МУЛЯ́РАЎКА,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Жыткавічы—Калінкавічы; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы—Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 12 км на Пн ад г. Петрыкаў, 178 км ад Гомеля. 649 ж., 210 двароў (1999). Акц. т-вы «Аграпрамтэхніка» і «Петрыкаўснаб», раённае аб’яднанне «Сельгасхімія». Школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Каля вёскі адбылася Муляраўская аперацыя 1942.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫША́НКА,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Трэмля. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 44 км на ПнУ ад г. Петрыкаў, 152 км ад Гомеля, 3 км ад чыг. ст. Мышанка. 426 ж., 157 двароў (1999). 4 леса- і дрэваапр. прадпрыемствы, жыллёва-камунальная гаспадарка, аб’яднанне кацельных і цепласетак. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМЕРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя транскантынентальныя комплексныя спарт. спаборніцтвы. Арганізаваны пад эгідай Арганізацыі амер. дзяржаў, праводзяцца пад патранажам Міжнар. алімп. камітэта раз у 4 гады (у год напярэдадні Алімп. гульняў) пад кіраўніцтвам нац. спарт. федэрацый краіны-арганізатара гульняў. Першыя П.г. адбыліся ў 1951 у Буэнас-Айрэсе па 19 відах спорту. У праграму П.г. уключаецца большасць відаў спорту, што ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́К,

вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Тур, на аўтадарозе Мазыр—Петрыкаў. Цэнтр сельсавета і Мазырскай занальнай дзярж. сортавыпрабавальнай станцыі. За 9 км на З ад горада і чыг. ст. Мазыр, 142 км ад Гомеля. 812 ж., 312 двароў (2000). Т-вы з абмежаванай адказнасцю «Лотас» і «Крыніца». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТРЫКАЎСКІ СУДНАБУДАЎНІ́ЧА-СУДНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл. ў 1929 як суднабудаўнічая вытворчасць (верф). У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены. У 1947 рэканструяваны як суднабудаўніча-суднарамонтныя майстэрні. У 1968—74 рэканструяваны і перайменаваны ў суднабудаўніча-суднарамонтны з-д, які будаваў судны тэхн. флоту (брандвахты, грэйферныя земснарады, плаўэлектрастанцыі, баржы і інш.) і праводзіў суднарамонт. На 1.1.2000 з-д рамантуе судны, вырабляе металапрадукцыю, аказвае паслугі насельніцтву і арг-цыям.

т. 12, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЕП’Я́Н (Мікалай Антонавіч) (н. 18.8.1931, г. Петрыкаў Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ўнутраных хвароб. Д-р мед. н., праф. (1986). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1964 у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнага навучання (з 1983 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях алергалогіі і медыцыны працы. Удзельнічаў у распрацоўцы і ўкараненні тэхналогіі лячэбна-аздараўленчага спелеакомплексу на базе рудніка вытв. аб’яднання «Беларуськалій».

Тв.:

Аллергические болезни: дифференц. диагноз, лечение. Мн., 2000.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЬКО́ (Іван Харытонавіч) (18.5.1901, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. — 11.3.1969),

генерал-маёр інжынерна-тэхн. службы (1944). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі Чырв. Арміі (1938). Удзельнік баёў супраць Булак-Балаховіча паходу 1920 у раёне Мазыр—Рэчыца. З 1922 на парт. рабоце ў Чырв. Арміі, з 1938 на адказных пасадах у К-це абароны пры СНК і Дзяржплане СССР. У Вял. Айч. вайну кантраляваў забеспячэнне Чырв. Арміі спец. тэхнікай і ўзбраеннем. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫ́НАЯ СЛЕПАТА́, начная слепата,

парушэнне зроку ў чалавека пры слабым асвятленні (змярканне, ноч, штучнае зацямненне). Бывае ад арганічных або функцыянальных змен у зрокавым пурпуры, пры парушэннях утварэння і распаду зрокавага пігменту радапсіну ў палачках сятчаткі вока.

Адрозніваюць сімптаматычную К.с. (пры арган. хваробах вока і хваробах зрокавага нерва, пры глаўкоме), функцыянальную (пры нястачы вітамінаў A, B2, PP) і прыроджаную (пры пігментнай дэгенерацыі сятчаткі). Лячэнне: прэпараты вітамінаў A, B1 B2, C, PP, харчаванне, багатае на гэтыя вітаміны. карацін.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБІРЫНТЫ́Т, атыт унутраны,

запаленне ўнутранага вуха. Выклікаецца стрэптакокамі, менінгакокамі, мікабактэрыямі туберкулёзу, рознымі вірусамі і інш. Адрозніваюць Л. тымпанагенны (з сярэдняга вуха), менінгагенны (з мазгавых абалонак — пры менінгіце) і гематагенны; па распаўсюджанасці працэсу — абмежаваную і дыфузную формы, па характары запалення — серозны і гнойны. Характэрныя прыкметы: ністагм, галавакружэнне, млоснасць, ірвота, шум у вушах, парушэнні раўнавагі. Пры дыфузным гнойным Л. гэтыя з’явы выяўлены больш выразна, да поўнага выпадзення вестыбулярнай і слыхавой функцый вуха. Лячэнне кансерватыўнае і аперацыйнае.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДЗЬКІН (Яўген Леанідавіч) (н. 2.2.1970, г. Ханты-Мансійск Цюменскай вобл., Расія),

бел. і рас. спартсмен (біятлон).

Засл. майстар спорту СССР (1992). Скончыў Акадэмію фіз. выхавання і спорту (1994, Мінск). Трэнер-выкладчык па біятлоне ў Мінску (1992—95). Чэмпіён зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя) на дыстанцыі 20 км. Чэмпіён свету (1992, г. Новасібірск, Расія) у каманднай гонцы на 20 км. Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1994, г. Контыялахтыі, Фінляндыя) у эстафеце. З 1995 у Расіі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)