РЭТРАНСЛЯ́ТАР (ад рэ... + лац. translator пераносчык),
апарат ці электраправоднае асяроддзе для рэтрансляцыі радыёсігналаў; прамежкавы пункт лініі радыёсувязі. Актыўны Р. — прыёмна-перадавальная радыёстанцыя (гл.Радыёрэлейная станцыя). Пасіўны Р. — пояс метал. іголак на каляземнай арбіце, іанізаваная пара металаў, ШСЗ ці мех. канструкцыя пэўнай формы (напр., плоскі адбівальнік, люстраная антэна), здольныя рассейваць або накіравана адбіваць радыёхвалі. Можа абслугоўваць радыёсетку з многіх ліній сувязі з рознымі частотамі радыёсігналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНЫ РЭЗАНА́ТАР,
сістэма люстраных адбівальных паверхняў, у якой узбуджаюцца і падтрымліваюцца стаячыя ці бягучыя электрамагнітныя хвалі аптычнага дыяпазону. У адрозненне ад аб’ёмнага рэзанатара аптычны з’яўляецца адкрытым (няма бакавых сценак). Аптычны рэзанатар — адзін з важнейшых элементаў лазера. Асн. характарыстыка аптычнага рэзанатара — дыхтоўнасць (вызначае страты светлавой энергіі і характарызуе рэзанансныя ўласцівасці).
Прасцейшы аптычны рэзанатар — інтэрферометр Фабры—Перо, які складаецца з 2 плоскіх строга паралельных люстэркаў, што знаходзяцца на адлегласці L, значна большай за даўжыню хвалі λ. Калі паміж люстэркамі ўздоўж восі рэзанатара распаўсюджваецца плоская светлавая хваля, то ў выніку адбіцця ад люстэркаў і інтэрферэнцыі адбітых хваляў утвараецца стаячая хваля. Умова рэзанансу: L = q∙λ/2. дзе q — падоўжны індэкс ваганняў (колькасць паўхваляў, што ўкладаюцца ўздоўж восі аптычнага рэзанатара). У лазернай тэхніцы выкарыстоўваюцца канфакальныя рэзанатары, утвораныя сферычнымі люстэркамі, якія разнесены на адлегласць, роўную радыусу іх крывізны, а таксама кальцавыя аптычныя рэзанатары, што складаюцца з 3 і болей плоскіх або сферычных люстэркаў. У аптычным рэзанатары са сферычнымі люстэркамі ўзбуджаюцца таксама незалежныя бягучыя насустрач адна адной хвалі.
Літ.:
Ананьев Ю.А. Оптические резонаторы и проблема расходимости лазерного излучения. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУР,
1) старажытны духавы амбушурны муз. інструмент, пашыраны ў Скандынавіі з 1-га тыс.н.э. Вырабляўся з бронзы. Уяўляў сабой канічную выгнутую трубку, на адным канцы якой плоскі талеркападобны раструб, на другім — невял. муштук. Пры археал. раскопках на зах. узбярэжжы Балтыйскага м. знойдзена 30 экз.Л., форма якіх нагадвае правы ці левы бівень маманта.
2) Скандынаўскі духавы муз. інструмент — абгорнутая карой драўляная трубка (даўж. каля 1 м) без муштука і ігравых адтулін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́ (франц. plateau ад plat плоскі),
узвышаная раўніна з роўнай або хвалістай, слаба парэзанай паверхняй, аддзеленая выразнымі ўступамі ад суседняй раўніннай прасторы. Вылучаюць П. структурныя (горныя пароды залягаюць гарызантальна, напр., Усцюрт), вулканічныя (залітыя лавай няроўнасці паверхні, напр., П. Армянскага нагор’я), дэнудацыйныя (пенеплен і абразійныя раўніны, напр., пустыня Бетпак-Дала), нагорныя (міжгорныя ўпадзіны з прадуктамі выветрывання горных хрыбтоў, напр., асобныя ўчасткі Усх. Паміра). Высока размешчаныя П. часта ўваходзяць у склад пласкагор’яў і нагор’яў, П. са стромкімі, часам прыступкавымі, схіламі могуць утвараць сталовыя краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГАЛО́ІДНАЯ РА́СА,
адна з асн. або вял. рас чалавецтва, у якую ўваходзяць паўн.-азіяцкая, арктычная, паўд.-азіяцкая, далёкаўсходняя і амерыканская малыя расы (апошнюю некат. даследчыкі вылучаюць у самаст. расу). У прадстаўнікоў М.р. скура ад цёмнага да светлага колеру з жаўтаватым адценнем, цёмныя або карыя вочы, цвёрдыя прамыя цёмныя валасы, слаба развітое валасяное покрыва на твары і целе, шырокі і плоскі твар, прыкметна выступаюць скулы і слаба — нос, ёсць асобная складка верхняга павека — эпікантус. М.р. пашырана ў Кітаі, Індакітаі, Інданезіі, М’янме, Японіі, Карэі, Манголіі, Сібіры, Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫЧАЎЦЭМЕНТНАШЫ́ФЕР»,
вытворчае аб’яднанне. Знаходзіцца ў г. Крычаў Магілёўскай вобл. Створана ў 1980 на базе Крычаўскага цэментна-шыфернага камбіната (1957). Уключае заводы: цэментны (галаўное прадпрыемства, засн. ў 1933; у Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1949) і шыферны (1950). З 1957 цэментна-шыферны камбінат. У 1963 далучаны з-д вапнавай мукі. У 1960—66 камбінат расшыраны, у 1980—81 часткова рэканструяваны. Сыравіна: мел з радовішча Каменка (Крычаўскі р-н), гліна з радовішча Пушча (Віцебскі р-н), прывазныя калчаданавыя агаркі, гіпс і інш. дамешкі. Асн. прадукцыя (1998): партландцэмент розных марак, шыфер 8-хвалевы, шыфер плоскі непрасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЯ́СТРА, пілястр (італьян. pilastro ад лац. pila калона, слуп),
плосківерт. прамавугольны ў плане выступ на сцяне ці слупе, які паўтарае ўсе часткі і прапорцыі калоны арх. ордэра, але пазбаўлены патаўшчэння ў сярэдняй частцы ствала (энтазіса). П. выкарыстоўваліся ў ордэрнай сістэме як дэкар. элементы для верт. члянення сцен. Часам канструктыўна ўмацоўвалі найб. напружаныя ўчасткі сцен (вуглы, прасценкі і інш.). Упершыню паявіліся ў ордэрнай архітэктуры Стараж. Грэцыі. У архітэктуры барока і класіцызму былі важным сродкам узбагачэння арх. кампазіцыі, стварэння выразнага рытму фасадаў і надання ім манументальнасці. Выкарыстоўваюцца ў сучасным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПІ́РА (ням. Rapir ад франц. rapiére),
колючая, радзей колюча-сякучая зброя. Вядома з 2-й пал. 17 ст. Уяўляла сабой прамы плоскі або гранёны стальны клінок з завостраным (у дуэльных Р.), затупленым або забяспечаным засцерагальным патаўшчэннем (у фехтавальных Р.) канцом і эфес. У канцы 19 ст. на аснове фехтавальнай Р. ўзнікла спартыўная колючая зброя, якая складаецца з лёгкага стальнога эластычнага клінка, эфеса (засцерагальнай чашападобнай гарды і рукаяткі). У звычайных (трэніровачных) Р. наканечнік на клінку нерухомы, у электрыфікаваных (выкарыстоўваюцца ў афіц. спаборніцтвах па фехтаванні з 1954) — з рухомым электракантактным устройствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр.плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЬШТЭР’Е́Р,
парода паляўнічых норных сабак. Выведзена ў 19 ст. ў Вялікабрытаніі (Уэльс) для палявання на лісоў і трусоў. На Беларусі іх невялікая колькасць. Выкарыстоўваюць пры здабычы баброў, выдраў, норак, янотападобных сабак, а таксама пры паляванні на лася, дзіка.
Сабакі моцнай канстытуцыі, тэмпераментныя, рухавыя, вынослівыя, непатрабавальныя да догляду. Лёгка дрэсіруюцца. Выш. ў карку да 40 см, сярэдняя маса цела 9,5 кг. Масць рыжая з чорным чапраком, які не павінны спускацца ніжэй скакальных суставаў, або чорная з сівізной. Лоб плоскі, сківіцы моцныя, морда падоўжаная, на галаве шчацінне (асн. тып шэрсці пароды) утварае вусы і бараду. Характэрны алюр — галоп.