ПІ́КТЫ (лац. Picti),
назва групы плямён, якія складалі стараж. насельніцтва Шатландыі. П. пастаянна рабілі набегі на рымскую Брытанію, у 360-я г. дайшлі да Лондана. У 6 ст. ірландскі місіянер Калумбан схіліў іх да хрысціянства. У сярэдзіне 9 ст. заваяваны скотамі і змяшаліся з імі.
т. 12, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГАБА́РДЫ (ням. Langobarden літар. доўгабародыя),
адно з плямён стараж. германцаў. У 1 ст. н. э. жылі на левым беразе Эльбы, у 4—5 ст. — у бас. сярэдняга Дуная. У 568 пад націскам авараў на чале вял. саюза плямён (саксы, сарматы, свевы, балгары і інш.) мігрыравалі ў Паўн. Італію. Заваявалі Ламбардыю (атрымала гэту назву ад Л.) і Таскану, дзе стварылі сваё каралеўства, пазней — Спалета і Беневента, якія сталі самаст. герцагствамі. У 6—8 ст. асн. масу Л. складалі вольныя абшчыннікі, развіваліся рамяство і гандаль; перанялі ад рымлян больш высокія агратэхн. прыёмы, пісьмо, афіц. мову (лацінскую). Далейшыя заваяванні Л. (захоп у 751 Равены, спроба захапіць Рым) скончыліся няўдачай. У 773—774 каралеўства Л. заваявана Карлам Вялікім.
Літ.:
Шервуд Е.А. Законы лангобардов: Обычное право древнегерман. племени: (К раннему этногенезу итальянцев). М., 1992.
т. 9, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШАКТУ́Н (Vaxactun),
старажытны цырыманіяльны цэнтр плямён мая (1-е тыс. н.э.) у дэпартаменце Эль-Петэн (Гватэмала). У выніку раскопак выяўлены адно з найб. стараж. збудаванняў — прыступкавая храмавая платформа, якую ўпрыгожваюць маскі, будынак з фрэскавым жывапісам, рэшткі жылля з дрэва і пальмавых лістоў на мураваным падмурку 3—10 ст.
т. 4, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́Й,
міфічны біблейскі персанаж, кіраўнік ізраільскіх плямён. Паводле паданняў, бог Яхве дапамог М. вывесці яўрэяў з фараонскага рабства ў Ханаан (Палесціну), даў яму на гары Сінай скрыжалі з 10 запаведзямі (дэкалог), у якіх рэгулююцца паводзіны чалавека перад Богам. М. прыпісваецца аўтарства Пяцікніжжа. У іудаістаў, мусульман і хрысціян М. — прарок.
т. 9, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 4-га — 3-м тыс. да н.э. жылі ў бас. Дзясны і на У Пасожжа. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Паселішчы пл. 300—600 м² размяшчаліся на прыбярэжных тэрасах, узгорках, якія ўдаваліся ў даліны рэк. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю, прамавугольнай або авальнай формы, пл. 10—12 м². Агнішчы адкрытага тыпу былі ў цэнтры жытлаў. Плямёны Дз.к. выраблялі крамянёвыя, грубаапрацаваныя сякеры, скрэблы, бакавыя і клінападобныя разцы, канцавыя скрабкі, вастрыі і інш., грубы гліняны вастрадонны посуд аздоблены круглымі, авальнымі і ромбападобнымі ямкамі, з якіх скампанаваны паясы, рамбічныя і шахматныя кампазіцыі. На познім этапе Дз.к. з’явіліся адбіткі перавітай шнурам палачкі (т.зв. лапчасты арнамент), наколы пад вуглом, што было вынікам уплыву суседніх плямён днепра-данецкай культуры і верхнедняпроўскай культуры.
А.Г.Калечыц.
т. 6, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБО́РА, Дэвора,
паводле Бібліі, яўрэйская прарочыца і суддзя, якая аб’яднала стараж.-яўр. плямёны і ўзначаліла заваяванне імі Палесціны. У аснове падання гіст. факт бітвы аб’яднанага войска ізраільскіх плямён з войскам ханаанейскіх цароў. Подзвігам удзельнікаў бітвы і перамозе над ворагам прысвечана «Песня Дэборы» — стараж. помнік яўр. л-ры (каля 1200 да н.э.).
т. 6, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІА́КАЎ,
у Бібліі малодшы з двух сыноў-блізнят Ісака і Рэвекі. Адкупіў у брата Ісава першародства за сачавічную поліўку і хітрасцю атрымаў благаславенне бацькі як першародны сын. Пасля сутычкі з Богам І. атрымаў ад яго другое імя Ізраіль («той, хто змагаецца з Богам»). Яго 12 сыноў («сыны Ізраіля») лічацца родапачынальнікамі 12 ізраільскіх плямён.
т. 7, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАКЕ́ЗЫ,
індзейскі народ групы іракезаў у ЗША (60 тыс. чал. у 1992, штаты Нью-Йорк і Аклахома) і Канадзе (30 тыс. чал., правінцыі Антарыо і Квебек). Прытрымліваюцца сінкрэтычных культаў, ёсць хрысціяне. У калан. войнах еўрап. дзяржаў за Паўн. Амерыку вял. ролю адыграў Саюз плямён І., ці т. зв. Іракезская ліга (каля 1570 — канец 18 ст.).
т. 7, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙНЭ́ (грэч. koine ад koinos агульны),
1) агульнанародная мова, якая ўзнікла ў 4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі на аснове атычнага з элементамі іанічнага дыялекту.
2) Мова міжпляменных або міждыялектных зносін для шэрагу роднасных плямён ці народаў, якая ўтварылася на аснове найб. пашыранай мовы ці дыялекту, што ўвабраў рысы інш. моў ці дыялектаў.
т. 7, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАП’Ё,
халодная колючая або кідальная зброя, якая выкарыстоўвалася на вайне і паляванні. Вядома з эпохі палеаліту. Складалася з дрэўка і наканечніка (з каменю, косці, металу). У некат. краінах і народаў захавалася і ў сярэдневякоўі. У 18 ст. страціла былое значэнне. Засталося на ўзбраенні ў плямён Аўстраліі, Акіяніі, Бразіліі. К. таксама называецца спарт. кідальны снарад.
т. 8, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)