ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Мар’ян Язэпавіч) (24.9.1904, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 13.9.1983),
бел. этнограф. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), аддзяленне этнаграфіі і этналогіі Віленскага ун-та (1938). У Вільні ў 1929—34 быў фактычным рэдактарам час. «Шлях моладзі», з 1930 працаваў у б-цы Ін-та Усх. Еўропы і б-цы імя Урублеўскіх, у 1939—41 дырэктар Бел. музея. У 1949 рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі ў 1956—70 супрацоўнік Этнагр. музея ў Торуні (Польшча), дзе стварыў экспазіцыі матэрыяльнай культуры беларусаў. Даследаваў нар. культуру беларусаў, у т. л.бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар прац «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле — у мінулым усенароднае свята», «Аб паходжанні імён» (абедзве 1958), «Прозвішчы» (1959), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Старадаўнія юр’еўскія звычаі ў беларусаў» (1961), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАШЭ́ННІ,
своеасаблівая форма выяўлення гора, смутку, дзе ў адзіны семантычны комплекс зліты спецыфічны напеў, імправізаваны тэкст, плач, асобая пластыка; адзін з найб. старажытных жанраў нар. творчасці. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі запісаны ўжо ў 16 ст. Я.Ласіцкім. Бел. галашэнні падзяляюць на абрадавыя (пахавальныя, вясельныя) і пазаабрадавыя (бытавыя, ваенныя). Найб. развіта традыцыя пахавальных галашэнняў, якія з’яўляюцца неад’емным муз.-паэт. кампанентам пахавальнага абраду, суправаджаюць асн. яго этапы і ў адпаведнасці з імі складаюць 7 цыклаў, звязаных паміж сабою зместам, сістэмай паэт. сродкаў і напевам.
Вылучаюцца традыц. фальклорнай вобразнай сімволікай (шэрая зязюлька, галубачка шызакрылая, жавараначак, саколік, ягадачка мая недаспелая, залаценькі каласок, ясны месячык). Паэтыка і манера інтанавання галашэнняў абумоўлена вял. эмац. напружанасцю выканаўцы, што прыводзіць да з’яўлення ў тэксце мноства воклічна-запытальных структур, паўтораў, экспрэсіўных словаўтварэнняў і інш., а ў напеве — да прыкмет натуральнага плачу: напружанага тэмбру, высокай тэсітуры, нетэмпераванага строю. Напеў і тэкст знаходзяцца ў непасрэднай інтанацыйна-рытмічнай і кампазіцыйнай сувязі. Вершаскладанне інтанацыйна-фразавае. Свабоднаму або акцэнтнаму вершу (ад 3 да 16 складоў, роўна- ці няроўнанаціскному) аднавершавай, страфічнай або тыраднай структуры адпавядае напеў пераважна дэкламацыйнага характару, вузкага дыяпазону. Вылучаюць 3 стылі выканання пахавальных галашэнняў: напеўны рэчытатыў (найб. пашыраны, уключае 8 меладычных тыпаў, кожны з якіх мае пэўны арэал), песенны (цэнтр. Палессе), гаворкавы (паўн.-зах. зона Панямоння).
Вясельныя галашэнні (зафіксаваны ў асн. на Паазер’і) выконваліся пераважна ў час абдорвання маладой, яе развітання з родным домам ці ў інш. моманты першай паловы вяселля. Іх паэтычны змест абумоўлены прымеркаванасцю да пэўнага моманту вяселля. Паводле муз.стылявых асаблівасцей вылучаюць 2 тыпы вясельных галашэнняў: рэчытатыўны, напевы якога супадаюць з пахавальнымі (паўн.-ўсх. Паазер’е), і песенны са стабільнай структурай верша і мелодыка-рытмічнай формы, распеўнай манерай выканання (паўн. і паўд. зоны). У Расонскім р-не лакалізаваны «галашэнні зязюльцы», бытавыя галашэнні з нагоды асабістага гора жанчыны. Носьбіты традыцый галашэнняў, як правіла, пажылыя жанчыны, форма выканання пераважна сольная (сумесныя галашэнні на пахаванні ці вяселлі ўяўляюць сабой спалучэнне шэрагу сольных імправізацыі. У сучасным вясковым побыце пашыраны пахавальныя і бытавыя галашэнні. Да жанру галашэння ў літаратуры звярталіся Я.Купала, М.Гарэцкі, У.Караткевіч, Б.Сачанка, Я.Сіпакоў і інш.
Літ.:
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;
Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;
Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;
Сысоў У.М. Беларуская пахавальная абраднасць. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НЕ,
ільменскія славяне, паўночныя ўсх.-слав. плямёны, якія ў 2-й пал. 1-га тыс.н.э. жылі ў басейне воз. Ільмень, у 10—13 ст. рассяляліся на Іжорскім плато, па р. Малога дасягалі Яраслаўскага Паволжа і Волга-Окскага міжрэчча. Займаліся земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам, будавалі наземныя зрубныя дамы з печамі-каменкамі. Асн. тыпам іх пасяленняў былі селішчы. Першыя гарадзішчы ўзніклі ў 8 ст.Найб.стараж. помнікі С. — пахавальныясопкі з абрадам трупаспалення. У 9—10 ст. побач з сопкамі пашыраны курганы з трупаспаленнем. З пач. 11 ст. пераважаў пахавальны абрад з трупапалажэннем. Наяўнасць у сопках фінскіх элементаў пахавальнага абраду адлюстроўвае працэс славянізацыі мясц. фіна-угорскіх плямён. Лічаць, што продкі С. рухаліся ў Прыільменне праз землі балтаў, у якіх запазычылі іх звычай рабіць курганныя насыпы над нябожчыкамі. Этнавызначальныя рысы С. — ромба- і авальнашчытковыя скроневыя кольцы 11—14 ст. (на Беларусі падобныя рэчы знойдзены каля Радашковіч і ў Чапліне). У 9 ст. С. і крывічы разам з фінскім племем весь утварылі паліт. саюз. Цэнтр С. — г. Ноўгарад. Землі С. сталі ядром уладанняў Наўгародскай феад. рэспублікі.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАЛЬВАРЫ́ЙСКІ КАСЦЁЛ І БРА́МА,
помнік архітэктуры 19 ст. ў Мінску. Пабудаваны ў 1839—41 на Кальварыйскіх могілках (вядомы з 17 ст.) на месцы б. касцёла (разбураны ў 1830) у стылі неаготыкі і класіцызму. Мураваны 1-нефавы з невял. трансептам і прамавугольнай алтарнай апсідай храм накрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад вырашаны ў выглядзе вял. стральчатага партала. Над прытворам узвышаецца масіўная квадратная ў плане вежа, падзеленая на 2 ч. карнізам з сухарыкамі. У верхняй яе ч. 2 вузкія стральчатыя аконныя праёмы, над якімі круглая люкарна. Сцены гал. і бакавых фасадаў дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі, аздоблены ліштвамі. Брама ў класіцыстычных формах прыбудавана ў 1830 на сродкі Ю.Кабылінскага ў гонар яго жонкі. Цаглянае прамавугольнае ў плане збудаванне з вял.цэнтр. і сіметрычна размешчанымі па баках меншымі паўцыркульнымі праёмамі. Падзелена карнізам на 2 ярусы. Ніжні — руставаны, над бакавымі праёмамі верхняга яруса — ляпная геральдыка. На могілках захаваліся пахавальныя капліцы Паўла Равы (1855, эклектыка), Віткевічаў (2-я пал. 19 ст., неаготыка), 2 эклектычныя капліцы 2-й пал. 19 ст.; некалькі мураваных капліц у паўразбураным стане.
Літ.:
Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi. Warszawa, 1996.
А.Ю.Пятросава, Т.І.Чарняўская.
Мінскі кальварыйскі касцёл і брама. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ранняга сярэднявечча (5—7 ст.) на тэр. Еўропы, абмежаванай з У Дняпром, з З Эльбай, з Пд Дунаем, з Пн Прыпяццю. У самаст. культуру вылучана ў 1940-я г. чэшскім археолагам І.Баркоўскім пад назвай «кераміка пражскага тыпу». Помнікі П.к. належалі раннім славянам. Вядома больш за 600 яе паселішчаў і могільнікаў. Прадстаўлена пераважна неўмацаванымі селішчамі, часам гарадзішчамі. У міжрэччы Дняпра і Віслы асн. тыпам жылля была квадратная ў плане паўзямлянка пл. 6—20 м² зрубнай ці слупавой канструкцыі з печчу-каменкай у адным з кутоў. На зах. Валыні паўзямлянкі мелі глінабітныя печы, у Беларускім Палессі — агмені, складзеныя з камянёў, металургічнага шлаку і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Камень, Востраў), або печы, складзеныя з дробных камянёў і гліны (Струга 1-я, Ліпляны). Пахавальныя помнікі П.к. — грунтавыя могільнікі, часам курганы з абрадам трупаспалення па-за магіламі. Рэчавы матэрыял складаецца з керамікі, вырабаў з металу, шкла, косці і каменю. Адметная рыса культуры — высокія гаршкі з усечана-канічным тулавам, крыху звужаным горлам і кароткаю шыйкай. На тэр.Усх. Еўропы вылучаюць карчакскі варыянт П.к. Наконт генезісу П.к. адзінай думкі няма. Існуюць меркаванні аб значнай ролі ў яе фарміраванні кіеўскай культуры, пшэворскай культуры верхнеднястроўскага варыянта і чарняхоўскай культуры. У Бел. Палессі пахаванні паводле абраду трупаспалення ў грунтавых ямах даследаваліся каля в. Хорск, Снядзін і Хотамель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр.Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.
Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.
Літ.:
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТАІ́ЗМ (ад яп. сінта літар. — шлях багоў),
нацыянальная рэлігія Японіі, якая склалася на аснове стараж. політэістычных вераванняў жыхароў яп. астравоў не менш як 2000 г. назад. Тэрмін «С.» выкарыстоўваецца з канца 6 — пач. 7 ст.н.э., каб адрозніваць уласна яп.рэліг. традыцыю ад распаўсюджаных у Японіі будызму і канфуцыянства. У С. няма заснавальніка, свяшчэнных кананічных тэкстаў, распрацаванага веравучэння. У яго аснове — вера ў існаванне шматлікіх нябачных божастваў (камі), абагаўленне прыроды, культ. продкаў. Лічыцца, што божастваў-камі існуе каля 8 млн. і яны нябачна жывуць паўсюдна побач з людзьмі. Да іх адносяцца духі рэк, азёр, гор, далін, дрэў, камянёў, боскія продкі яп. народа, божаствы-ахоўнікі асобных мясцовасцей і рамёстваў, душы памерлых імператараў, знакамітых военачальнікаў, пісьменнікаў, вучоных і інш. Сінтаісцкі пантэон узначальвае багіня Сонца, родапачынальніца імператарскага роду Аматэрасу — дачка першай боскай пары Ідзанакі і Ідзанамі (Нябесны Бацька і Зямная Маці), якія стварылі Яп. астравы і ўсіх багоў. Гал. сінтаісцкае свяцілішча — храм Аматэрасу ў г. Ісе. Вернікі не павінны штодзённа наведваць храмы і маліцца багам; дастаткова ўдзельнічаць у гал. святах і рабіць прынашэнні на выкананне некат. рэліг. абрадаў і рытуалаў. Важную ролю ў абраднасці С. адыгрывае рытуал ачышчэння чалавека, які найчасцей зводзіцца да сімвалічнага ачышчэння вадой твару і рук перад уступленнем чалавека ў храм. Перад уваходам у храм знаходзяцца вароты (торыі), якія сімвалізуюць пераход чалавека з паўсядзённай прасторы ў сакральную (свяшчэнную) зону. Людзі ўносяць у храм грашовыя ахвяраванні, ускладаюць для камі ахвярапрынашэнні (звычайна ў выглядзе страў, напіткаў) і ўзносяць да камі маўклівую малітву; набываюць там разнастайныя амулеты і талісманы. Асн. змест малітваў у С. — просьба да камі пра дапамогу, абарону ці выяўленне ўдзячнасці. Звычайна абрады, звязаныя з нараджэннем і шлюбам, праводзяцца ў адпаведнасці з сінтаісцкім рытуалам, а пахавальныя — з будысцкім. Важную ролю ў С. адыгрываюць святы ўраджаю, сустрэчы Новага года, святкаванні, прысвечаныя камі-ахоўнікам пэўных родаў і тэрыторый; ушаноўваюцца таксама імператар і яго боскія продкі. Часам японцы робяць паломніцтва да свяшчэнных гор, вадаспадаў і там выконваюць адпаведныя рэліг. рытуалы. У Японіі больш за 80 тыс. сінтаісцкіх свяцілішчаў. Памаліцца божаствам і прынесці ім сімвалічныя ахвяры можна і перад хатнім алтаром (камідана). Свяшчэннаслужыцелямі могуць быць і мужчыны, і жанчыны. У студз. 1946 выдадзены імператарскі эдыкт, паводле якога імператар адракаўся ад свайго боскага паходжання і абвяшчаў, што адносіны паміж тронам і народам трымаюцца выключна на ўзаемных даверы і любові. Існуе таксама сектанцкі С. (больш за 10 сектаў).
Літ.:
Светлов Г.Е. Путь богов: (синто в истории Японии). М., 1985;
Синтоизм и конфуцианство. М., 1994;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ.М., 1996. Т. 2. С. 491—610;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ, грамадскія аб’яднанні,
недзяржаўныя формы грамадз. самавыяўлення, самакіравання і самадзейнасці. У залежнасці ад мэт і маштабаў дзейнасці аб’ядноўваюць грамадзян на добраахвотнай аснове для сумеснай абароны і развіцця разнастайных інтарэсаў і патрэб (сац., эканам., паліт., культ., навук., рэлігійных і інш.). Масавыя грамадскія арганізацыі і рухі фарміруюцца і дзейнічаюць пераважна на аснове прынцыпаў агульнаграмадскай карысці і сац. справядлівасці, нац.-патрыятычных, дэмакр., прававых ідэй, што дазваляе ім укараніцца ў грамадскім жыцці, уплываць на грамадскую свядомасць, а ў пэўных выпадках мабілізаваць грамадства на сумеснае пераадоленне перашкод і пагроз яго існаванню. Прататыпы грамадскіх арганізацый вядомы з глыбокай старажытнасці, напр. Акадэмія Платона ў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. Паступовыя змены ў грамадстве абумовілі яго больш складаны характар, што выявілася ў росце колькасці грамадскіх арганізацый і актывізацыі іх дзейнасці ў перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе. Неабходную прастору для ўзнікнення шматлікіх грамадскіх арганізацый адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў; права на сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сфарміраваліся і сталі традыцыйнымі для зах. грамадства асн. ідэйна-паліт. плыні — сацыялістычная (камуністычная), сацыял-дэмакр., ліберальная і кансерватыўная. Яны з’явіліся падставай для ўзнікнення і дзейнасці шматлікіх грамадскіх арганізацый, найперш паліт. партый і саюзаў, эканам. аб’яднанняў і інш. Пастаяннае месца ў грамадскім жыцці займаюць прафсаюзы, якія ў 2-й пал. 20 ст. значна пашырылі свой уплыў на заканадаўства і сац. палітыку дзяржаў. У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. ўзмацняецца паліт. значэнне і ўплыў экалаг. партый і арг-цый («зялёных»), а таксама аб’яднанняў і арг-цый, якія сваёй гал. мэтай лічаць садзейнічанне развіццю грамадскай самадзейнасці на рэгіянальным узроўні. Значна павялічваецца ў грамадскім жыцці роля навук., культ., асв. і інш. арг-цый, якія імкнуцца актыўна ўплываць на дзярж. палітыку ў сваіх галінах. Развіваюцца і пашыраюцца міжнар. кантакты і супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый асобных краін. Пэўнаму развіццю ў гэтым кірунку спрыяла прыняцце ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948) і міжнар. Пактаў аб правах (1966), ратыфікаваных шматлікімі краінамі свету, у т. л. Беларуссю. Асн. палажэнні гэтых дакументаў знайшлі сваё замацаванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994.
У БССР існавалі такія масавыя грамадскія арганізацыі, як КПБ, ЛКСМБ, прафсаюзы, аб’яднанні пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, архітэктараў, т-ва «Веды» і інш. У Зах. Беларусі дзейнічалі грамадскія арганізацыі рэв.-дэмакратычныя (Беларуская сялянска-работніцкая грамада, «Змаганне»), культ.-асветныя (Таварыства беларускай школы), навуковыя (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні), дабрачынныя (Чырвоная дапамога), рэлігійныя і інш. Змены ў паліт. і грамадскім жыцці з пач. 1990-х г. знайшлі адлюстраванне ў шырокім плюралізме грамадскіх арганізацый рознага характару і накіраванасці. Арганізацыйна аформіліся Беларускі народны фронт «Адраджэнне», паліт. партыі, аб’яднанні і саюзы, якія прадстаўляюць практычна ўсе спектры грамадскага жыцця. Сярод іх Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Бел.к-т абароны міру, Бел. асацыяцыя садзейнічання ААН, Беларускі фонд культуры, Бел.патрыят. саюз моладзі, Беларускае таварыства аховы прыроды, т-ва «Экалагічная культура», жаночыя аб’яднанні і інш. Пашыраецца актыўнасць рэліг. арг-цый, у т. л. традыцыйных і нетрадыцыйных сектаў. Неабходнасць дапамогі дзяржаве ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986 прывяла да ўзнікнення шэрагу грамадскіх арганізацый («Ахвяры Чарнобыля», «Дзеці Чарнобыля», «Дзецям Чарнобыля» і інш.), якія садзейнічаюць станоўчаму вырашэнню гэтай балючай для бел. народа праблемы. На 1.10.1997 зарэгістравана 2002 грамадскія арганіхацыі, з іх 855 рэспубліканскіх, 119 міжнародных, 952 мясцовыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІК,
1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл.Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).
2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.
Прататыпамі П. былі стараж.пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б.пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.А.Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.А.Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.К.Клот; І.В.Гётэ і Ф.Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.Саконі), празмерна грубымі формамі (О.Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.Цадкін; помнік Я.Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.А.Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял.Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.
На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст.найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт; А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.Арцімовіч, арх. І.Марозаў), Я.Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.Голубеў), Ф.Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), С.Буднаму і В.Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.Інькоў, арх. М.Лук’янчык), надмагільны помнік В.Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.Дранец, арх. Л.Левін.Надмагільны помнік В.Тураву, 1999. Скульпт.
М.Якавенка.
Помнік Ю.А.Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.Бандарэнка і інш.Помнік Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.
Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз.Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).
Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.
Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.
Рэлігіястараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.
Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял.маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.
У маст. культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г.Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.
Літ.:
Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;
Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э.М., 1961;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;
Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;
Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;
Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.