старажытнае балцкае племя, якое жыло ў сярэдняй ч. сучаснай Латвіі ў бас.р. Ліелупе. Густынскі летапіс называў іх жэмайтамі. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлявалі з суседнімі плямёнамі. У 11—13 ст. былі на стадыі распаду племяннога ладу і ўтварэння феад. адносін. Паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу ў 1106 полацкія князі Усяславічы ўчынілі паход на З., але пацярпелі паражэнне. У 13 ст. З. вялі ўпартую барацьбу з крыжакамі, у 1290 канчаткова заваяваны Лівонскім ордэнам. Пазней разам з інш. плямёнамі ўвайшлі ў склад лат. народнасці.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́НЗАС (Arkansas),
рака ў ЗША, правы прыток Місісіпі. Даўж. 2410 км, пл.бас. 416 тыс.км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па вузкіх глыбокіх цяснінах (Ройял-Гордж, Гранд-Каньён і інш.), затым з З на У па Вялікіх і на ПдУ па Цэнтр. раўнінах. Мае няўстойлівае рэчышча ў перыяды паводак. Паўнаводная вясною ад раставання снягоў і летам ад дажджоў; характэрны летнія ліўневыя паводкі. Ваганні ўзроўню дасягаюць 8—10 м (каля г. Літл-Рок). Сярэднегадавы расход вады каля 1,8 тыс.м³/с. Суднаходная на 1 тыс.км ад вусця. У сістэме Арканзаса буйныя вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Арканзасе гарады Уічыта, Талса, Літл-Рок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАФОТАЗДЫ́МКА,
здымка мясцовасці ва ўсіх дыяпазонах аптычнага спектра з лятальных апаратаў. Ажыццяўляецца спец. аэрафотаапаратамі пры вертыкальным (планавая аэрафотаздымка) або нахільным (перспектыўная аэрафотаздымка) становішчы аптычнай восі. Уключае лётна-здымачны і фоталабараторны перыяды, фотаграмметрычную работу. Выконваецца з падоўжаным на маршруце (да 60%) і папярочным паміж суседнімі маршрутамі (на 30—40%) перакрыццем. У залежнасці ад фотаматэрыялаў бывае чорна-белая, каляровая і спектразанальная. На аснове аэрафотаздымкі ствараюцца тапаграфічныя і спец. планы і карты, якія выкарыстоўваюцца пры інж. разведцы пад буд-ва, пры геал. і гідралагічным, глебава-геабат. і метэаралагічных даследаваннях, леса- і землеўпарадкаванні, вывучэнні прыродных рэсурсаў, для арыентавання на мясцовасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЭН,
горад у Йемене, адм. ц. мухафазы Адэн на Пд Аравійскага п-ва. 417 тыс.ж. (1987). Транзітны порт у Адэнскім зал. Аравійскага м. Міжнародны аэрапорт. Гал.прамысл. і гандл. цэнтр краіны. Нафтаперапрацоўка; тэкст., харч., металаапр., суднарамонтныя прадпрыемствы, вытв-сць будматэрыялаў. Гандаль нафтай і нафтапрадуктамі, рыбай, прадуктамі сельскай гаспадаркі (збожжа, бавоўна, тытунь, скуры).
Вядомы пад назвай Адана, ці Асана, са стараж. часоў. Уваходзіў у склад паўд.-аравійскіх і йеменскіх дзяржаў, у асобныя перыяды быў цэнтрам незалежных княстваў. У 16—18 ст. пад уладай йеменскіх імамаў і тур. пашоў. З 1839 англ.ваен.-марская база. У 1967—90 сталіца Нар.Дэмакр. Рэспублікі Йемен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НЬКА,
перыядычная змена вонкавага покрыва ў жывёл. Бывае ўзроставая (у першапачатковыя перыяды жыцця), сезонная (у пэўныя сезоны года) і пастаянная (на працягу жыцця). Рэгулюецца гармонамі. Надыход Л. залежыць ад стадыі развіцця, узросту, гарманальнага стану арганізма, умоў навакольнага асяроддзя (т-ра, фотаперыяд і інш.). Для беспазваночных характэрна ўзроставая Л. (у асноўным у членістаногіх): лічынка скідае старое покрыва (кутыкулу) і замяняе яго новым. У насякомых колькасць Л. бывае ад 3 (мухі) да 30 (аўсянікі, вяснянкі). У пазваночных Л. звязана з прыстасаваннем да пэўных сезонаў года, узнаўленнем зношанага покрыва цела (напр., у большасці млекакормячых Л. 2 разы на год — вясной і восенню, у некаторых — 1 раз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫЯ БУ́РЫ,
моцныя ўзбурэнні магнітнага поля Зямлі, якія рэзка парушаюць яго плаўны сутачны ход. Выклікаюцца ўздзеяннем узмоцненых патокаў сонечнай плазмы (сонечнага ветру) на магнітасферу Зямлі. У гады спакойнага Сонца іх колькасць 1—2, у перыядынайб. актыўнасці — 20—40 за год, пры гэтым павялічваецца колькасць вял і вельмі вял.бур. Часцей назіраюцца каля максімумаў 11-гадовага цыкла сонечнай актыўнасці і маюць тэндэнцыю да 27-дзённай паўтаральнасці (перыяд абарачэння Сонца). Цягнуцца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Найб. інтэнсіўнасць у высокіх шыротах. Уздзейнічаюць на стан. здароўя людзей, ускладняюць радыёсувязь, вядомы выпадкі пашкоджання эл. сілавых ліній, сігналізацыі на чыгунках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКО́РМКА ЖЫВЁЛ,
паляпшэнне кармавой базы ў месцах пражывання дзікіх жывёл і птушак у неспрыяльныя перыяды. Праводзіцца пераважна ў заказніках і запаведніках і інш. Садзейнічае зберажэнню і павелічэнню колькасці каштоўных паляўнічых і ахоўных жывёл, паляпшае магчымасці ўзнаўлення іх папуляцый. Адрозніваюць комплексную (у кармах ёсць усе пажыўныя кампаненты) і спецыфічную (кампенсуе нястачу ў прыродных кармах асобных рэчываў). Характар і памеры П.ж. залежаць ад відавога складу і колькасці жывёл, ураджаю і даступнасці прыродных кармоў. Для жывёл выкарыстоўваюць сена, зерне, караняплоды, камбікармы, для птушак — адходы зерня. На Беларусі падкормліваюць аленяў, казуль, дзікоў, зайцоў, лісоў, шэрых курапатак, сініц і інш.
Да арт.Падкормка жывёл. Тыпы падкормачных столікаў для птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ БАГА́ЦЦЕ,
сукупнасць даброт, створаных у грамадстве за ўвесь папярэдні перыяд развіцця. Найважнейшы паказчык сац.-эканам. стану краіны, які характарызуе эканамічны патэнцыял грамадства. Уключае: вытв. магутнасці грамадства, таварныя запасы, у т. л.дзярж. рэзервы, прыроднае багацце, інтэлектуальны фонд грамадства (назапашаны вытв. вопыт людзей, іх адукац. патэнцыял, дасягненні навук.-тэхн. думкі, інфарм. рэсурсы), сац. інфраструктуру, асабістую маёмасць грамадзян. Найб. значныя зрухі ў складзе Н.б. адбываюцца ў перыядынавукова-тэхнічнай рэвалюцыі — хутка павялічваюцца і аднаўляюцца вытворчыя фонды, у складзе невытв. фондаў усё большую долю складае маёмасць навук., навуч. і інш. падобных устаноў, паскараюцца тэмпы ўцягнення прыродных рэсурсаў у гасп. абарачэнне, павышаецца навук.-тэхн. ўзровень кадраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РДЗЕНЬ (? — 1267),
полацкі і нальшчанскі князь. З дапамогай Войшалка ў 1264 стаў полацкім князем. 23.12.1264 ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і зямель, аддадзеных яго папярэднікам кн. Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязаўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў кн. Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266—67 тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.