура цэнтра (склалася ў 2-й пал. 19 ст.) спалучаецца з прамавугольнай сеткай прылеглых раёнаў. Цэнтр горада забудаваны віламі, 2—4-павярховымі дамамі еўрап. тыпу з крамамі і канторамі, ускраіны — лёгкімі драўлянымі жылымі дамамі. Самае стараж. збудаванне П. — ват (манастыр) Пном са ступай 15 ст. Сярод пабудоў 19—20 ст.: комплекс Каралеўскага палаца (2-я пал. 19 — пач. 20 ст., цяпер музей), «Сярэбраная пагада», Нац. музей (1917—20), крыты рынак (1936), бальніца (1956—60, рас.арх. Н.Якабсон і інш.), помнік Незалежнасці (1960), зала канферэнцый Чадамук (1961), Нац.спарт. комплекс (усе арх. Ванмаліван), Вышэйшы тэхнал.ін-т (рас.арх. С.Міхайлаў, А.Мачалаў, В.Навумаў; абодва 1962—64).
Каралеўскі палац у Пнампені 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
на З Гродзенскай вобл.; зах.ч.Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. На Пн і У мяжуе з Нёманскай ніз., ад Ваўкавыскага узв. аддзелена далінай Свіслачы, на З заходзіць на тэр. Польшчы (Сакольскае узв.). Пл. 1,4 тыс.км², з Пн на Пд працягнулася на 60 км, з З на У — да 40 км. Найб.выш. 247 м (паблізу в. Капцёўка, за 12 км на Пд ад Гродна), над урэзам Нёмана прыўзнята на 157 км.
У тэктанічных адносінах Гродзенскае ўзвышша прымеркавана да зах.ч.Беларускай антэклізы. Магутнасць асадкавага покрыва 400 м. У антрапагене ўвесь асадкавы чахол падвяргаўся магутнаму ўплыву ледавікоў. Уздзеянне бярэзінскага ледавіка на подсцільныя пароды прывяло да ўзнікнення каля Гродна вял. ледавіковых лагчын з адзнакамі днішча да -167,5 м, магутных мелавых гляцыядыяпіраў і буйных адорвеняў. Канчатковае фарміраванне канцова-марэнных град (Капцёўскай, Магілянскай, Кулеўскай, Дуброўскай і інш.) адбылося ў сярэднім антрапагене ў час дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Паўн. і паўн.-зах. часткі ўзвышша — маламагутныя краявыя ўтварэнні (камы) паазерскага ледавіка. Града мае пераважна хвалістую паверхню з невял. ўзгоркамі-астанцамі. На ўскраінах пашыраны буйны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф з амплітудай вышынь да 20—25 м. Гродзенскае ўзвышша прарэзана шырокай далінай Нёмана і яго прытока Ласосны, да якой з У каля Гродна падыходзіць больш вузкая даліна прарыву Нёмана (шыр. рэчышча 50—100 м), што ўтварылася на ўчастку марэннага завалу ледавіковай лагчыны і прадаліны Нёмана стараж. ледавікамі. Па берагах даліны глыбокія яры (равы), адзін з якіх — Калодзежны Роў аб’яўлены помнікам прыроды. Будова даліны Нёмана складаная, вылучаюцца верхняя і 8 лакальных тэрас, 3 поймавыя ўзроўні. Карысныя выкапні: мел, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гродзенскае ўзвышша дрэніруюць Нёман з прытокамі Гожка, Ласосна (з Татаркай і Каменкай), Горніца. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя супясчаныя і пясчаныя на канцова-марэнных градах, дзярнова-падзолістыя сугліністыя на другасных марэнных раўнінах, поймавыя ў далінах рэк. Прыродная расліннасць моцна зрэджаная. Пад лесам 9% тэр. Лясы хваёвыя са значнымі дамешкамі шыракалістых парод (дуб, клён, ясень, ліпа). У даліне Нёмана на схілах буйных яроў пашыраны барбарыс, глог, шыпшына, брызгліна. У поймах рэк вярба, бяроза, вольха, крушына, чаромха. Лугі пазапоймавыя са злакавых, разнатраўных, асаковых асацыяцый, на сухадолах пераважае сівец. Балоты пераважна нізінныя. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі.
Гродзенскае ўзвышша каля в. Копцеўка Гродзенскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЧЫ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі ў Брэсцкай вобл., цэнтр раёна. Размешчаны на Баранавіцкай раўніне, у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. За 206 км ад Брэста. Вузел чыгунак (напрамкі на Брэст, Ваўкавыск, Ліду, Мінск, Слуцк, Лунінец) і аўтадарог. 172,9 тыс.ж. (1995).
Узнікненне Баранавічаў звязана з буд-вам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Пачатак гораду дала чыг. ст. Баранавічы (назва ад вёскі ў Навагрудскім пав.), здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871. Вакол яе ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х г. налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясц. маёнтка Развадоўскай). У снеж. 1884 пачаў дзейнічаць участак чыг. Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я г. пасёлкі зліліся і ўтварылі Баранавічы. Паводле перапісу 1897 у Баранавічах 8718 ж., 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыг. і дабрачыннага т-ва. У рэв. 1905—07 адбылося Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905. У 1912 у Баранавічах каля 30 тыс.ж. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі 3 цагельныя, маслабойны, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны з-ды, 3 ф-кі млынавых жорнаў. У пач. 1-й сусв. вайны ў Баранавічаз размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага рус. арміяй. З вер. 1915 да 5.1.1919 акупіраваны герм. войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрв.—ліп. 1916 рус. войскі правялі Баранавіцкую аперацыю 1916. 5.1.1919 устаноўлена сав. ўлада. З 6.2.1919 горад, цэнтр Баранавіцкага пав. Мінскай губ. У сак. 1919 — ліп. 1920 і з вер. 1920 акупіраваны польск. войскамі. У 1921 — 39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, са снеж. 1939 цэнтр Баранавіцкай вобласці, каля 27 тыс.ж. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў ваколіцах і горадзе 127,5 тыс.чал., дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. З 1954 у Брэсцкай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 Баранавіцкага раёнаў. У 1959 — 58,1 тыс.ж., у 1970 — 101,5 тыс.ж.
Прадпрыемствы: Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне і вытв.дрэваапр. аб’яднанне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання, Баранавіцкі завод станкапрылад, з-ды санэлектразагатовак, доследна-механічны, жалезабетонных вырабаў (2); фабрыкі трыкатажная, швейная, абутковая, мэблевая, маст. вырабаў, цацак; камбінаты мясакансервавы, харч. прадуктаў, малочны, жалезабетонных канструкцый, Баранавіцкі камбінат сянажных вежаў. Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, тэхналагічны тэхнікум, муз., мед. і пед. вучылішчы. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і падпольшчыкаў, сав. ваеннапалонных і ахвяраў фашызму. Помнікі: Вызвалення, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу. Помнік архітэктуры — Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».