БРАЎН

(Braun) Аляксандр (10.5.1805, г. Рэгенсбург, Германія — 29.3.1877),

нямецкі батанік. Чл. Германскай акадэміі «Леапальдзіна», Парыжскай АН. Вучыўся ў Гайдэльбергу (1824—31) і Парыжы (1831—32). Праф. Політэхн. школы ў Карлсруэ (1833—46), праф. і дырэктар Бат. саду ў Фрэйбургскім ун-це (1846—51), з 1851 — у Берліне. Навук. працы па вывучэнні будовы і развіцця прэснаводных зялёных водарасцяў, папарацепадобных; даследаваў партэнагенез і поліэмбрыянію ў раслін. Прыхільнік параўнальнага і антагенетычнага кірункаў у марфалогіі. На падставе марфал. прыкмет прапанаваў сваю філагенетычную сістэму, якая легла ў аснову сістэм ням. вучоных А.Эйхлера і А.Энглера.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТО́ХІН Іван Андрэевіч

(4.10.1884, г. Жырнаўск Валгаградскай вобл., Расія — 27.3.1959),

бел. фізіёлаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1947), д-р біял. н. (1940), праф. (1926). Скончыў Казанскі ун-т (1917). З 1927 у Пермскім ун-це, з 1936 у Мінскім мед. ін-це (адначасова да 1949 праф. БДУ). У 1937—41 дырэктар Ін-та тэарэт. і клінічнай медыцыны АН Беларусі. Навук. працы па нервовых механізмах рэгуляцыі функцый сардэчна-сасудзістай сістэмы, фізіялогіі працы. Упершыню прасачыў кальцавы ход узбуджэння ў жывой тканцы. Старшыня Бел. т-ва фізіёлагаў, біяхімікаў і фармаколагаў (1936—59).

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛКО́ Іван Кірылавіч

(н. 11.8.1935, в. Палянка Бранскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1965). Быў на камсамольскай і парт. рабоце, выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1992 праф. Бел. недзяржаўнага ін-та правазнаўства. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сац. планавання, сацыялогіі асобы, працы і права. Аўтар навуч. дапаможніка «Сацыялогія; Сацыялогія права як галіновая сацыялагічная тэорыя» (1992, разам з В.А.Уладзіміравым).

Тв.:

Роль труда и искусства в формировании духовного облика строителя коммунизма. Мн., 1971;

Человеческий фактор в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1988.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАВЭ́

(Bravais) Агюст (28.8.1811, г. Ананэ, Францыя — 30.3.1863),

французскі крышталёграф. Чл. Парыжскай АН (1854), праф. політэхнічнай школы ў Парыжы. Паклаў пачатак геам. тэорыі структуры крышталёў: знайшоў асн. віды прасторавых рашотак (1848; гл. Бравэ рашотка).

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХА́РЫУС

(Acharius) Эрык (10.10.1757, г. Еўле, Швецыя — 14.8.1819),

шведскі батанік і медык. Праф. у Вадстэне. Распрацаваў першую класіфікацыю, у якой улічыў дыягнастычную прыкмету грыбоў — пладовыя целы. Увёў шэраг тэрмінаў, што ўжываюцца пры марфалагічных апісаннях лішайнікаў.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ДЫС

(Balodis) Карл (20.6.1864, Білсцінёс, Латвія — 13.1.1931),

латышскі вучоны-эканаміст і статыстык. Вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1884—87), у Германіі (1895—99). З 1905 праф. Берлінскага ун-та. Апублікаваў працы «Смяротнасць, узроставы склад і даўгавечнасць праваслаўнага народанасельніцтва абодвух полаў у Расіі за 1851—1890 гг.» (1897, разам з Л.Бесер), «Дзяржава будучага» (1898). У апошняй з дапамогай статыстыкі імкнуўся даказаць магчымасць пабудовы сацыяліст. грамадства ў Германіі мірным (нерэвалюцыйным) шляхам. У 1-ю сусв. вайну саветнік ваен. мін-ва Германіі, па заданні якога распрацаваў сістэму харч. картак. У 1919 вярнуўся ў Латвію, праф. Рыжскага ун-та.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЯДЗІ́КТАЎ Барыс Андрэевіч

(н. 15.7.1918, в.Суніева Перавозскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

псіхолаг і педагог. Д-р псіхал. н. (1976), праф. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1941). З 1945 выкладаў у Горкаўскім ун-це. З 1974 у Мінскім ін-це замежных моў, з 1980 праф. кафедры псіхалогіі Бел. пед. ун-та імя М.Танка. Даследуе праблемы псіхалогіі вуснай мовы, навуч. і выхаваўчага працэсу ў вышэйшай школе.

Тв.:

Психология овладения иностранным языком. Мн., 1974;

Психологические основы воспитывающего обучения в вузе. Мн., 1977;

Психология обучения и воспитания в высшей школе. Мн., 1983 (разам з С.Б.Бенядзіктавым).

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТЛО́,

Бертэло (Berthelot) П’ер Эжэн Марселен (25.10.1827, Парыж — 18.3.1907), французскі хімік, дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сінтэтычнага кірунку арган. хіміі. Скончыў Парыжскі ун-т (1849). З 1859 праф. Вышэйшай фармацэўтычнай школы ў Парыжы, у 1864—1906 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па арган. хіміі, хім. кінетыцы, тэрма- і аграхіміі, гісторыі хіміі. Сінтэзаваў арган. злучэнні розных класаў. Вынайшаў каларыметрычную бомбу, увёў паняцце экза- і эндатэрмічных рэакцый. У 1886—87 міністр асветы, у 1895 міністр замежных спраў Францыі.

Літ.:

Манолов К. Великие химики. Т. 1—2: Пер. с болг. 3 изд. М., 1986.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦАРО́ВІЧ

(Balcerowicz) Лешак (н. 19.1.1947),

польскі дзярж. дзеяч, эканаміст. З 1970 выкладчык, з 1992 праф. Гал. гандлёвай школы ў Варшаве. У 1989—91 віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў. Аўтар праграмы стабілізацыі гаспадаркі і перабудовы эканам. сістэмы Польшчы (план Бальцаровіча).

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРЫЕ́С

(Vendryes) Жазеф (13.1.1875, Парыж — 30.1.1960),

французскі мовазнавец. Праф. Сарбоны (1907). Чл. Акадэміі надпісаў і л-ры (у Парыжы), 7 еўрап. акадэмій. Распрацоўваў праблемы агульнага і індаеўрап. мовазнаўства; прыхільнік т.зв. сацыялагічнай школы ў мовазнаўстве («Мова», 1921). Даследаваў класічныя і кельцкія мовы.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)