АНТАНЕ́СКУ (Antonescu) Іон (14.6.1882, г. Пітэшты, Румынія — 1.6.1946),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Румыніі, маршал (1941). У 1933—34 нач. Ген. штаба, у 1937—38 міністр абароны. З вер. 1940 дыктатар Румыніі. У ліст. 1940 падпісаў пагадненне пра далучэнне Румыніі да восі Берлін—Рым—Токіо, у саюзе з фаш. Германіяй пачаў вайну супраць СССР. У час нар. паўстання 1944 арыштаваны. Як ваенны злачынец пакараны смерцю паводле прыгавору нар. трыбунала Бухарэста.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́НЬЕС ДЭ БАЛЬБО́А (Núñez de Balboa) Васка (каля 1475, г. Херэс-дэлос-Кабальерас, Іспанія — 1517),
іспанскі канкістадор. У 1500 адправіўся ў Амерыку на в-аў Эспаньёла (цяпер Гаіці). У 1510 пераправіўся на Панамскі перашыек, у новую ісп. калонію, адкуль у пошуках зручнага шляху ў Перу у 1513 упершыню перасек Панамскі перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага ак., які назваў Паўднёвым м. У пач. 1517 абвінавачаны ісп. губернатарам у змове і пакараны смерцю.
т. 11, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́ЛЕС (Wallace) Уільям (каля 1270—23.8.1305),
герой барацьбы шатландскага народа за незалежнасць ад Англіі. У вер. 1297 на чале шатл. паўстанцкай арміі разграміў у бітве пры Сцёрлінгу англ. войскі і некалькі месяцаў фактычна кіраваў Шатландыяй. У 1298 разбіты англічанамі, але працягваў супраціўленне; у 1305 схоплены і пакараны смерцю ў Лондане. Яго паплечнік Роберт Брус узняў новае паўстанне (1306) і да 1328 вызваліў Шатландыю. У. — герой шатл. нар. песень і балад.
т. 16, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛТУ́РЫН Сцяпан Мікалаевіч (2.1.1857, в. Верхнія Жураўлі Кіраўскай вобл., Расія — 3.4.1882),
расійскі рабочы-рэвалюцыянер. Арганізатар (1878) і кіраўнік (з В.П.Абнорскім) «Паўночнага саюза рускіх рабочых». З 1879 у «Народнай волі». У лют. 1880, каб здзейсніць замах на цара Аляксандра II, учыніў выбух у Зімнім палацы (цар уцалеў), дзе працаваў сталяром. З сак. 1881 чл. Выканкома «Нар. волі». Пакараны смерцю (павешаны) за ўдзел у забойстве (сак. 1882) адэскага ваен. пракурора.
т. 16, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМЕ́Т (Chaumette) П’ер Гаспар (у час рэвалюцыі прыняў імя Анаксагор; 24.5.1763, г. Невер, Францыя — 13.4.1794),
дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, левы якабінец. Са снеж. 1792 пракурор Парыжскай камуны 1789—94. Дамагаўся ўвядзення ўзмоцненага падаткаабкладання багацеяў, ліквідацыі беспрацоўя, павышэння зарплаты рабочым. Узначаліў выступленне парыжскай беднаты 4—5.9.1793, якое падштурхнула Канвент увесці цвёрдыя цэны (максімумы) на прадукты першай неабходнасці. Абвінавачаны М.Рабесп’ерам у імкненні супрацьпаставіць Камуну Канвенту і пакараны смерцю (гільяцінаваны).
т. 17, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮЭ́ ФЭЙ, Іо Фэй (24.3.1103—27.1.1142),
кітайскі палкаводзец. З 1122 удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць кіданяў, з 1126 — супраць чжурчжэняў, якія ў 1125 уварваліся ў Кітай. Прыпыніў наступленне чжурчжэняў, вызваліў б.ч. правінцыі Хубэй і ч. Хэнані, а таксама разбіў атрады кіт. феадалаў, якія дапамагалі захопнікам. Фальшыва абвінавачаны ў дзярж. здрадзе, пакараны смерцю. Імя Ю.Ф. як патрыёта было адроджана ў 1163. Ён стаў адным з герояў кіт. нар. эпасу.
т. 18, кн. 1, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ГАЧ з Дубы
(Roháč z Dubé) Ян (? — 9.9.1437),
дзеяч гусіцкага руху ў Чэхіі (гл. Гусіцкія войны), паплечнік Яна Жыжкі. З 1420 кіраўнік табарытаў у крэпасці Ломніцы, з 1421 гетман. У 1423 разам з Жыжкам засн. брацтва арэбітаў. Пасля паражэння табарытаў пад Ліпанамі (1434) узначальваў войскі табарыцкага гар. саюза. У 1436 кіраваў абаронай крэпасці Сіён — апошняй апорнай базы табарытаў, якую асадзілі войскі Сігізмунда I. Пасля падзення Сіёна (1437) пакараны смерцю ў Празе разам з 52 паплечнікамі.
т. 13, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕ́Ф Еўна Фішалевіч (1869, г. Гродна в. Лыскава Пружанскага р-на — 1918),
адзін з арганізатараў і лідэраў партыі эсэраў, сакрэтны супрацоўнік (з 1892) дэпартамента паліцыі. У 1903 фактычна ўзначаліў «баявую арг-цыю» партыі эсэраў, кіраваў падрыхтоўкай тэрарыст. актаў. Выдаў паліцыі з’езд прадстаўнікоў партыі ў Харкаве (1901), амаль увесь склад «баявой арг-цыі» (1905). Па даносе Азеф пакараны смерцю 7 яе членаў. У 1908 Азеф выкрыты і прыгавораны ЦК партыі да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Памёр у Берліне.
т. 1, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕНБА́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1930,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне в’етн. салдат франц. калан. арміі. Падрыхтавана членамі Нац. партыі В’етнама (НПВ), якія апасаліся поўнага разгрому партыі калан. ўладамі. 9 лют. група стралкоў (200 чал.) ваен. форта Йенбай на беразе Хангхі (Чырв. ракі) у Паўн. В’етнаме захапіла некалькі казармаў, вакзал і інш. аб’екты. Да 15 лют. паўстанне пашырылася на суседнія раёны; адначасова адбылося ўзбр. выступленне ў г. Ханой. Задушана французамі 18 лют. 26 удзельнікаў пакараны смерцю, 33 чал. засуджаны на пажыццёвую катаргу.
т. 7, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛІМА́ Іван Міхайлавіч (?, с. Рагошчы Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.12.1635),
гетман нерэестравых (не залічаных на каралеўскую службу Рэчы Паспалітай) запарожскіх казакоў. З укр. шляхціцаў. Ратуючыся ад прыгнёту польскіх магнатаў, уцёк у Запарожскую Сеч. Удзельнік паходаў супраць крымскіх татараў і туркаў. Як гетман вядомы з 1628. У 1635 нерэестравыя казакі на чале з С. паўсталі і разбурылі польскую крэпасць Кадак на Дняпры, якая пагражала Запарожскаму войску. С. неўзабаве па-здрадніцку схоплены рэестравымі казакамі і выдадзены польскім уладам. Пакараны смерцю ў Варшаве.
т. 15, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)