ДВА ГРО́ШЫ (польск. dwugrosz),

сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і некат. краін Зах. Еўропы. 1) У 1565 выраблена ў ВКЛ Віленскім манетным дваром як пераходны намінал паміж манетамі, бітымі па кароннай і літоўскай стапе; роўны 5 паўгрошам каронным ці 4 літоўскім.

2) У 17 ст. агульнадзярж. (1650—51, 1672) і гарадская (1651—53) манета Рэчы Паспалітай, выпушчаная для зручнасці пераходу ад орта да драбнейшых наміналаў.

3) У 18 ст. манета (1766—82, 1785—86), адпаведная палове асн. адзінкі грашова-лікавай сістэмы ў Рэчы Паспалітай — паўзлотага ў 4 сярэбраныя грошы, эквівалентныя 15 медным грошам.

І.​І.​Сінчук.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1661 Падпісаны паміж Расіяй і Швецыяй 1 ліп. ў мяст. Кардыс

(цяпер Кярдэ каля г. Тарту, Эстонія). Канчаткова завяршыў рас.-швед. вайну 1656—58. Апынуўшыся ў неспрыяльных умовах (шэраг паражэнняў ад войск Польшчы і ВКЛ, заключэнне Аліўскага міру 1660 паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй),

Расія ў абмен на згоду Швецыі не дапамагаць Рэчы Паспалітай у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 саступала Швецыі гарады, якія раней утрымлівала паводле Валіесарскага дагавора 1658 і пагаджалася на аднаўленне рас.-швед. мяжы, устаноўленай Сталбоўскім мірам 1617 (без выхаду да Балтыйскага м.). У 1683 дагавор пацверджаны без змен.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШКА Януш Станіслававіч (каля 1568—13.1.1654),

вайсковы і дзярж. дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Падуі (Італія, 1624—26). Кальвініст, перайшоў у каталіцтва. З 1604 на вайск. службе. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у т. л. Кірхгольмскай бітвы 1605, вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайны з Турцыяй, у т. л. Хацінскай бітвы 1621. З 1610 староста парнаўскі, з 1621 ваявода полацкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 абараняў Полацк (1633), вёў баі пад Смаленскам. З 1635 гетман польны, з 1640 староста дрыскі, з 1646 гетман вялікі ВКЛ.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.

Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.​Я.​Сапегам і С.​Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.​А.​Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.​Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.​Г.​Палубінскага і С.​Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГІ (Дарэўскія, Вярыгі-Дарэўскія, Вярыгі-Дароўскія),

шляхецкі род ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі. Меў 3 лініі: бел.-літ. з гербам «Шранява», украінскую і галіцкую. Упамінаюцца з 14—15 ст. Найб. вядомыя:

Ігнацій (1397—1470), пачынальнік бел.-літ. лініі роду, полацкі намеснік. Францішак (каля 1700, Міншчына — каля 1761), генерал войск Рэчы Паспалітай і Расіі, ад’ютант А.Д.Меншыкава. Ежы (1734—1805), палкоўнік войск Рэчы Паспалітай, удзельнік Барскай канфедэрацыі, ваен. дзеянняў супраць рас. войск у 1792, паўстання 1794. Пасля ў эміграцыі, змагаўся ў легіёнах Я.​Г.​Дамброўскага, удзельнічаў у напалеонаўскіх войнах. Антон (1774, мяст. Свіслач — 1838), генерал войск Рэчы Паспалітай, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць рас. войск у 1792, паўстанні 1794, змагаўся ў легіёнах Дамброўскага, удзельнік напалеонаўскіх войнаў. У 1812 ваен. міністр Варшаўскага герцагства. Арцём Ігнатавіч, гл. Вярыга-Дарэўскі А.І. Кацярына Канстанцінаўна, гл. Брэшка-Брашкоўская К.К. Эдмунд Іванавіч, гл. Вярыга Э.І.

А.​М.​Філатава.

т. 4, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РВЕНСКІ САЮ́ЗНЫ ДАГАВО́Р 1704 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.

Падпісаны 30 жн. рас. паслом Ф.​А.​Галавіным і паслом Рэчы Паспалітай Т.​Дзялынскім (фактычна прадстаўляў Сандамірскую канфедэрацыю, што падтрымлівала караля Аўгуста ІІ у барацьбе супраць таксама выбранага каралём швед. стаўленіка Станіслава Ляшчынскага) каля г. Нарва (Эстонія) у Паўночную вайну 1700—21. Бакі абавязваліся весці сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі і не заключаць сепаратных пагадненняў. Расія абяцала даць Аўгусту II дапаможнае войска (12 тыс. чал. і артылерыю), выплачваць штогод субсідыю (200 тыс. руб.) на ўтрыманне арміі Рэчы Паспалітай (48 тыс. чал.), дапамагчы ў падаўленні казацкага паўстання на Правабярэжнай Украіне. У выніку дагавора Рэч Паспалітая атрымлівала магчымасць супрацьстаяць швед. агрэсіі, Расія разлічвала звязаць гал. сілы шведаў у глыбіні Рэчы Паспалітай. Пасля паражэнняў ад швед. войск Аўгуст II 24.9.1706 заключыў са швед. каралём Карлам XII сепаратны Альтранштацкі мір, чым фактычна скасаваў Н.с.д.

Л.​Л.​Міхайлоўская.

т. 11, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793 надзвычайны,

апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.​Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.​Л.​Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ВА АБАРО́НА 1581—82,

абарона гарнізона (4 тыс. дваран, стральцоў і казакоў) і ўзбр. гараджан (12 тыс. чал.) г. Пскоў на чале з кн. І.​П.​Шуйскім ад 50-тысячнай арміі караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя ў канцы Лівонскай вайны 1558—83. 24—26.8.1581 армія Рэчы Паспалітай аблажыла Пскоў. Абаронцы горада адбілі больш за 30 штурмаў праціўніка (асабліва моцныя 8 вер. і 2 ліст.). Недахоп пораху прымусіў Стафана Баторыя з ліст. 1581 весці пасіўную аблогу. Рас. цар Іван IV прыслаў пад Пскоў паслоў з прапановай аб міры. 15.1.1582 падпісаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582, які спыніў вайну паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 4.2.1582 войскі Стафана Баторыя адышлі ад Пскова.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́НІЯ (лац. Livonia, ням. Livland краіна ліваў),

Інфлянты, гістарычная назва зямель Усх. Прыбалтыкі, якая першапачаткова адносілася да вобласці рассялення ліваў на ўзбярэжжы Рыжскага заліва. З 2-й чвэрці 13 ст. яна пашырана на ўсю тэр. Латвіі і Эстоніі, заваяваную ням. крыжакамі. Л. называлі канфедэрацыю 5 духоўна-феад. дзяржаў (Лівонскі ордэн, Рыжскае арцыбіскупства, Дэрпцкае, Эзель-Вікскае, Курляндскае біскупствы), якія намінальна былі пад уладай рым. папы і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ і пазней у Рэчы Паспалітай у дачыненні да Л. ўжывалася назва Інфлянты. Пасля распаду Лівонскага ордэна (1561) у час Лівонскай вайны 1558—83, далучэння Паўн. Эстоніі да Швецыі (1561) і ўтварэння Курляндскага герцагства (1561) назва Л. (Інфлянты) ужывалася толькі ў адносінах да Паўн. Латвіі і Паўд. Эстоніі, якія ў 1561 перайшлі пад уладу ВКЛ. Тут было ўтворана Задзвінскае герцагства (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 Паўд. Эстонія і Паўн.-Зах. Латвія захоплены Швецыяй і ператвораны ў яе правінцыю. З 17 ст. за гэтай тэрыторыяй замацавалася ням. назва Ліфляндыя. У выніку Паўночнай вайны 1700—21 яна далучана да Расіі як Ліфляндская губ. Частка Л., што пасля 1629 засталася ў Рэчы Паспалітай, у 1667 ператворана ў Інфлянцкае ваяв. з цэнтрам у г. Дынабург (цяпер Даўгаўпілс, Латвія). Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) гэта тэрыторыя далучана да Расіі.

т. 9, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІСЛА́Ў А́ЎГУСТ ПАНЯТО́ЎСКІ (да каранацыі Станіслаў Антоні; 17.1.1732, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.2.1798),

апошні вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы [1764—95]. Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх. Скончыў калегіум тэатынаў у Варшаве. У 1755—64 стольнік ВКЛ. У 1755—56 і 1757—58 сакратар англійскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Пасля смерці караля польскага і вял. кн. ВКЛ Аўгуста III (1763) Чартарыйскія і Кацярына II вылучылі кандыдатуру Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. У Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі, і на элекцыйным сойме 6.9.1764 Панятоўскі абраны каралём. Напачатку ён спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхі саюзу з Аўстрыяй і Францыяй; ва ўнутр. палітыцы выступаў за пагадненне з апазіцыйнай групоўкай Патоцкіх («рэспубліканцамі»), каб адстаяць незалежнасць дзяржавы, але «рэспубліканцы» засталіся непрыхільнымі да караля. Тым не менш праводзіліся рэформы 1764—66 па ўзмацненні дзярж. улады, але былі прыпынены новай інтэрвенцыяй Расіі. Скарыстаўшы Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767, Кацярына II навязала ў лют. 1768 сойму і каралю «вечны трактат», якім Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў. Улада караля апынулася пад кантролем Расіі. Шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты выступалі за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, супраць караля-«узурпатара» і стварылі Барскую канфедэрацыю. На тэр. Рэчы Паспалітай зноў былі ўведзены рас. войскі, і канфедэраты пацярпелі паражэнне. Вынікам гэтага стаў першы падзел Рэчы Паспалітай (1772). Кароль спрабаваў пратэставаць, звяртаўся да еўрап. двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Пасля 1-га падзелу ў барацьбе паміж рознымі магнацкімі групоўкамі ён паступова ўзмацніў сваю ўладу. У 1775 створана Пастаянная Рада, прыняты рашэнні, накіраваныя на развіццё прам-сці і гандлю, паляпшэнне прававога становішча мяшчан, у 1776 абмежавана ўлада гетманаў і каралю падпарадкавана войска. Але правядзенне далейшых рэформ Расія не дазваляла. Давялося пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль рас. пасла О.М. фон Штакельберга. Кацярыну II падтрымлівала магнацкая апазіцыя. С.А.П. адкрыў у Варшаве Рыцарскую школу (кадэцкі корпус), садзейнічаў Адукацыйнай камісіі, падтрымліваў асветніцтва і адукацыю. Адносная раўнавага ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі новай апазіцыі, якая на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правяла шматлікія і грунтоўныя рэформы. Кароль пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі. У адказ кансерватыўная групоўка магнатаў — Таргавіцкая канфедэрацыя — садзейнічала ў 1792 акупацыі краіны рас. войскамі. Рэформы скасаваны, кароль далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі, і на яго лягла адказнасць як на капітулянта. У час Гродзенскага сейма 1793 С.А.П. дзейнічаў цалкам пад кантролем рас. пасла Я.​Я.​Сіверса і пагадзіўся на другі падзел Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі С.А.П. адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон Пасля паражэння С.А.П. жыў у Гродне. Тут ён даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і 25.11.1795 падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам афіцыйна спынена існаванне Рэчы Паспалітай і яе часткі — ВКЛ. Пасля смерці Кацярыны II (ліст. 1796) Павел I выклікаў С.А.П. ў Пецярбург, дзе ён памёр. Пахаваны ў касцёле св. Кацярыны, у 1938 яго астанкі перапахаваны на радзіме — у Троіцкім касцёле мяст. Воўчын, у 1987 перавезены ў Польшчу.

А.​П.​Грыцкевіч.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

т. 15, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)