А́КТЫ У́НІІ ПО́ЛЬШЧЫ З ЛІТВО́Ю 1385—1791,
«Akta Unii Polski z Litwą 1385—1791», зборнік дакументаў па гісторыі уніі (саюза) паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ. Выдадзены Польскай АН і Варшаўскім навук. т-вам (Кракаў, 1932). Складзены С.Кутшэбам і У.Сямковічам. Уключана 177 дакументаў на бел., польскай і лац. мовах. Першы змешчаны дакумент — акт Крэўскай уніі 1385, выдадзены Ягайлам, апошні — прынятая Чатырохгадовым соймам 1788—92 канстытуцыя (закон) 20.10.1791 «Аб заручэнні абодвух народаў», якой замацоўваўся саюз абедзвюх дзяржаў (ВКЛ і Польшчы) у складзе Рэчы Паспалітай. Акрамя тэкстаў усіх уній паміж Польшчай і ВКЛ змешчана шмат дадатковых дакументаў.
А.П.Грыцкевіч.
т. 1, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ЎСКІ ((Doroszewski) Вітольд Ян) (1.5.1899, Масква — 26.1.1976),
польскі мовазнавец. Чл. АН у Кракаве (1947) і Польскай АН (1952). Д-р філал. н. (1928), праф. Варшаўскага ун-та (з 1930). Рэдактар час. «Poradnik Językowy» («Моўны дарадчык», з 1932). Даследаваў словаўтварэнне, фанетыку, дыялекталогію, семантыку польск. мовы: «Манаграфія пра словаўтварэнне» (ч. 1—4, 1928—31), «Асновы польскай граматыкі» (ч. 1, 1952), «Пра культуру слова» (ч. 1—3, 1962—79), «Элементы лексікалогіі і семіётыкі» (1970) і інш. У 1931—34 вывучаў бел. нар. гаворкі Палесся. Пытанні бел. мовы разглядаў у арт. «Роднасць моў у святле фактараў дыялекталогіі» (1939). Дзярж. прэмія Польшчы 1969.
т. 6, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Kamieński) Міхал) (24.11.1879, Магілёўская губ. — 18.4.1973),
польскі астраном, стваральнік польскай каметнай школы. Чл.-кар. Польскай АН (1927). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1903). У 1903—08 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, у 1909—20 у рас. ваенна-марскім флоце, дзе займаўся гідраграфічнымі і астр. даследаваннямі. З 1923 праф. Варшаўскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі (да 1945). Навук. працы па каметнай астраноміі, гідраграфіі, астраметрыі і метэаралогіі. Выдаў сінаптычныя карты Усх. Сібіры, арганізаваў сетку пунктаў па назіранні арктычных ільдоў ад г. Уладзівасток да Берынгава праліва. Залаты медаль Лонданскага каралеўскага астр. т-ва 1927.
А.М.Коратцаў.
т. 7, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЛЕ́ЎСКІ (Вітальд Газдава) (18.5.1879, Мінск — 24.5.1899),
паэт. Пісаў на польскай мове. Аўтар зб. «Блудныя птахі» (1918). У яго вершах апета хараство бел. прыроды (нізка «Пейзажы»), шмат песімізму, меланхоліі, незадаволенасці рэчаіснасцю.
т. 4, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМБО́ЎСКІ ((Dembowski) Ян) (26.12.1889, С.-Пецярбург — 22.9.1963),
польскі заолаг, грамадскі і дзярж. дзеяч. Акад. Польскай АН (1951). Замежны чл. АН СССР (з 1958). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 працаваў у Ін-це імя М.Ненцкага ў Варшаве (з 1933 дырэктар), у 1934—39 у Віленскім ун-це. У 1944—47 аташэ пасольства ПНР у Маскве і адначасова супрацоўнік Ін-та эксперым. біялогіі АМН СССР. З 1947 праф. Лодзінскага ун-та, у 1951—56 прэзідэнт Польскай АН, у 1952—60 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі. Навук. працы па эталогіі і зоапсіхалогіі розных груп жывёл. Вывучаў рытм дзялення і трапізм у інфузорый.
т. 6, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЛУ́СКІ (Dłuski) Астап [сапр. Лангер
(Langer) Адольф; 31.10.1892, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.2.1964], польскі дзярж. і паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Венскі ун-т (1918). З 1911 чл. Польскай с.-д. партыі. Адзін з заснавальнікаў (1918) кампартыі Аўстрыі. З 1918 чл. кампартыі Польшчы і кампартыі Усх. Галіцыі (з 1923 кампартыі Зах. Украіны). Рэдагаваў парт. выданні. У 1929—33 у СССР, чл. ВКП(б). У 1936—45 у Францыі, у час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у Руху Супраціўлення. Пасля вяртання ў Польшчу чл. ЦК Польскай рабочай партыі (з 1948 ПАРП),
дырэктар Польскага ін-та па міжнар. справах (з 1960).
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НСЕЛЬ ((Hensel) Вітальд) (н. 29.3.1917, г. Познань, Польшча),
польскі гісторык-славіст і археолаг. Акад. Польскай АН (1973). Скончыў Пазнанскі ун-т (1934). З 1951 праф. Пазнанскага, з 1954 — Варшаўскага ун-таў. Сузаснавальнік і ў 1954—89 дырэктар Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры Польскай АН. Ініцыятар стварэння і першы старшыня (1965—67) Міжнар. саюза слав. археалогіі. Даследуе помнікі жал. веку і эпохі феадалізму на тэр. Польшчы і інш. краін, выкарыстоўвае бел. археал. і гіст. крыніцы.
Тв.:
Archeologia o początkach miast słowiańskich. Wrocław etc. 1963;
La naissance de la Pologne. Wrocław etc., 1966;
Archeologia i prahistoria: Studia i szkice. Wrocław etc., 1971;
Polska starożytna. 3 wyd. Wrocław etc., 1988.
т. 5, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НДЭ ((Linde) Самуэль Багуміл) (24.4. 1771, г. Торунь, Польшча — 18.8.1847),
польскі лексікограф. Чл. многіх замежных акадэмій. З 1791 выкладчык польскай мовы ў Лейпцыгскім ун-це, з 1804 дырэктар Варшаўскага ліцэя. У перыяд Варшаўскага княства чл. Палаты грамадскай адукацыі, кіраўнік Дырэкцыі нар. адукацыі. Адзін з арганізатараў і дырэктар публічнай б-кі пры Варшаўскім ун-це. Чл. Варшаўскага т-ва сяброў навук, многіх навук. т-ваў. Гал. праца Л. — «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—6, 1807—14). Аўтар працы «Пра статут літоўскі...» (1816). Даследаваў стараж. прускую мову.
Літ.:
Michalski J. Spór o koncepcję «Słownika» Lindego // Studia i materiały z dziejów nauki polskiej. Warszawa, 1954. T. 2.
т. 9, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ Сава, ювелір-пераплётчык 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Кнігадрукарскім прыказе ў Маскве. У 1680 зрабіў багатыя абклады для кніг П.Скаргі на польскай мове і кнігі Ж.Кальвіна на лац. мове.
т. 2, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СПШАК ((Kasprzak) Марцін) (2.11.1860, г. Чолаў Срэмскага пав., Польшча — 8.9.1905),
дзеяч польскага рабочага руху. Друкар. Адзін з заснавальнікаў сацыяліст. арг-цыі ў г. Познань (1885—86), польскай рэв. партыі «Пралетарыят» 2-і (1888, кіраваў яе дзейнасцю ў 1888—91). Тройчы быў зняволены. У 1891—93 у эміграцыі ў Лондане. У 1896—97 чл. Польскай сацыяліст. партыі (ПСП) на землях, якія знаходзіліся пад уладай Прусіі; выключаны за адмову асудзіць палітыку Р.Люксембург у адносінах да ПСП па пытанні незалежнасці Польшчы. У 1902—03 рэдактар с.-д. выдання «Gazeta Ludowa» («Народная газета»), У 1904 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. Аказаў узбр. супраціўленне пры нападзе жандараў на падпольную с.-д. друкарню ў Варшаве. Зняволены і пакараны смерцю.
т. 8, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)