ГРУ́ПА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,

сукупнасць аднародных у якіх-небудзь адносінах адзінак, вылучаных на падставе адной або некалькіх прыкмет групавання з мэтай далейшага аналізу. Напр., група людзей, сфарміраваная на аснове адной (узрост) або некалькіх (узрост, пол, адукацыя) прыкмет. Прыкметы групавання могуць быць колькасныя (напр., узровень даходаў) і якасныя (выражаны ў выглядзе паняццяў, напр., прафесія). Спосабы групавання бываюць простыя (па адной прыкмеце), камбінаваныя (па 2 і болей спалучаных прыкмет), структурныя (выяўляюць структуру аднароднай сукупнасці, напр., насельніцтва), тыпалагічныя (вылучаюць у сукупнасці аднаякасныя тыпы, напр., тыпы сям’і).

А.​У.​Рубанаў.

т. 5, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛВІН (Кэлвін; Calvin) Мелвін

(н. 7.4.1911, г. Сент-Пол, штат Мінесота, ЗША),

амерыканскі біяхімік і хімік-арганік. Чл. Нац. АН ЗША. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, ганаровы чл. многіх замежных т-ваў і акадэмій. Скончыў Мічыганскі каледж горнай прам-сці і тэхналогіі (1931). З 1947 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (у 1960—80 заг. лабараторыі хім. біядынамікі) Навук. працы па праблемах фотасінтэзу. Адкрыў этапы біяхім. пераўтварэнняў двухвокісу вугляроду пры фотасінтэзе (цыкл К.). Нобелеўская прэмія 1961.

Тв.:

Рус. пер. — Химическая эволюция. М., 1971.

М.Калвін.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛО́РЫ (Flory) Пол Джон (19.6.1910, г. Стэрлінг, штат Ілінойс, ЗША — 8.9.1985),

амерыканскі фізіка-хімік, адзін з заснавальнікаў тэорыі полікандэнсацыі Чл. Нац. АН ЗША (з 1953). Скончыў Манчэстэрскі каледж (1931). З 1948 праф. Корнелскага ун-та, у 1956—61 навук. кіраўнік Меланаўскага ін-та, з 1962 праф. Станфардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы палімераў, стат. механіцы макрамалекул. На аснове яго работ створаны метады вызначэння будовы і ўласцівасцей макрамалекул з вымярэнняў вязкасці, седыментацыі і дыфузіі. Нобелеўская прэмія 1974.

Тв.:

Рус. пер. — Статистическая механика цепных молекул. М., 1971.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ТЭРБУР (Lauterbur) Пол (н. 6.5.1929, г. Сідні, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне радыялогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1985). Д-р філасофіі (1962). Скончыў Тэхнал. ін-т (1951, г. Кліўленд). З 1969 праф. Нью-Йоркскага, з 1985 — Ілінойскага ун-таў, адначасова дырэктар біямед. магнітна-рэзананснай лабараторыі ў мед. каледжы ун-та. Навук. працы па атрыманні з дапамогай градыента магн. поля двухмерных відарысаў аб’ектаў, якія не паддаваліся візуалізацыі інш. метадамі. Стварыў метад надзейнага, няшкоднага, неінвазіўнага даследавання ўнутр. органаў чалавека — магнітна-рэзананснай тамаграфіі. Нобелеўская прэмія 2003 (з П.Мэнсфілдам; гл. Дадатак).

П.Лотэрбур.

т. 18, кн. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНРО́ВІЯ (Monrovia),

горад, сталіца Ліберыі, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Сент-Пол. Адм. ц. графства Мантсерада. 421 тыс. ж. (1997). Марскі порт (вываз каўчуку, жал. руды, пальмавых ядраў і алею). Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты. Паліт. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Металаапр., цагельначарапічны з-ды, 2 кіслародныя з-ды, аўтамайстэрні; мэблевыя, харч. прадпрыемствы. Ун-т. Нац. музей.

Засн. ў 1822 неграмі — перасяленцамі з ЗША (названа ў гонар прэзідэнта ЗША Дж.​Манро). З 1847 сталіца Ліберыі. У 1961 у М. адбылася канферэнцыя 20 недалучаных краін Афрыкі, якая дала пачатак стварэнню Арганізацыі афрыканскага адзінства.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́НІ (Muni) Пол [сапр. Вайзенфройнд

(Weisenfreund) Фрэдэрык Маер; 22.9.1895, г. Львоў, Украіна — 26.8.1967], амерыканскі акцёр. Выступаў у нью-йоркскім яўрэйскім т-ры, з 1926 на Брадвеі. З 1929 здымаўся ў кіно пад псеўданімам М. Творчасці ўласцівы выдатная акцёрская тэхніка, выкарыстанне складаных партрэтных грымаў. Зняўся ў фільмах «Аповесць пра Луі Пастэра» (1936; прэмія «Оскар», прыз міжнар. кінафестывалю ў Венецыі),

«Жыццё Эміля Заля» (1937), «Хуарэс» (1939; усе рэж. У.​Дытэрле). Пасля 2-й сусв. вайны выступаў у т-ры; зняўся ў фільмах, «Анёл на маім плячы» (1946), «Незнаёмец крадзецца» (1952, ЗША—Італія), «Апошні раззлаваны чалавек» (1959).

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁРС (Nurse) Пол (н. 25.1.1949),

англійскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1989). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1995). Праф. філасофіі (1973). Скончыў Бірмінгемскі ун-т (1970). З 1996 генеральны дырэктар Фонду па даследаванні раку (Лондан). Навук. працы па праблемах анкалогіі. Ідэнтыфікаваў, кланіраваў і ахарактарызаваў генет. і малекулярнымі метадамі адзін з ключавых рэгулятараў клетачнага цыкла — фермент цыклінзалежную кіназу. Выявіў, што механізм кіравання клетачным цыклам амаль не змяніўся ў працэсе эвалюцыі і дайшоў у «закансерваваным» выглядзе ад дражджавых клетак да чалавека. Нобелеўская прэмія 2001 (з Т.Хантам і Л.Хартвелам; гл. Дадатак).

В.​Ф.​Ермакоў.

П.Нёрс.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯНЧУ́К Аляксандр Фёдаравіч (н. 23.5.1959, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (2003). Скончыў Гродзенскі ун-т (1981). Настаўнічаў, працаваў у Рэсп. музеі гісторыі рэлігіі, гродзенскім абласным гісторыка-археал. музеі, ін-це павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, Гродзенскім ун-це. З 2003 у Беларускім ін-це правазнаўства. Даследуе гісторыю нац. рухаў у Беларусі і Літве, паліт. гісторыю 20 ст.

Тв.:

Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905—1907 гг. Гародня, 2000;

Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй: Пол. рух на бел. і літ. землях, 1864—1917. Гродна, 2001.

т. 18, кн. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ГНЕР (Wigner) Юджын (Эўген) Пол (17.11.1902, Будапешт),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Вышэйшае тэхн. вучылішча ў Берліне (1925). У 1930—71 у Прынстанскім ун-це (з 1938 праф.), у 1942—45 у Чыкагскім ун-це. Навук. працы па квантавай механіцы, электрадынаміцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц. Абгрунтаваў магчымасць працякання ланцуговай ядз. рэакцыі дзялення. У складзе групы Э.Фермі ўдзельнічаў у буд-ве першага ядз. рэактара ў Чыкага. Нобелеўская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — Физическая теория ядерных реакторов. М., 1961 (разам з А.​Вейнбергам);

Теория групп и ее приложения к квантово-механической теории атомных спектров. М., 1961;

Этюды о симметрии. М., 1971.

Ю.П.Вігнер.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАН (Baran) Пол (1910, Украіна — 1964),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Вучыўся ў Берліне і Парыжы. З 1939 у ЗША, працягваў адукацыю ў Гарвардскім ун-це. З 1949 праф. эканомікі Станфардскага ун-та. У кн. «Палітычная эканомія росту» (1957) імкнуўся з марксісцкіх пазіцый прааналізаваць некаторыя эканам. праблемы краін, што сталі на шлях незалежнага развіцця. У працы «Манапалістычны капітал» (1966, разам з П.​Суізі) аналізаваў праблемы манапаліст. эканомікі ЗША. У шэрагу пытанняў, найперш у вызначэнні эканам. прыкмет імперыялізму, сур’ёзна адыходзіў ад марксісцкай тэорыі («Заметкі па тэорыі імперыялізму», 1964, разам з Суізі). Гал. шляхам пераходу да сацыялізму лічыў нац.-вызв. рух, а не рэв. барацьбу ў развітых капіталіст. краінах.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)