ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ВЕ́КТАРНЫЯ БАЗО́НЫ,

цяжкія нестабільныя элементарныя часціцы са спінам 1, якія разам з фатонам забяспечваюць электраслабае ўзаемадзеянне. Існаванне П.в.б. прадказана тэарэтычна да іх адкрыцця ў 1983 (Жэнева, Швейцарыя) на падставе тлумачэння слабага ўзаемадзеяння, як выніку «прамежкавага» абмену гэтымі часціцамі.

Да П.в.б. адносяцца 2 зараджаныя часціцы W​+ і W​− (маса спакою прыкладна 80,4 ГэВ) і нейтральная часціца Z​0 (маса спакою 91,2 ГэВ). W​+ i W​− суадносяцца як часціца і антычасціца, маюць час жыцця τ = 3,1∙10​−22 с, Ζ​0 не мае антычасціцы, τ = 2,6∙10​−22 с. Атрымліваюцца ў выніку сутыкненняў паскораных пратонаў з пратонамі або антыпратонамі, а таксама электронаў з пратонамі ці пазітронамі метадам сустрэчных пучкоў (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі). У 68% выпадкаў W​± распадаюцца на адпаведныя кваркі і антыкваркі і ў 32% — на лептоны e​±, μ​±, τ​± і адпаведныя нейтрына (антынейтрына), Z​0 у 70% выпадкаў — на пары кварк-антыкварк і ў 30% — на лептон-антылептонныя пары e​+ e​−, μ​+ μ​−, τ​+ τ​− і адпаведныя нейтрына і антынейтрына.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІКА ПЛАЗМЫ

На Беларусі даследаванні па фізіцы плазмы пачаліся ў канцы 1940-х г. пад кіраўніцтвам І.​Р.​Некрашэвіча на фізіка-матэм. ф-це БДУ і ў Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі (вывучэнне працэсаў у зоне кантакту плазмы з металамі пры электрычных імпульсных разрадах і электрычным выбуху праваднікоў). Вывучалася прырода электрычнай дугі (А.​А.​Лабуда, І.​Р.​Некрашэвіч) і кандэнсаванага разраду ў капілярах (Г.​В.​Авечкін). З 1955 у Ін-це фізікі і матэматыкі АН Беларусі пачаліся даследаванні плазмы электрычных разрадаў як крыніц святла (дуга, імпульсны разрад, высакавольтная іскра) для спектральнага аналізу (В.​С.​Буракоў, А.​А.​Янкоўскі).

Фізіка плазмы інтэнсіўна развіваецца з 1960, калі ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі была створана лабараторыя высокатэмпературнай оптыкі (заг. М.​А.​Ельяшэвіч). Вывучаюцца праблемы: распрацоўка метадаў атрымання плазмы ў шырокім дыяпазоне тэмператур, даследаванне працэсаў узаемадзеяння плазмы і плазменных патокаў з цвёрдымі матэрыяламі, стварэнне оптыкаспектральных, лазерных і ЗВЧ-метадаў дыягностыкі плазменных утварэнняў і неабходнай для гэтых мэт апаратуры, развіццё шляхоў практычнага выкарыстання плазменных крыніц. Даследаваны спектральныя і выпраменьвальныя здольнасці паветра, азоту, вуглякіслага газу, аргону і іх сумесей для шырокага дыяпазону ціску і тэмператур, распрацаваны актыўныя і пасіўныя метады дыягностыкі плазменнай абалонкі касмічных апаратаў у лабараторных і натурных умовах (Дзярж. прэмія Беларусі 1974: В.​С.​Буракоў, Л.​І.​Кісялеўскі, Л.​Я.​Мінько, В.​М.​Снапко, У.​Дз.​Шымановіч). Выкананы цыкл работ па фізіцы плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992: В.​К.​Ганчароў, М.​А.​Ельяшэвіч, Л.​Я.​Мінько, Г.​С.​Раманаў, Ю.​А.​Станкевіч, А.​М.​Чумакоў). Вынікі аптычных даследаванняў магутных выбухаў абагульнены ў двухтомнай манаграфіі (Ленінская прэмія 1966 — М.​А.​Ельяшэвіч з калектывам рас. вучоных). З 1992 даследаванні па фізіцы плазмы атрымалі далейшае развіццё ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Прапанавана новая форма дугі пастаяннага току ў рэжыме фулерэнаўтварэння (У.​Дз.​Шымановіч). Створаны і вывучаны квазістацыянарны паскаральнік, які забяспечвае генерацыю высокаэнергетычных кампрэсійных плазменных патокаў, развіты галіны яго выкарыстання (В.​М.​Асташынскі). Распрацаваны метады і апаратура ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі і лазерна-індуцыраванай флуарэсцэнцыі для вывучэння прасторавага і часавага саставу плазменных утварэнняў (В.​С.​Буракоў, С.​М.​Райкоў, М.​У.​Тарасенка). Вывучаны (разам з Фізікатэхн. ін-там імя А.​Ф.​Іофе Рас. АН) параметрычныя няўстойлівасці і распрацаваны новыя метады дыягностыкі плазмы, рэалізуемай у такамаках (В.​І.​Архіпенка, Л.​В.​Сімончык); на гэтай устаноўцы праведзена вызначэнне канцэнтрацыі атамаў вадароду і размеркавання дамешкаў у прысценачнай зоне (П.​Я.​Місакоў, М.​У.​Тарасенка).

З выкарыстаннем спец. плазменных установак у Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі (г. Магілёў) распрацаваны і ўкаранёны методыкі вызначэння таксічных элементаў у прадуктах харчавання (А.​Р.​Непакайчыцкі). У Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі сканцэнтраваны даследаванні па плазмахіміі (А.​І.​Ясько), вывучэнні нераўнаважных працэсаў у малекулярных сістэмах, распрацоўцы адпаведнай апаратуры для гэтых мэт і практычных выкарыстанняў у малекулярных лазерах і інш. кірунках (С.​А.​Жданок, Р.​І.​Салаухін); прапанаваны і развіты метады спекл-фатаграфіі і спекл-інтэрфераметрыі (М.​А.​Фамін); створана серыя плазменных рэактараў для перапрацоўкі і сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў (А.​Л.​Масэ), атрымання ультра- і супертонкіх мінеральных валокнаў з выкарыстаннем плазмы (А.​М.​Лакцюшын). У Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі ўсебаковае вывучэнне ўзаемадзеяння газаразраднай плазмы з паверхняй электродаў стала асновай распрацоўкі шэрагу тэхнал. працэсаў электраэразійнай апрацоўкі металаў (У.​А.​Бакута, М.​К.​Міцкевіч, І.​Р.​Некрашэвіч). У Бел. нац. тэхн. ун-це даследуюцца працэсы ўзаемадзеяння плазмы з паверхняй кандэнсаванага рэчыва ва ўмовах магутнага імпульснага разраду (А.​Г.​Галавейка). У НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ высвятляецца роля дысперснай фазы ў плазме пры ўзаемадзеянні лазернага выпрамянення з матэрыяламі (В.​К.​Ганчароў). У Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацаваны тэхналогіі іонна-плазменнага ўмацавання вырабаў электроннай тэхнікі, фарміравання плёнак крэмнію ў аптымальных умовах вытворчасці мікрасхем (А.​П.​Дастанка). Шэраг плазменных тэхн. працэсаў распрацаваны ў Бел. канцэрне парашковай металургіі (П.​А.​Віцязь, А.​Ф.​Ільюшчанка, А.​У.​Роман).

Літ.:

Бураков В.С., Райков С.Н., Шиманович В.Д. Физика плазмы и плазменные технологии в Беларуси. Мн., 2001;

Ильющенко А.Ф., Кундас С.П., Достанко А.П. Процессы плазменного нанесения покрытий: теория и практика. Мн., 1999;

Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;

Киселевский Л.И., Морозов В.А. О роли лучистых потоков в разрушении металлов высокоскоростными импульсными струями // Журн. прикладной спектроскопии. 1970. Т. 12, вып. 3.

В.​С.​Буракоў.

т. 18, кн. 2, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБЛЕМЫ ЦЕПЛА- І МАСААБМЕНУ

Даследаванні ў галіне цепла- і масаабмену на Беларусі пачаліся ў 1927 з арганізацыяй н.-д. лабараторыі, рэарганізаванай у 1929 у Бел. НДІ прам-сці. У ін-це вяліся даследаванні па камернай сушцы паперы, рацыянальным выкарыстанні кацельных і цеплавых установак, атрыманні вапны з рыхлага мелу. У даваенны перыяд цеплавыя і масаабменныя працэсы вывучаліся ў БПІ, Мінскім НДІ буд. матэрыялаў, Ін-це торфу; з 1952 — у Ін-це энергетыкі АН Беларусі. Уклад у развіццё навукі аб цепла- і масаабмене зрабіў А.​В.​Лыкаў, які з 1956 узначальваў Ін-т энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену). У выніку яго дзейнасці створана матэм. тэорыя пераносу энергіі і рэчыва, сфармулявана сістэма ўраўненняў узаемазвязанага цепла- і масапераносу, вывучаны цепла- і масаабмен у фіз. сістэмах (капілярна-сітаватых целах, гетэрагенных асяроддзях) з улікам эфекту канчатковасці хуткасці распаўсюджвання субстанцыі, якая пераносіцца, пастаноўка і рашэнне звязаных задач цеплаабмену. Пад кіраўніцтвам П.​С.​Куца далей развіты тэорыя і тэхналогія высокаінтэнсіўных метадаў сушкі розных матэрыялаў.

Працэсы цепла- і масаабмену ў дысперсных сістэмах інтэнсіўна даследаваліся з канца 1950-х г. С.​С.​Забродскім і яго вучнямі — В.​А.​Барадуляй, М.​В.​Антанішыным. Для атрымання зададзеных уласцівасцей дысперснай сістэмы распрацаваны мадыфікацыі псеўдазвадкаванага слоя: кіпячы, фантануючы, пульсуючы, электратэрмічны. У Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі даследаваліся сістэмы ахаладжэння атамных і цеплавых электрастанцый, вывучаліся пытанні эфектыўнасці цеплаперадачы ў цеплаабменных апаратах пры наяўнасці хім. рэакцый у цепланосьбіце (А.​К.​Красін, А.​А.​Міхалевіч, В.​Б.​Несцярэнка, Л.​І.​Калыхан). У наш час асн. навук. даследаванні праводзяцца ў Ін-це цепла- і масаабмену імя Лыкава, Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» Нац. АН Беларусі, Бел. нац. тэхн. ун-це.

У галіне свабодна-канвектыўнага цеплаабмену пад кіраўніцтвам А.​Р.​Мартыненкі праведзены комплекс работ па аэратэрмаоптыцы: выкананы даследаванні гідрадынамікі і цеплаабмену шырокага класа зрухавых цячэнняў вадкасцей і газаў пры розных межавых умовах у каналах складанай формы, струменях. Выяўлены заканамернасці экалагічнага ўздзеяння вежавых градзірань выпарнога тыпу, прызначаных для ахаладжэння вады, якая цыркулюе на ТЭЦ і АЭС. Практычныя вынікі ўкаранёны на Мінскай ТЭЦ-4. Пад кіраўніцтвам Л.​Л.​Васільева распрацаваны цеплавыя трубы і цеплаабменнікі на іх аснове, што дазволіла рашыць задачы інтэнсіўнага награвання, ахаладжэння і тэрмастабілізацыі вырабаў, якія працуюць у космасе, дзе ўзнікаюць вял. пераменныя цеплавыя нагрузкі. Выкананы даследаванні па макракінетыцы сітаватых электродаў — своеасаблівых хім. рэактараў у выглядзе двух- і трохфазных сістэм з электрахім. пераўтварэннямі, што дазволіла прапанаваць апісанне і распрацаваць аптымізаваныя варыянты канструкцыі электродаў (А.​В.​Лыкаў, Б.​М.​Смольскі, І.​Р.​Гурэвіч). Пад кіраўніцтвам Р.​І.​Салаухіна выкананы комплекс даследаванняў працэсаў пераносу ў нераўнаважных асяроддзях: вывучаны газадынамічныя працэсы і з’явы цепла- і масапераносу ў лазерна-актыўных асяроддзях. Выкананы даследаванні вагальнай рэлаксацыі малекулярных газаў у вельмі нераўнаважных умовах; створаны метады і апаратныя сродкі для выкарыстання нераўнаважнай плазмы, з’яў звышадыябатычнага гарэння ў сістэмах ачысткі паветра і вадкіх асяроддзяў ад арган. дамешкаў, для атрымання азону, даследаваны працэсы пераносу пры фільтрацыйным гарэнні і новыя тыпы гарэлачных прылад (С.​А.​Жданок). Выяўлены і апісаны заканамернасці палёў скарасцей і ўнутр. гравітацыйных хваль у вадкасцях з вял. значэннямі малекулярнага ліку Прандтля (Б.​А.​Калавандзін). Выкананы тэарэт. даследаванні ў галіне фізікі плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы, разлічаны оптыкафіз. параметры шматзараднай плазмы і характарыстыкі пераносу ў іанізаваных асяроддзях (М.​А.​Ельяшэвіч, Г.​С.​Раманаў, Ю.​А.​Станкевіч, К.​Л.​Сцяпанаў). Разгледжаны выпадкі ўздзеяння лазернай (паверхневай) і электроннай (аб’ёмнай з максімумам на глыбіні пад паверхняй) крыніц цяпла на кампазіцыйныя матэрыялы, што дазволіла ствараць новыя цеплаахоўныя матэрыялы (М.​У.​Паўлюкевіч, С.​І.​Шабуня). Створаны магутныя газадынамічныя ўстаноўкі (плазматроны, паскаральнік плазмы), на якіх выкананы даследаванні і выпрабаванні цеплаахоўных матэрыялаў для касм. і лятальных апаратаў, тэхнал. выкарыстанняў плазменных патокаў (С.​К.​Краўчанка, В.​У.​Торапаў, М.​С.​Траццяк). Распрацаваны метады разліку хуткасці вынасу масы цеплаахоўных матэрыялаў цеплавымі патокамі, якія ўзнікаюць пры ўваходзе касм. апаратаў у атмасферу. Пад кіраўніцтвам З.​П.​Шульмана выкананы комплекс даследаванняў па канвектыўным цепла- і масапераносе ў рэалагічна складаных сістэмах. Створаны тэхналогіі вытв-сці супертонкіх мінеральных валокнаў і прамога атрымання сталі з жалезарудных акатышаў, комплекснай перапрацоўкі металазмяшчальных адходаў і пазапячнога атрымання легіраваных сплаваў (А.​М.​Лакцюшын). Распрацаваны тэхналогіі перапрацоўкі парашкападобных і цвёрдых рэчываў для сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў у плазме дугавога разраду, перапрацоўкі фасфатнай сыравіны, таксічных і радыеактыўных адходаў (А.​Л.​Масэ), тэхналогіі нанясення зносаўстойлівых ахоўных пакрыццяў (Н.​М.​Дарожкін). Створаны асновы вылічальнай тэрмаграфіі. Развіты метады тэрмаметрыі складаных біял. сістэм і чалавека, што дазволіла прапанаваць новыя метады і апаратурныя сродкі для мед. дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі многіх хвароб (У.​Л.​Драгун, С.​А.​Філатаў). Выкананы даследаванні цеплафіз. уласцівасцей газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; створаны метады вымярэнняў цеплавых, акустычных і інш. параметраў, якія дазваляюць стварыць базы даных па цеплафіз. уласцівасцях рэчываў (А.​Г.​Шашкоў, В.​І.​Крыловіч, С.​А.​Танаева).

У Бел. нац. тэхн. ун-це пад кіраўніцтвам А.-В.​І.​Вейніка і У.​І.​Цімашпольскага створана навук. школа цеплафізікаў па вывучэнні працэсаў цепла- і масаабмену ў металургіі. Распрацаваны асновы цеплавой тэорыі ліцця, прапанаваны метады разліку працэсаў зацвердзявання, нагрэву і тэрмічнай апрацоўкі металу.

Літ.:

Лыков А.В. Теплообмен: Справочник. М., 1973;

International Encylopedia of Heat and Mass Transfer. New York, 1996.

А.​Р.​Мартыненка, У.​І.​Цімашпольскі.

т. 18, кн. 2, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)