БАЛКО́Н (італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),
канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.
Балкон жылога дома на вул. Камсамольскай у Мінску. Мастацкае ліццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЙКА (англ. dike, dyke літар. перашкода),
пліта або жылападобнае геал. цела ў трэшчынах зямной кары, абмежаванае паралельнымі плоскасцямі. Магутнасць Д. мяняецца ад долей да дзесяткаў метраў, працягласць ад 1 м да 500 км (напр., Вялікая Дайка ў Зімбабве). Адрозніваюць эндагенныя Д. (узніклі пры запаўненні шчылін зямной кары магмай) і экзагенныя Д. (шчыліны запоўнены асадкавым матэрыялам — т. зв. кластычныя Д.). Паводле тыпу размяшчэння бываюць Д. групавыя, радыяльныя і кальцавыя.
Да арт.Дайка. Адпрэпараваныя дэнудацыяй дайкі на схілах вулкана Этна на востраве Сіцылія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФАЛЬТАБЕТОНАЎКЛА́ДЧЫК,
машына для ўкладкі асфальтабетону і інш. бітумна-мінеральных сумесяў на аснову пры буд-ве і рамонце дарожных і аэрадромных пакрыццяў. Бываюць асфальтаўкладчыкі гусенічныя, калёсныя, камбінаваныя; цяжкія (прадукцыйнасць да 100 т/гадз) і лёгкія (25—50 т/гадз). Сумесь з бункера асфальтаўкладчыка падаецца да шнэкаў, якія размяркоўваюць яе па шырыні паласы ўкладкі. Разраўноўванне і прафіляванне пакрыцця робяцца з папярэднім яго ўшчыльненнем. Сучасныя асфальтаўкладчыкі аснашчаюцца аўтам. сістэмамі кіравання. Буйнейшыя вытворцы асфальтаўкладчыкаў у ЗША, Германіі, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНАПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыі з буйнапамерных плоскасных зборных элементаў. Вырабляюцца на спец. прадпрыемствах і манціруюцца на буд. пляцоўках. Выкарыстоўваюцца ў буд-ве жылых, грамадскіх і вытв. будынкаў, дарог, аэрадромаў, плацін, каналаў, прамысл. і інш. збудаванняў. З іх робяць насцілы міжпаверхавых перакрыццяў, панэлі пакрыццяў будынкаў, сценавыя панэлі, фундаментныя пліты і інш. Буйнапанэльныя канструкцыі найбольш пашыраны ў каркасна-панэльнай і панэльнай (бескаркаснай) канструкцыйных схемах будынкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТО́ПА (грэч. metōpon літар. прастора паміж вачыма),
прамавугольная або квадратная пліта паміж двума трыгліфамі ў фрызе дарычнага ордэра. З’явілася ў архітэктуры Стараж. Грэцыі (напачатку як прамежкі паміж тарцамі бэлек перакрыцця, якія выступалі на фасадзе, у мураванай архітэктуры набылі дэкар. значэнне), аздаблялася рэльефамі або жывапісам. У бел. архітэктуры найб. пашырана ў стылі ампір (1-я трэць 19 ст.), часам аздаблялася геральдычнымі выявамі і ваен. атрыбутамі.
Метопы ў выглядзе разетак на фасадзе храма Асклепія ў г. Эпідаўр. 4 ст.Метопа з выявай антычнага шлема ў фрызе дома па вул. Замкавай у Гродне. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАСТРЭ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для падачы (выкідвання з вял. скорасцю, нібыта выстрэльвання) сціснутым паветрам стрыжнёвай сумесі ў стрыжнёвыя скрыні з гарыз. або верт. раздымам. Сумесь ушчыльняецца пры ўдары струменя і тармажэнні часцінак сумесі аб сценкі скрыні. Ад пескадуўнай машыны адрозніваецца канструкцыяй выдзіманага механізма, які забяспечвае большую скорасць выдзімання. Выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці пераважна для вырабу ліцейных стрыжняў (часам і ліцейных форм). На аснове П.м. створаны аўтам. стрыжнёвыя лініі (даюць да 600 стрыжняў за гадзіну пры масе стрыжняў да 150 кг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́ЦКІ КА́МЕНЬ,
базальтавая пліта з ідэнтычнымі надпісамі на стараж.-егіпецкай мове, накрэсленымі іерогліфамі і дэматычным пісьмом, і на стараж.грэч. мове. Знойдзены ў 1799 афіцэрам франц. войск у Егіпце Бушарам пры буд-ве форта Сен-Жульен (каля Разеты на зах. рукаве дэльты Ніла). Захоўваецца ў Брытанскім музеі ў Лондане. Тэксты Р.к. высечаны ў 196 да н.э. і ўяўляюць сабой падзячны надпіс егіпецкіх жрацоў Пталамею V Епіфану [204—180 да н.э.]. Іерагліфічны тэкст Р.к. дэшыфраваны ў 1882 Ж.Ф.Шампальёнам, што дало пачатак вывучэнню егіп. іерагліфічнай пісьменнасці.
Літ.:
Шампольон Ж.-Ф. О египетском иероглифическом алфавите: Пер. с фр.Л., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКІН Міхаіл Герасімавіч [16.4.1916, Петраград (паводле інш. звестак, в. Падольнае Нара-Фамінскага р-на Маскоўскай вобл.) — 22.11.1943), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Камандзір асобнай стралк. роты капітан К. вызначыўся пры вызваленні Кармянскага р-на: 22 ліст. каля в. Студзянец рота на чале з К. уварвалася ў траншэі і выбіла з іх праціўніка. Каб спыніць кулямётны агонь варожага дзота, паранены К. закрыў амбразуру сваім целам. Натхнёныя яго подзвігам, байцы захапілі важны плацдарм. На месцы бою каля в. Касцюкоўка насыпаны курган Славы, каля падножжа якога мемар. пліта з апісаннем подзвігу К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ТНЫ О́РДЭР,
адзін з арх.ордэраў. Склаўся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі з 18 ст. вядомы яго разнастайныя варыяцыі. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю і базай. Капітэль К.о. спалучае ніжнюю частку капітэлі карынфскага ордэра і іанічнай валюты. Над капітэллю — прафіляваная пліта абак, квадратная ў плане са зрэзанымі вугламі і ўвагнутымі бакамі. Над абакам — бэлька (архітраў), падзеленая на З паласы (фасцыі). Над архітравам фрыз, над якім выступаюць адна над адной паліцы карніза, дэкарыраванага мадульёнамі. Выкарыстоўваўся ў грамадз., культавай, палацавай архітэктуры барока, класіцызму і архітэктуры 1950-х г.
В.Ф.Валошын, С.А.Сергачоў.
Кампазітны ордэр. Капітэль порціка Гомельскага палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТЫ,
урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУСБССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.