княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:
Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял.кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял.кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял.кн.ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял.кн.ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛусх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял.кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРО́НАЎШЧЫНА,
рэакцыйны рэжым у Расіі ў 1730—40-я г. Назва ад прозвішча фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны Эрнста Іагана Бірона (1690—1772), які фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу ў краіне. Характэрным для біронаўшчыны было засілле іншаземцаў ва ўсіх кіруючых установах, раскраданне дзярж. сродкаў, сістэма шпіянажу, даносаў, рэпрэсій, узмацненне феад. прыгоннага ўціску. Пасля смерці Ганны Іванаўны Бірон пазбаўлены ўсіх пасад.
Літ.:
Строев В. Бироновщина и Кабинет министров: Очерк внутренней политики императрицы Анны. Ч. 1—2. М.; СПб., 1909—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАЛАТО́Е КАЛЬЦО́ РАСІ́І»,
турысцкі маршрут, які ўключае стараж. гарады Уладзімір, Суздаль, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Угліч, Яраслаўль, Кастраму, Сергіеў Пасад і інш. Пачынаецца звычайна з Масквы, праходзіць па Маскоўскай, Уладзімірскай, Іванаўскай, Яраслаўскай і Кастрамской абласцях. Працягласць больш за 1000 км. На «З.к.Р.» помнікі рус. гісторыі і культуры, якія складаюць яе «залаты фонд» (адсюль назва) і маюць сусв. значэнне. Усе гарады «З.к.Р.» развіваюцца як цэнтры турызму. Помнікі Уладзіміра, Суздаля, арх. ансамбль Троіца-Сергіевай лаўры ў Сергіевым Пасадзе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЖО́ТНЕ (Mežotnes pilskalns),
гарадзішча 9—13 ст. на беразе р. Ліелупе ў Баўскім р-не Латвіі. Побач размешчаны адначасовыя пасад і могільнік. М. ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах 12—13 ст. як эканам. і адм. цэнтр земгалаў. У 1219—20 тут адбываліся баі з крыжаносцамі. На гарадзішчы і пасадзе ў час археал. раскопак выяўлены рэшткі зрубных жытлаў з глінабітнымі печамі, мукамольняў, гасп. пабудоў, ювелірных майстэрань і інш. Знойдзены зброя, с.-г. і хатнія прылады працы, рамесніцкія інструменты, скарб упрыгожанняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РПУР (ад лац. purpura пурпурная куклянка, пурпурны колер) антычны, прыродны чырванавата-фіялетавы фарбавальнік. Утрымліваецца ў выдзяленнях гіпабранхіяльных залоз марскіх бруханогіх малюскаў—іглянак, або пурпурных куклянак, напр., балінус, або мурэкс, брандарыс (Bolinus brandaris, або Murex brandaris). Па хім. прыродзе — вытворнае прыроднага фарбавальніка індыга.
Вядомы каля 1600 г. да н.э. (Стараж. Егіпет, Фінікія). Выкарыстоўваўся для афарбоўкі тканін, а таксама ў жывапісе, касметыцы і інш. У стараж. Рыме афарбаваная П. адзежа была адметнай адзнакай вышэйшых пасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж.пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШГАРАД,
горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс.ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з-д жалезабетонных вырабаў.
Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіеўскіх князёў, паліт., эканам. і культ.цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (1120-я г. — пасля 1173),
гродзенскі князь, сын кн.Усевалада Давыдавіча. Разам з братам Барысам Усеваладавічам атрымаў у спадчыну Гродзенскае княства, падпарадкаванае кіеўскаму кн. Усеваладу Ольгавічу. У 1144 з братам удзельнічаў у паходзе кіеўскага князя на галіцкага Уладзіміра Валадаравіча. У 1166 з дружынай па загадзе кіеўскага князя ахоўваў ад полаўцаў купецкія караваны (каля Канева), у 1167 і 1170 дапамагаў Мсціславу Ізяславічу, а ў 1173 з полацкімі, тураўскімі і пінскімі князямі і братам Мсціславам — Андрэю Багалюбскаму ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі пасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1906.
Адбыўся нелегальна 9—10(22—23).7.1906 у в. Мікалаеўшчына Мінскага пав. Прысутнічала 16 чал. Адзін з арганізатараў з’езда К.М.Міцкевіч (Я.Колас). З’езд абраў часовае бюро, прыняў рэзалюцыю аб стварэнні настаўніцкага саюза. Адозва з’езда заклікала працаўнікоў школы змагацца за свае сац., нац. і прафес. правы, за ліквідацыю царскага самаўладдзя. Паліцыя арыштавала ўсіх удзельнікаў з’езда, яны былі пазбаўлены пасад і больш за 2 гады знаходзіліся пад следствам. Часовае бюро працягвала дзейнасць нелегальна.
Літ.:
З жыццяпісу Якуба Коласа: Дак. і матэрыялы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЦЭНА́Т (Гай Цыльній) (Gaius Cilnius Maecenas; паміж 74 і 64—8 да н.э.),
рымскі дзярж. дзеяч, прыбліжаны імператара Аўгуста, прыхільнік манархіі. Не займаючы афіц.пасад, выконваў для Аўгуста важныя паліт. і дыпламат. місіі, у т. л. заключыў дагаворы з Маркам Антоніем у Брундызіі (40) і Тарэнце (37). У 31—30 замяшчаў у Рыме Актавіяна, які выехаў на Усход. Вядомы сваім уплывам на літ. жыццё Рыма, апекаваўся паэтамі Вергіліем, Гарацыем, Праперцыем і інш. Ад твораў М. захаваліся ўрыўкі. Прозвішча М. як апекуна дзеячаў навукі і мастацтва стала хадзячай (пераноснай) назвай.