ЗАДА́ТАК,
грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.
т. 6, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІЯ́ЦЫЯ (франц. filiation ад лац. filius сын),
у канстытуцыйным праве набыццё грамадзянства па нараджэнні. У парадку Ф. грамадзянства набываецца на аснове прынцыпаў «права крыві» або «права глебы». У першым выпадку дзіця набывае грамадзянства бацькоў незалежна ад месца нараджэння, у другім — дзіця становіцца грамадзянінам той дзяржавы, на тэрыторыі якой яно нарадзілася, незалежна ад грамадзянства бацькоў. Прынцып «права глебы» прымяняецца пераважна ў краінах Лац. Амерыкі. Найчасцей абодва прынцыпы ў пэўнай ступені спалучаюцца (напр., у Рэспубліцы Беларусь).
т. 16, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНАТЫ́П (ад фен + тып),
асаблівасці будовы і жыццядзейнасці арганізма, абумоўленыя ўзаемадзеяннем генатыпа з навакольным асяроддзем. Ф. — прыватны выпадак рэалізацыі генатыпа ў канкрэтных умовах, таму ч. генатыпічных магчымасцей не выяўляецца. Напр., у аднаяйцавых блізнят, што маюць аднолькавы генатып, магчымы фенатыпічныя адрозненні, калі блізняты развіваліся ў розных умовах. У працэсе мікраэвалюцыі адбор адбываецца па Ф. асобін. Звычайна ў папуляцыі захоўваюцца асобіны з шырокай нормай рэакцыі, межы якой вызначаюцца генатыпам, або асобіны патрэбнага Ф., які больш жорстка вызначаецца генатыпам. У гэтым выпадку адбор па Ф. пры наяўнасці асобін з розным генатыпам апасродкавана прыводзіць да адбору па генатыпе, што спрыяе замацаванню ў генет. матэрыяле адзнак, карысных для выжывання.
Р.Г.Заяц.
т. 16, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБСІДЫЯ́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
дадатковая адказнасць асоб, якія разам з даўжніком адказваюць перад крэдыторам за належнае выкананне абавязацельстваў у выпадках, прадугледжаных законам або дагаворам; адзін з відаў грамадзянскай адказнасці. У адпаведнасці з Цывільным кодэксам Рэспублікі Беларусі С.а. нясуць; члены поўнага т-ва па яго абавязацельствах; удзельнікі т-ва з дадатковай адказнасцю, статутны фонд якога падзелены на долі вызначаных устаноўчымі дакументамі памераў — салідарна С.а. па абавязацельствах т-ва сваёй маёмасцю ў межах устаноўленых памераў; у выпадку банкруцтва даччынага т-ва па віне асн. т-ва апошняе нясе С.а. па яго даўгах; члены спажывецкага кааператыва — у межах няўнесенай часткі дадатковага ўзносу кожнага з членаў кааператыва. Грамадзянскае заканадаўства рэспублікі прадугледжвае і інш. выпадкі С.а.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 15, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ННЕ СУДА́,
пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш. суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЮДЫЦЫЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. praejudicio прадвызначэнне),
абавязковасць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі і доказаў факты, раней устаноўленыя суд. рашэннем, якое набыло законную сілу, або прыгаворам па якой-н. інш. справе. Напр., калі суд. рашэннем, якое набыло законную сілу, устаноўлена адказнасць уладальніка крыніцы павышанай небяспекі за нанесеную шкоду, то ў выпадку прад’яўлення рэгрэснага іску ўладальнікам такой крыніцы да таго, хто непасрэдна прычыніў шкоду, факты, устаноўленыя суд. рашэннем у першым працэсе, маюць прэюдыцыяльнае значэнне і не падлягаюць аспрэчванню.
т. 13, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРЭ́СІЯ ў тэорыі імавернасцей і матэматычнай статыстыцы,
залежнасць матэматычнага чакання адной выпадковай велічыні ад адной ці некалькіх інш. велічынь.
У адрозненне ад функцыянальнай залежнасці y = 𝑓(x), дзе кожнаму значэнню незалежнай пераменнай x адпавядае пэўнае значэнне y, пры рэгрэсійнай сувязі аднаму і таму ж значэнню х могуць адпавядаць некалькі значэнняў у (у залежнасці ад выпадку), напр., залежнасць сярэдняга дыяметра хвой ад іх вышыні. Найб. пашырана вызначэнне рэгрэсійных залежнасцей статыстычнымі метадамі. Практычныя метады даследаванняў Р. па статыстычных даных — асн. задача рэгрэсійнага аналізу.
т. 13, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,
паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.М.Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.
т. 3, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РНЫ Пётр Ільіч (н. 14.4. 1937, с. Крэп Валгаградскай вобл., Расія),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1989). Скончыў БДУ (1961), дзе і працуе (з 1973 заг. кафедры). Навук. працы па вылічальнай матэматыцы і дыферэнцыяльных ураўненнях. Распрацаваў тэорыю і дастасаванні метадаў інварыянтнага паглыблення і рэдукцыі да задач Кашы для рашэння гранічных задач у выпадку дыферэнцыяльных і сеткавых ураўненняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Начала теории вычислительных методов. [Т. 1—5]. Мн., 1982—86 (разам з У.І.Крыловым, У.В.Бабковым).
П.М.Бараноўскі.
т. 10, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НЯ,
ваенная павіннасць у ВКЛ. Згадваецца ў прывілеі караля польскага і вял. кн. літ. Ягайлы 20.2.1387 баярству ВКЛ: «У тым выпадку, калі прыйдзецца пераследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б збягалі з нашай літоўскай зямлі, то дзеля гэтага роду пераследавання, якое па-народнаму завецца пагоняй, абавязаны адпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання або стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю». У лацінскім тэксце акта слова «пагоня» прыведзена ў форме «pogonia», што сведчыць пра існаванне гэтай павіннасці на слав. землях ВКЛ.
т. 11, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)