КАПТУ́Р,

традыцыйны бел. галаўны ўбор замужніх жанчын; паўшарападобная ці плоская прызбораная на патыліцы шапачка з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Бытаваў у Цэнтр. і Зах. Беларусі да пач. 20 ст. Шылі з фабр. тканін пераважна чырвонай гамы; вушкі і перад аздаблялі вышыўкай, тасьмой, рознакаляровымі стужкамі, бісерам. Надзявалі на тканку (круглы валік, на які накручвалі валасы), зверху часта завівалі намітку, завязвалі хустку.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎКУБІ́ЧНАЯ ПАРА́БАЛА, парабала Нейля,

плоская алг. крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах: y = ax3/2; параметрычныя ўраўненні: х =t​2, у = at​3. Пункт звароту 1-га роду ў пачатку каардынат. Наз. імем англ. матэматыка У.​Нейля, які вылічыў даўжыню яе дугі (1657). Матэрыяльны пункт пад уздзеяннем сілы цяжару рухаецца ўздоўж дугі П.п. з пастаяннай скорасцю.

Паўкубічная парабала y = ax3/2.

т. 12, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТЫ́ЧНАЯ НІЗІ́НА,

на Пн Аляскі, у ЗША. Даўж. каля 1000 км, шыр. да 150 км. Выш. каля 200 м. Складзена з марскіх алювіяльных адкладаў. Паверхня плоская, слаба расчлянёная далінамі. Характэрны поліганальныя грунты, маразабойнатрэшчынаватая шматгадовая мерзлата, гідралакаліты (узгоркі-пінга). Шматлікія лагунныя і тэрмакарставыя азёры і непраходныя балоты. Клімат субарктычны. Расліннасць мохава-лішайнікавая, па далінах рэк вярбовыя хмызнякі і асакова-разнатраўныя лугі. Радовішчы нафты і прыроднага газу (зал. Прадха). Рэдкія паселішчы эскімосаў.

т. 1, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКІ МАНАСТЫ́РСКІ ШПІТА́ЛЬ,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1759 у г.п. Асвея (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.) пры манастыры міласэрных сясцёр. П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Планіроўка ў цэнтр. частцы калідорная, у крылах галерэйная. Першапачатковая планіроўка зменена ў 1928—29, часткова збераглася ў левым крыле з паўпадвальным паверхам. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках, паўпадвал — цыліндрычнымі скляпеннямі, у астатніх памяшканнях столь плоская.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЯЛЁНКА, радоўка шэрая (Tricholoma portentosum),

шапкавы грыб сям. радоўкавых. Пашырана ў Еўропе. На Беларусі з вер. па кастр. трапляецца ў хваёвых лясах. Нар. назвы сівуха, плюсы.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 3—9 см, пукатая, потым плоская з надтрэснутым прыўзнятым краем, брудна-шэрая, злёгку ліпкая. Пласцінкі прырослыя, шырокія, белыя або жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, валакністая. Мякаць белая або шараватая з мучным пахам і смакам. Споры белыя. Ядомая.

Падзялёнка.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЧСКІ РАН Вялікі і Малы,

саланчакі на З Індыі і ў Пакістане, на ПдУ ад дэльты р. Інд. Пл. больш за 20 тыс. км². Даўж. з У на З больш за 300 км, шыр. 40—80 км. Плоская нізінная паверхня (выш. да 200 м), укрытая чорным глеем з плямамі солей, з асобнымі ўзвышшамі (выш. да 465 м) і пясчанымі ўзгоркамі. У час летняга мусону саланчакі заліваюцца водамі мора і рэк Банас і Луні.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНШЭ́Т (франц. planchette літар. дошчачка),

1) плоская драўляная дошка квадратнай формы з прыстасаваннем для замацавання яе на трынозе. Уваходзіць у камплект інструментаў для палявых тапагр. здымкаў.

2) Спец. ўстройства на камандных пунктах ППА, ВПС, ВМФ і інш., для адлюстравання паветр. (марскога) становішча; можа быць механізаваны або аўтаматызаваны.

3) Дошка (драўляная або метал.), на якой замацавана геагр. карта (ліст паперы для чарчэння) з сеткай ізаліній (сеткай каардынат Гаўса) для графічных пабудоў і вылічэнняў.

т. 12, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛХА́Ш-АЛАКО́ЛЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА, Балхаш-Алакульская катлавіна,

плоская замкнёная ўпадзіна на У Казахстана. Даўж. больш за 700 км, выш. 342 (узровень воз. Балхаш) — 600 м над узр. м. Утварылася ў выніку прагіну, які запоўнены рачнымі пясчанымі адкладамі. Уключае на З воз. Балхаш, на У азёры Сасыкколь і Алаколь, на Пд пясчаныя масівы Таўкум, Муюнкум і інш. Ападкаў 135—200 мм за год. Пануюць пустынныя і паўпустынныя ландшафты. Перавеяныя пяскі ўтвараюць грады (выш. да 30 м), паўзарослыя саксаулам, джузгунам, палыном, салянкамі.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУДЗІ́НА,

сукупнасць шкілетных элементаў у наземных пазваночных жывёл і чалавека, што злучае па сярэдняй лініі цела брушныя канцы грудных рэбраў і часткі плечавога пояса. Да грудзіны прымацаваны грудныя мышцы. У земнаводных і паўзуноў грудзіна храстковая, у птушак — касцявая, у лятаючых грудзіна з кілем (сярэдні выступ), да якога прымацаваны магутныя грудныя мышцы. У млекакормячых грудзіна складаецца з 3 аддзелаў: ручкі, цела і мечападобнага адростка. У чалавека грудзіна (грудная косць) — няпарная плоская косць, што ўтварае сярэднюю частку пярэдняй сценкі грудной клеткі.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМНІСКА́ТА (лац. lemniscatus літар. ўпрыгожаны стужкамі), плоская крывая, для якой здабытак адлегласцей ад кожнага пункта M да дадзеных пунктаў (фокусаў F1, F2, ... Fn) роўны пастаяннаму ліку. Пры n=2 і пастаянным ліку, роўным квадрату палавіны міжфокуснай адлегласці a, крывая наз. лемніскатай Бернулі (разгледжана Я.​Бернулі ў 1694); ураўненне ў прамавугольных каардынатах ( x2 + y2 ) 2 2a2 ( x2 y2 ) = 0 , у палярных — ρ2 = 2a2 cos2φ .

Лемніската Бернулі.

т. 9, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)